Той, хто запісаў нешта ў журнал, атрымлівае зорачку насупраць свайго імя ў сьпісе і можа наступным ранкам спаць дапазна.
Насупраць вострых месьцяцца адкіды Камбінату, хронікі. У шпіталі яны не для таго, каб нешта выпраўляць, а проста каб не бадзяліся па вуліцах, падрываючы рэпутацыю прадпрыемства. Яны тут назаўжды, прызнае пэрсанал. Хронікаў дзеляць на хадакоў, кшталту мяне — тых, хто можа сам перасоўвацца, калі яго карміць, — і вазочнікаў ды кабачкоў. Хронікі — ці прынамсі большасьць з нас — гэта машыны зь непапраўнымі нутранымі хібамі, прыроджанымі альбо атрыманымі за шмат гадоў біцьця галавой аб цьвёрдае. Калі шпіталь знаходзіў такі асобнік, той часьцей за ўсё ўжо крывавіў іржой на нейкім сьметніку.
Але некаторыя з нас, хронікаў, — гэта вынік колішніх памылак пэрсаналу, бо трапілі сюды вострымі пацыентамі, а ўжо потым перайшлі ў іншую катэгорыю. Эліс — хронік, які апынуўся тут як востры, а потым яго папсавалі ўшчэнт, перагрузілі на гэтай паганай мазгабойні, якую чорныя называюць Шок-Блокам. Цяпер ён прыбіты да сьцяны ў тым самым стане, у якім яго апошні раз паднялі са стала: у той самай позе, з раскінутымі рукамі, скурчанымі пальцамі, з тым самым жахам на твары. Ён прыбіты да сьцяны, нібы паляўнічы трафэй. Цьвікі выцягваюць, калі час есьці ці везьці яго спаць або калі трэба яго адсунуць, каб я мог падцерці пад ім лужыну. У старой палаце ён так доўга стаяў на адным месцы, што яго сікі праелі пад ім падлогу, і ён увесь час правальваўся ў палату на паверх ніжэй, ствараючы блытаніну падчас пераклічкі.
Раклі — яшчэ адзін хронік, які некалькі гадоў таму трапіў сюды як востры, але яго перагрузілі іншым чынам: накасячылі, калі ставілі яму ў галаву адну са сваіх прымочак. Ён усім тут не даваў продыху: лез біцца да чорных, кусаў за ногі сястрычак-практыкантак, так што яго забралі на рамонт. Прышпілілі да стала, і, перш чым зачынілі дзьверы, ён падміргнуў і сказаў чорным: «Вы за гэта заплоціце, чэрці чарнамазыя». Потым нейкі час яго ніхто ня бачыў.
Яго вярнулі ў палату праз два тыдні, лысага, з ільсьняным барвовым сіняком замест твару і двума маленькімі штэпсэлямі памерам з гузік над вачыма. Можна пабачыць па вачах, як яго там выпалілі; яны задымленыя і шэрыя, і пустыя знутры, нібы перапаленыя засьцерагальнікі. Ён цяпер цэлымі днямі нічога ня робіць, а толькі трымае старое фота перад запечаным тварам, усё круціць і круціць яго ў халодных пальцах, і таму здымак з абодвух бакоў зацёрся на такі самы шэры колер, як ягоныя вочы, і ўжо нельга зразумець, што там раней было.
Пэрсанал лічыць Раклі адным са сваіх правалаў, але я ня ўпэўнены, што яму было б лепей, калі б яны ўсталявалі свае прымочкі дасканала. Апошнім часам яны рэдка касячаць. Тэхнікі цяпер больш спрактыкаваныя і дасьведчаныя. Болей няма дзірак над вачыма, ніякіх разрэзаў — яны цяпер працуюць праз вачніцы. Часам некага забіраюць на такую працэдуру, ён сыходзіць злосны і шалёны, кідаецца на ўвесь сьвет, а празь некалькі тыдняў вяртаецца зь сінякамі пад вачыма, быццам трапіў у бойку — і ён ужо наймілейшае, найпрыямнейшае стварэньне з найлепшымі паводзінамі, якія толькі хто бачыў. Можа нават празь месяц ці два ён вернецца дадому, у капелюшы, насунутым на твар люнатыка, які блукае ў простым, шчасьлівым сьне. Гэта называюць посьпехам, але па мне гэта яшчэ адзін робат для Камбінату, якому лепей было б зрабіцца правалам, як Раклі, што круціць фотаздымак і пускае на яго сьліну. Гэта ўсё, што ён робіць. Чорны курдупель час ад часу заводзіць яго — падыходзіць ушчыльную і пытаецца:
— Слухай, Раклі, як думаеш, чым там сёньня вечарком займаецца твая жоначка?
Раклі падымае галаву. Памяць нешта шэпча ў нетрах гэтага бязладнага мэханізму. Ён чырванее, жылы закупорваюцца — і ад гэтага ён надзімаецца так, што ледзь можа выціснуць з горла ціхі посьвіст. Ён так напружвае сківіцы, каб сказаць нешта, што бурбалкі лопаюцца на вуснах. Нарэшце ён набіраецца моцы, каб вымавіць сваю пару словаў нізкім, задушлівым гукам, ад якога дрыжыкі бягуць па скуры — «Нах-х-х.й жонку! Нах-х-х.й жонку!» і адразу ж губляе прытомнасьць ад напружаньня.
Эліс і Раклі — наймаладзейшыя хронікі. Палкоўнік Мэтэрсан — найстарэйшы: стары, скамянелы кавалерыст зь Першай сусьветнай, які мае звычку задзіраць спадніцы мэдсёстрам сваім кійком ці чытаць зь левай далоні нейкія лекцыі па гісторыі кожнаму, хто будзе слухаць. Ён найстарэйшы ў палаце, але ён тут не найдаўжэй — жонка прывезла яго сюды толькі пару гадоў таму, калі расхацела яго даглядаць.
