Пентці Xaанпяя
БОТЫ ДЗЕВЯЦІ САЛДАТ
раманы
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.
Рэдактар Л. I. Каўрус
Мастак A. А. Карповіч
Мастацкі рэдактар A. I. Цароў
Тэхнічныя рэдактары М. Ц. Папкова, Г. П. Тарасевіч
Карэктар I. М. Паланейчык
Пераклад з фінскай мовы і ўступнае слова Якуба Лапаткі
Пераклад зроблены з выдання:
Haanpaa Р. Kolmen Тбгараап tarina — Yhdeksan miehen tarina — Noitaympyra — Vaapeli Sadon tapaus — Juttuja. HelsingissS: Otava, 1970. — 495 s.
Электронная кніга падрыхтавана па выданні:
Хаанпяя, П.
Боты дзевяці салдат: Раманы /Пер. з фін. і ўступ. слова Я. Лапаткі. — Мн.: Маст. літ., 1994. — 220 с.: іл.
ISBN 5-340-00951-З.
Кнігу аднаго з відных прадстаўнікоў сучаснай фінскай літаратуры П. Хаанпяя (1905—1955) склалі два яго творы. Антыфашысцкай ідэяй пранізаны раман «Боты дзевяці салдат», пабудаваны на гумарыстычным, нярэдка сатырычным апісанні прыгод на фронце і ў тыле дзевяці ўладальнікаў пары салдацкіх ботаў. Апісанню сялянскага жыцця трох пакаленняў на хутары Тэрапя, паказу нечаканых паваротаў, узлётаў і падзенняў чалавечага лёсу прысвечаны раман «Балада пра трох Тэрапя».
© Лапатка Якуб, 1994
© Афармленне. Мастацкая літаратура, 1994
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Шляхі чалавечыя
Калі чытаеш упершыню раман Пентці Хаанпяя «Боты дзевяці салдат», то спачатку адчуваеш нейкі няясны недавер. Нават сам не разумееш чаму. I толькі потым да цябе даходзіць, што чытаеш ты пра салдат варожай нам тады фінскай арміі. Магчыма, гэта адна з першых кніг, якая паказала нам вайну «з таго боку», прычым не «звярыны аскал імперыялізму», а звычайныя чалавечыя твары: то вясёлыя, то разгубленыя, а то й смяротна спалоханыя.
Раман «Боты дзевяці салдат» быў першым творам у фінскай літаратуры, дзе чалавек паказваўся не на дыблях афіцыйнага патрыятызму, а на празаічна-цвёрдай зямлі вайны. Трэба дадаць, што гэты раман адыграў даволі значную ролю ў ацверазенні фінскага народа ад чмуру вялікадзяржаўных ідэй. Цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што Фінляндыя — адна з нямногіх краін свету, якія зрабілі свае высновы з урокаў гісторыі і асабліва з апошняй вайны: «Хопіць, наваяваліся!»
Другі раман, «Балада пра трох Тэрапя» — кніга зусім іншага плана. Там значна звужана кола герояў і дзейных асоб. Але нават апісваючы сялянскае жыццё трох пакаленняў на хутары Тэрапя, Хаанпяя знаходзіць тыя дэталі, якія ўвесь час трымаюць нас у напружанні. Узлёты і падзенні, беднасць і раскоша, захапленні і расчараванні — такія галавакружныя шляхі герояў двух раманаў нечым падобныя да жыццёвага шляху самога Пентці Хаанпяя.
Ен нарадзіўся 14 кастрычніка 1905 года ў вёсцы Лескеля, у Цэнтральнай Фінляндыі. Ягоныя дзед і бацька былі земляробамі, але вялі і грамадскую дзейнасць, а таксама крыху пісалі. Іх творы не зрабілі ўплыву на літаратуру Фінляндыі, але далі штуршок развіццю пісьменніцкага таленту Пентці Хаанпяя. Першыя свае творы ён напісаў яшчэ ў школьныя гады, а ў 1921 годзе некаторыя апавяданні былі апублікаваныя і даволі прыхільна прынятыя чытачамі і крытыкамі. Натхнёны першымі поспехамі, Хаанпяя піша яшчэ колькі навелаў і аповесцяў. Але трыумфальны шлях у літаратуру раптам перарваўся, бо пасля службы ў войску ён напісаў цыкл апавяданняў аб фінскай арміі «Пляц і казарма» (1928). Замалёўкі з натуры не вельмі стасаваліся з тымі вобразамі вайскоўцаў і войска, якія стварала тагачасная афіцыйная прапаганда Фінляндыі. Быў тэрмінова арганізаваны «народны гнеў». Вайскоўцы не надта любяць, калі чыё-небудзь юка зазірае за кулісы парадаў. Армія павінна грымець бадзёрымі маршамі і блішчэць галунамі. Генералы камандуюць, зухаватыя салдаты маршыруюць, а цывільны народ «благоговеет». Усё ж, што не ўкладваецца ў гэту схему, — ачарненне і паклёп. Так было і так ёсць усюды. Дастаткова ўспомніць, як люта абараняюцца ад гэтага нашыя генералы, каб зразумець, у якім становішчы апынуўся малады пісьменнік. Выдаўцы адмаўляліся друкаваць яго творы, газеты трубілі пра здраду ідэалам, абывацелі патрабавалі аддаць паклёпніка пад суд. Але малады пісьменнік працягваў пісаць. Часам ягоныя апавяданні і раманы друкаваліся ў левай прэсе, a то й за мяжой. Шэраг навелаў быў апублікаваны ў серыі лепшых навел свету ў Швецыі. Замоўчваць і не друкаваць яго стала нявыгадна. У 1937 годзе блакада маўчання скончылася.
