Литмир - Электронная Библиотека

— Цётачка, золатка, я пайду, — сказаў капрал. — Пацярпі крышку. Нашаму брату болей падышло б у брацкую магілу герояў. Там прынялі б вельмі гасцінна, аднак я пастараюся туды не трапіць...

Набалбатаўшыся, капрал Корпі падняўся і выйшаў.

Калі б капрал Корпі ў сваіх нованабытых ботах, якія ўжо парадкам знасіліся і напакутаваліся на будаўніцтве царквы і нават атрымалі рану ад сякеры на левым боце, калі б Корпі не спыніўся на скрыжаванні, каб напхаць люльку, то хто яго ведае, як склаўся б ягоны лёс...

Дык вось што з таго выйшла.

Дзьмуў вецер, і люлька ніяк не распальвалася. Корпі так захапіўся гэтым, што схамянуўся, толькі пачуўшы голас афіцэра:

— Гэй, капрал, вам што, люлька важней, чым увесь свет з усімі капітанамі і войнамі?

Капрал Корпі падняў вочы і разявіў рот, але адказаць не паспеў, бо ўбачыў, што перад ім свеціцца радасцю абветраны твар Нэпянена.

— Гэ, дык гэта ж Корпі!

— Нэпянен, дык ты ўжо капітан!

— Так, галубочак, так! Вось гэта сустрэча!

Сябры моцна паціснулі рукі, яны пазнаёміліся яшчэ на зімняй вайне, цяпер ужо такой далёкай. Чорт ведае, што ім давялося перажыць разам.

Нэпянен, ад якога ўжо несла, не раўнуючы як ад бровара, узяў капрала пад руку і пацягнуў з сабой. Яны абодва хацелі яшчэ выпіць.

Дружбакі наведалі шмат месцаў, сустрэлі шмат новых людзей і паспыталі не адзін сорт гарэлкі. Калі скончыліся грошы, Корпі прадаў свой гадзіннік. Усё жыццё пайшло весела і бязладна. Потым ужо Корпі не разумеў, куды ён трапіў і з кім мае справу. Яму было весела і лёгка.

Нейкі прыгожа апрануты чалавек трымаў яго за рукаў і казаў, што, можа б, лепей капрал пайшоў дадому. Капрал Корпі быў у выдатным гуморы. Ён устаў і пайшоў.

З адчыненых дзвярэй на зацемненую вуліцу падала палоска святла. I ў тым святле памутнелыя вочы Корпі разгледзелі шыкоўную лісу, а за лісой — жаночы твар.

— Тпрусенька, тпрусенька, — ласкава паклікаў Корпі.

Дзверы зачыніліся, і святло знікла. Знік і жаночы твар. З цемры ўзнік паліцыянт.

— Салдат, не чапляйцеся да прахожых!

— Як гэта? — здзівіўся Корпі. — Я замінаю прахожым? Вы толькі паслухайце, як ласкава я клічу: тпрусенька, тпрусенька, тпрусенька...

Аднак ён раптам раззлаваўся і ператварыўся ў бязлітаснага воіна:

— Апрача таго, тылавым сабакам няма ніякай справы!..

— Ну, пабачым! У нас ёсць месца, дзе можна адпачыць і супакоіцца.

У гэтую хвіліну ліса і жаночы твар апынуліся зусім побач, амаль нябачныя ў цемры.

— Паслухайце! — раздаўся пявучы насмешлівы голас. — Мне здаецца, што салдат паводзіў сябе даволі прыстойна. Так жа клічуць цялят, праўда? О, гэта вельмі пацешнае стварэнне... Ці не лепей нам разысціся па-сяброўску, тым болей што хутка Вялікдзень...

— З задавальненнем, пані. Але наўрад ці зможа гэты ваяка яшчэ некуды пайсці.

— Пані, — мармытаў Корпі, — шаноўная пані, мы тут маем справу з аматарам праводзіць п’яных...

— О, ды гэта гучыць як у Стрындберга, — адказала пані ў футры.

Тут дзверы рэстарана адчыніліся, і на вуліцу зноў упала палоска святла.

— Дык гэта ж мой родзіч, — выгукнула жанчына. — Пан канстэбль, я забіраю яго з сабою. Ці не зробіце вы паслугу знайсці нам возчыка?

Уражаны паліцыянт ветліва казырнуў. Напэўна, ён ведаў гэтую даму ў футрах і быў здзіўлены яе паводзінамі.

Але капрал Корпі не ведаў нікога. Ён быў у свеце хаосу і соннага адурэння. У гэтую хвіліну ён не пазнаў бы ні бацькі, ні маці. Ён мармытаў:

— Вы занадта добрая, пані...

I тут жа зарагатаў:

— Вось дык цётка! Добрая ідэя!

Пані шчыра засмяялася:

— Нядрэнная ідэя! Я ж не магу вас кінуць так... Ці, можа, кінуць?

Капрал Корпі паглыбіўся ў роздум, засунуўшы рукі ў кішэні расшпіленага шыняля, які перад тым швейцар толькі што зашпіліў на ўсе гузікі.

Прыехаў возчык, капрал залез у экіпаж, а дама села побач. Конскія капыты зацокалі па цёмных вуліцах. Корпі, здаецца, заснуў. Часам ён прачынаўся і зухавата крычаў: «Возчык, заварочвай!» Потым пачынаў з кімсьці сварыцца і зноў засыкаў.

