I тады саматканы прапаршчык Сора адчуў сябе сапраўдным афіцэрам і вялікім военачальнікам. Ён увайшоў у вагон, з годнасцю разваліўся ў мяккім крэсле другога класа, і цягнік рушыў на поўдзень.
Так фельдфебель Сора адрынуў прыстойнае салдацкае жыццё і кінуўся ў жыццё самазванага прапаршчыка, як у пуховую пярыну.
Прапаршчык Сора выйшаў з цягніка на нейкай станцыі, агорнутай халоднай асенняй цемрай. У вышыні цьмяна свяціўся самотны ліхтар. Аднак яму пашчасціла даволі хутка адшукаць дом прыезджых і атрымаць там пакойчык, праўда, пусты і няўтульны. Прапаршчык дастаў з пляцака бутэльку, як след глынуў, і адразу ў пакоі стала ўтульней, і нават электрычная лямпачка пад столлю засвяціла ярчэй.
У доме была і свая кавярня. Сора заглянуў туды, і яму адкрылася сумнае відовішча вясковай кавярні ваеннай пары: некалькі непаўналетніх паўшабэлкаў ды нейкі чалавек, відаць, з простых, чытаў пакамечаную газету. У кавярні не было нават квасу, а гасцей частавалі нейкім нясмачным бурым пойлам, якое ў ваенны час лічылася за каву. Прапаршчык Сора цішком даліў кубак са сваёй запаветнай бутэлькі. Потым прапаршчык завязаў гаворку з мужчынам у цывільным. Той сказаў, што ён афіцэр і едзе ў камандзіроўку. Тады Сора пацікавіўся, ці жыве тут паблізу пані Пухці, Катарына Пухці, ягоная старая знаёмая?
Мужчына неяк дзіўна паглядзеў на яго. Як жа, як жа, жыве тут непадалёку, кіламетры са два адсюль у сваёй віле, праўда, даволі ўжо трухлявай. I дабрацца туды лепш такім чынам... Прапаршчык Сора, нягледзячы на тое, што стаў зусім новым чалавекам, па-ранейшаму застаўся мэтанакіраваным і ўмеў выдойваць з субяседнікаў неабходныя звесткі. Новы знаёмца не ведаў, ці багатая пані Пухці, ці не, але ва ўсякім разе жабракі не жывуць у такіх вілах. Тым болей што яна нідзе не працуе. Праўда, людзі кажуць, што жанчына яна даволі своеасаблівая. Ён сам з пані Катарынай незнаёмы.
— Ну што ж, — сказаў прапаршчык Сора. — Усе мы даволі своеасаблівыя, кожны з нас — адзіны і непаўторны.
У тым не было нічога дзіўнага, але вось наступная звестка крыху ўстрывожыла прапаршчыка: кажуць, што ў госці да пані завітвае шмат ваенных.
Вось дык так! Новая Катарына — гэта новая Катарына. Ці не зашмат у яе добрых знаёмых...
Прапаршчык Сора адчуў вялікую стому, вярнуўся ў свой пакойчык, распрануўся і заснуў.
Назаўтра ён прачнуўся свежы і бадзёры. План склаўся адразу — просты і ясны: паглядзець, як жыве новая Катарына. А значыць, наперад, прапаршчык! Разведай усё як след, а там...
Сора старанна апрануўся, а новыя боты ўпершыню зведалі ласку шчоткі.
Калі верыць учарашняму знаёмцу, то вілу ўдавы Катарыны Пухці знайсці няцяжка.
Прапаршчык Сора спыніўся каля чырванаствольнай сасны і нейкі час разглядваў вілу. Той чалавек сказаў праўду: вілу можна было назваць трухлявай.
Дом быў безнадзейна занядбаны і пад уздзеяннем прыродных сіл набыў нейкую вычварную афарбоўку. Аднак гэта быў вялізны дом з незлічонымі вокнамі, двума балконамі і верандай, праўду кажучы, даволі прывіднай.
Усё тут парахнела і рушылася. Аднак, нягледзячы на тое, вельмі лёгка было зразумець, што тут ішло зусім не такое жыццё, як там, на беразе далёкага возера, дзе дыміцца бульба ў мундзірах, чуецца плач дзяцей і скрыгат тапара аб тачыла... Прапаршчык Сора падумаў, што новая Катарына цалкам яму падыходзіць у такім афармленні...
Сора ўявіў сябе гаспадаром вілы і адважна рушыў наперад. Ён пратупаў праз веранду і ўбіўся ў цемнаватую прыхожую, дзе было трое дзвярэй, і кожныя з іх, напэўна, вялі ў смярдзючы пыл і духату. Аднак, на думку прапаршчыка, ва ўсім гэтым быў нейкі асаблівы густ. Засталося толькі высветліць, што за птушачка тут гняздзіцца.
Сваім афіцэрскім вокам Сора хутка і дакладна вызначыў, за якімі дзвярыма цеплілася жыццё, і костачкі пальцаў застукалі па дошках, як дзяцел па сухой сасне. Старыя дзверы затрэсліся.
Па некаторым часе пачуліся паспешлівыя крокі і спалоханы жаночы ўскрык.
