– Што ты робіш? Навошта слухаеш гэтага адзінца. Усё жыццё пляваў на зграю. Чаму ты вырашыў, што зараз нешта змянілася. Ён хоча зацвердіцца на нашым горы.
– Аўк, я раблю тое, што павінен. Шукаю лепшае выйсце для зграі. Прапанова Гаўла дае нам шанец на выратаванне.
– Я заўсёды стаяў побач з табой. Скажы, раіў я калі-небудзь дурное?
– Не, ты быў добрым саветнікам.
– Дык і зараз паслухай мяне. Адмоўся ад глупства. Пакліч баламута назад і выгані са зграі. Ты што, не бачыш небяспекі ў яго паводзінах?
– Я ўсё разумею, Аўк. Зразумей і ты – традыцыі зніклі са з’яўленнем белых. З дапамогай Гаўла я зразумеў, што таксама не хачу гінуць. Хай ён ідзе да іншых зграй, размаўляе з імі. Калі пашэнціць, нас стане шмат. А калі не – то яны самі заб’юць гэтага самотніка.
4.
Макс разглядаў у люстэрке чырвоныя адметкі на скронях. Пасля ўчарашняга здарэння ён праспаў больш дваццаці гадзін. З самай раніцы ён палез у сеціва, каб выстветліць, што гэта за гісторыя пра ваўкоў. І не знайшоў нічога. Запыты “гісторыя пра ваўкоў”, “белыя ваўкі” і нават “Суу-Ардун” нічога не далі.
“Відаць, незнаёмка выдумала брыдоту пра разумных ваўкоў. Але навошта гэтая троіца хоча пачуць ад мяне працяг? І які? І як яны зрабілі гэта?”
Хлопец дакрануўся да адмецін. Яны ўжо не балелі, але выглядалі так, быццам ён перажыў электрашокавую тэрапію.
За некалькі гадзін у сеціве Максім знайшоў толькі адну падказку – на форуме пра жывёл ананім распытваў пра злых белых ваўкоў з поўначы. Хлопец напісаў невядомаму паведамленне ў прыват і яны дамовіліся сустрэцца ў цэнтры горада.
“Да чаго дайшоў – спатканні незнаёмцам прызначаю”, – пасмяяўся сам з сябе Макс. На ўсялякі выпадак паклаў у заплечнік кухонны нож і выйшаў з кватэры.
***
Інтэрнэт-ананімам аказалася чатырнаццацігадовая дзяўчынка Ася са светлымі валасамі і блакітнымі вачамі. Яна сама падсела за столік Максіма.
– Ну прывітанне, ці што?
Хлопец не ведаў што адказаць, таму ў адказ кіўнуў галавой.
– Так і будзеш маўчаць? Калі так, то я пайду, –прамовіла яна з выклікам.
– Чакай, я пра ваўкоў хачу пагаварыць.
– Ведаю, ты пісаў. Інакш я б і не прыйшла да незнаёмага мужыка. Што хочаш ведаць?
– Ты пісала пра белых ваўкоў з поўначы. І яны мяне вельмі цікавяць.
– А я табе навошта? Ідзі да біёлагаў.
– Слухай, мяне цікавяць не звычайныя белыя ваўкі, а гісторыя… Гісторыя, як белыя ваўкі прыйшлі з поўначы і… І забілі астатніх ваўкоў.
Дзяўчына з палёгкай выдыхнула.
– Фух, дзякуй богу. А то мямліш нешта, я нават напружылася. Табе таксама нехта расказаў гэту казку?
– Так, а пасля…
– А пасля прыйшлі трое – чарнявы, бялявы і лысы. Прапанавалі расказаць працяг.
– Усё так. Скажы, што гэта за ваўкі такія і што мне рабіць? Як паводзіць сябе з гэтымі людзьмі.
– А я скуль ведаю, што гэта за ваўкі? Адно скажу – пагаджайся. Наконт грошай яны не падманваюць. Вось, глядзі, што я купіла, – Ася пакруціла ў руках новы айфон. – І яшчэ шмат чаго.
– І што трэба рабіць?
– Ды нічога. Воўчыя сны бываюць у цябе? Гэта і ёсць гісторыя. Не ведаю, пад гіпнозам яны бачацца, ці што… Мне сніліся дзён дзесяць, потым спыніліся. Тады троіца прыйшла. Сказалі, што я павінна знайсці незнаёмца і расказаць працяг маіх сненняў. Але не той, які захачу, а той, які яны скажуць.
– Каму ты расказала?
– Нейкай негрыцянцы з месяц таму. Яна сядзела на прыпынку, прыгожая. Я і вырашыла ёй дапамагчы. Упэўнена, пасля троіца і да яе прыходзіла.
– А далей?
– Далей не было нічога. Сны скончыліся, гэтыя зніклі.
– І што будзе са зграяй Суу-Ардун у канцы? Што яны загадалі расказаць?
– Хто такія Суу-Ардун? Я расказвала пра іншую зграю. Яна загінула. Ааа, – Ася шчоўкнула сябе па лобе. – Ты вырашыў, што я тваю гісторыю пераказваю? Усё не так – мы працягваем тое, што нам расказаў папярэдні апавядальнік. Не ведаю, як гэта працуе. Містыка нейкая… О, бачу да цябе прыйшлі “сябры”. Прабач, не хачу яшчэ раз сустракацца з імі. Бывай і памятай – з усім пагаджайся і ўсё будзе добра. І грошы атрымаеш, і сам цэлы застанешся.
