Литмир - Электронная Библиотека

– Нават калі так будзе і ніхто з нашых не загіне ў першай бойцы, мы зморымся. Яны перамогуць колькасцю. А калі і паспеем сцены да канца збудаваць, ежы ў горадзе хопіць на тыдзень. А потым што? Саміх сябе жэрці будзем?

– А можа не ўсё, што нам расказалі – праўда? Верыць ваўкам чужых зграй апошняя справа.

– Аўк, мы ж забілі іх. Думаеш, яны б сталі ілгаць, ведаючы пра немінучую смерць?

– Забілі, бо гэтыя ваўкі прыйшлі на нашу зямлю без дазволу і парушылі ўсе традыцыі. За такое альбо выгнанне, альбо смерць.

– Гэта мяне і пужае – яны пагадзіліся памерці, абы не трапляць у кіпцюры белых.

Аўк лёг на падлогу і паклаў галаву на лапы. Так ён паказваў – размова скончана.

– Грык, я не важак. Саветы мае ты пачуў. Вырашаць табе. Што ты лічыш нам трэба зрабіць?

– Нічога. Самае лепшае перайсці на тэрыторыю іншай зграі і памерці. Так нас хаця б пасля смерці не з’ядуць, а пахаваюць.

– Ты не зробіш гэтага.

– Чаму ж? Мы ў любым выпадку загінем. Якая розніца, хто нас заб’е – свае ці чужыя?

– Ты ўладар, аднак мой савет – склікай агульны сход зграі. Трэба ўсім паведаміць, што нас чакае.

– Добра, Аўк. Склікай усіх.

Стары воўк выйшаў з будкі і праз хвіліну пачуўся вой. Ён разнясецца на дзясяткі кіламетраў і кожны воўк са зграі паўторыць яго. За ўсю тысячагадовую гісторыю гэты гук застаўся нязменным і азначае адно – час збірацца разам, вырашаць агульныя праблемы і ратавацца ад ворагаў. Кожны воўк Суу-Ардун, чым бы ён не займаўся, прыйдзе ў горад каб слухаць важака.

А Грык слухаў працяжны гук, ад якога поўсць уздымалася нават на хвасце і не ведаў, аб чым будзе гаварыць са сваёй зграяй, як падрыхтуе іх да немінучай смерці.

***

Гаўл адным з першых ваўкоў пачуў заклік на сход. Апошнія тры дні ён без сэнсу бадзяўся ў пошуках ежы. Паляваў воўк дрэнна, таму шукаў падлу, слабых ці старых жывёл. Прайшоў праз увесь лес ад паўднёвай мяжы да горада і нічога не знайшоў.

Сход у гэты перыяд году мог адзначаць альбо перадзел паляўнічых надзелаў, альбо што яго выганяюць са зграі. Таму воўк вырашыў прыйсці апошнім, сесці як мага далей і не вытыркацца. А калі яго сапраўды захочуць прагнаць, ён хутка збяжыць.

“Няўжо гэта з-за таго, што ў апошні раз збяжаў ад павіннасці?”, – гадаў Гаўл. За сваё жыццё ён усяго сем ці восем раз пагаджаўся ўдзельнічаць у нейкіх справах зграі. Спрабаваў паляваць разам з усімі, але толькі перашкаджаў усім. Будаваў фермы ды хаты, але праз гадзіну працы зморана валіўся на зямлю.

Нават ахоўнік межаў з яго выйшаў дрэнны. Было так сумна, што замест таго, каб сачыць за варожым лесам і слухаць, ён завальваўся спаць. Аднойчы яго злавілі на гэтым і пагрызлі. Той раз стаў апошнім. Ён паабяцаў самому сабе, што больш ніколі не будзе працаваць са зграяй. Лепш галадаць і жыць пад небам, чым цярпець пабоі ад сваіх жа.

Былі ў яго і іншыя правіны – паляванне на чужой тэрыторыі, адмова ад удзелу ў сходах, крадзеж ежы. Ніхто ў зграі не любіў Гаўла. Мінулым летам Аўчылак нават падымаў пытанне аб яго выгнанні – помсціў за сцягнуты кавалак мяса. На шчасце, ніхто яго не падтрымаў. І не дзіва – праганяць свайго, хай і такога дурнога ваўка, значыцца прысудзіць яго на смерць.

“Калі ўспомніць, то мінулым разам я адмовіўся збіраць дровы ў лесе. Наўрад ці за гэта мяне прагоняць. Падчас палявання мяне ніхто не лавіў, дый не краў я нічога. А таму… Не ведаю, з-за чаго ўсіх збіраюць. Хіба толькі гэта звязана з чуткамі пра белых ваўкоў”.

Адзінец чакаў каля горада да самага пачатку. А калі здалёк пабачыў, што да ваўкоў выйшлі Грык з Аўкам, стаў прабірацца бліжэй.

2.

Макс прачнуўся з галаўным болем і дрэнным настроем. Пайшоў на кухню, адкрыў лядоўню і мацюкнуўся – засталося адно яйцо і алей. Глянуў на вуліцу, дзе трэці дзень запар паліла сонца і уздыхнуў. На небе не было ніводнай хмары, а значыць у кватэры цэлы дзень будзе стаяць спякота. А цяпер трэба было ісці ў краму.

“Цікава, чаму ў яе было мокрае адзенне, калі дажджу з аўторка не было?” – праскочыла ў галаве Макса думка пра дзяoxsye з кавярні. Ад нечаканасці ён застыў у адной шкарпэтке. “У каго гэта была адзежа мокрая? А… Цёмнаскурая незнаёмка з недарэчнай гісторыяй пра ваўкоў. Нядзіва, што яны мне ноччу сніліся. Аўкі, Грыкі…”.

