Литмир - Электронная Библиотека

Разы са два ён даставаў боты з-пад ложка, сціраў з іх пыл і нацягваў на ногі. Потым ён ішоў альбо да сяброў, або пажартаваць з ваеннымі лотамі[1]. А вярнуўшыся, лейтэнант сярдзіта закідаў боты назад, у пыльны змрок пад ложак.

Павярнула ўжо на вясну, калі лейтэнант Йоперы і яшчэ некалькі чалавек не вярнуліся з рэйду. Пасля кароткай сутычкі атрад паспешліва адыходзіў і, як гэта было дамоўлена раней, раздзяліўся на дзве групы. З групы лейтэнанта Йоперы не вярнуўся ніхто. Сувязныя нічога не знайшлі, узнялася вялікая замець і пахавала ўсе сляды.

Пасля гэтага рэйду лейтэнанту павінны былі даць яшчэ адзін адпачынак. У ягоным пакоі, як і ва ўсім падраздзяленні, стала нязвыкла ціха. Вакол каго цяпер сабрацца салдатам? Каму задаць хітрае пытанне наконт таго ці іншага? На жаль, не сядзе болей лейтэнант у цеснае кола людзей, каб пачаць свае бясконцыя ўспаміны...

А яго боты валяліся пад ложкам, і слой пылу станавіўся ўсё таўсцейшым і шчыльнейшым.

Надышоў сакавік, і прырода высвецілася колерамі фінскага сцяга: сіняе неба і бялюткі снег.

Адным з такіх сакавіцкіх дзён лейтэнанта Йоперы афіцыйна занеслі ў спісы без весткі згінулых. I тады на кватэру лейтэнанта заявіўся сяржант інтэнданцкай службы Лінтунен, каб сабраць маёмасць. Яе было не шмат: невялікага папяровага мяшка з двухгаловым арлом хапіла, каб змясціць усе пажыткі афіцэра.

Боты таксама выцягнулі з-пад ложка, і прыгоды іх пайшлі сваім парадкам.

Іх лёсам і трэцім уладальнікам стаў сяржант Нірва, бо зусім нядаўна ён пачаставаў інтэнданта нямецкім ромам і даволі прыстойнымі цыгарэтамі. I тады ж ён сказаў, што хацеў бы здабыць добрыя боты, бо даўно ўжо ходзіць у драных чобатах. I тады сяржант-забеспячэнец запэўніў Нірву, што такому чалавеку ён абавязкова знойдзе сапраўды добрыя боты. Цяпер пакуль няма, але першая прыстойная пара будзе яго...

I вось, на шчасце, сяржант Нірва сустрэўся з ім якраз тады, калі інтэндант цягнуў мяшок з лейтэнанцкім пажыткам.

Магчыма, што лёс ботаў склаўся б зусім іначай, бо забеспячэнец меў кароткую памяць, а ахвотнікаў набыць боты альбо яшчэ які патрэбны тавар было вельмі шмат. Аднак насустрач трапіўся менавіта сяржант Нірва і адразу запытаўся, што ў торбе. Забеспячэнец яшчэ памятаў пра бутэльку рому, а таму адказаў бадзёра і сумленна:

— Вось табе боты. Добрыя боты, афіцэрскія.

— Старыя апоркі! — абурана запярэчыў Нірва, паглядзеўшы на боты. — Ці няма ў цябе чаго навейшага?

— Навошта табе навейшыя? Гэта ж сапраўдныя афіцэрскія боты, а яны лепшыя за любыя новыя! Ты толькі паглядзі! Ды і нашаму брату без добрай падмазкі такіх ніколі не знайсці.

Так сяржант Нірва з батальённага абозу, селянін, уладальнік гаспадаркі і сумленны жыхар поўначы — так ён сябе называў — стаў трэцім уладальнікам ботаў.

На пачатку вайны Нірва, тады яшчэ малодшы сяржант, сапраўды верыў, што перамога немцаў недзе недалёка. Нямецкія танкі рваліся наперад, немцы наступалі, разам з імі наступалі фіны, каб узяць сваё і ўзяць усё, што захочуць...

Так, з баямі, яны паглыбляліся ў бездарожныя нетры. Сам пан капітан выступіў перад салдатамі, калі яны фарсіравалі нейкую рэчку, і сказаў, што тут рускія крыху пасупраціўляюцца, таму што тут у іх ёсць нейкія палявыя ўмацаванні і нават аэрадром. Затое потым зноў пачнуцца дарогі, і фінскім салдатам застанецца адно што сядзець у машынах, якія пакуль адсталі на бездарожжы, але хутка дагоняць тых, што наступаюць.

Рэчку яны фарсіравалі, і дарогі сапраўды пачаліся, але пачалося і другое — сапраўдная вайна. Да Нірвы пачало даходзіць, што словы пра вясёлую вандроўку на машынах былі ўсяго толькі недарэчным жартам. Тут ён упершыню пабачыў немцаў, убачыў першы нямецкі абоз і тады, з яго слоў, аж заплакаў.

Шасцёра коней цягнулі нейкую дзівосную крытую запрэжку на чатырох вялікіх колах. На калёсах везлі дзве вялікія вязкі саломы. Божа ўсеўладны, з кім жа мы звязаліся! Гэта ж выхвалякі і балбатуны! А значыць, усе гаворкі пра маланкавую вайну таксама ўсяго толькі недарэчныя жарты...

Саюзнік жа анізвання не разумее ў конным транспарце... На такіх колах па гэтых мясцінах далёка не заедзеш...

