Литмир - Электронная Библиотека

— Пад суд вас, пад трыбунал! — заходзіўся ад крыку камандзір.

Аднак было зразумела, што гэта ўсяго толькі пагроза. Скандал вырашылі замяць. Сора павінен расказаць усё свайму падраздзяленню, вярнуць тыя лішкі грошай, якія ён атрымаў пад час свайго салодкага жыцця прапаршчыка, а потым яго перавядуць у іншае месца, дзе ў старым чыне фельдфебеля ён паспрабуе пачаць новае сумленнае жыццё.

Усё скончылася ціхамірна. Абышлося без трыбунала.

— Вы, хітраван, ужо і самі здагадаліся, што гэта мы робім не дзеля вас, а проста не хочам, каб з-за вашай дурасці невінаватых каралі, — растлумачыў яму камандзір.

На тым і скончылася афіцэрская кар’ера Сора.

Афіцэрскія зорачкі зніклі з пятліц, і Сора нават сам здзіўляўся, што гэта яму ўзбрыло ў галаву, які нячысцік увогуле спакусіў яго... Напэўна, такі ўжо ягоны лёс, такая ўжо ягоная доля...

Некалькі дзён Сора ўвогуле хадзіў без ніякіх знакаў адрознення. Ён злосна паглядаў на новага фельдфебеля, былога сяржанта. Вунь ён, смаркач нямыты, фанабэрыцца за сталом, а ў самога ўся пыса ў чарніле, стол завалены неразабранымі паперамі, а ён пнецца ў змагары за справядлівасць...

Нарэшце дамашняя Катарына прыслала грошы, і Сора ўздыхнуў з палёгкай.

Якая б сквапная ні была Катарына, а ўсё ж, напэўна, дапяла, што муж трапіў у нявыкрутку! Можна толькі ўявіць, якія слоўцы адрасаваліся яму разам з грашыма! Але вайна яшчэ не скончылася, а прапаршчыкам ці фельдфебелем — пакуль што лепш на вайне, чым дома...

Нарэшце Сора мог разлічыцца за грахі і здаць касу свайму пераемцу. Затым атрымаў свае паперы і ціхенька адправіўся на новае месца службы.

Ён ехаў з калонай адпускнікоў, сядзеў самотны і маўклівы, скурчыўшыся ад холаду, у цёмным кутку пакрытага кардонам кузава. Адзін этап ягонага жыцця скончыўся і пачынаўся новы. Зноў красаваліся на пятліцах нязменныя, вечныя лычкі фельдфебеля. Але вайна працягвалася, увесь свет мяняў скуру... Гульня яшчэ не скончылася... А пакуль трэба радавацца, што так мякка ўдалося ўпасці ў фельдфебелі і прызямліцца на чатыры нагі, як кошка.

Пад час прыпынку ён зайшоў у кавярню, каб выпіць кубачак эрзац-кавы, і сустрэў знаёмых. Нейкі лейтэнант з абветраным тварам доўга ўглядаўся, а потым радасна закрычаў:

— А каб цябе, дык гэта ж Сора!

Сора таксама пазнаў яго. Гэта быў Йоперы, адзін з першых ягоных курсантаў у тыя далёкія часы, калі ён ганяў маладых рэкрутаў.

Тры месяцы гэты хлопец слухаў ягоныя «смірна» і «раўнуйся», а потым яго забралі ў афіцэрскую школу. З выгляду ён цяпер сапраўдны франтавы афіцэр, але прызнаў жа свайго былога сяржанта. Фельдфебель расчуліўся: ён не такі чалавек, якога можна забыць.

— А мы тады думалі, што ўсё гэта простая забава, — казаў далей Йоперы. — Так, звычайныя выбрыкі ваеннага ведамства. Затое цяпер упэўніліся, што армія — гэта сапраўдная справа. А ты ўсё яшчэ фельдфебель, хоць і служыш куды болей, чым мы, афіцэры... Ты ж служыў ужо тады, калі мы лічылі армію дзіцячай гульнёй... У адпачынак едзеш?

He, Сора проста пераязджае на новае месца.

— А прыбраўся, быццам на парад перамогі. А ў нас боты амаль развальваюцца... Слухай, давай памяняемся ботамі! A то першы раз еду ў адпачынак, а пальцы схаваць няма куды...

— А ты абкруці кожны чырвонай стужкай, — пажартаваў Сора.

Яны памяняліся ботамі. Сора вёз у пляцаку яшчэ адны добрыя боты, ды і заўсёды мог здабыць сабе новыя. Ён пахваліўся тым перад лейтэнантам.

Сцягваючы боты, Сора ўзгадаў, што ўпершыню ён абуў гэтыя боты менавіта ў той няшчасны вечар, калі надумаўся стаць самазванцам. Хто ведае, можа, гэтыя боты і навялі яго на думку, якая не прынесла яму шчасця. Яны так добра сядзелі на назе, новенькія чорныя халявы так прыемна сціскалі ногі і таямніча адсвечвалі ў цемры начных вуліц ваеннага горада.

Сора злосна сцягнуў боты, здзіўляючыся, як гэта мёртвая скура можа ўвесці ў грэх жывога чалавека.

Так боты перайшлі да новага ўладальніка.

