Литмир - Электронная Библиотека

А пані Катарына ўвесь час так уважліва глядзела на яго, што Сора пераканаўся, што гаваркая пані выдатна разумее, з кім мае справу — з гэткім жа прайдзісветам і пралазай, як і яна сама.

Потым прапаршчык рашуча падняўся. На жаль, хутка будзе ягоны цягнік. Яму трэба ісці...

Гэта вельмі ўразіла пані Катарыну.

— Hi ў якім разе! Нам жа трэба пагутарыць, пазнаёміцца... А цягнікі ідуць кожны дзень...

Аднак прапаршчык быў няўмольны. Час падціскае. Аднак не мог жа ён праехаць міма і не заглянуць на хвіліначку. Яшчэ настане час, калі можна будзе без спешкі пасядзець і пагутарыць... А зараз...

Давялося развітацца. Яны паглядзелі адно аднаму ў вочы, нібыта імкнучыся адгадаць патаемныя думкі.

Прапаршчык Сора бадзёра пайшоў па пясчанай сцежцы, абапал якой шумелі пад восеньскім ветрам чырванаствольныя сосны. Дажджавыя кроплі гучна стукалі па шэрым шынялі.

А вялікая аматарка перапіскі глядзела прапару ўслед, пакуль ягоная фігура не знікла з вачэй. I, напэўна, недзе ў глыбіні душы ў яе варушылася думка, што пакінуў яе адзін з самых цікавых мужчын, які быў у яе спісах...

Грукаталі колы, але цяпер цягнік ішоў на поўнач. А прапаршчык Сора сядзеў у мяккім крэсле, і на душы ў яго было даволі пагана. Новая Катарына не адбылася, паход аказаўся няўдалым, і ён з горыччу думаў, што даводзіцца адступаць ні з чым. Да таго ж грошы канчаліся, а значыць, трэба прыбівацца да родных берагоў.

Аднак Сора быў не з тых людзей, якіх лёгка выбіць з каляіны. Ён быў не з тых, хто траціць розум і развагу разам з грашыма. Праўда, крыху засмучае тое, што і ён ледзь не трапіў у калекцыю дурняў, аднак не варта зважаць на тое...

Няхай сабе і давядзецца вярнуцца да неласкавых берагоў ляснога возера, да абрыдла знаёмага наваколля і да ранейшай Катарыны. Але затое ж гэтая хатняя Катарына дацяміць, што трэба парадавацца, напрыклад, узвышэнню свайго мужа ў новы чын прапаршчыка. Ды і суседзі таксама няхай паглядзяць, як добра ў яго ідзе служба. Праўда, кожны паглядзіць па-свойму, у залежнасці ад характару. Сёй-той і не ўзрадуецца, а наадварот... А нашчадкі радасна кінуцца насустрач бацьку. I такія ўражанні таксама зрэдку бываюць прыемнымі. Ды і ўвогуле нядрэнна будзе паказацца ля свайго змрочнага возера. Вось я, жывы, нягледзячы на бурны і нядобры час.

Няўдача — гэта ўсяго толькі эпізод, вайна яшчэ не скончылася, а значыць, будуць і новыя прыгоды, і новыя мясціны, і новыя Катарыны, і новыя чыны...

I зусім няма падстаў лічыць сябе няшчасным, якому ніколі нічога не дастаецца...

З такімі думкамі прапаршчык Сора і заснуў на мяккай канапе салодкім сном бязгрэшнага дзіцяці.

А потым новыя боты новаспечанага прапаршчыка ўпершыню пазнаёміліся з карэннем і камянямі на лясной сцяжыне, з падступнай балотнай багнай і слізкімі масткамі. Пацёрліся яны і па ўзбярэжных камянях, і па лодачных рэбрах, пахадзілі па гнілаватых маснічынах лясных хутароў. А потым іх добра змазалі і пачысцілі, бо кароткі адпачынак прапаршчыка Сора скончыўся і ён вярнуўся на фронт.

У прапаршчыка Сора быў даволі цвярозы розум, калі толькі ён не лунаў у паднябессі і не думаў аб тых вялікіх зменах, што адбываюцца ва ўсім свеце і ў ягоным жыцці. I ён пераканаў сябе, што мае поўнае права насіць афіцэрскія зоркі, бо служыў жа ён так доўга і бездакорна, што ніхто і не зверне ўвагі на ягонае павышэнне.

Але ў тыя рэдкія хвіліны, калі фельдфебель не думаў аб велічы сусветных падзей і ўласнага жыцця і калі не баяўся вярнуцца да старога застойнага жыцця, словам, калі зрэдку ўдавалася працверазець, ён усё ж думаў, што падмурак у ягонага афіцэрскага чына даволі слабы. Часам ён нават думаў, ці не варта зняць гэтыя ненадзейныя зорачкі і змяніць іх на старыя добрыя лычкі фельдфебеля. Аднак было позна. Вельмі шмат людзей бачылі яго ў афіцэрскім чыне і нават віншавалі з падвышэннем. Да таго ж і жонка, і ўся акруга ведалі, што ён узляцеў да зорак... Дарогі назад не было. Дый занадта нязначнай падзеяй былі нейкія зорачкі прапаршчыка ў той пральнай машыне, дзе круціліся цэлыя народы і краіны.

Аднак пачуваў ён сябе ніякавата. Няпэўнасць становішча і навязлівыя думкі патрабавалі рашучага падмацавання адпаведнымі зёлкамі.

