Литмир - Электронная Библиотека

— Цесна, ды цёпла, — сказаў Касперы.

— А прасторы і на вуліцы хапае, — дадала Мары.

Так яно і было на справе: далёка-далёка сінелі лясныя пагоркі, залітыя веснавым сонцам. А ў счарнелай лазні, дзе пахла новай печкай і прэлым лісцем старых венікаў, гаварылі аб тым, як добра жыць тут, на волі. Ніхто болей не скажа малым, што яны равуць, нібыта дзікія звяры.

Эрзац-кава была незвычайна смачная, тут жа гатавалася свежая ласяціна, а боты, якія Ахвен сцягнуў з ног забітага, сушыліся перад печкай.

На хутары аднавілася сямейная жыццё і пачалося выхаванне новага пакалення для краіны. Вяртанне ў Лапуку азначала для сям’і незалежнасць і свабоду, за якія на гэтым свеце ваявала і гінула безліч людзей.

Адпачынак скончыўся, і Мары засталася адна з дзецьмі ў чорнай старэнькай лазні. Салдат Ахвен вярнуўся ў сваю часць, дзе капітан Кола па-ранейшаму цікавіўся жыццём гэтага ляснога чалавека. Капітан задумаў пабудаваць Ахвену дом сіламі свайго падраздзялення. Нядобра, вырашыў доктар, калі сям’я салдата будзе мучыцца ўсю зіму ў лазні. Задумана — зроблена. На пабудове дома да сярэдзіны лета працавалі салдаты, не занятыя ў шпіталі, а часам нават і тыя, хто ўжо дастаткова паправіўся. Так салдату Ахвену пабудавалі двухпакаёвы светлы дом з магутных соснаў.

Жыццё здалося яму незвычайна светлым, калі на доме замацавалі вільчык. Але да гэтага часу падэшвы ягоных ботаў працёрліся. Салдат Ахвен ужо вельмі звыкся са сваімі ботамі, а таму аднёс іх у вайсковую шавецкую майстэрню і ўзяў квіток, што выдаткі за папраўку бярэ на сябе яго часць. Ён спадзяваўся атрымаць боты нават мацнейшымі, чым раней.

Але салдат Ахвен болей не ўбачыў тых ботаў.

Нарэшце боты змаглі адпачыць, закінутыя ў куток майстэрні, дзе яны і праваляліся некалькі тыдняў разам з іншымі такімі ж зношанымі і падранымі ботамі. З гэтай кучы тырчэлі халявы і абцасы старых салдацкіх ботаў, і ўсе яны мелі спецыфічны вайсковы пах. Усе яны ў свой час пабылі на салдацкіх нагах, а наперадзе іх чакала гэткая ж доля, пакуль чалавецтва будзе ваяваць, змагацца і вызваляць.

З паўтузіна шаўцоў у салдацкіх мундзірах працавалі ў гэтым пакоі звычайнымі саматужнымі інструментамі і з той прадукцыйнасцю, якую фінская натура набыла ў гэтай армейскай арцелі. Тут яны елі, курылі, расказвалі розныя показкі, смяяліся, а часам і касавурыліся адзін на аднаго. Болей за ўсё ім абрыдла вайна, якая ўяўлялася шаўцам у выглядзе бясконцай, як сама вечнасць, чарады салдацкіх ботаў. Адзін з майстроў быў легкаверным прарокам і сцвярджаў, што вайна не сёння-заўтра павінна скончыцца. Аднак старэйшы шавец, капрал Ісолінту, якога мабілізавалі ў шэрагі абаронцаў радзімы толькі пасля зімовай вайны, быў чалавекам зусім іншага складу. Ён казаў, што вайна ніколі не скончыцца. Вайна будзе заўсёдным ладам жыцця, і гэта добра, бо галоўныя цяжкасці ў мірныя часы былі не ад таго, што шавец уколецца іголкай або шылам. А таму вайну трэба разумець як шчаслівы адпачынак ад цяжкага і клопатнага мірнага жыцця...

Такое ўслаўленне вайны капралам Ісолінту гучала даволі здзекліва. Аднак ён быў хлопец языкаты і любую справу мог перакруціць на свой капыл, а таму спрачацца з ім было вельмі цяжка.

Шавецкая майстэрня займала толькі невялікую частку аднаго з тых вялізных баракаў, якіх так багата напладзіў ваенны час у паўночных лясах. Там жа былі размешчаны пральня і кравецкія майстэрні. Там няспынна грымелі пральныя машыны, там парылася брудная салдацкая бялізна, ад якой за вярсту патыхала салдацкім гераізмам. Там жа былі склады, канцылярыі і казармы.

Жыццё ваенных шаўцоў было не такім аднастайным, як салдацкае харчаванне: чэрствы хлеб, бульба ды зацірка. Аднак і харчы можна было неяк разнастаіць дзякуючы гандлю і асабліва «берлінскаму рынку»: баракі саюзнікаў былі побач, а фінскія боты і зімовае адзенне служылі выдатнай валютай людзям у груба падкаваных ботах. Апрача таго, там можна было раздабыць выпіўку, і гэты забаронены промысел вельмі разнастаіў жыццё і рабіў яго болей цікавым.

