I хоць інтэнданцкі сяржант зусім не вітаў такое, аднак справа, вядома ж, скончылася тым, што фельдфебель выправіўся ў новы мундзір. Пад час экіпіроўкі прагнае вока Сора згледзела новыя боты, а спрытныя пальцы імгненна вызначылі, што гэтая пара пашыта адмыслова дзеля яго. Прамовіўшы адвечнае «хай будзе», ён сцягнуў боты з жэрдачкі, абудзіў іх да жыцця і стаў іх першым гаспадаром.
Фельдфебель Сора і сяржант Пенсас выйшлі са склада і пайшлі па гарадскіх вуліцах. Фельдфебель прагна дыхаў хвалюючым гарадскім водарам і адчуваў, як прыемна, хоць крыху і жорстка, аблягае цела новы мундзір.
I тут у мужнага воіна нарадзілася думка аб значнасці сваёй персоны. Ён адчуў сябе новым чалавекам. Недзе далёка ззаду засталася глухая прадымленая зямлянка і аднастайная, трохі ўстылая вайна. Цяпер ён быў у горадзе, і на кожным кроку, зробленым новымі ботамі па гладкім асфальце вуліцы, яго чакалі новыя і невядомыя дагэтуль магчымасці і спакусы. Новыя боты крыху ціснулі і, ад незнаёмства са службай, рыпелі ціха і нават неяк сарамліва. Нічога, з цягам часу будуць сядзець як улітыя. Галоўнае, што значнасць персоны такога важнага ваеннага, як фельдфебель Сора, была навідавоку.
Яны ішлі па галоўнай вуліцы. Быў вечар, у горадзе панавала зацямненне, і ў непрагляднай цемры чулася, як часта стракаталі лёгкія жаночыя абцасы і цяжка грукалі падкаваныя боты чужаземных салдат. Гэты новы і нязвыклы голас ваеннага часу дзейнічаў на вушы фельдфебеля, як барабанны бой.
Аднак яны не збіраліся доўга шпацыраваць па вуліцах. Фельдфебель сказаў прыяцелю, што не варта доўга бадзяцца па вуліцах у новых ботах, бо гэтак можна і ногі пазбіваць. Яны завярнулі ў першы ж рэстаран і замовілі выпіўку. Фельдфебель з даўняе пары быў вялікім аматарам як след заліць вочы, а тут была сапраўды святочная нагода: ён толькі што прыехаў з глушы ў горад, у адпачынак з фронту. Ды апрача таго, трэба ж было пачаставаць сяржанта, які так паспрыяў таму, што просты фельдфебель ператварыўся ў такога бравага і важнецкага военачальніка. Прыяцелі ўспаміналі праведзеныя разам дзянькі маладосці, языкі развязаліся, і новыя боты пад сталом пачалі прытопваць у такт электраграмафону.
Яны ўздрыгвалі гэтаксама, як некалі ўздрыгвала скура на спіне жывёліны, калі яе кусалі мухі ў паўднёваамерыканскай пампе.
А цяпер гэта былі салдацкія боты, часціна гістарычнай вялікай арміі, якая прыйшла здабыць свету новую эпоху і новую Еўропу. Фельдфебель Сора неяк адразу адчуў патрэбу ў новай Еўропе, патрэбу ў новым жыцці. I сапраўды, гэта ж будзе смеху варта, калі ён, гэткі выбітны ваенны дзеяч, стваральнік новай эпохі, застанецца назаўсёды ў старой паганай хаціне на беразе глухога возера, у лясных нетрах, дзе жыццё цячэ так нудна і аднастайна. Яму патрэбна і новая Катарына, пэўна, яшчэ больш, чым новая Еўропа, бо тая, ранейшая, была жанчына занадта валадарная і натурыстая... У яго ўжо была новая Катарына-завочніца, праўда, пакуль што даволі прывідная, але і даволі жывая. Нездарма ж яна так упарта дазнавалася, калі ў яго будзе адпачынак. I ў галаве ў фельдфебеля Сора праклюнуліся парасткі новага плана: у адпачынак ён паедзе да новай Катарыны, а не да той, ранейшай, так добра вядомай назолы...
Фельдфебель адчуў, што ўжо дыхае паветрам новай эпохі.
Сяржант Пенсас раптам здзіўлена спытаўся:
— Ты што? Усё яшчэ фельдфебель? А я згадваю, быццам цябе пасля зімовай вайны ў прапаршчыкі ўзвялі.
— У прапаршчыкі? — адказаў захмялелы Сора. — Я неяк не дазнаваўся... Праўда, маёр штосьці такое гаварыў...
А праўда была ў тым, што фельдфебель выдатна памятаў, як гаварыў маёр, але штосьці зусім не такое: нібыта Сора яшчэ не дарос да прапаршчыка і што, як бы фельдфебеля ні дубілі ў ваенным катле, ён навекі застанецца фельдфебелем. Ды ці ж можна верыць усяму, асабліва даўным-даўно сказаным словам? Апрача таго, можна казаць адно, а рабіць зусім другое... На зорках жа не напісана, што некаму наканавана вечнае фельдфебельства на гэтым свеце, дзе толькі тое і робяць, што вызваляюць народы і землі ды растуць да маршальскіх чыноў. Ды ён быў бы проста нікчэмнасцю, калі б пагадзіўся з гэтым! Цяпер, калі ён, фельдфебель Сора, стаў новым чалавекам, пачаў новае жыццё і збіраецца сустрэцца з абсалютна новай Катарынай, вядома ж, на каўняры павінны свяціцца афіцэрскія зоркі.
