Литмир - Электронная Библиотека

— Але ж, здаецца, ваш дом згарэў?

— Падпалілі, дык і згарэў, — адказаў салдат Ахвен. — Але ж лазня засталася.

Ён казаў, што добра жыць можна і ў лазні, асабліва летам. А за водпуск ён склаў бы якую-небудзь печку. Яшчэ ён пасеяў бы ячмень і пасадзіў бы бульбу. Таксама трэба перагнаць у Лапуку дзве каровы на прывольныя лясныя пашы...

Капітан Кола ўявіў той караван, што прабіраецца па лясных нетрах: Ахвен з жонкай, шасцёра дзяцей і дзве каровы цягнуцца некуды да счарнелай лазні далей ад людзей і людскіх дарог.

— Божа! Што ж, яны не могуць з’ядаць свой паёк дзе-небудзь бліжэй?

— Бліжэй да чаго? — адказаў Ахвен. — Неба ўсюды аднолькава высока. А тут таксама айчына.

Ягоны рот скрывіла нейкая дзіўная ўсмешка. Пра магчымасць перабрацца ў нейкую апраметную глухамань ён гаварыў, як пра самае галоўнае, як пра самае вялікае шчасце. I пану капітану Кола жыццё салдата здалося нейкім гераічным подзвігам.

— Я думаю, што вы і вашы дзеці зможаце перанесці ўсё. Мала каму выпадае такое...

Салдат Ахвен нічога не зразумеў, але скеміў, што яго адпускаюць, адпускаюць на цэлыя два тыдні.

Касперы Ахвен цяжка ўздыхнуў і закурыў люльку.

— Цягне, цягне! — закрычаў маленькі Касперы Ахвен, васьмігадовы старэйшы нашчадак салдата Ахвена. У эвакуацыі хлопчык, убачыўшы ўпершыню фары аўтамабіля, закрычаў: «Мама, глядзі, якія ў нячысціка вялікія вочы!»

А тут здарылася маленькая непрыемнасць: новая печка, якую склаў старэйшы Касперы Ахвен у кутку пракуранай лазні, гнала ўвесь дым у памяшканне.

— Вось табе і маеш! — засмуціўся Ахвен.

Аднак праз нейкі час печка пачала цягнуць з прысвістам. Агонь радасна мільгацеў, чорныя сцены весела блішчэлі, з-пад маснічын выбіваўся пах сапрэлага лісця.

Над пагоркам Лапукі зноў уздымаўся дым, ён цягнуўся да шэрага веснавога неба і сведчыў, што на гэтай зямлі зноў палае агмень чалавечага жыцця.

Салдат Ахвен яшчэ ўчора прывёў сюды дзвюх кароў, а маленькі Касперы падганяў іх сваёй пугай.

Па берагах возера і абапал ручая зелянела маладая трава, а падаіць кароў зможа і сам гаспадар Лапукі.

Сапраўдная ж даярка, гаспадыня Лапукі, Мары, з маленькімі павінна прыйсці сюды заўтра, калі якраз усё будзе гатова: і новая печка, і жытло. Ёй асабліва нецярпелася вярнуцца сюды, дзе яна адчувала сябе сапраўднай гаспадыняй. Яна адчувала сябе непрыдатнай да жыцця ў вялікім шумлівым свеце, куды іх выгнала вайна са спакойнай лясной Лапукі. Яшчэ вясной, па цвёрдым снезе, яна перанясла сюды некаторыя рэчы і нават крыху мукі. Мары была і душой, і рухавіком гэтага паспешлівага пераезду ў Лапуку.

Тым вечарам Касперы Ахвен быў у надта добрым настроі. Ён прысеў падаіць карову і з задавальненнем падумаў, што заўтра сюды прыйдзе гаспадыня і вызваліць яго ад такога малапрыемнага абавязку, бо даяр ён быў не такі ўжо і спрактыкаваны. Малако пырскала і туды і сюды, цякло па запэцканых пальцах, бо ён неяк і не падумаў памыць рукі, перш чым узяцца даіць карову. Мары сказала б што-небудзь і наконт «чыстай» даёнкі.

Пакуль бацька даіў, малодшы Касперы гладзіў і супакойваў карову, каб яна не брыкалася. А думкі даяра былі ўжо далёка.

Гаспадар Лапукі думаў, што такім вечарам у лесе, напэўна, такуюць глухары, ды яшчэ як такуюць, чэрці гарбаносыя, заплюшчыўшы вочы і распусціўшы хвост. Толькі адна думка аб тым, як спявае мацёры глухар, прымушала кіпець яго кроў, кроў сапраўднага паляўнічага... Злажыцца як след, і цяжкая птушка грымнулася б долу, нібы пяцікілаграмовая торба... Так бы і зляцела, каб толькі была стрэльба. Аднак за гады вайны і эвакуацыі Касперы Ахвен збяднеў і застаўся без стрэльбы. А фельдфебель, гэты пан-бюракрат, не дазволіў узяць з сабою вінтоўку. Маўляў, забаронена ў адпачынак з вінтоўкай... Што б з ёю сталася, з гэтай чортавай трубкай! Гарбаносая птушка заліваецца колькі ўлезе побач з Касперы Ахвенам, вось дзе бяда! Як толькі вытрываць такое! Трэба пайсці і паставіць хоць пасткі каля ручаіны ці нераты, не ўсю ж рыбу тут вылавілі...