Капрал Ісолінту часцяком стукаў ды грукаў малатком, а побач, у пустым салдацкім боце, стаяла запаветная пляшка. Ён ведаў меру, а таму ніколі не бузіў на падпітку. Ён толькі часам расказваў цікавыя гісторыі або спяваў уголас: «Кулямёты стракаталі «тра-та-та», а салдацік збег з пазіцый «ха-ха-ха»... А часам ён выступаў як пастар на казані: «Вы, афіцэры і лоты, вы, унтэры і франтавыя дзевяткі, салдаты і прачкі, я засцерагаю вас, каб не выціраліся лісцямі белых гарлачыкаў, бо ліст прадзярэцца і можна запэцкаць палец...»

Ён быў вялікі прайдзісвет, і было вядома, што на пачатку вайны, калі зараўлі самалёты і завылі бомбы. Ён выдаваў сябе за веруючага-фанатыка, а цяпер стаў заядлым карцёжнікам махляром, сапраўдным бацькам хлусні і крадзяжу, але, калі было трэба, станавіўся гэткім непахісным увасабленнем дабрачыннасці. Казалі, што сярод прачак у яго была каханка, дзяўчына на шостым дзесятку, ды яшчэ і сляпая.

На тое капрал Ісолінту казаў, што ў яго ўзросце цяжка знайсці маладую, ды яшчэ і без ніякай заганы.

Як і гаварылася, ён папоўніў узброеныя сілы толькі ў час перамір’я. Да таго ж ён шмат чаго пабачыў на сваім вяку, а таму пазбег муштры мірнага часу, прычым вельмі проста: стаў «падмазваць» прыдуркаватага унтэр-афіцэра. Харчы ж у яго былі нават тады, калі ў іншых салдат не хапала хлеба, бо ён уладкоўваўся «сакратаром» да непісьменнага салдаціка і пісаў у лістах дадому: маўляў, падкіньце кілаграмаў дзесяць масла і тысяч пяць грошай, a то ваш сын тут сканае ад голаду.

Пра сваю ж каханку капрал Ісолінту казаў, што хаця ў яе зрок і слабы, затое нюх добры, бо як бы ціха ён да яе ні падыходзіў, яна адразу пачынала працягваць рукі і здзіўляцца, як свежа пахне гэты сапраўдны мужчына.

Вось такі быў шавец, у чые рукі трапілі з кучы абутку боты, на якіх красавалася паперка з адрасам салдата Касперы Ахвена. Першы ўладальнік ботаў, самазванец Сора, відаць, быў абазнаны ў скураных вырабах, бо капрал Ісолінту, аддзіраючы квіток з падэшвы, абвясціў, што гэткаму лапцю, як санітар Ахвен, зусім не патрэбны такія добрыя боты. Добра яму будзе і ў апорках, а вось немцы за такія боты падкінуць парачку бутэлек.

Капрал Ісолінту быў добра дасведчаны ў такіх справах. Неаднойчы ён заглядаў на «берлінскі базар». Але ён быў і сапраўды добры шавец, а таму боты, якія да таго часу памянялі некалькі гаспадароў і прайшлі гэтулькі дарог, былі пасаджаны на калодку, падбіць. і начышчаныя так, што люба паглядзець.

— Лепшыя чым новыя, — сказаў Ісолінту. — Проста смяротны грэх аддаваць іх нейкаму лайдаку.

Тым часам у майстэрню зайшоўся Юхані Норпа. З працоўнай арміі. Ён ехаў у адпачынак і вырашыў спыніцца ў гэтай вёсачцы, каб пабачыцца са старым сябрам і знаёмцам — капралам Ісолінту.

Юхані Норпа быў чалавек сталага веку — яму даўно пераваліла за пяцьдзесят. У маладосці ён шмат паваяваў і нават быў так званым « вызваліцелем супляменнікаў». Але з цягам часу новыя думкі завалодалі ім, і Норпа выпрацаваў уласную лінію паводзін і па магчымасці ўпарта ажыццяўляў яе.

Так, на пачатку гэтай вайны ён дайшоў да старой дзяржаўнай граніцы і не схацеў ісці далей. Ён сказаў, што адзін раз ужо быў там, куды ішлі войскі цяпер, і адтуль яму давялося «вымятацца назаўсёды», як пяецца ў адной з песень. А ён быў чалавекам, які засвойвае правіла з першага разу. Апрача таго, ён абвясціў, што ў тэксце прысягі, якую некалі давялося прымаць, нічога не гаворыцца пра вераломнае парушэнне чужых граніц.

Афіцэр у шаленстве назваў Юхані Норпу пустагаловым вар’ятам. Як гэта фін не можа зразумець, што такога зручнага выпадку болей не будзе. Цяпер, калі ствараецца такая вялікая дзяржава і калі трэба дасягнуць стратэгічных межаў!.. I апрача таго, салдат прысягае выконваць загады сваіх камандзіраў. Афіцэр шалеў і махаў пісталетам перад носам Юхані Норпы. Аднак салдат адказаў, што ягоныя стратэгічныя межы праходзяць тут, а калі паны афіцэры, кажучы пра добрыя мясціны, маюць на ўвазе мясціны для магіл, а ў тым няма сумненняў...

Аднак магілу капаць не давялося. Пакуль іншыя ваявалі, Юхані Норпа рыў канавы ў балоце. Калі ж тэрмін пакарання скончыўся, яго перавялі ў працоўную армію, дзе ён атрымліваў тры маркі ў дзень, без ніякіх пайкоў і вайсковага забеспячэння. Ды ён і не меў ніякай у тым патрэбы. Ён быў удавец, а дарослы сын ваяваў недзе на фронце.

13
{"b":"832363","o":1}