Новыя боты былі малыя. Але сяржант напружыў мускулы рук, пацягнуў, і боты налезлі. He надта добра адчулі сябе боты і ногі сяржанта. Аднак ён быў задаволены. Раптам ва ўсім яго целе нібыта абудзіліся ўспаміны аб тых маладых днях, калі ён нацягваў на ногі цесныя боты і кіраваўся на гулянне. Гэтыя ўспаміны так ажывілі яго, што сяржант нібыта памаладзеў і зрабіў некалькі танцавальных выкрунтасаў на рыплівых маснічынах.
— Во яно як, хлопцы! Самы раз боты — надзеў, нібы зноў на свет нарадзіўся, можна і ў скокі пускацца...
— Самы раз? — не паверыў нехта. — Вельмі ўжо абліпаюць...
— Нічога, маладая скура расцягнецца, — адказаў сяржант Нірва.
Блізілася вясна, раставаў снег, і маці-зямля паказвала свае вечна маладыя грудзі. Вясна не страціла сваёй заўсёднай прыгажосці. Дрозд у лясных нетрах заліваўся гэтак жа радасна, як і раней. Нават брудны шматок газеты, які вецер ганяў туды-сюды, здавалася, нёс толькі прыемныя, шматабяцальныя весткі. Там гаварылася аб вялікім вясновым наступе, які нестрыманым патокам вясенняй вады раз і назаўсёды пакончыць з уладай зімы. Чалавек з радасцю верыў у такія цуды. Вясенні наступ! Нічога іншага не трэба! I жыць стане весела і радасна. Адталая зямля бадзёра хрупала пад ботамі сяржанта Нірвы. Аднак душа яго была неспакойная. Як жывыя, паўставалі перад ім родныя палеткі. Хто будзе іх баранаваць? Нірва думаў, што ягоныя палі застануцца незасеянымі. Да апошняй драбніцы ён быў хлебаробам і возчыкам, селянінам, і вясна без ворыва, без пасеву здавалася яму нежывой і жудаснай, як у страшным сне.
Яму не было чаго рабіць тут.
— Пад’ём, хлопцы, уставайце, — грымеў ён зрання ў бараку.
Ішла вясна. Аднак сяржанта Нірву не пускалі ў адпачынак і не дэмабілізоўвалі. Ён аж трызніў далёкімі палямі і вясенняй працай у полі. Ён неспакойна хадзіў туды-сюды ў сваіх цесных ботах. Часам тыя боты так ціснулі ногі, што даводзілася сцягваць іх і абуваць вялікія чаравікі, так званыя дэсантныя боты.
Настала вясна. Дарога, якую толькі што пралажылі дзеля забеспячэння фронту, нагадвала паток веснавой гразі. Яна была пустая і мёртвая. Вось ужо два тыдні не было пошты. Слова «бездарожжа» набыло свой сапраўдны глыбокі сэнс. Сяржант Нірва часта стаяў ля гэтай нежывой дарогі, і ад яе патыхала апраметнай глухаманню. Сапраўды, па такой дарозе мог прайсці толькі жораў альбо чорт. Аднойчы Нірва бачыў, як па дарозе ішоў нямецкі ўсюдыход, уздымаючы вялізныя хвалі гразі. Гэта, напэўна, які-небудзь сучасны чорт, валадар непралазнай гразі, з шэрагам каткоў пад пузам...
Аднак гэтае відовішча ніяк не ўзбадзёрыла сяржанта Нірву. Машына, якая перавальвалася з боку на бок у хвалях непралазнай гразі, зноў абудзіла ўспаміны пра вясновае поле. Ён раптам усім целам адчуў, як гойдаецца на высокім сядзенні трактара, які з буркаценнем цягне за сабой дзве бараны і пакідае за сабою след, які так цешыць вока селяніна. За сваё жыццё шмат давялося яму паездзіць на трактары па нівах даўгімі вясеннімі днямі і светлымі начамі.
Але калі ўсюдыход знік і дарогай зноў завалодала адвечная гразь, настрой яшчэ больш пагоршаў. Адзіная прыкмета жыцця і руху знікла. Яны зноў засталіся ў адрэзанай, забытай Богам і людзьмі вёсцы. Сяржант Нірва зноў швэндаўся туды-сюды, часам абуваючы свае цесныя боты, і гэта крыху суцяшала і супакойвала яго: сяржант успамінаў тыя шчаслівыя дзянькі сваёй маладосці, калі хадзіў на вечарыны ў такіх самых цесных ботах.
На імгненне можна было ўявіць, што чалавек атрымаў адпачынак ад цяжкага і поўнага клопатаў сялянскага жыцця, але мала яму радасці ад таго, і вось ён блукае па чужой вёсцы і шукае забавы ці сабутэльніка. Да ўсяго добрага яшчэ і сувязь з «берлінскім рынкам» зусім перарвалася.
Аднойчы раніцою сяржант Нірва і ўся ціхая вёсачка прачнуліся ад страшэннага грукату: на сярэдзіне вёскі ўзарвалася міна, а на ўскраіне затрашчалі вінтоўкі, пачуўся злавесны віскат рыкашэтнай кулі.
