Потым яны пераадолелі яшчэ адно балота. У час шматлікіх прыпынкаў Корпі шчодра дзяліўся са сваімі спадарожнікамі ўсім тым, што змяшчаў ягоны пляцак.
Вось дзе прыдаліся велікодныя падарункі старой дамы!
Гэтае падарожжа працягвалася чатыры дні. А раней такую адлегласць праходзілі за палову дня... I калі капрал Корпі ўспомніў усе нягоды на вясенняй дарозе, ён з палёгкай выгукнуў:
— А ўсё ж прабраліся!
Аднак падарожжа капрала Корпі яшчэ не скончылася. Ягонае месца службы на працягу вайны было на пункце палявой аховы далёка ў баку ад гэтай тылавой дарогі. Туды, у Метсаваару, трэба дабірацца яшчэ кіламетраў дваццаць па лясной сцяжыне, потым плыць на чоўне або дабірацца на лыжах зімой па сумётах.
Звычайна туды раз на тыдзень хадзіў караван з харчамі, а ў такую бездараж дык і яшчэ радзей, бо на пункт аховы даставілі загадзя невялікі запас на санках. Але тэлефонная сувязь была, і Корпі далажыў аб сваім прыездзе начальніку палявой аховы, лейтэнанту Пурку.
— Ласкава просім у хату! — пачуўся сварлівы голас. — Пара ўжо і пасоўгаць фігуры...
Лейтэнант быў заўзяты шахматыст. Корпі сказаў, што трэба крыху пачакаць, можа, па начным замаразку ўдасца дабрацца на лыжах.
Ён застаўся ў гэтай маленькай інтэнданцкай вёсачцы, дзе служыў ягоны брат, сяржант і, апрача яго, шматлікія знаёмцы, з якімі можна было выдатна бавіць час. Сярод іншых непрыкметных людзей асабліва вылучаўся Пайю-Ватула, толькі што зроблены старшым сяржантам. Цяпер у яго на пагонах красавалася цэлая чарада лычак, нібыта імклівая чарада жураўлёў. Свежаспечаны старшы сяржант вызначаўся тым, што ў вольны час забяспечваў жыхароў свайго барака ласіным мясам, піў усё, нават конскія мікстуры, і тым, што ўмеў па-майстэрску мацюкацца і брахаць, бо, па ягоных словах, ён усюды пабываў, усюды папрацаваў і меў ужо каля ста сямі гадоў працоўнага стажу. Але самай адметнай асобай быў фельдфебель Ліпацін. Ён быў жвавы, як рыбка, і меў значна багацейшы вопыт, чым Пайю-Ватула. Васемнаццаць год ён праслужыў у войску, да таго быў два гады швейцарам у гатэлі,. потым мулярам, пяць гадоў працаваў у цырку, быў мараком і яшчэ шмат чым займаўся ў жыцці, а таму, як падлічылі сябры, ён працаваў ужо сто васемнаццаць гадоў. Капрал Корпі ўзгадаў, як на пачатку першай ваеннай восені фельдфебель быў вельмі незадаволены тым, што блакаду Піцера не ўдалося завяршыць. Там у яго былі свае інтарэсы. У яго, а дакладней, у ягонай жонкі, там некалі былі два дамы, так бы мовіць, родавая спадчына. Ён схадзіў на кансультацыю да юрыста, сабраўшы ўсе паперы, і той сказаў, што справа яго справядлівая і ясная. Вядома ж, ён атрымае тыя дамы ў сваё ўладанне ці, прынамсі, зямельныя надзелы, бо вайною ці мала што можа здарыцца з будынкамі. Справа надзейная. Толькі могуць узнікнуць складанасці, калі ў гэтых дамах былі рускія казармы...
Яны выпівалі, і капрал Корпі спытаў:
— А ты не пацікавіўся, ці можна атрымаць грошы за пастой салдат?
Але фельдфебель не дапяў паставіць такое пытанне.
Цяпер Ліпаціна ўжо не так хвалявала піцерская спадчына. Трыумфальныя маршы першага ваеннага лета адышлі ў нябыт. У яго засталіся толькі цікавыя згадкі пра службу ў гатэлі, у цырку і прыгоды ў трапічных джунглях.
Толькі першы дзень у гэтай інтэнданцкай вёсцы прайшоў зусім не сумна. Тут таўкліся нейкія залётныя вайскоўцы з незразумелымі функцыямі ў вайне і «pазумна» жартавалі, што ў гэтай вёсачцы народ ездзіць у лазню на санках.
Аднак ненашмат затрымаўся там капрал Корпі. Ён проста болей не вытрываў і падаўся ў сваю Метсаваару...
Ён падняўся зранку і пайшоў. Ноччу крыху падмарозіла. Снег прыемна шаргацеў пад лыжамі. Боты ў капрала былі з адмысловымі пасамі для лыжаў. Ён не памяняў сваіх зношаных ботаў на базе ў вёсцы. I ў тым была маленькая хітрасць. Калі на заставе стане зусім не ўтрываць, ён возьме невялічкую камандзіроўку, каб вярнуцца сюды, да ваеннай дарогі, пабачыцца з людзьмі і памяняць боты.
Днём падтала, і навокал пачаўся сапраўдны патоп, а таму падарожжа па бязлюднай мясцовасці было нялёгкае і небяспечнае. Аднаго разу ён ледзь не праваліўся з лыжамі пад лёд, калі пераходзіў праз рэчку. Аднак сінім адвячоркам ён здаля ўбачыў знаёмыя баракі заставы.
