Пасля апошніх слоў шэрая маса пачала падвываць і перагаворвацца. А грамчэй за ўсіх – маладыя ваўкі, кожны з якіх марыў заняць месца Грыка. Зараз ён іх не баяўся, бо ў чэснай бойцы мог перамагчы любога са сваёй зграі.
– Ціха, цяпер я хачу слухаць вас.
Зграя супакоілася. Кожны, хто хацеў выказацца, мог выйсці наперад і гаварыць. Першым да Грыка падышоў Аўчылак, малады высокі воўк з шэра-зялёнымі вачамі.
– Уладар, мы разумеем, што навала з поўначы можа скончыць зямны век нашай зграі. Але бяжаць ад небяспекі як трусы нельга. Любы воўк лепш загіне ў бойцы, чым будзе чакаць, каб воўк іншай зграі перагрыз яму глотку. Таму лічу, што мы павінны змагацца.
– Я цябе пачуў, Аўчылак. Хто яшчэ хоча гаварыць?
Астатнія маўчалі. Нікому не хацелася бегчы са сваёй зямлі.
– Калі ўсе маўчаць, то скажыце, як нам змагацца з белымі. Аўчалык, кажы ты.
–Мы павінны чакаць іх у лесе і ў чэснай бойцы забіць усіх.
– Аўчалык, чэсная бойка – гэта калі воўк б’ецца з ваўком сам насам. А тут кожнаму прыйдзецца біцца з дзясяткам ворагаў. Хто яшчэ хоча гаварыць?
– Я хачу, – да ўзвышэння выйшла Сурта, старая ваўчыца з сівой поўсцю, маці Грыка. Яна заўсёды агучвала пазіцыю ўсіх ваўчыц зграі.
– Мы слухаем цябе, Сурта.
– Аўчалык малады гарачы воўк. Ён хоча біцца і памерці. Кроў гоніць яго ўперад, а мазгі не працуюць. Калі і біцца з белымі, то рабіць гэта трэба за сценамі, якія мы зараз будуем. І чым вышэй яны будуць, тым лепш. Трэба падумаць над тактыкай. Я ведаю, што мы загінем, аднак жыццё трэба аддаць як мага даражэй. І яшчэ…
– Я хачу гаварыць!
Сурта змоўкла. Усе паглядзелі ў бок нахабніка, які перарваў гаворачага на сходзе. Гаўл – малады, але слабы воўк, які не цаніў традыцыі і трымаўся асобна ад астатніх. Ён не працаваў разам са зграяй, самастойна паляваў і жыў у сваё задавальненне. Такія як ён былі ў кожнай зграі. Астатнія рабілі выгляд, што іх не існуе. За вочы такіх ваўкоў абразліва называлі “адзінцамі” ці “самотнікамі”.
– Вітаю цябе на сходзе, Гаўл. Калі не памыляюся, гэта твой першы сход за жыццё. Ты спыніў слова паважанай Сурты і лічыш, што мы будзем цябе слухаць?
– Грык. Нашто мне было хадзіць на іншыя сходы, Грык? Каб вырашыць, колькі зуброў трэба з’есці? Ці ў якім лесе спыніць паляванне, каб цалкам не знічтожыць усіх жывёл? А можа, каб выбіраць ваўкоў на будоўлю фермы? Я прыйшоў на сход, калі ўсёй зграі, не, нават усім ваўкам пагражае небяспека. І вы павінны мяне слухаць. Бо я ведаю, як выратавацца.
– Добра, Гаўл. Мы выслухаем цябе. Аднак ведай, калі ты перарваў Сутру з-за нейкіх глупстваў, то пасля сходу табе прыйдзецца бяжаць як мага хутчэй, інакш застанешся без хваста і вушэй.
– Я згодны. Але гаварыць буду толькі з табой і Аўкам. Усё роўна рашэнне прынятае – мы будзем змагацца з белымі. І не ў лесе, як таго хоча Аўчылак, а за сценамі, як сказала мудрая Сурта. Таму дазволь размаўляць асабіста.
– Калі так, то Сурта можа працягваць.
– Мне больш няма чаго казаць, Грык.
– Ёсць у каго што сказаць? Калі не, то сход скончаны.
3.
Максім прачнуўся і закрычаў. Вялікая ванючая рука накрыла яго рот.
– Мы прыйшлі, як дамаўляліся.
Над хлопцам навісаў учарашні знаёмы з чорнымі валасамі.
– Змоўкні, а то будзе горш.
Максім замаўчаў.
– Так лепш, – чарнявы прыбраў руку і сеў на стул каля ложка. Бялявы і лысы былі побач з ім. – Не трэба пужацца. Мы прыйшлі дамаўляцца. Зараз усё вырашым і будзеш вольны.
– Што ты цягнеш? Дай па зубам і ўсё, – белы быў самым нецярплівым з траіх.
– Не трэба. Куды спяшацца. Ды й здаецца мне гэты хлопец добра ўсё разумее. Так, Максім?
– Што вам трэба? Забірайце што хочаце. Толькі не забівайце.
– Пашанцавала гэтым разам, – замычэў лысы. – Добра, што ты ідзеш на кантакт. Аднак мы не забойцы. Нам патрэбна толькі гісторыя. Аддай яе і ўсё.
– Я перакажу гісторыю дзяўчыны, калі трэба…
– Не. Мы ведаем, што яна сказала. Нам патрэбны працяг.
