Часам яны падазрона паглядалі адзін на аднаго. Ці не адбываецца што-небудзь не такое з прыяцелем? Навошта гэта Лалі калупае і рэжа бярозавы парасцень, пакуль ад яго нічога не застанецца? Што ён, не можа выразаць хоць бы дрэнную папяльнічку? А што вытварае Роўві? Калі нехта казаў пра штосьці немагчымае, то Роўві праз нейкі час браўся давесці, што такое цалкам магчыма. Напрыклад, ён павыдзіраў палову барады абцугамі для чысткі аўтамата... Ці галадаваў цэлы тыдзень, паказваючы сілу волі.
А як разумець тое, што камандзір і капрал Корпі гадзінамі сядзяць за шахматнай дошкай? Сядзяць, як нежывыя, утаропіўшыся на фігуры, і гэтак асцярожненька іх соўгаюць, нібыта баяцца, што з драўляных фігур можа душа выскачыць. А тым часам на свеце адбываецца вялікае наступленне, зямля дрыжыць, дыміцца, выкідвае слупы дыму і асколкі, трашчыць, а тым часам жыццё чалавечае нічога не вартае.
Нават злосць бярэ, як гэтыя двое могуць так удала схавацца ад жыцця ў свеце драўляных фігурак.
Лейтэнант Пурку — чалавек сур’ёзны, які чакае канца вайны, каб зноў вярнуцца да сваёй працы і да сям’і. А капрал Корпі — проста вялікі пралаза, які думае, што чалавецтва ваюе толькі з-за таго, каб жыццё нейкага капрала зрабіць больш цікавым. Прынамсі, ён сам гэтак гаворыць. Цяжка даць веры, што гэты самы Корпі, які тут бавіць увесь час, гуляючы ў шахматы, у адпачынку — самы што ні ёсць беспрасветны п’янюга. Таму амаль ніхто не верыць, усе думаюць, што ён проста брэша, калі расказвае аб колькасці спустошаных бутэлек... А капрал пачынае пакрыўджана моршчыцца і круціць галавой. Ён вядзе тут звышпрыстойнае жыццё, што, праўда, не патрабуе асаблівых намаганняў. Вярнуўшыся з апошняга адпачынку, ён зусім не казаў пра п’янкі, а толькі пра нейкую багатую ўдаву, і ўвогуле здавалася, што ён зрабіў падарожжа вакол свету.
Праўда, дзякуючы яму лейтэнант можа кожны вечар праводзіць як чалавек, за ўлюбёнай гульнёй. Да шахмат лейтэнант Пурку ставіўся вельмі сур’ёзна, як поп да службы.
Потым надыходзіць момант, калі ён заўважае, што ў партнёра фігуры стаяць зусім не так, як ім належала б пры нармальным ходзе гульні. Тады можна пачуць галасы праціўнікаў.
— Як гэта твой кароль апынуўся там? Ён жа звязаны!
— Ды кінь ты! Як гэта ты звяжаш караля? Ён жа рухаецца. Вялікім людзям не належыць быць у небяспечных месцах.
— Ты мухлюеш! — крычыць Пурку.
Часта бывае, што Пурку злосна зграбае фігуры ў кучу і аб’яўляе, што з такім партнёрам гуляць немагчыма.
Аднак ужо наступным вечарам ён забывае на сваю крыўду. Тым болей што на заставе няма нікога, з кім можна было б адправіцца ў падарожжа па шахматным свеце. I зноў яны кожны божы дзень нерухома тырчаць за шахматамі. Іхнія застылыя постаці — гэта смяротная кара ў напружанай цішыні закінутай заставы.
Начальнік заставы быў такі заядлы шахматыст, што не хацеў ніводнага дня прабыць без гульні. Апрача таго, ён меў магчымасць неяк пакараць махляра Корпі за нячыстую гульню, а таму не пусціў яго мяняць боты. Справа зладзілася па тэлефоне: харчовы караван прывязе новыя боты і забярэ старыя.
Так боты зноў рынуліся ў водаварот вайны, а капрал Корпі ў новых ботах застаўся сядзець супраць лейтэнанта, пакуль старая пара прабіралася па балоце з караванам насустрач новым прыгодам.
Старыя боты, падрапаныя і аблезлыя, амаль тыдзень праваляліся ў кутку цёмнага інтэнданцкага пакоя. Потым іх закінулі ў машыну разам з такімі ж патрапанымі жыццём ботамі і іншай салдацкай амуніцыяй, і доўга яны ехалі па ваенных дарогах, іх перакідвалі з грузавіка на цягнік, з цягніка зноў на машыну (грузавік), пакуль старыя боты не трапілі ў вялікую майстэрню, дзе ім зноў надалі ранейшы выгляд. Хаця гэта быў не зусім ранейшы выгляд, бо што мінула, тое мінула і болей не вернецца. Падэшвы зрабілі з нейкай эрзац-гумы, абцасы — з бярозы. Так далёка праляглі ваенныя дарогі, што, здаецца, дарог было болей, чым скуры. Аднак след сякеры на халяве шавец зашыў па-майстэрску. Затым боты старанна пачысцілі, і выгляд старой пары стаў хоць куды.
А потым боты трапілі ў той самы склад, адкуль аднойчы, спакусіўшы фельдфебеля Сора мяккай скурай і свежым глянцам, яны адправіліся на другую сусветную вайну ствараць новую Еўропу.