А прыхмялеўшы, ён адразу адчуваў, што ўсё ідзе як след і афіцэрскі чын якраз адпавядае ягонай выпраўцы. Сора нават распавёў аднаму знаёмцу на вуліцы, як у штабе акругі Эска Карху адлаяў яго: што ты, маўляў, сабе думаеш, чалавеча! Ты ж не маеш права хадзіць фельдфебелем! А потым раскапаў паперы і паказаў... I ён сапраўды чуў шолах паперы, бачыў таўсты валасаты палец капітана Карху, які паказваў на ягонае прозвішча, надрукаванае на машынцы.

Такім чынам, прапаршчык, не прасыхаючы ні на хвіліну, пасоўваўся да сваёй часці, а ў ягоным партфелі і ў вялізным пляцаку было гэтулькі спіртнога, што хапіла на добрую вечарыну. Новыя сябры-афіцэры пачаставаліся як мае быць, і ўсё прайшло добра. Ніхто не здзівіўся таму, што адбылося з фельдфебелем Сора. Ніхто не згледзеў у гэтым нічога незвычайнага.

Свята прайшло вельмі радасна, а новыя сябры-афіцэры былі такія вясёлыя ды свойскія, і Сора лёгка даў пераканаць сябе, што гэта была проста несправядлівасць, што ён так доўга праслужыў унтэр-афіцэрам.

У афіцэрскім чыне ён, вядома ж, не мог выконваць абавязкі фельдфебеля. У часці знайшлося вакантнае месца афіцэра-інтэнданта, абавязкі якога Сора выконваў і раней. Гэта было вельмі дарэчы. Фельдфебелем жа стаў адзін з сяржантаў. I атрымалася так, што, падвысіўшыся ў чыне, Сора даў і іншым пашырыць свае далягляды і магчымасці.

Міналі дні, і Сора канчаткова звыкся са сваім афіцэрствам. Ён атрымліваў афіцэрскі аклад, яму выпісалі пасведчанне прапаршчыка. Ніхто не задаваў ніякіх пытанняў.

Пазіцыйная вайна рабілася ўсё болей аднастайнай. Надышла зіма, зрэдку грукаталі гарматы, а прапаршчык Сора сядзеў і гартаў паперы. Часам ён адчуваў нейкі дзіўны неспакой, і тады яго ахоплівала надзвычайная прага дзейнасці. Ён выпісваў сабе камандзіроўкі і адпраўляўся ў паездкі.

Аднаго разу, атрымаўшы грошы на сваё падраздзяленне, ён рушыў у горад, насадзіўся гарэлкі, і жыццё зноў здалося яму вясёлым і радасным. Ён велічна сядзеў за столікам, на грудзях зіхцелі ордэнскія планкі і іншыя адзнакі доблесці. Салдацкія грошы ляжалі ў палявой сумцы, і ён плаціў па рахунках з таўстых, як Біблія, пачак. Дух яго лунаў у паднябессі, чын прапаршчыка здаваўся Сора маленькім і нязначным, а таму і не выклікаў ніякіх сумненняў. Наадварот — такі чалавек, як ён, павінен быць не менш чым палкоўнікам, і гэта ніяк не пярэчыла таму духоўнаму ўзлёту, што перажываў самазваны прапаршчык.

Працверазеўшы, ён адразу зразумеў, што за гэтую паездку без дапамогі дамашняй Катарыны яму ніяк не разлічыцца. Грошы ў яе павінны знайсціся, бо ў гаспадарцы шмат добрага лесу, ды і сама яна — дбайная гаспадыня.

Толькі ці згадзіцца яна так лёгка аддаць тыя грошы. Гэта ўжо іншая справа. Яна нікуды не дзенецца, калі добра прыперці, але звягі не абярэшся... На шчасце, вайна працягваецца, і змены ў жыцці яшчэ будуць.

Прапаршчык вярнуўся ў звераватым настроі і адразу пасварыўся з новым фельдфебелем. Наздзіў, гэты смаркач, якога Сора і вывеў у людзі, насмеліўся яшчэ і пярэчыць. Вось ён сядзіць за фельдфебельскім сталом, гэты лайдак-п’янюга з перапэцканай пысай, увесь стол завалены неразабранымі паперамі, а ён яшчэ хваліцца, што справіцца і сам. Ды яшчэ нават пагражае напісаць куды трэба, туды, дзе, маўляў, ведаюць, адкуль узяўся гэткі прапаршчык.

I напісаў. Сора пераканаўся ў тым, калі праз некалькі дзён яго выклікалі на размову да камандзіра. Камандзір, кашчавы, лядашчы дзед, гарлаў: ён даўно ведаў, што Сора прайдзісвет і шыбенік, але каб адважыцца на такое! Ці не глуздануўся ён, калі палез у самазванцы! Гэта ж нечувана! Ён крычаў і махаў паперкай, дзе сведчылася, што Вяйнё Маціяс Сора ніколі не атрымліваў чына прапаршчыка.

У Сора аж сэрца зайшлося. Hе пашанцавала, як заўсёды, нездарма ён увесь час думаў, што гэтак яно і скончыцца. Аднак ён паспрабаваў мармытаць нешта ў сваё апраўданне, нібыта ёсць недзе і яшчэ паперы і ён іх бачыў на свае вочы.

5
{"b":"832363","o":1}