А ў 1939 годзе ён зноў стаў любімцам прэсы, бо рэзка выступіў супраць савецкай агрэсіі, хоць да таго часу вельмі прыхільна ставіўся да СССР. Пад час другой сусветнай вайны Пентці Хаанпяя быў радавым салдатам і на ўласным вопыце спазнаў суадносіны вялікіх ідэалаў з салдацкімі крывёю і потам. Пасля вайны ён зноў вярнуўся ў свой маленькі гарадок Пійпола.
А ў 1955 годзе жыццё пісьменніка трагічна абарвалася: ён патануў у возеры Ісо Лумаярві.
Спрэчкі і дыскусіі вакол творчасці Пентці Хаанпяя не заціхаюць і да гэтай пары. Мне б не хацелася даваць ніякіх ацэнак ні ягонай творчасці, ні тым творам, якія прапаную нашым чытачам. Хай яны мяркуюць самі.
Якуб Лапатка
Боты дзевяці салдат
Боты ціхамірна віселі парамі на жэрдачках уздоўж сцяны склада. Гэта былі новыя боты, іх чакалі жыццё і прыгоды, іх чакалі мужныя і пакорлівыя ногі воінаў. Боты ганарліва адсвечвалі сваёю чорнай раскошай і з пагардай глядзелі на другую жэрдачку, дзе віселі старыя салдацкія боты, пакарабачаныя, падрапаныя і бясформенныя. Жыццё і салдацкія ногі абышліся з імі вельмі жорстка. Ніхто б нават і не падумаў, што ў гэтых нікчэмных абноскаў была некалі свая маладосць, што абуты ў іх афіцэр некалі стаяў на ўзгорку і кіраваў ходам бітвы, а салдаты, абутыя ў такія самыя боты, ішлі ў атаку пад жудасным свінцовым градам, ішлі, пакуль не выцягвалі ногі. I боты здзіралі з тых здубянелых ног, каб абуць яшчэ аднаго небараку... А можа, у тым і шчасце скураных салдацкіх ботаў, што іх будучыня і мінуўшчына ўкрытыя чорным змрокам таямніцы.
А некалі ж гэта была скура жывой гавяды, што мірна пасвілася ў айчынных альбо заморскіх лугах, пакрытая калматай або гладкай поўсцю, і яе балюча кусалі авадні і мухі. Але вось аднойчы прыйшоў мяснік, і жывёліну забілі, а скуру выдубілі, парэзалі шавецкімі нажамі, і ў грукаце машын абутковай фабрыкі яна ператварылася ў салдацкія боты.
А салдацкія боты заўсёды будуць таварам вельмі шырокага спажывання там, дзе ваюе ўся краіна і ўся планета.
Так і віселі боты на жэрдачцы, пакуль аднойчы на склад не зайшоў фельдфебель Сора, каб пагаманіць з сяржантам Пенсасам. Старыя прыяцелі павіталі адзін аднаго радаснай лаянкай і пачалі ўспамінаць тыя часы, калі служылі разам у адной часці. Фельдфебель прыехаў у адпачынак з фронту і бедаваў, што выглядае як галадранец. На думку ж сяржанта, стары прыяцель выглядаў так, што хоць цяпер на парад. Апрача таго, франтавіку не пасуе залішняя раскоша. Аднак на гэты конт фельдфйебель Сора меў асабістую думку: трэба апранацца прыстойна, калі выпадае такі шанц.
Ён зусім не хацеў выглядаць гэткім франтавым зухам, што лічыць за вялікі шык хадзіць абадраны, нямыты і вечна расхрыстаны.