Литмир - Электронная Библиотека

— Нядрэнна было б цяпер стаць з кулак велічынёй, — прабурчаў сяржант Нірва, — a то нават і меншым...

Але тут з іхняй гары бадзёра затрашчаў кулямёт, і хутка паганая варожая машынка змоўкла. Так бой працягваўся некалькі гадзін. Віскаталі кулі, грымелі стрэлы, а толку не было. Рускія адступілі ад вёскі, але ўчэпіста трымаліся на вакольных узгорках. Было ясна, што гэта не выпадковы атрад разведкі, а моцны ўдар з фланга, вясновае наступленне рускіх.

Падмацаванне падыходзіла павольна, ледзь цягнучыся па крыху падсохлай дарозе. Пачалося контрнаступленне, аднак прайшло некалькі гадзін, перш чым праціўнік адступіў.

Толькі вечарам скончылася маленькая пазіцыйная вайна ля канюшні. Пагорак насупраць не выяўляў ніякіх прыкмет жыцця. На стрэлы з траншэі ніхто не адказваў. Па траншэі можна было хадзіць свабодна, не прыгінаючыся.

— Нядрэнна было б паглядзець, куды падзеліся нашы суседзі, — сказаў сяржант Нірва. — Тым болей што, здаецца, я магу законна атрымаць ад тых забітых на балоце што-небудзь у спадчыну.

— А што з іх возьмеш, апрача вашывага рыззя ды вінтовак. Яны ж бедныя, як чэрці...

— Ну, гэта яшчэ невядома, — запярэчыў Нірва. — Прыемна ж уявіць сабе, што ў іх там ёсць гадзіннікі, залатыя пярсцёнкі ці зубы, ці яшчэ Бог ведае што...

I ён пасунуўся па балоце. Некалькі салдат рушылі за ім. Яны ішлі насцярожана, узяўшы вінтоўкі напагатоў. Упэўненасці, што з варожага пагорка не трэсне стрэл і не прасвішча куля, не было. Толькі яны падышлі да забітага, як гэта і здарылася. Прагучаў стрэл, і сяржант Нірва моўчкі апусціўся на парослую белым мохам купіну.

Толькі на адзін стрэл і хапіла сілы ў смяротна параненага варожага салдата.

Спакойна свяціла вечаровае сонца, а сяржант Нірва ляжаў на посцілцы, шырока раскінуўшы рукі сярод мноства іншых параненых. Жыццё ледзь цеплілася ў ім, але часам да яго вярталася прытомнасць. Тады ён бачыў, як маленькі парастак травы спалохана выглядваў з зямлі побач з покрыўкай, на якой ляжаў паранены сяржант. Была вясна, зямля прачыналася. Гэта ж вялікае дзіва, што з такога маленькага парастка вырасце высокая трава, якую будзе гойдаць ветрык, а потым зрэжа вострая каса. I самае вялікае дзіва, што зямля застанецца вечна маладой, адна вясна зменіць другую...

Жыцця ў ім засталося яшчэ меней, пакуль санітарная машына траслася па разбітай дарозе. Ногі ў цесных ботах пачалі халадзець. А каля дарогі ў халодным святле вясенняй начы радасна і бестурботна заліваліся дразды. Калі санітарная машына прыйшла ў шпіталь, то стала ясна, што сяржанту Нірве ніякая дапамога не патрэбна. Ён ужо быў «па-геройску загінуўшым».

Салдат Ахвён, які служыў у палявым шпіталі, адразу згледзеў, што ў нябожчыка неблагія боты, занадта добрыя для таго, каму болей не давядзецца ступаць па гэтай зямлі. А ў салдата Ахвена зусім не было ботаў, а толькі вялікія прадраныя чаравікі. Гэта быў шчаслівы збег абставін. Цяпер яму не трэба маліць інтэнданта, у якога не надта настойлівы чалавек ніколі не выпрасіць прыстойных ботаў...

З вялікай цяжкасцю Ахвен сцягнуў боты з ног нябожчыка і агледзеў іх з уласцівай яму ўвагай. Нічога, добрыя боты, не вельмі зношаныя. На адным ёсць драпіна, відаць, ад кулі, дык гэта не так ужо і важна. Цёмны ад гразі і сонца твар Ахвена зморшчыўся ў задаволенай усмешцы. Свае старыя дэсантныя апоркі ён кінуў ля ног нябожчыка.

Гэтым разам сціхлы заўсёднік «берлінскага рынку» нічога не папрасіў у дадатак.

Салдат Ахвен зайшоў у кабінет капітана-медыка Кола. Ля дзвярэй ён выпруціўся, што ў ягоным разуменні азначала стойку «смірна».

Яны з капітанам былі старыя знаёмыя. Афіцэр толькі вярнуўся з трохмесячнага адпачынку, але яшчэ з першых дзён вайны, дакладней, з тых дзён, калі сапраўднай вайны толькі чакалі, капітан запамятаў гэты рана зморшчаны карычневы твар і шчуплае цела, у якім адчувалася пругкасць і жылістасць ядлоўцу.