Ён вырашыў закончыць з дойкай і пайсці ў лес. Маленькі Касперы павінен застацца пільнаваць дом. Гаспадар Лапукі быў вялікі аматар пахадзіць па лесе. Ён заўсёды хадзіў адзін, нагадваючы казачную балотную птушку.

Бледны тварык маленькага Касперы расчаравана выцягнуўся, калі ён убачыў, што бацька пайшоў у лес. А ён застаўся адзін на маленькай паляне каля пракуранай старой лазні. Аднак хлопчык не баяўся адзіноты, як і належыць сапраўднаму лясному жыхару. Хутка ён будзе спаць у чатырох сценах, а новая печка, складзеная са старых камянёў, будзе саграваць яго.

Касперы Ахвен паставіў пару сетак у ручай. Вядома, рыба таксама прыдасца. Праўда, рыба — не наедак, але ж не паміраць з голаду.

Ён пайшоў далей. Яму карцела пачуць спеў гарбаносага глухара. Так ён і хадзіў па лесе. I раптам яму стала сорамна. Вось так ходзіць без мэты і занятку, нават пастак не правярае. Дурны занятак. Ён спыніўся на маленькім пагорку ля ўскрайку балота. Некалі тут праляцеў ураган і паваліў некалькі дрэў. Паваленыя сосны высахлі, а чорныя карані з зямлёй нагадвалі казачных пачвар.

Яму здалося, што на адным з такіх вываратняў блішчыць нешта падобнае на стрэльбу. Салдат Ахвен не паверыў сваім вачам. Яму вельмі хацелася мець зброю, а таму ўсюды мроіцца нешта падобнае.

Аднак на каранях папраўдзе ляжала стрэльба, сапраўдная, не ўяўная, стрэльба — рускі паўаўтамат. А ў чорнай яміне ад вывернутых каранёў ляжаў былы гаспадар зброі, але ад яго мала што засталося — косці ды рэшткі вопраткі. Напэўна, пад час зімовай вайны тут адбылася нейкая сутычка. Вось ён, салдацкі лёс... Тут жа не было ніякіх баёў...

А Касперы Ахвен думаў толькі пра зброю. Здаецца, яна нядрэнна збераглася. Магчыма, з яе і не стралялі. Яна так і засталася новай, нават збярогся тоўсты слой змазкі. Крыху паржавела, але ржу можна лёгка адчысціць.

Салдат Ахвен адразу ўзяўся за працу. Яму лёгка ўдалося вычысціць вінтоўку, бо вясновая ноч была дастаткова светлай, як звычайна на поўначы. У кішэнях свайго шыняля ён знайшоў некалькі патронаў. У магазіне вінтоўкі таксама былі патроны, але яны крыху адсырэлі. Ён зрабіў значок на дрэве і стрэліў. Зброя была ў парадку, і куля трапіла ў мішэнь.

Вось дык пашанцавала, вось гэта падарунак беднаму чалавеку! Сёння лес раздобрыўся. Свайму чалавеку ён можа даць усё, што хочаш, нават зброю.

Узрадаваны Касперы Ахвен закідаў галлём чалавека, які ляжаў пад чорнымі вывернутымі каранямі. Дзіўны чалавек, трэба ж было загінуць менавіта тут! Але затое ён узброіў гаспадара Лапукі.

Такія падарункі проста так не робяцца. Лес, напэўна, яшчэ болей раздобрыцца.

I сапраўды, выйшла так, што гэтай белай ноччу Касперы Ахвен сустрэў вялізнага лася, дакладней, ласіцу, і трапіў ёй проста ў сэрца са сваёй зброі, набытай такім дзівосным шляхам. .

Касперы са спакойным сумленнем браў усё, што даваў яму лес. Ён раздзяліў сваю здабычу на кавалкі, зрабіў часовае сховішча, а частку мяса закінуў на спіну і падаўся дадому.

Згінаючыся пад цяжкою ношай, ён спяшаўся назад. Лось быў худы, але што зробіш, гэта ж вясна. Аднак жа гэта была ежа, якая сама прыйшла да яго ў рукі. Гаспадар Лапукі быў у добрым гуморы. Ён верыў, што лес чакае яго. Вось і дачакаўся, і даў зброю, і даў здабычу. Каб цяпер яшчэ прыйшла жонка. Вось тады ўсё было б выдатна.

Сонца стаяла ўжо высока, калі Касперы Ахвен, сагнуты пад цяжкою ношай, падыходзіў да свайго маленькага жытла. I раптам ён здрыгануўся: што за постаць стаіць на ранішнім ветрыку? Толькі Мары, гаспадыня Лапукі. Яна так радавалася і пляскала ў ладкі, што Касперы забыўся на стому.

— Ого, стары! Што ён прынёс, нягоднік! Вось і будзе ў нас мяса!

Басаногая і проставалосая Мары ўяўляла цудоўнае відовішча на зазелянелым пагорку. Жвавая і радасная, нягледзячы на ўсе нягоды жыцця, яна, здавалася, выпраменьвала гэтую радасць вакол сябе.

Побач з ёю стаяла малодшая сястра. Яна дапамагла прывесці сюды пяцярых малодшых дзяцей. Пятнаццаць кіламетраў па лясной сцяжыне — гэта вам не жарты. Аднак яны дайшлі раней, чым думалі, бо ішлі і ўночы. Усе шасцёра дзяцей спалі ў лазні. Было цесна, аднак знайшлося месца яшчэ траім дарослым.

12
{"b":"832363","o":1}