— Пад новымі зорка-а-мі, — летуценна замурлыкаў фельдфебель.
— He, праўда, я штосьці такое, здаецца, чытаў у загадзе штаба, — сказаў сяржант Пенсас.
— Чытаў і дагэтуль — ні слова! Ну й чхаць я хацеў на іх! Няхай ён там і гібее пад архіўнымі паперамі, той чын!
— He, мы не дадзім яму прапасці! Прапаршчыка мы табе выкапаем з-пад любой кучы паперак!..
— Чхаць я хацеў на іх! Прапараў і фельдфебеляў на свеце не прабіцца. А вось Вяйнё Сора на свеце толькі адзін!
Але што б там фельдфебель ні казаў, ягоны лёс ужо вырашыўся. Ідэя стаць прапаршчыкам узрастала бурна і неадольна, як вясновыя парасткі на добра ўгноенай глебе. Ён сапраўды быў такой непаўторнай асобай, што тут жа, за чаркай, падвысіў і зацвердзіў сябе ў чыне прапаршчыка.
Вось тут, за сталом, насупраць яго сядзеў чалавек, які чытаў і памятаў, што на свеце стала адным афіцэрам больш. I гэты афіцэр ён, Вяйнё Маціяс Сора... Шмат чаго ствараецца і па болей нікчэмных доказах...
Дадому яны вярталіся позна. Фельдфебель Сора ківаўся туды-сюды, смяяўся, ляскаў абцасамі без дай прычыны і ні з таго ні з сяго казыраў.
Атрымалася так, што адзін бот, як бедная сіротка, прастаяў ноч у кутку каля ложка, а другі ўсю ноч адтырчаў на назе фельдфебеля.
Прачнуўшыся ранкам, фельдфебель Сора зноў адчуў сябе звычайным чалавекам, з усімі слабасцямі. Ён і не згадваў пра сваё афіцэрства, пра новае жыццё і пра сваё перараджэнне. Усё развеялася, як начны сон.
Аднак Сора быў не з тых, што доўга пакутуюць з пахмелля. Ён жвавенька нацягнуў скінуты бот, раздабыў бутэльку квасу, агораў яе разам з рэшткамі гарэлкі і павесялеў. Але ён усё яшчэ заставаўся звычайным фельдфебелем Сора, які ехаў у адпачынак да сваёй жонкі і дзяцей у глухую лясную вёску. Да адыходу аўтобуса заставалася мала часу, і трэба было спяшацца. Ён развітаўся са старым прыяцелем сяржантам Пенсасам і рушыў у дарогу.
Фельдфебель бадзёра крочыў да аўтобуснай станцыі, як раптам яму на вочы трапілася вітрына з вайсковымі значкамі, зоркамі і лычкамі. Афіцэрская зорка зіхцела прыгожа і велічна, нібыта першая асенняя зорка над самотным лясным возерам.
Фельдфебель Сора спыніўся. Усе падзеі і думкі мінулай начы раптам абудзіліся ў памяці, ды так і застылі.
Ён болей не быў чалавекам, якому наканавана звекаваць фельдфебелем, які пасля вайны зноў вернецца да сваёй маленькай лапінкі-надзела, да сваёй кульгавай жонкі, да ранейшага бязрадаснага жыцця і зноў пачне ганяць вахлакоў-дзяцей. Калі б так адбылося, то ўся гэтая вялікая вайна была б для яго пустым грукатам і громам. Яна не прынесла б яму ніякага вызвалення, ніякіх перспектыў у жыцці... Але, на шчасце, ёсць чалавек, які зусім нядаўна чытаў дакумент аб прысваенні афіцэрскага звання яму, фельдфебелю Вяйнё Маціясу Сора. А ўсё гэта азначае, што ён стаў чалавекам зусім іншага кола. Яму болей зусім няма патрэбы вяртацца да ранейшага жыцця. Ён свабодна можа паехаць да новай Катарыны і стаць новым чалавекам новага свету.
Фельдфебель Сора зноў адчуў, што дыхае паветрам новай эпохі, і скіраваўся да крамы, дзе купіў пару афіцэрскіх зорачак і пару пятліц на каўнер. Ён паводзіў сябе з належнай годнасцю і даў зразумець прадаўцу, што, маўляў, вось збіраюся памяняць пятліцы і знакі. Прадавец павіншаваў яго.
Затым Сора падаўся ў атэль, замовіў сабе пакой, замацаваў на пятліцах зорачкі і без аніякіх сумненняў выправіў званне фельдфебеля на прапаршчыка ў адпускным пасведчанні. I са спакойнай душой узяўся вывяраць расклад цягнікоў, каб потым схадзіць у камендатуру і атрымаць афіцэрскі літар. У камендатуры ён таксама натрапіў на старых знаёмых, усё ж другі дзесятак гадоў у войску, і білет яму далі без аніякай затрымкі.
Сустрэчны салдат усім сваім выглядам паказваў нежаданне вітаць афіцэра, але, убачыўшы нядобры позірк прапаршчыка, ляніва падняў руку да казырка.