— Як ты памужнеў! — захоплена выгукнула Кая.
Няўжо яна змагла прайсці міма гэтых гадоў? Якая сіла зберагла тыя казачныя ямачкі на шчоках?
Потым Ноканен заўважыў, што ягоная незабыўная Кая носіць форму лоты. Лота — гэта вайскоўка, а ўсё вайсковае так абрыдла! Здаецца, некалі ён чуў, што Кая стала лотай. А цяпер ён пераканаўся ў тым і з глыбіні ўспамінаў вярнуўся ў цяперашні час. I ўспомніў сучасную прымаўку: каханне лоты — дабрачынная падачка абшчыны.
А Кая Хольм цнатліва ўсміхалася і зусім не адчувала, якую горыч яна абудзіла ў салдацкай душы. Яна шчабятала, што ты ж, Матці, вядома, застанешся пагасцяваць у мяне.
— Нельга! Статуты і законы жорсткія...
— Аднак сёння ж Каляды! Кожны чалавек павінен мець хоць крыху добрай волі... А заўтра ідзе аўтакалона, вось з ёй і паедзеш.
Салдат Ноканен пакінуў свой мяшок і пайшоў адзначаць паперы. Людзей амаль не было — усе спяшаліся дадому запальваць калядныя свечкі. Калі Ноканен вярнуўся, Кая тупала на снезе. Лепей пакінуць пляцак у салдацкай канціне, а на кватэру цягнуць не варта. Матці скарыўся перад яе воляй. Відаць, так ужо было наканавана, што Каляды ён сустрэне тут. Яны пайшлі, узяўшыся пад ручку, і весела размаўлялі. Яны яшчэ маладыя. Апаленыя вайной гады, калі так хутка сталеюць і старэюць людзі, адсунуліся ўбок. Здавалася, што толькі ўчора яны праходжваліся берагам мора ў густым жнівеньскім змроку.
Дзяўчына прыціснулася да яго.
— Я часта ўспамінала цябе, — сказала яна.
— А я цябе, — адказаў хлопец.
Гэта была праўда. Ён часта ўспамінаў Каю, гэтыя казачныя ямачкі на шчоках, і самотнымі вечарамі ў сырым бараку, і на фронце, калі спалохана прыціскаўся да зямлі, і ў адпачынку ў вясёлай сябрыне, калі падпітыя хлопцы думалі, што трэба ўрваць крыху радасці ў сваёй маладосці, якая працякала нібыта пясок скрозь пальцы. Кая жыла ў прыватным доме, і ў яе быў свой пакой. Відаць, яна была ў добрых дачыненнях з гаспадыняй, а таму весела адрэкамендавала Матці як свайго старога, сапраўднага яшчэ даваеннага знаёмага, прычым з такім выглядам, з якім вядуць гаворку пра сапраўдную каву або яшчэ які-небудзь тавар са старой, даваеннай Еўропы. Яна ўмела пажартаваць.
Ім было сапраўды ўтульна і добра. Гарэлі дзве свечкі. Яны абудзілі ў душы салдата згадкі аб тых часах, калі Каляды былі вялікім святам. Да дзяцінства, здаецца, можна было дакрануцца рукой, і нібыта не было тых засушлівых ваенных гадоў, якія праляцелі над ім, як сухавей над нівай, праз якія ім давялося працягнуць сваё існаванне.
Цудоўныя ямачкі на шчоках у Каі адмаўлялі рэальнасць тых гадоў.
Цыгарэта, прапанаваная гаспадыняй, здалася вельмі смачнай пасля доўгага ўстрымання.
— Няўжо ў цябе нават цыгарак няма? — спытала Кая.
— У мяне зусім нічога няма, — адказаў Матці. — Я голы як бізун і адзін на ўсім свеце.
Дзяўчына паабяцала даць яму цыгарак нават з сабою. Ім было вельмі весела. Праз нейкі час яны ўжо абдымаліся і забыліся на ўвесь гэты марны свет.
Тым болын цяжкім было для Матці Ноканена, салдата з самага ружовага дзяцінства, вяртанне да жорсткай рэчаіснасці.
Дзяўчына прыводзіла ў парадак свае непакорныя валасы, і на шчоках гарэзліва свяціліся цнатлівыя ямачкі. Яна выглядала гэткай маленькай шэльмай, якой удаўся маленькі жарт.
— Ты ведаеш, я ж замужам.
— Замужам! — аслупянеў Матці Ноканен.
Ямачкі на шчоках зніклі. Яна ўбачыла, што гэтая звестка балюча ўразіла хлопца.
— Дык чаму ж ты раней не сказала? — змрочна спытаў хлопец.
— He магла я. Я думала, што табе будзе няёмка, нам... Я не магла цябе адпусціць...
Шчаслівае імгненне знікла. Свет і жыццё зноў набылі свае жорсткія, няпэўныя, карузлівыя, скрыўленыя абрысы.
Матці Ноканен са здзіўленнем глядзеў на Каю. Перад ім стаяла зусім чужая жанчына. Ён аж паматаў галавой.
— А ты добрая птушачка!
— Я і сама не ведаю, як так выйшла, — паспешліва загаварыла дзяўчына. — Ён добры хлопец, і малады. Ён цяпер на фронце... Ён прапаршчык.