– Але ж я не ведаю…
– Дай згоду і ўсё.
– Я згодны.
Лысы падыйшоў бліжэй і прыклаў свае вялікія пальцы да скронь хлопца. Перад вачамі хлопца панесліся каляровыя выявы, быццам нехта паставіў кіно на перамотванне. Калі ён ачухаўся, троіцы ў кватэры не было, а галава расколвалася ад болю. Макс памацаў скроні і аддзёрнуў пальцы ад болю. Устаць з ложка і пайсці ў ванну ён не змог – ногі не слухаліся. Розум праваліўся ў сон.
Воўчы сон
Гаўл стаяў перад Грыкам і Аўкам нізка схіліўшы галаву. Не з-за пашаны да прысутных – пры нараджэнні яму пашкодзілі хрыбет. І таму ён не мог доўга трымаць галаву высока.
– Гаўл, уся зграя трывае твае выбрыкі. З дзяцінства ты быў дурным ваўком. Не гуляўся з іншымі шчанюкамі, не паляваў з дарослымі, а калі лавіў труса, то не дзяліўся з іншымі. Мы маглі пакараць ці выгнаць цябе, але ж ты наш брат па крыві. Аднак сёння ты пераўзышоў сябе. Яшчэ адна памылка – станеш выгнаннікам. Як дзікі драпежнік будзеш хавацца ад сваіх і чужых. Таму добра падумай перш чым пачаць гаварыць.
– Зразумеў, Грык. Не буду апраўдваць свае паводзіны, бо не за гэтым прыйшоў. Я хачу гаварыць пра белых.
– Мы не на сходзе, не трэба пытаць дазволу, каб нешта сказаць.
Гаўл нахіліў галаву яшчэ ніжэй у знак згоды.
– Біцца з белымі – самагубства. Аўчылак і яму падобныя з лёгкасцю пойдуць на гэта. Аднак мне хочацца жыць далей, паляваць, а ў будучыні выхоўваць сваіх ваўчанят.
Аўк ціха рыкнуў. Ніхто з ваўчыц не пагодзіцца мець агульных шчанюкоў з Гаўлам – адзінцом і вырадкам.
– Я не хачу біцца дзеля бойкі. Я хачу перамагчы. Колькі б там ні было белых, якімі б моцнымі яны нам не здаваліся, іх можна забіць.
– Якім жа чынам ты хочаш перамагчы?
– Колькі ваўкоў зграі могуць біцца? Дзвесце, трыста? Нас павінна быць больш, чым зараз.
– І гэта твая прапанова? Прымусіць ваўчыц нараджаць шчанюкоў? У нас не хопіць ежы, каб іх пракарміць. Ды й белыя не стануць чакаць некалькі гадоў, каб малыя выраслі.
– Не. Нашай зграі не патрэбны лішнія пашчы. Я хачу дамовіцца з іншай зграяй і запрасіць дапамогу.
Аўк зарычэў і падняўся на ногі. Тое, што прапанаваў Гаўл, было непрымальна.
– Гэта немагчыма, дурань. Ніколі адна згаря не будзе дапамагаць іншай. Ні ў якім разе. Такога не было за ўсю гісторыю. Мы не кантактуем, а калі бачым іншых ваўкоў на мяжы – ігнаруем іх. Аб чым ты гаворыш, якія перамовы?
– Свет змяняецца. Нам не выжыць адным.
– І гэта кажаш ты, воўк-самотнік? Калі не выжывем самастойна – загінем, як зрабілі сотні зграй да нас.
– Я не хачу паміраць. Нам трэба аб’яднацца.
– Як толькі воўк Суу-Ардун пяройдзе мяжу – пачнецца вайна. Хочаш, каб з поўначы нас давілі белыя, а з поўдня – шэрыя?
– Чакай, Аўк. – Грык выглядаў зацікаўленым. – Гаўл, ты сапраўды лічыш, што іншыя зграі захочуць дапамагчы?
– Так. На поўдні мы мяжуем з трыма зграямі. У кожнай па трыста-чатырыста ваўкоў, якія могуць біцца. Калі аб’яднаць сілы можна выставіць армію ў больш за тысячу ваўкоў. І хай нас усё роўна будзе менш, з’явіцца шанец на перамогу. А калі паспяшацца і запрасіць іх на дапамогу ў будоўлі сцяны шанцы стануць роўнымі.
– А навошта ім гэта трэба?
– У іх, як і ў нас, няма выйсця. Яны альбо загінуць, альбо будуць ваяваць разам з намі.
– Не будзе гэтага! – Поўсць на спіне Аўка ўздыбілася, хвост напрогся, нібы стары воўк рыхтаваўся да атакі. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, ён быў у паўтары разы большым за Гаўла і лёгка б яго перамог.
– Супакойся, Аўк. Ты не важак, не табе вырашаць. А ты, Гаўл, калі выказаў такую ідэю, то сам і пойдзеш на перамовы. Аднак папярэджваю – мяжу не перасякаць. Рабі ўсё згодна традыцыям. Мы маем права пайсці на іх тэрыторыю толькі па запрашэнні. Нам не трэба яшчэ адной вайны.
– Я згодны, уладар. Дазволь ісці?
– Ідзі.
Як толькі Гаўл выйшаў на вуліцу, Аўк рыкнуў на Грыка.