Але калі дрожкі спыніліся, ён вельмі бадзёра саскочыў, ляснуў абцасамі і ліха ўзяў пад казырок.

— Дабранач, шаноўная пані.

— Э, не! — сказала жанчына. — He выйдзе. — Яна заплаціла вазаку і растлумачыла: — З гэтымі вясковымі родзічамі адна бяда.

Возчык пасміхнуўся ў вусы, цокнуў на каня і паехаў прэч.

— Нам, пэўна, пара і адпачыць, — сказала дама капралу, які цяпер стаў ціхім і паслухмяным.

Корпі на непаслухмяных нагах рушыў у дом.

Калі капрал Корпі прачнуўся, ён згледзеў, што ляжыць на белым мяккім ложку без фрэнча і без ботаў, але ў штанах. Адразу кінулася ў вочы, што ягоныя паношаныя штаны выглядаюць на белых прасцінах бруднымі рызманамі. У галаве шумела, а ў роце ўсё перасохла. Здавалася, што рот у яго ператварыўся ў птушыную дзюбку.

Капрал перавярнуўся на другі бок, убачыў на начным століку графін з вадой, працягнуў руку і напіўся. Стала крыху лягчэй. Безумоўна, ужо быў дзень, хоць у пакоі панаваў ласкавы прыцемак, пэўна, з-за апушчаных фіранак. Пакой быў абстаўлены вельмі густоўна. Паліраванае дрэва, скураная абіўка, на сценах карціны.

Капрал Корпі ціха вылаяўся і здзівіўся, што за праява такая здарылася з ім. Аднак на ягоным фрэнчы, які вісеў непадалёку на крэсле, па-ранейшаму былі капральскія лычкі, а не генеральскія эпалеты. Капрал паспрабаваў што-небудзь прыпомніць: «Вось чортаў Нэпянен! Куды ён мяне зацягнуў?» Але капітан знік, як ранішні туман, а капрал ніяк не мог звязаць парваныя ніткі ўспамінаў.

Ён устаў і падняў штору на акне. Вось гэта краявід! Вось дык пакой: на падлозе шыкоўны дыван, у якім патаналі босыя ногі. За акном быў двор з гожымі дрэвамі і кустамі, снег крыху падтаў і блішчэў на сонцы. На стале ляжалі цыгарэты, цыгары і нават тытунь. Ён напхаў сваю люльку, сеў у мяккі фатэль і моцна зацягнуўся. Вось дык так! Што ж, вышэй галаву, Корпі! Такое цудоўнае прабуджэнне, чаго ж лепей?

У дзверы пастукалі.

— Калі ласка!

Увайшла ўжо немаладая добра дагледжаная пані. Яна была ў сінім, сінія вочы смяяліся.

— Добрага ранку! Ну, як вы сябе пачуваеце?

Капрал Корпі падняўся і пакланіўся:

— Дзякуй, нядрэнна. Аднак я крыху здзіўлены. Я не надта вам назаляў?

— Як мне вядома, не надта.

— Праўду кажучы, я павінен задаць славутае пытанне: дзе я?

Пані пацяшалася. Яна падышла бліжэй, і Корпі добра разгледзеў, што яна і сапраўды ўжо не першай маладосці.

— А дзе вы меркавалі быць?

— Я меркаваў? — спытаў Корпі і вырашыў гаварыць шчыра, бо гэта магло спадабацца гаспадыні. Ён махнуў рукой. — Ніякіх меркаванняў не было! Але мяркуючы па ранейшым вопыце, мне належала б прачнуцца зусім у іншым месцы. Якое прабуджэнне! Да прыкладу, гэты дыван пад нагамі. Пад нагамі павінна была быць цвёрдая цэментавая падлога, не зусім сухая і чыстая. Глотку пячэ і смажыць. I толькі настукаўшыся даволі нагамі ў дзверы, атрымаеш бляшанку з вадой.

Пані ўжо не ўсміхалася. Яна глядзела на Корпі сур’ёзна.

— Што ж! Гэтым разам вам пашанцавала...

— Безумоўна, але калі выбіваешся са звычнага кола, дык заўсёды крыху непакоіліся, не зусім пэўна пачуваеш сябе...

— Нічога, вам не пашкодзіць крыху пахвалявацца. Учора вы былі зусім п’яны...

— Свіння свіннёй, — нягучна прарыпеў Корпі.

— Але я зусім забылася...

Пані растлумачыла яму, як знайсці прыбіральню, і выйшла. Зіхцеў фарфор. Безумоўна, гэта шыкоўны дом, і гэтая шыкоўная бабуля — лепшая з усіх бабуль. У галаве ў Корпі ўвесь час круцілася думка, што трэба быць ветлівым і выхаваным, каб падоўжыць такое шчасце...

Ён старанна памыўся, аднак бянтэжыў брудны мундзір. Хаця хто яго ведае, можа, ягоны выгляд і падабаецца пані. Можа, яна і хоча пазнаёміцца з гэткім зухаватым воінам-франтавіком. А ў сваіх штанах і фрэнчы Корпі пачуваў сябе выдатна...

Яго паклікалі піць каву. Прыгажуня-служка з цікаўнасцю паглядзела на госця. Аднак цяпер капрал быў непахісна адважны. «Куды ж ты заляцеў, чорны крумкач?» — падумаў Корпі[3].

16
{"b":"832363","o":1}