Бацька Йоперы быў ленсманам і рана памёр. Было ў яго тры сястры, дзве ўжо замужам у розных канцах краіны, а трэцяй у гэтыя часы давялося туга, як і кожнаму, хто не працаваў. А таму вайна загнала яе на канторскі зэдлік. Сям’я была даволі заможнай, і Хейкі Йоперы не меў патрэбы спяшацца з адукацыяй. Ён паступіў ва універсітэт, нібыта між іншым адслужыў абавязковы тэрмін у войску і зноў паспрабаваў заняцца навукай. У яго было шмат захапленняў, але найболей блізкімі былі спорт і турызм. Ён быў даволі добры бягун і на спаборніцтвах выступаў нядрэнна. Потым ганяў па дарогах краіны ў пошуках прыгодаў. I нарэшце, ужо ў сталым узросце, некалькі гадоў працаваў на сціплай пасадзе настаўніка народнай школы. Ён не адчуваў цягі да гэтай прафесіі, аднак яму пайшоў ужо чацвёрты дзесятак і пара было заняцца нечым сур’ёзным, тым болей што стаць настаўнікам народнай школы яму было няцяжка. Гэты выбар быў напалову выпадковым, але ў значнай ступені адпавядаў ягоным ідэалам. Ён не любіў гарадскога жыцця і з задавальненнем вырваўся на свежае паветра. Ён не мог уцяміць, як гэта маглі ўзнікнуць гарады, а людзі могуць жыць сярод такой мітусні і таўканіны.

Ужо ў тыя гады пачалі збірацца навальнічныя хмары, а газеты пісалі аб недалёкай вайне, як аб нечым канчаткова вырашаным, і тады Хейкі Йоперы прарочым тонам узвяшчаў, што ў будучай вайне авіяцыя стане тым бізуном божым, які выганіць сціжмы людзей на ўлонне прыроды... Найболей жа адпавядала ягоным ідэалам тое, што ў настаўніка народнай школы вялікі летні адпачынак, нібыта адмыслова адведзены для ягоных заняткаў спортам і вандровак на матацыкле. У дадатак яму было куды прыямней глядзець на дзіцячыя твары, чым на дарослых, па якіх можна лёгка ўбачыць, што жыццё вырабляе з чалавекам.

Захапляўся ён таксама і ідэяй Вялікай Фінляндыі. Ён быў цвёрда перакананы, што фінская раса — гэта раса, абраная Богам, якая будзе расці і жыць, што ёй наканавана стварыць вялікую магутную дзяржаву. Напярэдадні зімовай вайны ён старанна махаў кувалдай на ўмацаваннях Карэльскага перашыйка. Вайну ён скончыў жывы і здаровы, але вельмі ўзлаваны на сусветных буржуяў, якія захацелі зрабіць з ягонай маленькай радзімы паддоследную жывёліну, каб на ёй праверыць зубы ўсходняга велікана, даведацца ім захацелася, ці сапраўды такі ўжо небяспечны гэты звер.

Перспектыва была даволі змрочнай. Аднак па нейкім часе ўсё памянялася. Удалечыні засвяціла новая зара: некалі сціхлая Германія павярнулася на ўсход.

Яе непераможныя танкі бурным патокам рынуліся наперад.

Цяпер Фінляндыя магла вярнуць усе свае і нават тыя даўно страчаныя землі, дзе калісьці жылі фінскія плямёны. Настаў час адраджэння Вялікай Фінляндыі. Тое страшнае лета ў непралазных нетрах Хейкі Йоперы здавалася адным ваенным трыумфам. Наступленне, смерць, шматкі знявечаных трупаў. Бясконцыя маршы, галодныя дні, бяссонныя ночы, бруд і вошы не маглі спыніць іх, бо ўзнагародай былі перамога і наступленне. Толькі пакутамі і ахвярамі дасягаецца ўсё новае ў гэтым свеце.

Хейкі Йоперы быў спраўны салдат і заслужыў аж два ваенныя крыжы за смеласць. I капітанскі чын быў зусім побач, але толькі цяпер, перад самай зімой, ён атрымаў свой першы франтавы адпачынак. А перад тым яны некалькі тыдняў стаялі ў абароне, забіўшыся ў брудныя сырыя акопы. Пачалася шэрая проза вайны, і ўзнёсласць Йоперы паступова спадала. Усходняга звера не ўдалося дабіць не толькі да сенакосу, як гаварылі сяляне, але і за ўсё лета. У ваўка была моцная скура, а тыя размовы пра бліцкрыг толькі дарэмна ўзрушылі народ. Як жа, фінская раса ніколі не стамляецца! Хто другі сканае ад стомы, ды толькі не фіны! Аднак лейтэнант Йоперы ўпотай прыйшоў да высновы, што вайна зацягнецца надоўга...

Вось ужо болей за два гады, як ён носіць шынель; ён заставаўся на службе і ў час перамір’я, і толькі Бог ведае, колькі яшчэ яму насіць ваенную форму. А можа, і не давядзецца апрануць нічога іншага? Хто яго ведае, так, можа, і лепей.

Цягнік грукатаў на поўдзень, і боты спакойна стаялі пад лаўкай. Здаецца, што разам з ботамі фельдфебеля Сора новаму ўладальніку перадаліся і думкі фельдфебеля. Лейтэнант упершыню падумаў, што вярнуцца зноў у школу, да настаўніцкай працы, было б неразумна, ды і проста немагчыма. Ён уявіў, як лёгка сарвецца з вуснаў звычнае «Каб цябе чэрці!», калі будзе пытацца ў дзяцей пра старажытны Ізраіль, ці пра нечаканы захоп Выбарга рускімі, або пра будову кашэчых зубоў. I вядома ж, яму запатрабуецца цвёрдая вера ў тое, што двойчы два і сапраўды чатыры, і давядзецца пераконваць у тым іншых, як і раней.

6
{"b":"832363","o":1}