Найдаўжэй у аддзяленьні — я, з часу Другой сусьветнай вайны. Я тут даўжэй за любога з пацыентаў. Толькі Вялікая Сястра зьявілася тут раней за мяне.
Хронікі і вострыя звычайна не зьбіраюцца разам. Кожны застаецца на сваім баку пакою, як таго хочуць чорныя. Чорныя кажуць, што так болей парадку, і даюць усім зразумець, што так і мае быць. Яны заганяюць нас сюды пасьля сьняданку, глядзяць, як мы гуртуемся, і ківаюць: «От так, шыноўныя, от так. От так і заставайцеся».
Па праўдзе, ім і загадваць асабліва ня трэба, бо ўсе хронікі, апроч мяне, ня надта рухаюцца, а вострыя кажуць, што лепей застануцца на сваёй палове. Яны тлумачаць, напрыклад, што хронікі сьмярдзяць горш за скарыстаныя падгузкі. Але я ведаю: болей за смурод ад хронікаў іх адпалохвае напамін, што вось гэта можа некалі здарыцца зь імі. Вялікая Сястра разумее гэты страх і ўмее яго скарыстаць. Яна тлумачыць вострым, калі тыя не ў гуморы, што лепей вам, хлопцы, паводзіцца як сьлед і трымацца правілаў, распрацаваных для вашага лячэньня, а інакш скончыце на тым баку.
(Усе ў аддзяленьні ганарацца, што пацыенты супрацоўнічаюць з пэрсаналам. У нас тут ёсьць кляновая дошчачка з масянжовай шыльдачкай, на якой напісана: «ЗА ДОБРУЮ ПРАЦУ НАЙМЕНШЫМ ШТАТАМ З УСІХ АДДЗЯЛЕНЬНЯЎ ШПІТАЛЮ». Гэта цытата з дошкі гонару. Дошчачка вісіць на сьцяне над журналам, якраз пасярэдзіне паміж хронікамі і вострымі.)
Руды новенькі, Макмэрфі, адразу ж разумее, што ён ня хронік. За хвіліну агледзеўшы дзённы пакой, ён бачыць, што ягонае месца — на баку вострых, і адразу ідзе туды, усьміхаецца і паціскае рукі кожнаму, да каго падыходзіць. Я заўважаю, што ўсіх бянтэжаць ягоныя жарты і кпіны, і тое, як ён гучна пакрыквае на чорнага, які ўсё яшчэ ходзіць за ім з градусьнікам, а асабліва ўсіх нэрвуе ягоны моцны адкрыты сьмех. Сэнсары на кантрольнай панэлі зашкальвае ад гэтага гуку. Калі ён сьмяецца, твары ў вострых робяцца перапалоханымі і разгубленымі, як у школьнікаў, чый хуліганісты аднаклясьнік падымае зашмат вэрхалу, пакуль настаўніца выйшла, і ўсе баяцца, што тая вось-вось вернецца і пакіне ўсю клясу пасьля ўрокаў. Яны дрыжаць і торгаюцца, рэагуюць на кантрольныя сэнсары. Бачу, што Макмэрфі заўважыў іх разгубленасьць, але гэта яго ня стрымлівае.
— Халера, ну ў вас тут і гарапашная кампанія. Як па мне, дык вы, хлопцы, не выглядаеце на вар’ятаў. — Ён спрабуе крыху іх разьняволіць, кідае жарцікі, як вядоўца аўкцыёну, намагаючыся разьвесяліць натоўп, перш чым пачнецца гандаль. — Хто з вас тут галоўны вар’ят? За картачным сталом хто камандуе? Я тут першы дзень і хачу адразу ж добра паказацца патрэбнаму чалавеку, калі ён мне давядзе, што якраз да яго трэба зьвяртацца. Хто тут псыха-бацька-атаман?
Ён гэта кажа наўпрост Білі Бібіту. Нахіляецца да Білі і глядзіць на яго цяжкім позіркам, таму Білі адчувае сябе абавязаным прамармытаць, што ён яшчэ ня ба-ба-бацька-атаман, але на-на-наступны па ранжыры.
Макмэрфі працягвае Білі велічэзную руку, і таму нічога не застаецца, як яе паціснуць.
— Добра, братка, — кажа ён Білі. — Я сапраўды рады, што ты на-наступны па ранжыры, але я мяркую сам тут верхаводзіць на ўсе сто, таму, відаць, мне лепей пагутарыць з галоўным. Ён аглядае вострых, якія адклалі карты, кладзе далонь на далонь і з трэскам разьмінае пальцы.
— Ведаеш, братка, я тут прыкінуў, што зраблюся картачным баронам гэнай палаты, наладжу няхілую гульню ў ачко. Так што лепей адвядзі мяне да вашага галоўнага, і мы разьбярэмся, хто тут кіравацьме.
Нікому няясна, ці гэты шыракагруды чалавек са шнарам і шалёнай усьмешкай прыдурваецца, ці ён сапраўды такі вар’ят, каб зрабіць, як сказаў, альбо і тое, і другое разам. Але яны ўсе пачынаюць лавіць кайф, падыгрываючы яму. Назіраюць, як ён кладзе сваю вялікую рудую далонь на тонкую руку Білі, чакае, што Білі адкажа. Той разумее, што трэба неяк зрэагаваць, таму азіраецца навокал і выбірае аднаго з гульцоў у тысячу.