— Але ж паслухайце, дружа Макмэрфі, мой псыхапатычны прыяцелю, нашая міс Брыдар — гэта непадробны анёл міласэрнасьці, і пра гэта ведае абсалютна кожны. Яна бескарысьлівая, як вецер, працуе ў поце твару свайго дзеля іншых без спадзеву на ўдзячнасьць, дзень за днём, пяць доўгіх дзён на тыдзень. Для гэтага трэба мець сэрца, мой дружа, сэрца. Мяне нават інфармавалі некаторыя крыніцы — я ня маю права іх называць, але магу сказаць, што Марціні падтрымлівае шчыльны кантакт з тымі самымі людзьмі, — што яна нават болей служыць чалавецтву на выходных, робячы шчодрую валянтэрскую працу ў горадзе. Ладзіць багаты збор дабрачыннасьці: кансэрвы, дыетычны сыр, мыла — і дорыць гэта якой-небудзь няшчаснай маладой пары, што перажывае цяжкія часы ў фінансавым пляне. — Яго рукі сігаюць у паветры, лепячы сцэнку, якую ён апісвае: — Так, паглядзіце, вось яна, нашая мэдсястра. Ейны далікатны стук у дзьверы. Кошык са стужкамі. Маладая пара, перапоўненая радасьцю так, што ім аж мову заняло. Муж з разяўленым ротам, жонка плача ад шчасьця, не хаваючы сьлёзаў. Наш анёл ацэньвае вокам іх жытло. Абяцае даслаць ім грошай на... чысьцільны парашок, так. Яна ставіць кошык пасярод пакою. А калі наш анёл сыходзіць, дасылаючы пацалункі, зь нябеснай усьмешкай, яна так ап’янілася салодкім малаком чалавечай дабрыні, якое зьявілася ў яе вялікіх грудзях ад такога ўчынку, што яна сама не свая ад шчодрасьці. Сама не свая, разумееце? Затрымаўшыся каля дзьвярэй, яна кліча да сябе нясьмелую маладуху і прапаноўвае ёй свае ўласныя дваццаць даляраў. «Ідзі, няшчаснае паўгалоднае дзіця, ідзі і купі сабе прыстойную сукенку. Я разумею, што твой муж ня можа гэтага сабе дазволіць, але вось, бяры і ідзі». І пара назаўжды абавязаная ейным шчодрым падарункам.
Ён гаворыць усё хутчэй і хутчэй, жылы на шыі напінаюцца. Калі ён спыняецца, усё аддзяленьне глуха маўчыць. Я ня чую нічога, акрамя кволага рытму шпуляў, што, па-мойму, недзе матаюць стужку, на якую гэта ўсё запісваецца.
Гардынг азіраецца навокал, бачыць, што ўсе глядзяць на яго, і з усяе моцы намагаецца засьмяяцца. Зь ягонага рота выходзіць гук, быццам цьвік выдзіраюць з хваёвай дошкі; ііііі-ііі. Ён ня можа спыніцца. Дрыгае рукамі, як муха лапкамі, і заціскае вочы ад гэтага жудаснага пісклявага гуку, але ня можа спыніцца. Гук робіцца ўсё вышэйшы і вышэйшы, і нарэшце, засмактаўшы паветра, Гардынг дазваляе свайму твару ўпасьці на настаўленыя ў чаканьні далоні.
— О сука, сука, сука, — шэпча ён праз зубы.
Макмэрфі запальвае яшчэ адну цыгарэту і прапануе яму. Гардынг бярэ яе моўчкі. Макмэрфі ўсё яшчэ глядзіць на Гардынгаў твар перад сабой зь нейкай зьбянтэжанасьцю і зьдзіўленьнем, быццам гэта першае чалавечае аблічча, што трапіла яму на вочы. Ён назірае як Гардынгавы сутаргі запавольваюцца, а твар падымаецца з далоняў.
— Вы праўду кажаце, пра ўсё, — Гардынг глядзіць на іншых пацыентаў, якія пазіраюць на яго. — Ні ў кога духу не хапала раней гэта сказаць, але тут няма ніводнага чалавека, хто б так ня думаў, хто б не адчуваў таго ж самага. Наконт яе, наконт усяго — усе гэта адчуваюць у глыбіні сваіх запалоханых душачак.
Макмэрфі хмурыцца і пытаецца:
— А што гэны пярдун дробны, доктар? Ён мо крыху і слабы на галаву, але ж не настолькі, каб ня бачыць, як яна тут усё прыбрала да рук і што яна тут робіць.
Гардынг робіць доўгую зацяжку і патроху выпускае дым разам са словамі:
— Доктар Спайві... дакладна такі самы, як мы ўсе, Макмэрфі; ён цалкам разумее сваю неадэкватнасьць. Ён запалоханы, няшчасны, бескарысны маленькі трусік, абсалютна няздольны кіраваць аддзяленьнем без дапамогі міс Брыдар, і ён гэта ведае. Горш за тое, яна ведае, што ён гэта ведае, і нагадвае яму пры кожнай магчымасьці. Штораз, калі яна заўважае, што ён зрабіў памылачку ў дакумэнтах ці, напрыклад, у графіках, можна толькі ўявіць, як яна яго ў гэта тыцкае носам.
— Во-во, — кажа Чэзўік, падыходзячы да Макмэрфі, — тыцкае нас носам у нашы памылкі.
— А чаму ён яе ня звольніць?