Прыемна было скінуць са спіны пляцак, набрынялыя вадой боты і працягнуць ногі да распаленай грубкі. Таварышы ўзяліся распытваць яго, але капрал стаміўся і адказваў без вялікай ахвоты. На шчасце, ён прывёз пошту, і цікавасць таварышаў пераключылася на лісты.
Так скончыўся адзін адпачынак і пачалася служба ў чаканні другога.
А наступным днём капрал Корпі сядзеў з лейтэнантам Пурку за сталом ля маленькага акенца, з якога біла вясенняе святло, асвятляючы шахматную дошку з чорнымі і белымі фігурамі, сэнс і сутнасць якіх былі вядомыя толькі ім дваім. Астатнім людзям заставы гэты сэнс быў незразумелы. Скамянелыя постаці шахматыстаў, паглыбленых у роздум, іхняе існаванне зусім у іншым свеце драўляных цацак выклікала ў астатніх нешта сярэдняе паміж свяшчэнным страхам і звычайнай прыкрасцю.
Ці ж гэта чалавечая гульня! Карцёжнік дык хоць што скажа ці засмяецца, палаецца, калі не пойдзе карта. А гэтыя сядзяць гадзінамі, утаропіўшы вочы на дошку. Паглядзіш на іх, і плявацца хочацца.
А фігуры шахматыстаў нерухома схіляліся над гульнёй. Няўжо ім было мала нерухомасці ў жыцці? Вось ужо два гады, як яны прыйшлі на гэтую заставу, у гэтыя самыя баракі. Прыйшлі на пачатку вайны, ды так і засталіся тут, у лясной глухамані. Навокал толькі непралазныя лясныя нетры. I болей нічога не было. Нічога нідзе не адбывалася. Быў толькі вечны спакой лясной пустэльні. Ворага таксама не было. Ён проста не існаваў. Што азначалі сляды, якія часам з’яўляліся на балоце, што азначалі далёкія стрэлы альбо ледзь чутны гул самалёта? Што гэта значыла ў сусветнай вайне, дзе ствараліся вялізныя «катлы», дзе кожную хвіліну адбывалася нешта вялікае?
Раз на тыдзень прыходзіў харчовы караван. Кавалкі масла і цукру, шалахлівыя газеты і тытунь быццам пацвярджалі, што яны ўсе належаць да баявой арміі. Лісты і газеты былі старыя. Але ў кожным нумары тлустыя чорныя літары распавядалі аб тым, што пачалося ўдалае наступленне, а контратакі ворага адбіты не меней удала.
Праз кожныя чатыры месяцы салдаты ехалі ў адпачынак і адразу ж пачыналі адлік часу да наступнага выезду. Водпуск вырываў людзей са звычайнага кола жыцця. Але адпачынак заканчваўся вельмі хутка. Яны вярталіся, і лясная пустэча зноў акаляла іх з усіх бакоў, а увесь свет са сваімі вялікімі ваеннымі дзеяннямі зноў станавіўся казачным і нерэальным.
Былі толькі абрыдлыя баракі, знаёмыя твары і неабдымны глухі лес. Нічога не мянялася. Тэлефонныя званкі і то былі вялікай падзеяй.
Лясным людзям, а такіх было шмат, гэткае жыццё здавалася зусім нармальным. Яны хадзілі па лясах, палявалі на птушак, вавёрак, а часцяком завальвалі і ласёў. У бараках булькаталі кацялкі, сквірчэлі патэльні, а шкуры вавёрак і ласёў давалі дадатковы даход адпускнікам. Аднак з цягам часу дзічыну ў наваколлі павыбівалі. Тайга спусцела. Атрымлівалася бязрадасная карціна, нібыта цяжкі подых вайны дакаціўся і сюды.
Навокал панавала цішыня і нерухомасць.
Так цягнулася два гады. Гэта лёгка сказаць, але калі падумаеш, дык памяні ўздыхам два гады. Даўно, яшчэ маладымі і зялёнымі, яны прыехалі сюды. З тае пары нічога не адбылося і не змянілася, што б там ні крычалі газетныя загалоўкі. Настаў час, калі яны самі пераканаліся, што іх удзел у вайне стаў нейкі дзіўны, неверагодны і ледзь не кашмарны. Яны памянялі б свой ваенны лёс на любы іншы. Адных, да прыкладу, забіралі з дому, садзілі на параход і везлі на другі канец зямлі, прымушалі скакаць па шыю ў ваду. А там выбірайся на бераг, з якога ў цябе азвярэла страляюць. Гэта называлася высадзіць дэсант. A то цябе скідвалі з самалёта ў чужы тыл з дынамітам за спіной, і ты павінен некаму прычыняць шкоду і ўзрываць важныя пабудовы. Тады цябе называлі парашутыстам-дыверсантам.
Незайздросныя гэта лёсы. Але ўсё ж хоць штосьці адбываецца, чалавек жа да нечага імкнецца. Зусім не тое што на гэтай іхняй вайне, дзе не давялося нават пабачыць праціўніка, ды і наўрад ці давядзецца. Яны толькі існавалі і чакалі. Нават каманда «пад’ём» гучала прыкладна так: «Гэй, прыяцелі, уставайце, пара існаваць!»