Литмир - Электронная Библиотека

— He ведаю, — адказаў Ноканен. — Я неяк думаў павучыцца ў прамысловай школе, — паведаміў ён. — Мой брат майстар-будаўнік...

— Хе-хе, — выскаліўся прыяцель. — Занадта старыя мы для вучобы, занадта ўжо старыя... А хто маладзейшы, тыя, вядома, вернуцца туды, адкуль прыйшлі... — Яны памаўчалі.

— Дык вайна ж яшчэ не скончылася.

— А калі скончыцца, лепей за ўсё будзе падацца куды-небудзь на Свір.

Прыяцель брыдка вылаяўся, і Ноканен падтрымаў яго. Такая ўжо была завядзёнка.

— А можа, яны куды-небудзь завязуць, — выказаў спадзяванне прыяцель. — A то возяць нас і возяць і ніводнага разу не завезлі туды, дзе б не было ўжо кухараў і хлебапёкаў.

Гэта была сур’ёзная размова, якіх Ноканену даўно ўжо не даводзілася весці. У ходзе гутаркі высветлілася, што ўсе яны баяцца пасля вайны стаць нікому не патрэбнымі.

Аднак большасць з іх жыла сённяшнім днём: хадзілі ў дазоры, атрымлівалі паёк і пошту, пісалі лісты і чакалі чарговага адпачынку.

Якімі б аднастайнымі ні былі шэрае салдацкае сукно і смурод анучаў, якімі б падобнымі ні былі зашмальцаваныя калоды картаў, з якімі салдаты бавілі час, — усё гэта было толькі звонку. Малады Ноканен пачаў разбірацца ў тым. Пад вонкавай покрыўкай хаваўся чалавек, які адрозніваўся ад іншых людзей, як адрозніваліся лісты на адным дрэве. Вайна была неаднолькавая для ўсіх. Яна адбірала ў адных верхнюю канечнасць, у другіх — ніжнюю, а ў трэціх — і ўсё цела, мяняючы іх не толькі звонку, але і знутры таксама. Ён і сам нібыта з выгляду ніяк не мяняўся, але ў душы адчуваў, што цяжкое кола вайны пракацілася і па ім — адабрала маладосць.

Матці Ноканен быў вельмі ўражаны знаёмствам з салдатам Яара.

Там была зямлянка, якую празвалі «Карцёжнае пекла», бо там штодзень, штоноч, тыднямі, няспынна ішла карцёжная гульня. Там збіраліся ўсе, хто падымаўся з-за стала або разбагацелым, або голым як бізун, таксама прыходзілі туды тыя, што хацелі паціху паспытаць шчасця.

Але самым славутым з усіх карцёжнікаў быў салдат Яара. Казалі, што некалі ён выйграў во-о-сь такую суму ці прайграў шалёныя грошы. Уражвала ўпартасць, з якою салдат Яара штодзень сядзеў за картачным сталом.

Зноў прасядзеў гэтулькі часу, не падымаючыся з месца. Усе партнёры памяняліся, а Карцёжнік Яара ўсё сядзеў.

Малады Ноканен аднойчы зайшоў паглядзець на Карцёжніка Яару.

Гарэла карбідная лампадка, і патрэсканы стол быў засланы газетамі. На яго ляцелі карты: бубны, пікі, чырвы. Перад кожным іграком ляжала карта, цэнтр і стрыжань усёй гульні, і яны неспакойна час ад часу падымалі яе за рог і заглядвалі. Іх вочы блішчэлі. Яны азартна сачылі за банкамётам і за картамі, якія ён выцягваў з калоды. На стол падалі грошы — новенькія або пакамечаныя паперкі, як смецце. Чуліся дзіўныя воклічы:

— Я ў цёмную!

— Сваё гуляй!

Матці Ноканену такое не было ў навіну. Дзе б толькі ні сышліся два ці тры салдаты, яны часцяком садзіліся за карты. Але раптам яму здалося, што гэты бязладны стол, гэтыя заклятыя карцёжнікі, напэўна, самае жудаснае відовішча, якое яму даводзілася бачыць за вайну. Яны ўсе тут, аднак лёгка ўявіць, што яны жывуць у нейкім іншым свеце, невядомым яму...

Жудасна было глядзець на салдата Карцёжніка Яара. Ён быў страшэнна худы і бледны, бо еў вельмі рэдка і не выходзіў па некалькі тыдняў з гэтай апраметнай. Бруднае шчацінне пакрывала твар, худая шыя зарасла неахайнымі космамі, а рукі, якія спрытна пералічвалі стос грошай, былі чорныя ад даўняга бруду. Ягоныя мутныя невыразныя вочы часам блішчэлі, як у вар’ята. Цэлымі днямі ён не вымаўляў ні слова.

Шапталіся, што ён сядзіць так вось ужо два тыдні. Некалькі разоў ён еў, калі хто-небудзь з прыяцеляў прыносіў сюды ежу, і некалькі разоў ён спаў гадзіны па дзве ў самым цёплым кутку зямлянкі. З сабою ў яго заўсёды была пляшка, і ён часам глытаў адтуль нейкі напітак, а потым працягваў гульню. Стос асігнацый перад ім то пухне, то зусім худнее. Часам здавалася, што грошы зусім знікнуць. Тады ён выцягваў банкноты з-за халявы, з нейкіх патаемных кішэняў у штанах і працягваў гульню.

Ноканен бачыў, як яго піхалі пад бок:

— Гэй, табе на варту! Твая чарга!