— У гэтым шпіталі, — тлумачыць Гардынг, — доктар ня мае паўнамоцтваў браць кагосьці на працу ці звальняць. Паўнамоцтвы — у загадчыцы, а гэта старая добрая сяброўка нашай міс Брыдар; яны разам былі мэдсёстрамі ў войску ў трыццатыя. Мы тут усе ахвяры матрыярхату, мой дружа, і доктар такі ж безабаронны, як і мы. Ён ведае, што Брыдар дастаткова падняць слухаўку ў тэлефоне пад рукой, набраць загадчыцу і сказаць, напрыклад, што доктар чамусьці замаўляе вялікія партыі дэмэролу...
— Чакай, чакай, Гардынг, я ў гэным доктарскім жаргоне ня дужа цямлю.
— Дэмэрол, мой дружа, гэта сынтэтычны апіят, ад якога залежнасьць удвая мацнейшая, чым ад гераіну. Сярод дактароў даволі часта выкарыстоўваецца.
— Гэны пярдун дробны? Ён што, наркот?
— Я ня ведаю, вядома ж.
— Тады які ёй сэнс абвінавачваць яго ў...
— О, які вы няўважлівы, мой дружа. Яна не абвінавачвае. Ёй дастаткова намёку, намёку на што заўгодна, няўжо вы ня бачыце? Хіба вы сёньня не заўважылі? Яна пакліча некага да дзьвярэй свайго кабінэту, стане там і спытаецца пра сурвэтку, якую ў таго знайшлі пад ложкам. Больш нічога, проста спытаецца. І той адчуе, што хлусіць ёй, што б ён ні адказаў. Калі ён скажа, што выціраў асадку, яна адкажа: «Ясна, асадку», — ці калі скажа, што ў яго насмарк, адкажа: «Ясна, насмарк», — і кіўне сваёй акуратнай сівой фрызуркай, пасьміхнецца сваёй акуратнай усьмешачкай і пойдзе назад у свой кабінэт, а чалавек застанецца стаяць і думаць, для чаго ж ён скарыстаў тую сурвэтку.
Ён зноў пачынае дрыжаць і зноў загортваецца ў плечы.
— Не. Ёй ня трэба абвінавачваць. Яна геній намёкаў. Хіба вы чулі, каб сёньня падчас абмеркаваньня яна мяне хоць разок у нечым абвінаваціла? Але пры гэтым, здаецца, мяне абвінавацілі ў мностве рэчаў: у рэўнасьці і параноі, у тым, што я недастаткова мужык, каб задаволіць сваю жонку, у інтымных сувязях зь сябрамі мужчынскага полу, у манерным трыманьні цыгарэты, нават — мне падаецца — у тым, што ў мяне паміж ног нічога няма акрамя лапіка валасоў, ды яшчэ да таго ж пушыстых, мяккіх і сьветленькіх! Яйцарэзка? Не, вы яе недаацэньваеце!
Гардынг раптам змаўкае, нахіляецца да Макмэрфі і абхоплівае ягоную далонь сваімі. Ягоны твар дзіўна нахілены, вышчарблены, пераліваецца пурпурова-шэрым, як разьбітая вінная бутэлька.
— Гэты сьвет... належыць моцным, мой дружа! Рытуал нашага існаваньня ў тым, што моцны робіцца мацнейшым, паядаючы слабых. Мы мусім гэта прызнаць і жыць з гэтым. Гэта банальная справядлівасьць, так і павінна быць. Мы мусім навучыцца прымаць гэта як закон прыроды. Трусік жа прымае сваю ролю ў рытуале і прызнае ваўка моцным. Для абароны трус робіцца баязьлівым, спрытным і няўлоўным; ён рые норы і хаваецца, калі набліжаецца воўк. І ён выжывае, працягвае жыць. Ён ведае сваё месца. Ён, натуральна ж, не выклікае ваўка на двубой. Бо хіба гэта разумна? Як лічыце?
Ён адпускае руку Макмэрфі, адхіляецца назад, закідвае нагу на нагу і робіць яшчэ адну доўгую зацяжку. Дастае цыгарэту з тонкай шчыліны сваёй усьмешкі, і зноў пачынаецца той сьмех, ііі-ііі-ііі, быццам цьвік вылазіць з дошкі.
— Макмэрфі... мой дружа... Я не кураня, я трусік. Доктар таксама трусік. І Чэзўік таксама. Білі Бібіт — трусік. Усе мы трусы розных узростаў і ступеняў, скачам-паскокваем праз наш дыснэеўскі сьвет. О, вы толькі зразумейце мяне правільна, мы тут не таму, што мы трусы — мы б былі трусамі паўсюль — мы ўсе тут таму, што ня можам прыстасавацца да нашых трусіных роляў. Нам трэба добры моцны воўк, кшталту мэдсястры, каб нам паказалі нашае месца.
— Ну, братка, ты гаворыш, як дурань. Ты што, хочаш мне сказаць, што будзеш сядзець і дазваляць нейкай старой сіневалосай бабе пераконваць цябе, што ты кроль нейкі?
— Не пераконваць мяне, не. Я нарадзіўся трусом. Вы толькі паглядзіце на мяне. Мне проста патрэбная мэдсястра, каб зрабіць мяне шчасьлівым у маёй ролі.
— Ды ніякі ты ня трус, халера на цябе!
— Бачыце вушкі? А варухлівы носік? А маленькі сымпатычны хвосьцік гузікам?
— Ты гаворыш, як вар...