Литмир - Электронная Библиотека

«Выдатна, — падумаў Сора. — Ёсць магчымасць пазнаёміцца з таямніцамі гэтага дома і гаспадынінай спальні».

Моцна зацягваючыся, прапаршчык злосна загрукаў ботамі па хаце.

Яго непакоіла толькі адно: у якім чыне той ваяка са спальні? Ён спыніўся і крыху рассунуў парцьеру. Ботаў ля дзвярэй не было. А можа, яму толькі здалося? А можа, здагадлівая мадам паспела іх прыхаваць?

— Божачка! — у роспачы праенчыў хтосьці. — Я не вытрываю!.. Я вылезу!..

Голас пачуўся з глыбіні прыцемненай спальні так нечакана, што прапаршчык на нейкае імгненне аж аслупянеў. Але мужнасць хутка вярнулася да яго, і, працягнуўшы руку, ён намацаў выключальнік.

Яркае святло заліло спальню. I тут з-пад ложка, ужо засланага чыстай покрыўкай, выпаўз дзяцюк у споднім. Ён быў зусім малады, гадоў дваццаць, не болей, і вельмі збянтэжыўся, калі ў яркім святле згледзеў на парозе бравага афіцэра.

Разгледзеўшы выгляд і позу маладзёна, Сора адчуў сябе гаспадаром становішча.

— Я вылезу, я пайду! — упарта цвердзіў хлопец у падштаніках.

— А вось не ведаю, — спакойна сказаў прапаршчык, — ці дазволена вам гэта рабіць, бо туды вы трапілі за грахі, а заробленае трэба атрымліваць напоўніцу.

А дзяцюк, згараючы ад сораму, паспешліва нацягваў абмундзіроўку, якую знайшоў на ложку пад падушкай... Нацягнуўшы штаны, ён значна пасмялеў, і гэта адчулася ў ягоных словах:

— Трэба даваць драла, пакуль не вярнулася гэта старая даўбешка.

— Малады чалавек, — сурова сказаў Сора, — калі вы маеце на ўвазе гаспадыню дома і маю родную цётку, дык за «старую даўбешку» вам давядзецца адказваць...

— Я не жадаю і бачыць яе, гэту мадам! Мне трэба на цягнік, а ад яе ніяк не адчэпішся!

— А як вы сюды трапілі?

— Я пісаў ёй... Я паабяцаў прыехаць, але ж я думаў, што яна зусім не такая, што яна маладая...

Прапаршчыку Сора гэта быў удар: ён падзяляў лёс нейкага там зялёнага сапліўца! Ён, такі насабачаны ў жыцці чалавек! Аднак прапаршчык здолеў захаваць спакойны выгляд і нават пакпіў з таварыша па няшчасці:

— Значыць, пісьменства ўвяло ў грэх! Ну, што, пераканаліся, што за грэхам заўсёды ідзе грэхападзенне...

Хлопец моўчкі нацягваў тыя самыя вялізныя разбітыя боты, якія прапаршчык бачыў раней.

— Ну і лыжы адгадаваў! — з’едліва падзівіўся Сора.

— Пане прапаршчык, дазвольце мне пайсці! — умольна папрасіў салдат. — Я пазнюся на цягнік.

— Ідзі, дружа, я не супраць, — літасціва дазволіў прапаршчык.

Салдацік у тую ж хвіліну выцягнуўся, махнуў рукой, нібыта вітаючы афіцэра, схапіў свой амаль пусты пляцак і паляцеў, як з ахопленага полымем дома.

Прапаршчык горка вылаяўся, але і павіншаваў сябе за абачлівасць, за тое, што здагадаўся прыехаць без папярэдняй абвесткі. Прынамсі, цяпер ён мог працягваць сваю разведку боем...

Ён хуценька агледзеў усе куткі ў пакоі і на шафе знайшоў ключы. Прапаршчык без аніякіх ваганняў узяў іх і адчыніў шафу. Яна была забітая лістамі, раскладзенымі ў строгім парадку.

— Цэлы музей! — вохнуў прапаршчык.

Ён працягваў свае даследаванні. У шафе ён знайшоў вялізную, ростам з ілюстраваную Біблію бухгалтарскую кнігу. Спрактыкаваным у канцыляршчыне вокам Сора імгненна вызначыў, што да чаго. У кнізе змяшчаліся пэўныя звесткі аб перапісцы пані Катарыны Пухці, а таксама звесткі аб узаемаадносінах з карэспандэнтамі. На кожнага быў заведзены свой «рахунак», а ўсяго на ўліку стаяла 207 чалавек.

— Божа ўсеўладны! — жахнуўся Сора. — Аж дзве роты!

Усё гэта былі ваенныя, пераважна салдаты і унтэрафіцэры, але сярод іх трапілася і два дзесяткі афіцэраў на чале з палкоўнікам. На кожнага мелася анкета з адпаведнымі звесткамі: узрост і рост, колер валасоў, вачэй і іншыя асаблівыя прыкметы, а ў некаторых выпадках былі нават фотаздымкі. У асобныя графы выпісваліся сацыяльнае становішча, прафесія, сямейнае становішча і нават звесткі аб маёмасці і багацці кліента. Строга ўлічваліся ўсе лісты, як адпраўленыя, так і атрыманыя. Апісвалася развіццё адносін, сустрэч, іх характар і ступень інтымнасці.