Узніклыя вобразы у галаве хлопца былі такімі выразнымі і яркімі, быццам ён у кіно ўчора схадзіў. Макс пасміхнуўся, бо звычайна не запамінаў сны. А гэтым разам нават ваўчыныя імёны ў галаве засталіся.

“Чорт з ім, можа сапраўды ў дзяцінстве падобны фільм глядзеў”.

Ён нацягнуў красоўкі і пайшоў у краму, дзе ўзяў дзве бутэлькі цёмнага піва, каўбасу, яек ды каву. Разлічыўся на касе і рушыў дадому.

Каля пад’езда Макса спынілі трое маладзёнаў, якія паходзілі на герояў гумарыстычнага апавядання ці анекдота. Адзін – малога роста, белабрысы, на выгляд – гадоў шаснаццаць. Другі – чарнявы і высокі, з вусамі і шчаціннем. Яго лоб пераразалі глыбокія зморшчыны. Трэці меў твар без узросту, лысую галаву, а яго вочы глядзелі быццам не на Максіма, а праз яго.

Гэткай жа дзіўнай была іх адзежа. На малым – шыкоўны гарнітур, у якім ён паходзіў на навучэнца элітнай гімназіі. На чарнявым была спартыўная форма сіне-зялёнага колеру і красоўкі – звычайны беларускі гопнік, не інакш. Лысы – панк у скуранай куртцы, падраных джынсах, з металічнымі перснямі і ланцугом на шыі.

– Добры дзень, – пачаў чарнявы, які выглядаў за галоўнага.

Макс спыніўся, бо не мог паскорыць шаг і збяжаць ад непрыемнай кампаніі. Троіца падрыхтавалася – малы стаяў каля ўваходу ў пад’езд, а лысы зайшоў ззаду. “З такімі лепш не сварыцца” – вырашыў хлопец.

– І вам прывітанне.

– Мы цябе чакалі.

– Мяне? Навошта? Цыгарэт няма, бо не палю. Грошай таксама – усё на банкаўскай картцы.

– Грошы нам не патрэбны. Мы хочам пачуць гісторыю.

– Што? Якую яшчэ гісторыю?

– Гісторыю пра ваўкоў.

– Што за глупства, якія ваўкі?

– Учора ты сустракаўся з дзяўчынай. Яна расказала пра ваўкоў. Нам патрэбны працяг.

– Вы з глузду з’ехалі? Нічога я расказваць не буду. Самі прыдумвайце.

– Мы не можам. Гісторыя належыць табе. І мы хацелі б яе… арэндаваць.

– Прабачце, не разумею. Як можна “арэндаваць” гісторыю.

– Што тут незразумелага? – ініцыятыву перахапіў белабрысы. – Ты гаворыш нам працяг, а мы за гэта пакідаем цябе ў спакоі.

– Не пужай, – прамовіў лысы. – Вас Максімам клічуць? Дык вось, Максім, калі зробіце як мы прапануем, то атрымаеце грашовую падзяку. Скажам, сто тысяч. Падумайце над нашай прапановай. Заўтра прыйдзем за вашай згодай.

***

Макс зайшоў у кватэру і зачыніў дзверы на ўсе замкі. Нават на верхні, якім не карыстаўся з самага пераезду.

“Што гэта за хрэнь? Глупства нейкае. Ваўкі, гісторыі, грошы… Зразумела, што справа ў той дзяўчыне. Можа, нехта са знаёмых вырашыў паздзеквацца, ці блогеры флэшмоб ладзяць? Ды й сама троіца – нешта неверагоднае. Ніколі не бачыў такіх розных людзей разам. І што мне рабіць з гэтым? Ай, пайшло яно ўсё. Дзе піва? Не выйду заўтра нікуды з хаты. Паглядзім, што яны зробяць. О, учора ж новая серыя “Вядзьмара” выйшла, трэба глянуць”.

***

Троіца сядзіць каля пад’езда. Яны не размаўляюць, не варушацца, не дыхаюць і не міргаюць. Васкавыя твары замерлі, а вочы глядзяць ў адну кропку. Быццам мадам Цюсо выкінула тры экспанаты са сваёй вялікай калекцыі і цяпер яны чакаюць свайго калекцыянера.

Воўчы сон

Грык сядзеў на ўзвышэнні, побач ляжаў Аўк. Тры сотні ваўкоў зграі Суу-Ардун – усе дарослыя, хто мог хадзіць – стаялі насупраць і моўчкі чакалі. Бо закон зграі – пакуль важак гаворыць, астатнія сядзяць ціха.

– Браты і сёстры, думаю вы ўсе чулі навіны з поўначы, якія прынеслі ваўкі зграі Агыр-Санан. Тысячы белых ваўкоў, якія не разумеюць мовы і лічуць нас ворагамі, праз месяц прыйдуць на нашу зямлю, – Грык адразу перайшоў да галоўнага. – Я склікаў сход, каб вырашыць – што нам рабіць. Белыя мацней, іх больш і з імі немагчыма паразумецца. Мабыць яны як і дзікія звяры не маюць розуму. Таму трэба вырашыць – будзем змагацца з імі, прайграем і нас з’ядуць, альбо пойдзем на поўдзень, на землі іншай зграі, дзе нас таксама заб’юць, але пахаваюць па ваўчыных звычаях. Я сказаў.

2
{"b":"840396","o":1}