Литмир - Электронная Библиотека

I вось Юхані Норпа, які выглядаў напалову цывільным, а напалову вайскоўцам, зайшоў у майстэрню і весела павітаўся з усімі. I вядома ж, адразу згледзеў боты, якія капрал Ісолінту спрабаваў прыхаваць пад грудай іншых непрывабных апоркаў.

— Вось я і разжывуся ботамі, — абвясціў ён. — A то старыя ўжо нікуды не вартыя.

— Hi ў якім разе! — адказаў капрал Ісолінту. — Ты нават не ўяўляеш, які ў нас цвёрды парадак. Кожны павінен атрымаць свае боты, іначай адразу пачынаецца расследаванне... Апрача таго, гэта боты аднаго майго прыяцеля, Ахвена, і памяняць іх нельга ні ў якім разе.

Аднак Юхані Норпа быў чалавекам жвавым і спрытным. Пакуль капрал гаварыў, ён ужо скінуў свае старыя боты і тупаў па майстэрні, прабуючы новыя.

— А калі ты возьмешся за мае боты, як след падшыеш і падаб’еш, то ніякі Ахвен не заўважыць падмены.

Капрал Ісолінту ўпарта і гераічна спрабаваў уратаваць боты. Павінен жа Норпа зразумець, што ў вайсковай майстэрні — вайсковыя парадкі. I парадкі вельмі строгія. Тым болей што сам Норпа з працоўнай арміі і не мае права на казённыя боты.

— Вось менавіта я і маю права, — запярэчыў Норпа. — Каб усе былі такія танныя казне, як я, то дзяржава не пагрузла б у замежных даўгах.

Памалу капрал Ісолінту дапяў, што боты вярнуць не ўдасца. Гэты бандзюк Норпа проста жыўцом вырваў іх з рук. I апрача таго, так нахабна балбоча, не горш чым сам капрал Ісолінту.

— А цяпер прызнайся, нягоднік, што ты сабраўся проста выменяць іх на гарэлку. Ды што тая гарэлка! Быў бы хлеб...

Капрал Ісолінту зарагатаў. Яны абодва любілі павесяліцца — пасмяяцца і парасказваць розныя байкі. Любата паслухаць, як яны распавядалі пра свае апошнія прыгоды, як яны бэсцілі тых, што прыгнятаюць працаўніка. Невялікая сутычка з-за ботаў ніяк не псавала іх адносін, бо і капрал і салдат працоўнай арміі лічылі, што яны ўладкаваліся ў гэтай вайне не горшым чынам, і нялёгка было пераканаць іх, што жыць на гэтым свеце — нявесела. Сутнасць гэтага аптымізму капрал Ісолінту выказаў адной прымаўкай: «Была б шыя, а хамут знойдзецца». (I прычым адзін хамут не лепшы, чым другі.)

Аднак гэта не перашкодзіла капралу Ісолінту з прыкрасцю паглядзець на ногі Юхані Норпы, калі той сабраўся пайсці. Занадта яскрава паўсталі перад ім дзве бутэлькі гарэлкі. Ды прынесла ж нячыстая старога сябрука! I ён сказаў некалькі слоўцаў пра марадзёраў і рабаўнікоў — як іх толькі зямля носіць!

Але марадзёр бесклапотна ляснуў ля дзвярэй абцасамі, боты зніклі назаўсёды з вачэй капрала Ісолінту і рушылі насустрач новым прыгодам.

У тыя часы Юхані Норпа не меў сталага месца жыхарства. Пасля балотнай катаргі ён служыў нейкі час у адной інтэнданцкай часці, але і там лічыўся непажаданым элементам, бо яго злосныя і насмешлівыя размовы аб трох марках у дзень былі невыноснымі для доблесных забеспячэнцаў. Яго накіравалі ў цэнтр папаўнення, але і там яго не любілі. Лепей было б сплавіць такога ваяку як найдалей.

I ў хуткім часе Юхані Норпу накіравалі ў заваяваны раён Усходняй Карэліі. Там патрабаваліся будаўнікі.

Юхані Норпа быў моцна незадаволены. Ён ужо аднойчы быў за мяжой і добра памятае, чым усё гэта скончылася. Аднак балотная катарга таксама яшчэ жыла ў памяці, і Юхані моўчкі сеў у цягнік.

У начной цемры, храпучы ў бітком набітым вагоне, ён пераехаў мяжу, бачыць якую ўжо даводзілася. I Юхані Норпа добра засвоіў тое, што пабачыў, таму і мусіў перакапаць не адзін квадратны метр балота. Аднак такую працу яму даводзілася рабіць, яшчэ калі ён быў вольным чалавекам. Ён ператварыў балотную глухамань у ніву, заснаваў так званы сямейны агмень, які потым у яго адабралі, хоць святое права прыватнай уласнасці заставалася ў сіле. Гэта было гадоў дзесяць таму. Тыя часы цяпер называлі крызіснымі гадамі. Але, здаецца, тыя дзівосныя часы вельмі хутка выветрыліся з чалавечых мазгоў. Краіна і ўся зямля танулі ў таварах і хлебе, а калі б толькі ўдалося пазбавіцца ад такой бяды, каб не закруцілася ваенная мясакрутка...

Аднак Юхані Норпа тых часоў ніколі не забудзе. Ягоны новы дом пайшоў з малатка, смерць прыбрала жонку Аліну, а сам ён пабачыў свет зусім іншымі вачыма.