Цяпер такі чалавек, як фельдфебель Сора, калі б у яго захаваліся ранейшыя сілы душы, проста плюнуў бы і ніколі не надзеў бы такіх ботаў. Аднак час, асабліва так званы вялікі час, зношвае і чалавека, а не толькі боты, у якіх чалавек маршыруе, стаіць, паварочваецца, танцуе або штосьці скідвае з дарогі.
Нейкі час боты віселі на жэрдачцы ў чаканні наступнай пары ног. Адным днём іх знялі і пераправілі на склад вялікага вайсковага шпіталя. Там яны доўга віселі, пакуль малады салдат Матці Ноканен, ад’язджаючы на папраўку, не нацягнуў іх на свае ногі, перамераўшы перад тым яшчэ некалькі пар. Ён быў вельмі незадаволены, круціў носам і лаяўся, што ад гэтых ботаў за вярсту прэ салдацкім потам, а падкоўкі на абцасах і ўвогуле маюць жахлівы выгляд.
— Гэта ж сапраўдныя конскія падковы, — бурчаў ён, шчодра перасыпаючы кожнае слова смачнай лаянкай. — Калі «вось»[4] не мае нават добрых ботаў, то ці не пара канчаць...
Аднак кладаўшчык сказаў, што мяккія ялавыя боты засталіся там, дзе і ялавая скура, — далёка ў мінулым. Так што няхай салдат Ноканен едзе дамоў у гэтых ботах. Ноканен скіраваўся да дзвярэй, злосна грукаючы абцасамі, нібыта выпрабоўваючы іх трываласць.
Боты зноў шчытна сядзелі на салдацкіх нагах. Аднак лепшыя часы мінулі. Што ж зробіш, вясной ліст вырастае на дрэве, шэпчацца з летнім ветрам, жаўцее і падае долу, калі надыходзіць восень. I снег замятае апалае лісце.
А вайна працягвалася, і салдацкія боты працягвалі свой шлях.
Тыдні праз два Матці Ноканен, які стаў салдатам ледзьве не ў дзяцінстве, сядзеў у апраметнай цемры чыгуначнага вагона. Аднастайна грукалі колы, і вагон брынчэў. Навокал былі такія ж, як і ён, істоты ў шэрым салдацкім сукне, маўклівыя і змрочныя, таму што адпачынкі і камандзіроўкі канчаліся, пункт прызначэння набліжаўся. Хтосьці жаваў, хтосьці курыў, хтосьці ляніва лаяўся.
Матці Ноканен пачуваў сябе нядобра. У яго была тэмпература, і яго крыху трэсла. Яго мучыла сумленне, бо паводзіў ён сябе зноў не зусім прыстойна. Перад вачыма, як жывы, паўставаў твар маці, яе дакорлівы позірк, на сэрцы было цяжка.
Пасля ранення ён колькі тыдняў праляжаў у шпіталі і атрымаў водпуск для папраўкі здароўя. Там ён добра павесяліўся з сябрамі. А што такога? Нават у песнях спяваюць, што журбота не для нас... Ён павесяліўся б і болей, ды бракавала грошай. Нават у родзічаў давялося пазычаць. I няёмка было цяпер. Але ж як жыць чалавеку? Напэўна, пра тое сказана дзе-небудзь у ваенных статутах. Але статуты мярцвелі і пакрываліся пылам на паліцах у папоў. Гэта — проста нежывыя кніжкі. А салдат — жывы, і з ім магло здарыцца ўсё, што хочаш, асабліва калі яму давалі волю і не прымушалі выцягвацца ў струнку...
Той водпуск скончыўся перад самымі Калядамі. А цяпер вось Матці Ноканен каляднай ноччу сядзіць у цягніку і набліжаецца да канцавой станцыі, якая кожны раз была для яго новай і чужой. Ды нічога дрэннага ў тым няма. Куды горш тое, што ў кішэнях няма абсалютнага нічога — ні грошай, ні тытуню. I было зусім дрэнна, калі перад вачыма ўзнікаў матчын твар, твар чалавека, які яшчэ мог абудзіць ягонае сэрца. На душы было змрочна. Ноканена мучыла прадчуванне чагосьці нядобрага.
Цягнік спыніўся, і салдат Матці Ноканен, закінуўшы свой салдацкі мяшок за плечы, падаўся на станцыю. Там было цёмна і толькі самотны ліхтар гойдаўся ў цемры. Раптам ён пачуў звонкі голас: «Матці! Матці!»
Сэрца салдата ўздрыгнула. I тут нехта яго ведае, ды яшчэ і жанчына.
I праўда! Гэта ж Кая, Кая Хольм, памяць далёкіх часоў, калі яшчэ не было ні вайны, ні цяжкіх ботаў, ні шыняля, ні акопаў, ні ран, ні бясконцага чакання, ні бяссонных начэй.
Вось яна стаіць пад ліхтаром, і яе круглы твар з казачнымі ямачкамі на шчоках такі знаёмы.
— Матці! Няўжо ты? Як мы даўно не бачыліся!
Сапраўды, як даўно! Тады Матці Ноканену было 19, а цяпер ужо 24 гады... Паўдзесятка гадоў... Лёгка сказаць, а што адбылося за гэтыя гады: спачатку абрыдлая аднастайнасць вайсковых гарадкоў, лясныя нетры, потым вайна, хвіліны, якія маглі стаць апошнімі, першая п’янка, першая жанчына, хвароба, раненне, словам — маладосць.