Ася сышла і праз імгненне на яе месца сеў чарнявы з троіцы. Макс адчуў, што белабрысы з лысым стаяць ззаду.
– Табе нельга сустракацца з мінулымі апавядальнікамі. Іх час прайшоў, а твая гісторыя яшчэ не скончана. Вашы размовы могуць усё змяніць. А гэта дрэнна паўплывае на нашы дамоўленасці.
– Я хачу зразумець, што адбываецца. І хто вы такія…
– Не трэба нічога разумець. Ты сам адчуеш, калі прыйдзе час. Атрымаеш свае грошы, мы – сваю гісторыю. І ўсё.
– Хопіць з ім неньчыцца, – другім заўсёды пачынаў гаварыць бялявы. – Трэба правучыць, каб ведаў сваё месца. Тады і думкі дурныя ў галаву не палезуць.
– Не. Ён разумны чалавек, – мычанне лысага Макс мог бы пазнаць сярод тысяч іншых галасоў. – Ён усё зразумеў, так? А зараз нам трэба пабачыць працяг. Ты дазволіш?
Максім успомніў, як ён у мінулы раз пагадзіўся на такую прапанову і прачнуўся на наступны дзень.
– Не хачу!
Усхапіўся з месца і пабяжаў да бліжэйшага прыпынку. Троіца не кранулася з месца.
***
Максім памятаў, як троіца лёгка адшукала і зайшла ў яго кватэру з зачыненымі дзвярыма. А потым гэтак жа лёгка адтуль сышла, а дзверы так і не адчыніліся. Яны ведалі дзе ён жыве, значыцца ехаць дадому было нельга. Макс вырашыў схавацца атм, дзе яго ніколі не стануць шукаць.
Наста засталася жыць у кватэры, якую раней яны здымалі разам – аднапакаёвая хрушчоўка ў Серабранцы. Дзяўчына кінула яго за “абыякавасць” і “адсутнасць планаў на будучыню”. Як потым расшыфравалі гэтыя словы сябры, гэта азначала, што яна хацела замуж. А ён, ёлупень, не здагадаўся.
Пасля расставання яны працягвалі мець зносіны. Тры-чатыры разы на месяц спісваліся ў сацсетках, двойчы сустракаліся ў кавярнях, а аднойчы ў кіно пайшлі. Праўда, той раз скончыўся вялікай сваркай, бо Максім спрабаваў прасіць прабачэння і прапанаваў зноў сысціся. На гэта Наста запыталася: “А як ты бачыш нашы адносіны”. Ён і выпаліў першае, што ў галаву прыйшло.
– Будзем жыць так, як хочаш ты. Хочаш – ажэнімся, хочаш – як раней жыць будзем. Мне ўсё роўна.
– Значыцца, табе ўсё роўна на нашыя адносіны. Абы б жанчына была пад бокам і ежа на стале. Ідзі ты ў дупу!
Пасля яны два тыдні не спісваліся. Максім думаў, што на гэтым іх адносіны канчаткова пахаваны. Але цяперашнія абставіны вымушалі хапацца нават за такі варыянт.
Перад дамафонам Макс зразумеў, што не патэлефанаваў. І калі Насты не будзе дома, прыйдзецца бадзяцца па горадзе. На шчасце, праз два гудкі дзяўчына адказала.
– Слухаю, хто там?
– Наста, гэта я, Максім.
– Што табе трэба?
– Мне вельмі патрэбна твая дапамога. Калі ласка. Абяцаю, буду паводзіць сябе добра.
Маўчанне. Хлопцу падалося, што дзяўчына кінула слухаўку
– Добра, заходзь.
У пад’ездзе Макс адчуў, што вярнуўся дахаты – родны пах, знаёмыя зялёныя выцвілыя сцены, сарваныя паштовыя скрыні. Падняўся на трэці паверх, дзе ў дзвярах чакала Наста – дзяўчына, якую ён кахаў настолькі, што пасварыўся з бацькамі, сябрамі і амаль не кінуў вучобу. Здавалася, што цяпер ад тых пачуццяў нічога не засталося.
Яна стаяла ў хатнім халаце, непрычосаная і без касметыкі. Менавіта такой Наста падабалася Максіму больш за ўсё – сапраўднай і мілай.
– Прывітанне.
– Прывітанне. Нашто прыйшоў?
“Груба, нават не пасміхнулася. І глядзіць на мяне не са злосцю, як падчас сварак, а з абыякавасцю. Няўжо гэта і ёсць канчатак адносін?”
– Наста, мне трэба некалькі дзён пажыць у цябе.
– Што?! Ты з глузду з’ехаў? Не хачу я з табой жыць. Гэта нейкая методыка пікапераў, ці што?
– Калі ласка, мне пагражае небяспека. Ты – маё адзінае выратаванне.
– Дык едзь да маці ў Навінкі.
– У маці ды бацькоў будуць шукаць у першую чаргу.
– Ты думаеш у былых каханак шукаць не будуць?
– Гэтыя не будуць. Напэўна. Прабач, што я так прыпёрся. Мне сапраўды патрэбна дапамога.