Палявы шпіталь у прыфрантавой вёсачцы быў гатовы. Чакаў пусты дом, чакалі чыста засланыя ложкі. Каго? Пакуль што гэтага ніхто не ведаў. Вядома было толькі тое, што нядоўга будзе пуставаць дом, не запустуюць і ложкі, як толькі пачне вярцецца мясакрутка. Хоць доктар Кола быў чалавекам спакойным і разважлівым, аднак выгляд пустога шпіталя нерваваў яго. Вядома, у цывілізаваным грамадстве трэба мець у запасе шпітальныя ложкі для тых, хто захварэе ці трапіць у якое здарэнне, аднак гэта зусім не тое. Засланыя белым ложкі будзілі ў доктара нейкае змрочнае пачуццё. Хутка пачне працаваць ваенная мясакрутка.

Доктар Кола хадзіў па шпіталі і гутарыў з людзьмі болын грунтоўна, чым заўсёды.

Так ён пазнаёміўся з салдатам Ахвенам. Спакойны карычневы твар, зморшчаны, як печаны яблык, прыцягнуў увагу доктара. «Вось, — падумаў капітан Кола, — вось чалавек, які не пакутуе ад нядобрых прадчуванняў, якому ўсё проста і ясна».

Ён даведаўся, што салдат Ахвен — сапраўдны лясны чалавек. Ад гэтай лясной вёскі, дзе быў шпіталь, да лясной хаціны Ахвена было кіламетраў дваццаць, і трапіць туды можна толькі па маленькай, ледзь прыкметнай сцежцы. Хаціна тая згарэла яшчэ ў часы зімовай вайны, бо стаяла амаль каля самай мяжы. Ацалела толькі лазня. Сям’я — жонка і шасцёра дзяцей — жыла ў эвакуацыі, і не салодкае гэта было жыццё.

«Шасцёра дзяцей, — раздумваў капітан Кола. — На дзяцей тут багатыя, а за такое багацце кажуць дзякуй, толькі калі трэба ваяваць. Гэты чалавек нямала папрацаваў для бацькаўшчыны, хоць яму ўсяго толькі пад трыццаць. Калі б усе былі такія, то заўсёды было б каму і працаваць, і ваяваць».

Капітан пацікавіўся, а чым жа дрэннае жыццё ў эвакуацыі? Няўжо сярод людзей, так бы мовіць, жыццё горшае?

Салдат Ахвен і сам не ведаў, як гэта растлумачыць. Але там, у вялікай вёсцы, яны заўсёды нібыта блытаюцца ў людзей пад нагамі. Вось там, на хутары Лапука, там сапраўднае жыццё. Там жыць можна як захочаш. Няма чужых людзей, якія смяюцца з тваіх хібаў і зайздросцяць тваім поспехам. А да суседа, такога ж ляснога чалавека, каля дзесяці кіламетраў.

— А няўжо табе не хочацца часам пагаварыць з людзьмі? Ці, да прыкладу, так ужо дрэнна, калі паблізу будзе сусед, калі ты раптам захварэеш?

— Гэта ўжо звычка, — адказаў салдат Ахвен. — А хварэюць у нашай глухамані толькі каб памерці.

Капітан Кола шмат чаго даведаўся пра лёс і жыццё ляснога жыхара. Напрыклад, што Ахвен быў павітухай для большасці сваіх нашчадкаў. У ягоных жылах, напэўна, цякла кроў вельмі далёкіх продкаў, бо ўлюбёным заняткам Ахвена былі паляванне і рыбная лоўля. Ад іх жа ён і атрымліваў большасць усяго даходу. Нямала давялося яму папрацаваць і на лесапавале на розныя прамысловыя кампаніі.

Капітану Кола гэты лясны чалавек, з якім ён упершыню сустрэўся твар у твар, здаваўся нейкай дзівоснай істотай. «I як чалавек можа жыць такім жыццём? Гэты Ахвен, хоць мы з ім і адной нацыі, усё ж належыць да нейкай іншай расы». Калі б Кола трапіў у такія ўмовы, дык памёр бы, калі не ад чаго іншага, то ад сумоты...

Ён быў чалавекам іншага, абжытага, старога свету, чалавекам дагледжаных паркаў і садоў. Ён любіў водаправод, электрычнае святло, цэнтральнае ацяпленне, свежыя газеты, роўны асфальт на вуліцах і мяккія сядзенні аўтамабіля.

А што, калі б і яму давялося цягнуцца дваццаць кіламетраў па лясной сцежцы з трохпудовым мяшком за плячыма, несці харчы на восем ці дзевяць едакоў. Харчы, што нідзе не бываюць такія смачныя, як на беразе глухой лясной ламбы[2].

А цяпер абодва стаялі разам у двары палявога шпіталя, прыведзенага ў баявую гатоўнасць, абодва стаялі за радзіму.

Так што капітан Кола выдатна памятаў салдата Ахвена. Ён падумаў, што варта было б зрабіць заўвагу салдату за дрэнную выпраўку. Аднак ці да твару такому чалавеку выцягвацца і высякаць агонь абцасамі... Капітан успомніў показку пра вясковага хлопца, які адказаў на такую заўвагу: «А што там бедняку выпручвацца?» Капітан усміхнуўся.

Салдат Ахвен ужо не першы раз падыходзіў са сваёю справай: ён прасіўся ў адпачынак. I прычына была даволі сур’ёзная: яму дазволілі перавезці сям’ю назад, у Лапуку. Жыццёвай прасторы як-ніяк прыбавілася.

11
{"b":"832363","o":1}