Литмир - Электронная Библиотека

Свежы абрус, свежыя кветкі і натуральная кава. Пэўна, багатая і абачлівая бабулька, халера яе бяры.

Натуральная кава вясной сорак трэцяга года! Апрача таго, каля кубачка з кавай стаяла чарка каньяку.

— Падлячыцца, — сказала пані. — Думаю, што вам палепшае. Але калі даць такіх лекаў болей, то нават самы адважны салдат зваліцца з ног, як гэта было ўчора...

— Так, — уздыхнуў Корпі. — Гэта было ўчора.

— Паабяцайце забыцца пра гэта на доўгія часы.

— Папраўдзе, — сказаў Корпі, — цяпер яно атрымаецца само па сабе. У мяне ў кішэні знайшлася толькі пяцёрка. А таму ўчора салдат і апынуўся на вышыні...

— Дык вы не выпіваеце, толькі калі няма грошай?

— Ніколі не спрабаваў. Я ніколі не складаў ніякіх планаў. Магчыма, гэта і проста зрабіць. Аднак скажыце ж, нарэшце, дзе я?

Жанчына паглядзела на яго здзіўлена і з папрокам.

— Дык вы нічога не памятаеце? Адбылося гэта так. Мне стала сумна. Я ішла па галоўнай вуліцы і слухала, як у цемры стукаюць жаночыя драўляныя падэшвы і тоўстыя абцасы чужаземных салдат. Я думала аб мінулым, і старыя часы ўсплывалі ў памяці так ярка, як асветленыя вітрыны. А навокал была цемра і тупат ног. Куды яны ішлі? Журботныя думкі захапілі мяне: «Як суцешыць мой народ? Ужо вясна, і набліжаецца Вялікдзень». Тысячы ўспамінаў атачылі мяне. Я праходзіла каля адчыненых дзвярэй і пачула, як вы клікалі цяля. Я ўспомніла далёкае вясковае дзяцінства. Я мелькам убачыла ваш твар, і ён здаўся мне страшным і цнатлівым. Напэўна, я пайшла б далей, ды тут у вас пачаліся непрыемнасці з паліцыянтам. I мне стала шкада вас, аднаго з многіх вандроўнікаў па гэтым свеце мітусні і вайны. Я вырашыла зрабіць падарунак да Вялікадня салдату, абаронцу айчыны. Я не доўга думала і дапамагла вам...

Капрал Корпі амаль збянтэжыўся.

— Гэта быў высакародны і гераічны ўчынак. Гэта вельмі незвычайны падарунак. Дзякую, пані...

— Бачыце, зацямненне надае рашучасці. I мне заўсёды падабалася даваць людзям нагоду пагаварыць...

— Капралу Корпі гэта даспадобы... Госпад заўсёды літасцівы да дурняў...

— Во як! Значыць, ваша прозвішча Корпі. А я пані Рысу, удава, домаўладальніца і камерсантка.

Гэта прозвішча Корпі даводзілася чуць і раней. Рысу былі ўладальнікамі гандлёвых прадпрыемстваў, шматлікіх дамоў у горадзе і, здаецца, у вёсках. Гэтая жанчына — гарадскі павук, але нічым не адрозніваецца ад простых людзей і, здаецца, не супраць пазабаўляцца.

Яны працягвалі размову. Высветлілася, што капрал Корпі ў адпачынку і мае некалькі дзён яшчэ.

— Значыць, вам трэба выехаць у пятніцу перад Вялікаднем. Чаму гэта вы так дрэнна разлічылі свой водпуск?

— Бо мне гэта падыходзіць найболей. У мяне няма ні дома, ні сям’і, ды і родзічаў амаль няма. Усё маё я нашу з сабою.

— Дык тады гэтыя астатнія дні вы будзеце маім госцем. Згодны?

Капрал Корпі сказаў, што не мае нічога супраць. Толькі вось каб не надакучыць пані.

Наадварот, ёй будзе вялікая радасць прывеціць і пачаставаць невядомага салдата, зрэшты, не такога ўжо і невядомага...

Так пазнаёміліся пані Рысу і капрал Корпі.

Канец водпуску прайшоў адносна нядрэнна. Яны схадзілі нават у тэатр, хадзілі па цёмных вуліцах, добразычліва, прыстойна гутарылі за кавай і за абедам. Капрал спаў у княжацкай пасцелі, сядзеў у страшэнна глыбокіх утульных крэслах, смактаў сваю піпку і шкадаваў, што ніхто з ягоных сяброў не бачыць гэтага казачнага неверагоднага жыцця. Позіркі маладой феі-служкі болей ніяк не бянтэжылі яго.

Часам гаспадыня і госць разглядалі адно аднаго з прыхаванай цікаўнасцю, нібыта імкнучыся разгадаць думкі і намеры субяседніка. Няўрымслівай душы капрала Корпі нават крыху стала сумна. Аднастайная раскоша, чысціня і стамляючая ўтульнасць. I нават гаспадыня ў нейкія моманты здавалася яму паскуднай размаляванай і напарфумленай старой сыраежкай. Здавалася, што яна ўвесь час імкнецца залезці ў чужую душу. Выпіўкі яна болей не давала і грэбліва крывілася, калі капрал запальваў сваю ўлюбёную піпку. Дзіўны быў яе велікодны падарунак, ды і сама атрымала не менш дзівосны...