— Вядома, хаця б адна зорачка свяціла на пагонах... — сказаў Матці Ноканен.
— А ты чаго засмучаешся? He цябе ж падманулі, а яго...
Але салдат лічыў, што падманулі і яго. Чаму жыццё не сцёрла тыя дзіцячыя ямачкі на шчоках дзяўчыны, як сцёрла ўсё астатняе...
— Ён мне падабаецца, мой муж, — гаварыла Кая. — Але так ужо выходзіць... Я цябе як убачыла пад ліхтаром, дык адчула, што проста так я не магу цябе адпусціць...
— Дык ты была ўжо замужняй, — мармытаў Матці.
— Ты можаш таксама быць якім хочаш, — абражаная і няшчасная, адказала Кая. — Я табе хацела лепшага...
Ну адкуль чалавеку ведаць, як трэба жыць? Можа, пра тое сказана ў статуце, але статут застаўся на паліцы...
Тут у дзверы загрукалі так, што затросся ўвесь дом, і нечы голас запатрабаваў адчыніць.
Кая перапалохалася.
— Гэта Лаўры, мой муж! У апошнюю хвіліну яму далі водпуск. Што рабіць?’
— Адкуль я ведаю. Можа, ён хлопец вальнадумны...
Хоць салдат быў спакойны з выгляду, аднак сур’ёзна ўстрывожыўся. Сітуацыя была для яго незвычайнай.
— Ён азвярэе, калі здагадаецца...
Прыбегла заклапочаная гаспадыня ў сваім шыкоўным халаце, і пачалася надзвычайна тэрміновая нарада. Матці Ноканен так і не паспеў як след зразумець, чый ён стрыечны брат ці родзіч, але давялося перамясціцца ў пакой гаспадыні.
У дзверы ляпалі ўсё мацней, а голас рабіўся ўсё болей нецярплівым. Нарэшце ўсё было дамоўлена. Матці Ноканен панура слухаў, як чужы мужчына з нахабнай радасцю вітаў Каю. Ён, гэты высокі юнак, які выглядаў нашмат маладзейшым ад Ноканена, у сваім некалі шыкоўным, а цяпер ужо заношаным афіцэрскім мундзіры, здаецца, зусім не звярнуў аніякай увагі на тое, што ў доме начаваў салдат. Нічога дзіўнага: свет перапоўнены салдатамі. Усё скончылася добра.
А ці так ужо добра? Салдат Матці Ноканен у тым так і не разабраўся. Занадта хутка прайшло напружанне. Ён сядзеў пануры і адзінокі, а той, другі, быў у тым пакоі, дзе ён толькі што паспытаў з Каяй хвіліны шчасця і нечаканага ўражання; нібыта ён наступіў на міну: у Каі быў муж. «Ці гуляюць зараз ямачкі на шчоках у Кайсы?»
Так думаў ён, выцягнуўшыся на вузкім ложку.
Праз Дічыліну ў фіранках на цёмным небе мільгацела калядная зорка.
Матці Ноканен, салдат з самага дзяцінства, наступным днём працягваў свой шлях. Развітанне з Каяй было халаднаватым і нешматслоўным, бо побач з ёю стаяў яе малады муж. А ямачкі на шчоках у Каі гарэзавалі, як і раней...
Калона рушыла дакладна ў прызначаны час, нягледзячы на тое, што былі Каляды. Дзьмуў сцюдзёны рэзкі вецер, і снегу было па калена. Аднак машына расчышчала снег, і грузавікі ішлі не спыняючыся. Грубка ў кузаве грэла пяшчотна, зусім як дома.
Цяпер у Матці Ноканена было што закурыць, бо ўчора вечарам Кая запіхнула яму ў кішэню пачак цыгарэт, але салдат пачуваў сябе абкрадзеным. Здавалася, што з рук вырваўся нейкі даўно забыты скарб, пра які ён успомніў, але тут жа і страціў...
Цыгарэта дымілася горка, і Ноканен у думках згадзіўся са сваім дурнаватага выгляду спадарожнікам, які праціснуўся да грубкі і, грэючы рукі, сказаў:
— Нас прадалі...
На месцы прызначэння Матці Ноканену паказалі зямлянку, а ў зямлянцы — месца на нарах, нібыта ўсё гэта чакала яго з першага дня стварэння свету. Рабочае месца было знаёмае: від на заснежанае балота, дзе чарнеў калючы дрот, гэтае павуцінне вайны... Калі ён першы раз стаў на гэтае месца, дык раптам падумаў, што ён сам, напэўна, і ёсць адзін з тых, пра якіх пішуць у газетах: нашы хлопцы стаяць на сваіх пастах.
Усё было гэтак жа, як і паўсюль, у любым іншым месцы. Заставалася толькі завучыць, як завуць новых прыяцеляў, бо імёны ў іх былі, хоць яны гэтаксама зубаскалілі і лаяліся, як і ў любым іншым месцы жартуюць і лаюцца салдаты.
— А што мы будзем рабіць, калі вайна скончыцца? — нечакана спытаў адзін з новых знаёмцаў, калі яны ляжалі на нарах.
— Як скончыцца? — здзіўлена перапытаў Ноканен.
— Калі ж небудзь скончыцца. I працаваць мы, вядома, не будзем. Трэба прыдумаць штосьці лягчэйшае і цікавейшае.