На сваім месцы красаваўся і фельдфебель Вяйнё Маціяс Сора. Анкетных звестак не было. Быў толькі кароткі запіс: «Піша, што нежанаты, пэўна, брэша». Сора вельмі здзівіўся, убачыўшы, якую процьму лістоў ён напісаў з таго марознага дня зімовай вайны, калі атрымаў ад новай Катарыны пасылку «невядомаму салдату», бо лічыў сябе чалавекам не надта схільным да пісаніны.

Там, напэўна, быў і той маладзён, які так паспешліва пакінуў гэты гасцінны дом. Рэестр сведчыў, што такія выпадкі ўжо былі, бо дзе-нідзе значылася: «Збег не развітаўшыся». А ў некаторых выпадках перапіска чэзла з самага пачатку і, крыху пачадзіўшы, ціха згасала. Хоць прапаршчык Сора і захапіўся сваімі даследаваннямі, але ягоны інстынкт ваеннага разведчыка не драмаў: ён пачуў, як раптам на сцежцы зарыпеў пясок.

Вялізны гросбух з перапіскай імгненна вярнуўся ў шафу, а ключы — на сваё месца.

Калі дзверы адчыніліся і вялікая аматарка перапіскі пані Катарына пачала страсаць дажджавыя кроплі з плашча, нібыта жвавая сойка з пер’я, прапаршчык Сора сядзеў у крэсле і з маркотным выглядам круціў незапаленую цыгарку.

— Ну, як, золатка, ты не дужа сумаваў. Давялося крыху затрымацца. Лінія такая перагружаная!

— Крыху і пасумаваў. Але я тут пра сёе-тое і падумаў.

Сора глядзеў на жанчыну зусім іншымі вачыма, з новай цікавасцю, як бывае заўсёды, калі празнаеш аб чалавеку нешта новае, асабліва калі гэта новае раней ад цябе старанна хавалі. Але як слушна ён адразу, з першай хвіліны, параўнаў новую Катарыну з павуком! Нібыта стовокі павук, яна раскінула сваю сетку перапіскі. А ў гэтую сетку заляцеў і той дурніца-салдацік, потым прапаршчык, і тут жа паблізу гудзе адважным аваднём сам палкоўнік...

Чаго яна хоча? Можа, яна хоча скарыстаць зручны выпадак і як след нажыцца, нездарма ж яна завяла графу, дзе адзначала багацце сваіх знаёмых. Але перадусім — гэта жанчына, у якой схільнасць да збірання калекцый выяўляецца такім дзіўным чынам.

Вось яна разгортвае свой гросбух з лістамі і радуецца сваім заваёвам, сваёй адважнай роце, не раўнуючы як філатэліст сваім паштовым познамкам.

— Вядома, у цябе такія думкі, — малаціла нястомная пані. — У кожным тваім пісьме іх гэтулькі... — Яна хуценька слізганула за парцьеру. Па ўсім відаць, што мадам крыху непакоілася.

Сора з асалодай падумаў: «Ну, шаноўная пані, якую ты зробіш пысу, калі даведаешся, што тут адбылося нешта вельмі забаўнае?»

Аднак пані Катарына Пухці бліскуча пакончыла з гэтай справай.

— А куды гэта Эверці падзеўся? — крыкнула яна са спальні. — Няўжо ён так спяшаўся?

Яна стаяла на парозе, весела рагатала і гарэзліва паглядала на прапаршчыка.

— Цікава, як вы тут паладзілі! Эверці дурніца, ён зусім падлетак, так спалохаўся цябе, афіцэра, што не хацеў выходзіць... Ты яго бачыў? Што ён казаў? Гэта мой маленькі пляменнічак!

Сора паціху курыў і дзівіўся нахабству гэтай пані. Здаецца, гэта пачвара і сапраўды задаволена такім паваротам справы... Можна ўявіць злосць дзецюка ў споднім пад ложкам, на халоднай падлозе. Ясна адно: гэтая жанчына не магла быць новай Катарынай, гэта не тое, што яму трэба ў жыцці. Гэтая пані, што размясціла яго, нібыта мятліка ў сваёй калекцыі, пад нумарам 207, яму не падыходзіць. Няхай яна камандуе гэтай ротай ці нават батальёнам без яго. Але не варта злавацца. Няхай гэта павукападобная пані будзе кім хоча. Прапаршчык Сора не збіраўся яе перавыхоўваць. Але і парываць канчаткова таксама не варта. Няхай пытанне застаецца адкрытым. Сора лічыў, што ў чалавека павінна быць як мага болей усялякіх сувязяў. Ён ведаў, што часцяком самыя нечаканыя знаёмствы прыносілі немалую карысць...

А таму прапаршчык пачаў плесці, як напалохаў яго нечаканы шум з суседняга пакоя: ён жа лічыў сябе адзінай жывой істотай ва ўсім доме. Спачатку ён падумаў, што там завяліся здані. Але разважыўшы крыху і супакоіўшыся, прапаршчык вырашыў, што сучасны матарызаваны свет не пакінуў месца прывідам, зданям і іншай нячыстай сіле. А потым і Эверці выйшаў з пакоя. Яму было вельмі няёмка, што трэба сыходзіць, не развітаўшыся з цёткаю, але нічога не зробіш — цягнік чакаць не будзе. Ён прасіў прабачэння і перадаваў прывітанне пані Катарыне...

4
{"b":"832363","o":1}