I вушы коней у вачах Нірвы раптам пачалі расці. Яны падаўжэлі на два аршыны і кпліва гойдаліся ў паветры, нібыта насміхаючыся з усяго на свеце, ператвараючы ўсю вялікую вайну ў вялікі і недарэчны жарт...

Тойва Нірва быў возчык. Магутныя грузавікі гразлі ў балотах і на бездарожжы, былі бездапаможныя, нібы сіроткі-немаўляты. А конь ішоў наперад, ішоў няспынна і ўпэўнена, асабліва калі лейцы трымаў сапраўдны мужчына. На хрыбціне каня трымалася ўсё забеспячэнне, а на забеспячэнні трымаліся ўвесь ход вайны і ваенныя поспехі.

У тым пераканаліся тады, калі ледзь не трапілі ў акружэнне і калона на чале з чалавекам, які зусім не петрыў у конях, вярнулася назад ні з чым, бо, маўляў, перашкодзілі балота і праціўнік. Тады настала чарга малодшага сяржанта Нірвы. Ён павёў абоз і нават прывёў яго назад. Дарога была як дарога, а праціўніка зусім не было.

Галоўнае было — адважыцца і паспрабаваць. А гэта было нялёгка, бо ў апраметнай цемрадзі коні правальваліся ў балота па самую хрыбціну, а там, дзе ўчора ішоў бой, ногі ступалі па трупах. Прабіраліся ціха, рускія маглі быць непадалёку, трэба было спяшацца, бо на рускіх можна было напароцца і ў гэтай чортавай цемры, не кажучы ўжо аб белым дні. Паклажа на валакушах здалася б да смешнага маленькай чалавеку, які не прайшоў гэтага невялічкага шляху да галгофы. Затое салдат, залёгшы ў балоце, змог падсілкавацца, зарадзіць вінтоўку і ваяваць далей.

Назад яны везлі параненых. Абоз Нірвы зрабіў шмат такіх начных рэйсаў. За тое Нірва атрымаў сяржанцкі чын. Пасля таго вайна стала ціхай і бясслаўнай. Ён даглядаў коней, карміў і чысціў, клапаціўся аб падковах і аўсе. Жывёле патрэбен догляд, чорт пабірай, хаця б сабе людзі і ваявалі! Але часу хапала, каб крыху і палайдачыць і нават схадзіць на госці ў вёску. Ён быў нядрэнны кухар і ведаў толк у каве і нават у эрзац-каве. Ён добра ўмеў пячы бліны і хутка згатаваць смажанку. Ён рэзаўся ў карты, гаварыў пра палітыку, дэмабілізацыю і ўзроставыя групы. На ягоную думку, вайна мінулася. Трэба толькі паставіць у строй маладых, каб яны ахоўвалі гэтыя вельмі важныя ваенныя аб’екты, а старэйшым сказаць: «Гэй, хлопцы, давайце дадому!» Яму было за трыццаць, але дагэтуль сяржант быў жвавы і вясёлы, як малады, любіў папарыцца ў лазні, як след выпіць, любіў хадзіць на «берлінскі рынак», дзе паказваў сябе вялікім знаўцам мовы жэстаў і спрытным гандляром.

Але праходзіла зіма, старэйшы ўзрост паслалі ў адпачынак, а чарга сяржанта Нірвы ўсё не прыходзіла, і з тае прычыны ён стаў нервовым і сярдзітым, а таму пачаў выказваць незадаволенасць тым, што вярхоўнае камандаванне так марудзіць. Яшчэ ж восенню нямецкія газеты пісалі, што рускім канец, што сілы ў іх болей няма, дык навошта ж тады трымаць людзей без толку... Усё часцей яму пачалі мроіцца родныя мясціны, жонка, дзеці. У хаце завіхаюцца Хейкі, Кале і Лійса, а трое коней стаяць у канюшні і дваццаць тры каровы ў хляве. Хоць аднаго каня забралі на вайну, а трох кароў давялося здаць на грамадскія патрэбы. Вайна прыцясняла селяніна, забірала коней і кароў, спусташала сусекі і павялічвала падаткі, а самога яго адарвала ад родных палёў, каб закінуць у гэтую лясную глухамань, дзе ён сумуе па спрадвечным краявідзе, абжытым, апрацаваным, такім родным вачам і сэрцу селяніна.

Туды, на радзіму, вярнулася ўжо шмат яго знаёмых. Але вярталіся па-рознаму: адных прывезлі ціхімі хлопцамі, якія папоўнілі шэрагі геройскі загінуўшых, другія ж вярнуліся, каб працягваць свой зямны шлях. А Тойва Нірве ўсё яшчэ даводзілася сядзець тут, нібы дваццаць кароў і сорак гектараў ворнай зямлі можна пакінуць без догляду.

Ён часцей стаў наведваць «берлінскі рынак» і выпіваць, ад чаго станавіўся болып гаваркім. Але канюшні і коней ён даглядаў па-ранейшаму старанна.

Такі вось чалавек і нацягваў на свае ногі боты лейтэнанта, чый апошні след адразу замяло снегам. Тойва Нірва прайшоў не адну вярсту па баразне за плугам, і ногі яго былі вялізныя, кашчавыя, з пляскатымі пальцамі. Адразу было зразумела, што не на святах і танцах атрымалі яны такую форму, хоць сяржант у маладосці нямала пахадзіў і па вечарынках.

9
{"b":"832363","o":1}