Калі надышоў дзень ад’езду, капрал Корпі адчуў сябе так, нібы яго выпускаюць з вязніцы. Пані правяла яго на станцыю з годнасцю, як і належыць велікасвецкай жанчыне, салдацкай маці. Яна сказала, што спадзяецца, што «арыштант» пакідае яе не навечна. Корпі ўціснуўся ў вагон са сваім пляцаком за спіной. Там былі розныя смачныя рэчы і падарункі.

Пыхнуў паравоз. Закруціліся колы. Яны памахалі адно аднаму — шыкоўная дама з перона і капрал у заношаным мундзіры з вагоннай прыступкі. На перасадачнай станцыі Корпі падсеў да двух салдат, якія змрочна прыкладваліся да пляшкі і параўноўвалі месцы, дзе яны правялі апошнюю ноч. Адзін пабываў на «губе» ў Оўлу, другі — у Каяні. Адзін пераначаваў на цэментавай падлозе, пакрытай вадкай гразёю. Толькі маленькае акенца было пад самай столлю, ды «вочка» ў дзвярах. Затое ў другім горадзе былі нават нары, голыя, але сапраўдныя нары, і вялікае акно.

Адзін салдат змрочна выслухаў гэтыя аповяды і абвясціў сваю выснову:

— Ніколі не паеду адпачываць у Оўлу.

— He едзь! — усклікнуў другі. — Лепей едзь у Каяні альбо Ійсалмі — там губа лепшая...

Слухаючы гэтую гутарку, капрал Корпі адчуў сваю перавагу. Ён спасціг, што быў чалавекам, які прайшоў па незвычайнай дарозе.

Тое прабуджэнне было шчаслівым і шыкоўным, незабыўным велікодным падарункам.

Вясна бурна перайшла ў свой вялікі наступ.

Капрал Корпі адчуў тое на канцавой станцыі. У цэнтры, дзе збіраліся адпускнікі, паведамілі: машыны далей не ідуць, пачалося бездарожжа.

Аднак вясна ад таго не страціла сваёй прыгажосці.

Цудоўныя светлыя ранкі і вечары, радасна шчабечуць птушкі, зямля пад нагамі пасля зімовых снягоў і льдоў здавалася такой прыемнай. Нават эрзац-кава, гэтае слабое пітво ваенных часоў, здаецца, набыла абноўленую вясеннюю сілу і смак. Нават газеты на стале ў салдацкай канціне, здаецца, таксама абнавіліся, нібыта там і сапраўды з’явіліся нейкія навіны. Там пісалі пра вялікае вясенняе наступленне, і чалавек забываўся тое, што пра гэта пісалі ўжо шмат гадоў запар, каб людзі паверылі, што пытанне стаіць так, каб разам пакончыць з усімі цяжкасцямі і з цяжкімі часамі...

Капрал Корпі непакоіўся. Яму не цярпелася рушыць у дарогу. Назад, у лясныя нетры! Калі-нікалі, а дабірацца туды трэба. Невялікая радасць ацірацца тут без грошай і ніякай радасці ад таго, што адпачынак працягваецца, як шапталі яму некаторыя па-вясенняму легкадумныя галовы. Няўжо не будзе ніякай машыны? Ён усё ж адшукаў нейкі грузавік, што збіраўся ў дарогу. Але перад самым ад’ездам захварэў шафёр і лёг у шпіталь.

Салдат на пункце запраўкі, напаўняючы бак машыны, нешта бурчэў аб цяжкім салдацкім лёсе, праклінаў казарму і гераічнае салдацкае жыццё.

Аднак у гэты першы сапраўды вясенні дзень нічога не магло сапсаваць настрою капралу Корпі. Ён добра ведаў казарменнае жыццё, і цяжка было здзівіць яго такімі развагамі.

Грузавік рушыў у дарогу. Засталася ззаду вёска. Пачаўся лес, дзе за вёскай на паваленых дрэвах каля дарогі сядзелі дзве дзяўчыны. Можа, падвезці? He! Дзяўчаты радасна махалі рукамі, і капралу падалося, што гэта дзве вясеннія птушкі радасна б’юць крыламі. «Калі яшчэ такое пабачыш? — расчулена сказаў кіроўца. — Толькі ў старой Еўропе».

Потым пачалася вясенняя дарога. Наступленне вясны растапіла не толькі снег, але і дарожную гразь. Грузавік цяжка гойдаўся па ямах, нібыта карабель, заспеты ўраганам. «Гэта яшчэ нічога, — сказаў кіроўца. — Вось што будзе заўтра».

Але колы круціліся, машына, хоць і з цяжкасцю, пасоўвалася наперад.

А яны не трацілі надзеі і памалу дацягнуліся да яшчэ аднаго пункта запраўкі.

Часам трапляліся моцна завязлыя ў гразі машыны. Некаторыя былі пакінуты шафёрамі, побач з некаторымі бездапаможна тапталіся людзі.

А потым яны трапілі ў «затор». Дарога была забіта машынамі. Кіроўцы змрочна курылі на ўзбочынах. Пасунуцца далей не было ніякай надзеі. Але праз нейкі час падышлі магутныя нямецкія цягачы, і грузавікі паціху крануліся з месца. Дарога вызвалілася, і фінскія грузавікі з гераічнай настойлівасцю рушылі наперад.

17
{"b":"832363","o":1}