Юхані Норпа ўспамінаў тыя далёкія часы, калі яшчэ ў паветры не раўлі самалёты, а радыё не мардавала чалавечыя вушы няспыннымі заклікамі і бравурнай музыкай.
А вечарамі ён займаўся сваімі ўласнымі вырабамі з той самай чырвонай сасны, што і царкоўныя лавы. Тады ў арміі сталі вельмі модныя ўсялякія дробныя вырабы з бяросты і металу. Корпаючыся з такой драбязой, людзі проста бавілі час. А Юхані Норпа быў прыроджаны разьбяр. Гукі гэбля цешылі ягоныя вушы, не раўнуючы як добрая музыка. Ягоныя куфэрачкі былі просценькія, але вельмі прыгожыя. Апрача таго, яны давалі значную прыбаўку да тых трох марак, якія выдзяляла яму дзяржава, а таму ён займаўся гэтым промыслам яшчэ болей старанна. Ён рэзаў, габляваў і прыгаворваў, што вось так, з дапамогай такой драбязы можна пазбегнуць вялікіх грахоў і спакусаў. Вось ён і шчыруе ў вольны час, каб мець крыху на невялікія грахі, такія салодкія пасля трохмарачных дзён устрымання.
А часам ён хадзіў па вуліцы, любаваўся краявідам, разглядваў вясковыя дамы і пабудовы, глядзеў, як жывуць тыя нямногія жыхары, што яшчэ засталіся ў вёсцы. Ён часцяком наведваўся ў маленькую хацінку на ўскраіне вёскі і пасябраваў з бабуляй, якая жыла там. Ён лічыў, што чалавеку, які мае добрыя дачыненні са старымі жанчынамі, заўсёды будзе шанцаваць у жыцці.
«Частуйся, вось чаёк. Ну, чаго ж ты не п’еш чайку?» — частавала яго бабуля, і Юхані Норпа піў чай, цікавіўся жыццём у былыя часы, распытваў, ці падабаюцца ёй фіны. Напалову глухая бабуля адказвала мудрагеліста і шматслоўна, а таму зразумець што-небудзь было вельмі цяжка. Яму было прыемна, што гэтая бабулька таксама з фінскага племя, і ён часта раздумваў, а як жыла б гэтая старая ды і ён сам, калі б фінскія салдаты стаялі на Свіры ўжо некалькі стагоддзяў, а Адольф Другі і Карл Дванаццаты змаглі б удала ажыццявіць свае задумы. Але магутная Швецыя паціху праглынула б фінскія плямёны,і, магчыма, гэтая бабуля і Юхані Норпа цяпер размаўлялі б зусім на іншай мове...
Аднак усё ідзе як мае быць. Цяпер нашы хлопцы стаяць на запаветным рубяжы, толькі Юхані Норпе чамусьці здаецца, што яны вельмі прыпазніліся, а таму ўсё гэта даволі ненадзейна...
Апрача бабулі Норпа знайшоў сабе маладую Таццяну і стаў яе сябрам і суцяшальнікам. Муж Таццяны таксама быў салдатам, але з таго боку фронту. Яна была адной з тых многіх салдатак на свеце, якія маглі б ужо быць і сапраўднымі салдацкімі ўдовамі. I нічога дзіўнага не было ў тым, што яна слухала Юхані Норпу і паддалася на ўгаворы. Яна была бялявая, добразычлівая, прастадушная і вельмі падабалася Юхані Норпе. Аднак яны абое добра ведалі, што ўсё гэта ненадоўга...
Так паціху жыў сабе Юхані Норпа і быў цвёрда перакананы, што жыць можна нядрэнна, нават калі ўвесь свет ваюе. Ваяваць гэтак, будуючы царкву, значна лепей, чым сядзець у акопах і пад грукат снарадаў памінаць Бога і чорта і радавацца, што гэтым разам пранясло... Ён быў на такой вайне і ведае, чым яна пахне.
Ранняй вясной, ласкавым і сонечным днём, адбылося першае набажэнства ў толькі што пабудаванай царкве. Там было шмат святароў, ваенных і цывільных, шмат важных паноў, якіх запрасілі з самой Фінляндыі, і мясцовыя жыхары з Карэліі. Афіцэры і лоты, салдаты і будаўнікі запоўнілі астатнюю частку царквы. Свяціліся чырванню сасновыя бярвенні, востры смаляны водар прабіваўся праз цяжкі чалавечы дух, і словы святара гучна разносіліся пад сасновымі скляпеннямі. Святар казаў, што гэта вялікія імгненні, асабліва для карэльскага народа, бо прыйшоў старэйшы брат і прынёс карэлам сапраўдную свабоду набажэнстваў, пабудаваў гэты храм сярод віру вайны. Гэта, можна сказаць, падарунак фінскай арміі, і памяць пра тое, бясспрэчна, будзе жыць у пакаленнях, і бацькі будуць расказваць аб тым сваім дзецям. Старонка гісторыі перагорнута, і для фінскай нацыі пачалася новая эра...