Відаць было, што яму цяжка апрытомнець і зразумець, што ад яго хочуць. Ён павярнуў свой жахлівы, на думку Ноканена, твар і нецярпліва бліснуў вачыма:

— Ну!

— Табе на варту!

— Дык ёсць жа там гэтыя пяцідзесятнікі...

Голас, хрыпаты і замагільны, ледзь чуўся. Ён хуценька адлічваў некалькі паперак і аддаваў назад. Казалі, што ён ужо даўно адкупляецца ад свайго дзяжурства грашыма, па пяцьдзесят марак за гадзіну.

Яара цалкам паглыбіўся ў свет карцёжнай гульні. Ягоная худая, брудная і калматая, як у вар’ята, постаць, здавалася маладому Ноканену страшным і шкадобным відовішчам. Гэта быў крык перасцярогі: глядзіце, што вайна зрабіла з чалавекам!

Так, у тым была вінавата вайна. Усе тыя ігракі спрабавалі схавацца ад вайны, ад кашмарнага жыцця ў прывідным свеце картачнай гульні. Аднак глыбей ад усіх туды праваліўся салдат Яара. Ён ужо болей не быў салдатам, ён не быў чалавекам. У яго болей не было імя. У ім жыў апантаны нячысцік гульні.

Малады Ноканен назаўсёды запамятаў гэтую жудасную замалёўку ваеннай пары: згорбленую фігуру Карцёжніка Яары ў падзямеллі, цьмяна асветленым карбіднай лямпай, шлёпанне картаў, шолах грошай... Магчыма, у тым быў і іншы, яшчэ болып жудасны сэнс: народы свету гэтаксама захоплены страшнай ваеннай гульнёй і спыніцца не могуць, пакуль не прайграюцца да ніткі...

Зямлянку называлі «Карцёжным пеклам». Але з-пад яе змрочных скляпенняў можна было выйсці на вуліцу. I калі малады Ноканен выйшаў адтуль пад вольнае неба, яму стала нават лягчэй дыхаць.

Чарнела начное неба. Там адбіваліся ўспышкі гарматных стрэлаў, недзе далёка грукала і зусім побач стракатаў кулямёт.

Але вайна калі-небудзь скончыцца. Куды падзенецца тады Карцёжнік Яара? Ці зможа ён выбрацца з гэтай апраметнай?

Здаецца, выберацца яшчэ да канца вайны. Адным днём Карцёжнік Яара прайграў усе грошы. Hi ў халявах, ні ў патаемных кішэнях не было нічога, хоць ён аблазіў усе швы. Тут жа сплылі гадзіннік, кашалёк і фінскі нож.

Тады Карцёжнік Яара падняўся, як здань, са свайго пекла і лёг спаць на нарах.

Людзі здзіўляліся, як ён мог пражыць без гульні. Аднак змог жа! Яшчэ як змог, калі скончыліся грошы...

Такім чынам Карцёжнік Яара спыніў сваю гульню.

. Аднойчы Матці Ноканен убачыў, як Карцёжнік Яара ідзе на пост. Ён быў памыты, паголены і пастрыжаны, але вельмі худы і бледны, вочы глыбока праваліліся, аднак там абудзілася нешта чалавечае. Здавалася, што ён мог бачыць не толькі карты, здольны думаць не толькі пра шанцы на выйгрыш...

Аднак малады Ноканен сумняваўся, што гэты чалавек змог канчаткова выбрацца са свайго пекла. Напэўна, д’ябал азарту яшчэ жыве ў ім, ён проста заснуў. Калі-небудзь у яго зноў будуць грошы і зноў ён спусціцца ў тую апраметную, дзе не існуе нічога, апрача гульні. I жахлівым прывідам паўставала перад вачыма Ноканена зграбная постаць Карцёжніка Яары ў глыбіні зямлянкі пад карбіднай лямпай. Неверагодна. Няўжо гэты чалавек уратаваўся.

Але душой салдата Яара цалкам завалодаў злы дух азарту. Ноканен заўважаў, што пасля таго, як Карцёжнік Яара прайграўся, ён быў вельмі неспакойны. Спаў ён зусім мала. Кожнаму салдату вядома, што такое сон на вайне, але Карцёжнік Яара спаць не мог. Ён нічога не чытаў, нічым не займаўся ў вольны час. Ён проста хадзіў паміж зямлянак і аб нечым думаў, думаў, думаў. Магчыма, перад вачыма яго мільгацелі карты. Часам ён смяяўся хрыплым смехам, нібыта бачыў перад сабой вялікі выйгрыш. Ён ніколі не спыняўся ля «Карцёжнага пекла», дзе па-ранейшаму ішла гульня, але ўжо без яго.

Аднойчы ён трапіўся насустрач Ноканену і прапанаваў памяняцца ботамі. Ноканен згадзіўся, але доўга не мог зразумець, навошта гэта спатрэбілася Карцёжніку, бо ягоныя боты выглядалі куды лепей, чым тая заношаная пара, якую Ноканен з лаянкай нацягнуў на ногі ў складзе шпіталя. Ноканен убачыў, як Яара пачаў засоўваць пальцы за халявы ботаў, нібыта спрабуючы запіхнуць туды пачкі грошай. Можа, ягоныя боты болей падыходзілі для кашалька. Можа, Карцёжніку мроілася, як ён распіхвае вакол сваіх худых лытак грошы салдат з усяго падраздзялення.

21
{"b":"832363","o":1}