У бараках панавала шалёная мітусня, людзі паспешліва нацягвалі вопратку, лаяліся і хапалі зброю. Што там здарылася? Вёска ж была адрэзана бездарожжам ад усяго белага свету! За тыдзень тут ні разу не прайшло ніводнай калоны адпускнікоў, не было нават пошты. I раптам гэтакі вэрхал. Сапраўдная вайна, пра якую пішуць у газетах. I як толькі рускія прабраліся па лясной глушы, праз адталыя азёры і рэкі, праз веснавы грузкі снег? А можа, іх скінулі зверху, з самалёта? Але што б там ні было, рускія атакавалі далёкую тылавую вёску. У іх нават мінамёты былі! На вуліцах грукаталі міны. Гэта ж нейкае чортава насланнё! Жахлівае прабуджэнне!
Сяржант Нірва пакутліва крактаў, нацягваючы на ногі цесныя боты. Ён падумаў, што салдацкія боты павінны быць такімі шырокімі, каб у іх можна было ўскочыць проста з ложка. Але і чаравікі з пераблытанымі шнуркамі таксама не надта... Нарэшце боты налезлі, сяржант схапіў вінтоўку і прышпіліў патранташ. Цяпер гэта быў зусім іншы чалавек — сама рашучасць. Усялякія думкі пра ўзроставыя групы, пра незасеянае поле зніклі, як дым. Сяржант стаў збіваць людзей у гурт. Трэба прабіцца да канюшні. Там іх баявы ўчастак. Трэба паглядзець, што там з коньмі...
— Ды на чорта нам тыя коні! — вылаяўся нехта.
— Як на чорта? — адказаў Нірва. — Коні цяпер у цане, вось і загонім іх на рынку...
Ён пабег, і за ім следам кінуліся яшчэ некалькі конюхаў.
У шэрым ранішнім прыцемку па вёсцы мітусіліся людзі. Аднак супраціўленне пакрыху наладжвалася. На шчасце, вёска была не толькі інтэнданцкай базай. Там стаялі на адпачынку і разведчыкі далёкіх рэйдаў, салдаты вопытныя і баявыя. I гэтага ворага адаб’юць, хай сабе ён і з неба зваліўся. У абодвух канцах вёскі трашчалі вінтоўкі. У ранішнім паветры працяжна вішчэлі кулі, зрэдку грукалі міны. Пара хацін на ўскраіне вёскі палала.
Калі Нірва бег пад горку, побач з ім секанула некалькі чэргаў. Варожы кулямёт біў аднекуль з лясістага пагорка насупраць. Адлегласць была вялікая, стралялі без прыцэлу, але кулі клаліся зусім побач. Адна куля нават абадрала халяву з унутранага боку, але сяржант Нірва так ніколі аб тым і не даведаўся. Ён з усіх ног ляцеў пад горку, і посвіст кулямётнага бізуна гнаў яго яшчэ шпарчэй, а таму хутка варожы кулямётчык ужо не мог дастаць яго. Астатнія спыніліся адразу, як толькі пачулі спеў гэтай чортавай машынкі. Нірва махнуў ім, каб яны абагнулі небяспечны схіл, на якім нехта ўжо завяршыў свой зямны шлях. Забіты ляжаў на спіне, шырока раскінуўшы рукі.
На канюшні ўсё было ў парадку. Болыпасць коней спакойна, як заўсёды, жавала корм, аднак некаторыя нервова ўскідвалі галовы і білі капытамі. Яны ўжо чулі галасы вайны і не вельмі любілі іх. Увогуле ж коням нічога не пагражала. Канюшні былі ўкапаныя ў схіл гары і мелі толькі адну сценку з бярвенняў, ды і тая была завалена зямлёю, нібыта сапраўдная крэпасць. Толькі праз дзверы ці маленькія акенцы туды магла трапіць выпадковая куля.
Перад канюшняй вілася траншэя, якую ўвосень капаў сам сяржант Нірва і прымушаў капаць іншых, але без вялікай ахвоты, бо ўсе былі перакананыя, што гэтую дурную працу прыдумала начальства, каб не пакінуць салдат у спакоі... А цяпер траншэя вельмі нават прыдалася.
— Добрыя могілкі, якраз для нас, — сказаў сяржант Нірва, — хоць і пракліналі мы іх, капаючы.
Перад імі прасціралася балота, а за балотам павольна ўзбіраўся на пагорак лес. Каля паўдзесятка салдат сядзелі ў акопах і чакалі. Тут было спакойна, хоць з абодвух канцоў вёскі чулася страляніна. Нірва нават пачаў нервавацца і бурчаць, што дарэмна толькі яны калупалі зямлю. Аднак потым яны заўважылі, як з лесу выскачылі некалькі чалавек і пачалі балотам прабірацца да вёскі. Салдаты ў траншэях напружана чакалі іх, нарыхтаваўшыся пачаць агонь. Потым загрымелі стрэлы, і людзі з балота паспешліва кінуліся назад, у лес, а два ці тры чалавекі так і засталіся на месцы. Для іх вайна скончылася на гэтым балоце. I ў тую ж хвіліну лес на пагорку насупраць нібы прачнуўся. Адтуль градам пасыпаліся кулі. Застрачыў кулямёт. Ён стаяў высока на схіле, траншэя выдатна праглядвалася і прастрэльвалася, а таму давялося зашывацца ў розныя куткі.