Цясляр Юхані Норпа сядзеў на лаве, зробленай ягонымі рукамі, і думаў, што гэта і сапраўды нячутая, казачная дзея, што маленькая Суомі пабудавала царкву далёкай Усходняй Карэліі. Напэўна, гэта вялікая хвіліна і для яго, хто зрабіў некалі паход у Карэлію дзеля вызвалення аднапляменнікаў. I вось мары здзейсніліся. Аднак пасля таго, першага, паходу ў ягонай душы адбыліся вялікія змены. Ён падумаў, што апрача царквы і папа карэльскі народ атрымаў яшчэ і царкоўную дзесяціну, а пераможцам будзе магутная лесапрамысловая кампанія, якая зможа гаспадарыць у карэльскіх лясах. Вось тыя паны, магчыма, і выгадаюць. Яны і будуць сапраўднымі пераможцамі, бо простаму люду ў Фінляндыі і так хапае дрэў, пад якімі можна паслухаць спеў пілы. Магчыма, салдаты і сапраўды ўспрымаюць гэта як вялікае імгненне, бо яшчэ не выйшлі з таго дзіцячага ўзросту, які ўжо даўно мінуў Юхані Норпа.
Неўзабаве пасля гэтых урачыстасцяў Юхані Норпа атрымаў водпуск. Ён доўга цягнуўся ў перапоўненых цягніках, але нарэшце прыехаў у горад, дзе працаваў на пачатку вайны. У гэтым жа горадзе, на гарышчы аднаго з дамоў, ляжалі і ягоныя небагатыя пажыткі. У горадзе Норпа сустрэў некаторых родзічаў і знаёмых, але вялікай радасці ад гэтых сустрэч не было. Кожны быў заняты сабой і сваімі справамі: дзе што купіць, дзе здабыць болей тавараў ці прадуктаў. З дапамогай знаёмых Норпа знайшоў за невялікую плату сабе прытулак. «Трэба неяк сагрэцца душой», — казаў Юхані Норпа. Вельмі добра ён памятаў халодныя дні і ночы ў цягніках і аўтамабілях на ваенных дарогах. I водпуск грэў яго летнім цяплом.
З’ездзіў ён і ў сваю былую вёску, дзе некалі апрацоўваў свае палі. Вельмі даўно ён не быў тут, бо цяжкія ўспаміны выклікаў выгляд тых месцаў, дзе некалі яго напаткала няшчасце.
Цяпер ён уважліва слухаў гаворкі сялян аб тым, што жыць стала вельмі цяжка, што падаткі сталі непамерна высокія, што лепшых коней і гавяду забралі вайскоўцы. Пахадзіў ён і па вясковых могілках, дзе на шматлікіх белых крыжах убачыў шмат знаёмых імёнаў. Там спачывалі «геройскі палеглыя», простыя вясковыя мужыкі, а па вуліцах хадзілі маладыя ўдовы ды гыкіньчылі на мыліцах пакалечаныя, у якіх за спіною засталася кароткая вайна, а наперадзе было доўгае жыццё. Юхані Норпа купіў некалькі кілаграмаў масла, якое цяпер было ў цане, і зноў паехаў у горад.
Адпачынак ужо канчаўся, калі Юхані Норпа сустрэў аднаго свайго знаёмага, які таксама быў у адпачынку. Ён працаваў у немцаў на пабудове ўмацаванняў. Ён быў неблагі муляр і атрымліваў па пяць марак ледзь не за кожную цагліну.
Аднак ён скардзіўся, што гэта вельмі мала, бо курс маркі падае.
Норпа сядзеў і думаў, які ж розны лёс у розных людзей. Вось сядзіць ягоны аднагодак, які атрымлівае па пяць марак за сваю працу, і Юхані Норпа, які атрымлівае па тры маркі ў дзень... Праўда, Юхані Норпа трымаў свой лёс ва ўласных руках, але калі параўнаць ягоныя ўражанні з тым, што пабачылі хлопцы, якія поўзалі пад агнём...
I яшчэ адна сустрэча адбылася ў апошні дзень адпачынку. Юхані Норпа сустрэў капрала Корпі, які бадзяўся без грошай і з хворай пасля выпіўкі галавой. І ў часы старой добрай Еўропы ён быў адчайным хлопцам, а цяпер, у гэтым ваенным свеце, кожны дзень жыў так, нібыта гэты дзень быў апошні. Норпа пачаставаў яго гарэлкай, пахваліўшыся, што грошы ў яго яшчэ ёсць, хоць ён і атрымлівае па тры маркі ў дзень. Потым ён згледзеў на нагах у Корпі даволі прыстойныя боты і прапанаваў памяняцца. Ягоныя боты за зіму стапталіся, а ён жа ў працоўнай арміі, а значыць, новых ботаў яму не здабыць, а вось Корпі, той зможа разжыцца добрымі ботамі, калі захоча. Корпі заўсёды быў просты і добразычлівы хлопец, а цяпер, калі гарэлка пачала саграваць душу, згадзіўся % не вагаючыся. Так боты абулі яшчэ адны ногі. Потым дружбакі разышліся. Юхані Норпа глынуў яшчэ, падаўся на вуліцу, дзе хлюпала вада і звінелі вясеннія кроплі. Ён спяшаўся на цягнік. Салдат быў у добрым настроі, і нават успамін аб трох марках на дзень не псаваў гэтага настрою. Хто ведае, што яшчэ там нарыхтаваў яму лёс...
Эйнары Корпі, без граша ў кішэні, застаўся сядзець за сталом у піўнушцы, слухаючы музыку электраграмафона.
Змучаная гаспадыня кідала на яго варожыя і нецярплівыя позіркі.