I вось цяпер ён перасякаў мяжу, іначай кажучы, рабіў агрэсію. А зусім нядаўна агрэсія лічылася ў гэтай краіне вялікім злачынствам. Аднак пазней погляды змяніліся, і Юхані Норпа трапіў на катаргу, як толькі пабачыў граніцу. Увогуле, яму варта было б зноў адправіцца туды, але занадта свежыя былі ўспаміны пра катаргу на балоце, і ён супакойваў сябе тым, што едзе не заваёўваць. Яго паслалі будаваць.

Ён з цікавасцю глядзеў на зямлю за вокнамі вагона. Некалі ён ішоў па гэтай зямлі з вінтоўкай у руцэ і абсалютнай неразбярыхай у галаве: «Гэтыя землі апрацоўваюць і насяляюць фінскія плямёны. Іх трэба вызваліць — і землі, і народ». Дык хто быў вольны? Ягоны дом у Куўселе прадалі з малатка, пайшлі з малатка і палеткі, якія ён з такой цяжкасцю адваяваў сваімі рукамі ў няласкавай прыроды Фінляндыі, краіны, якая так ганарылася сваёй свабодай і незалежнасцю.

Юхані Норпа не бачыў ніякага прасвету. Нямецкая цыгарка дымілася, прылепленая ў куточку рота, было так цесна, што аж нылі плечы, а ён узяўся разважаць аб тых прасторах, якія чакаюць фінаў там, на ўсходзе. Навокал былі тупыя сонныя твары, цесна — ні пальцам варухнуць, і гэтыя словы гучалі здзекліва і багахульна.

Вядома, Фінляндыя вялікая краіна, аднак пакуль што цеснаватая... Ну, нічога, яшчэ разамнём косці, пакуль датупаем да Белага мора...

Так Юхані Норпа шчасліва дабраўся да Усходняй Карэліі і далажыў аб сваім прыездзе ў адпаведнае ведамства. Высветлілася, што яму давядзецца будаваць царкву.

Царкву тую будавалі ўжо цэлы год, з тае пары, як заваявалі гэты край. Шмат гаварылася аб тым, што бальшавікі робяць з цэркваў тэатры. А цяпер будзе зроблена адваротнае пераўтварэнне, тэатр стане царквой. Гэтая задума нарадзілася ў галаве ў аднаго ваеннага папа. Сюды сагналі архітэктараў, інжынераў-будаўнікоў і майстроў з усёй арміі. Меркавалася пабудаваць адмысловую, непаўторную царкву. На пабудову ішла толькі чырвоная карэльская сасна.

Сярод будаўнікоў царквы Юхані Норпа апынуўся толькі таму, што некаму ў ваенным ведамстве захацелася загнаць яго далей у чортавы зубы. Аднак і тут магло стацца так, што Юхані Норпе так і не давялося б папрацаваць на будаўніцтве царквы. Канцылярскі чын, вядома, даведаўся з папер, якім шляхам трапіў Норпа ў гэты край, і з’едліва пацікавіўся, як гэта ён зрабіў такую ласку, прыехаў сюды? Юхані Норпа раз’юшыўся і ператварыўся ў гнеўнага маленькага прарока... Ён вяшчаў, што настане такі дзень, калі давядзецца жорстка пакаяцца, што палезлі сюды без дазволу...

Гэткае нахабства, у сваю чаргу, так раз’ятрыла штабіста, што пытанне аб тым, ці варты Юхані Норпа гонару быць будаўніком царквы з чырвонай карэльскай сасны, увогуле аказалася пад сумненнем. Але потым прыйшоў нейкі афіцэр і звёў усю сварку да жарту, а Юхані Норпа любіў пасмяяцца і лічыў, што нават за тры маркі ў дзень можна пражыць даволі весела.

Так ён стаў будаўніком царквы. Ён часцяком жартаваў і гаварыў пра вялікія часіны росквіту Фінляндыі, якая палічыла найпершым клопатам пабудаваць у заваяванай краіне царкву, ды не абы-якую, а з адмысловай векавой сасны. Ён толькі крыху сумняваўся, ці будзе ў царкве добры падмурак, ці хопіць у скалы моцы, каб вытрымаць усе будучыя навалы і нягоды...

Увогуле ж ён быў задаволены сваёй працай, сваёй вайной. Нават у холад і замець ён ахвотна ішоў на працу. Печы даволі добра ацяплялі будынак, які мала-памалу пачаў набываць велічныя формы царквы з купаламі. Цюкалі малаткі, цвыркалі пілы, шапаталі гэблі.

Юхані Норпа рабіў лаўкі. «Гэта вам не проста зэдлі, на якія чалавек бестурботна плюхаецца задам, гэта такія лаўкі, на якія садзяцца, каб узвысіцца душой», — казаў ён.

Яму падабалася праца, і ён цюкаў, як дзяцел, хоць і не ведаў, дзеля чаго ён працуе і навошта.

Аднак гэты будынак з кожным днём набываў усё болып выразныя абрысы царквы, будзіў у ягонай душы ўспаміны аб тых далёкіх часах, калі ён, маленькі хлопчык, разам з бацькам сядзеў у халаднаватай царкве і слухаў спакойны голас святара.

14
{"b":"832363","o":1}