Затым дзверы адчыніліся, і нейкая істота, захутаная ў стракаты начны халат з чырвонымі кветкамі, жвавая і бойкая, нібы сойка, запоўніла праём. Вялізныя вочы глядзелі весела і жыва. Раскошныя ўскалмачаныя валасы аздаблялі ўжо даволі павялы твар.
«Вядома ж, яна, новая Катарына», — здагадаўся прапаршчык Сора. Але пакуль што ён ніяк не мог вырашыць — ці падыходзіць яму гэткая Катарына.
— Мы з вамі незнаёмыя знаёмцы, — прадставіўся Сора. — Мяне завуць Вяйнё, Вяйнё Сора.
— Ах, во як! — застракатала жанчына. — Які сюрпрыз! Ну заходзь, любенькі, заходзь! Праўда, у мяне тут беспарадак, але што ж зробіш, позна засядзелася, а я жанчына зусім адзінокая, нават без прыслугі. Даводзіцца прыбіраць самой. Ну нічога, вы, франтавікі, да ўсяго звычныя...
Яе пышны зад закалыхаўся пад чырвонымі кветкамі шырокага халата. «Павук», — падумаў прапаршчык і падаўся следам за ёю.
Яны ўвайшлі ў невялічкі пакой, абстаўлены пашарпанай мэбляй. Пакойчык не ўражваў чысцінёй. Пустыя шклянкі на стале і аб’едкі бутэрбродаў на талерках казалі прапаршчыку аб тым, што мінулай ноччу тут як след пагулялі. Аднак мадам Пухці не дала яму надта доўга разглядаць пакой.
— О-о-о, ды ты ўжо й прапаршчык! А пісаў, што фельдфебель! Значыць, павысілі? Віншую, віншую!
Гэтыя словы вельмі паднялі аўтарытэт новай Катарыны ў вачах Сора. «Разумніца, усё заўважае і разумее», — падумаў Сора і адказаў, што павысілі яго ўжо даўно, але вось даведаўся ён пра тое чыста выпадкова і нядаўна.
— Во як! — зноў затаранціла жанчына. — А ты зусім не выглядаеш разявакам!.. Прабач! Сядай жа, сядай, калі ласка! Ды не туды! Тут будзе зручней! Вось, калі ласка, цыгарэты або нямецкі тытунь, калі табе даспадобы піпка...
Яна яшчэ раз папрасіла прабачэння, стракаты халат зноў закалыхаўся, старая парцьера ўзвіхрылася, і пані знікла ў суседнім пакоі, што, напэўна, служыў ёй за спальню.
Прапаршчык застаўся адзін і закурыў. Ён яшчэ не ведаў, што і думаць. Гэтая новая Катарына была зусім не такая свежая, як думалася, але ўсё ж такая жвавая і бадзёрая... Ды і ад чыста зямных абставін шмат што залежыць... А чаго варта бязгрэшная дзяўчына, калі ў яе ні кала ні двара...
За парцьерай пачуліся крокі, зашамацела адзенне, і раптам яго праніклівы позірк зачапіўся за адну вельмі цікавую дробязь: у шчыліне паміж парцьерамі прапаршчык згледзеў нешта падобнае на салдацкі бот. Ён падняўся, ціхім крокам следапыта наблізіўся да парцьеры і асцярожна заглянуў у шчыліну. Ніякага сумнення: вялізны, пакарабачаны і не вельмі чысты салдацкі бот, нават два боты сіратліва стаялі ў пустым пакоі, нібыта хтосьці выпадкова пакінуў іх там. У пакоі не было болей ніякага ваеннага рыштунку. Праўда, там было даволі цёмна, бо шторы на вокнах не прапускалі святла. Жанчына пераапраналася, і сукенка на галаве збілася зморшчаным мяшком. I тады да вушэй прапаршчыка даляцеў ціхі шэпат. Можа, гэта павукасракая мадам размаўляе сама з сабой? А можа, у гэтым напалову разваленым доме ў яго пачаліся галюцынацыі?
Сора ціхенька пракраўся на сваё месца, і ягоныя гарачыя пачуцці да новай Катарыны значна пахаладзелі. А можа, каля дзвярэй Катарынінай спальні кожную ноч стаяць разбітыя салдацкія боты? Над гэтым варта пакумекаць...
У хуткім часе мадам Катарына з’явілася з-за парцьеры, яе магутны зад і раскошныя грудзі яшчэ болей выпіралі з-пад сукенкі. Язык гаспадыні малаціў бесперапынку, і яна ўвішна наводзіла парадак у пакоі і ў сваім убранні.
Тут пазванілі ў дзверы, і Сора падумаў, што на арэне з’явіцца яшчэ адзін ваенны. Але ўвайшла ўсяго толькі жанчына і аб’явіла, што пані Катарыну прасілі пазваніць. А вось куды, для Сора так і засталося таямніцай. Госця пайшла, а пані Катарына звярнулася да прапаршчыка, просячы прабачэння. Так ужо яно выходзіць. У яе нават тэлефона няма, бо яна так любіць спакой.
— Аднак бываюць і неадкладныя справы... Будзь як дома! Я хутка вярнуся...
Яна зноў шмыганула ў спальню, і Сора здалося, што там зноў пачуўся прыглушаны шэпат. Потым Катарына ўзнікла зноў, апранутая ў дажджавік, бо на вуліцы пачынаўся дождж. Яна ласкава паляпала Сора па шчацэ і знікла.