Литмир - Электронная Библиотека

А можа, нічога яму не мроілася. Проста Яара памяняўся ботамі, каб запоўніць такі пусты аднастайны дзень без гульні, якая была для яго адзіным прыстойным заняткам у гэтым свеце.

Так думаў Ноканен, гледзячы ўслед Карцёжніку, які тупаў па сцежцы на сваіх тонкіх нагах сагнуты і счарнелы, як стары цыган.

Салдат Нійло Яара сеў за брудны стол перад сапсаванай карбіднай лямпай, абы-як залепленай мылам. Лямпа шыпела і часам ярка ўспыхвала. Яара пачаў пісаць ліст да жонкі.

— Прывітанне з.., — пачаў ён. Аднак за бадзёрым пачаткам пайшлі нейкія бяздушныя пустыя словы. Ліст не атрымліваўся. Ды і пра што пісаць? Ад пісаніны нічога не памяняецца. Ён быў амаль упэўнены, што жыццё без сям’і, без жонкі не такое ўжо і дрэннае, асабліва калі таго патрабуе час. Жонка, чый старэчы твар ён з вялікай цяжкасцю аднавіў у памяці, была надзіва далёкім успамінам, гэтак жа як і маленькая хаціна на ўскрайку вёскі, як маленькія лапікі поля, гавяда і конь, якога ўсе гэтыя гады кармілі дарэмна. Такімі ж далёкімі сталі для яго і дзеці — дачка і сын. Ён думаў пра іх, як пра чужых дзяцей. Ці мала такіх бегае ў кожнай вёсцы.

«Ну і няхай сабе жывуць», — стомлена падумаў ён. Атрымліваюць жа яны ваенную выплату ад дзяржавы, а дзяржава куды болей надзейны апякун, чым нейкі там Яара. Так супакойваў ён сваю душу і сваё сумленне.

Праўду кажучы, ён пачаў адвыкаць ад сям’і, ад дому і ад родных яшчэ ў мірныя часы, у перадваенныя гады, калі падаўся з канём на лесанарыхтоўкі. Такое жыццё здалося яму цікавейшым. Там ён пачаў гуляць у карты, уцягнуўся ў гульню, а на вайне і зусім глуздануўся ад картаў.

«Я звар’яцеў», — думаў ён. Ён адчуваў, што прапаў канчаткова і нічога яму ўжо не дапаможа. Ды гэта нічога. Ён цешыў сябе тым, што калі-небудзь зможа пакончыць з усім гэтым, калі ў адну чароўную хвіліну ўсе грошы, усе гадзіннікі з кішэняў усіх партнёраў пяройдуць да яго. I тады ён устане з-за стала, пацягнецца і, пазяхнуўшы, скажа, што трэба канчаць гульню, бо гуляць болей няма каму. Вось тады ён і завяжа.

А пакуль ён жыў толькі гульнёй. I цяпер таксама, думаючы, што б такое напісаць жонцы, ён бачыў перад сабою карты. Яны ляцелі і лажыліся на стол. У яго была масць, падбор масці з самай маленькай. У партнёра — таксама, але не такая моцная. Ён чуў, як партнёр бездапаможна шэпча: «Трэба глянуць...» А ў яго была тая самая галоўная карта, якая і патрэбна, якая заўсёды была ў яго.

Аднак, папраўдзе, у гульні яна была не заўсёды. Калі б яна і сапраўды была, дык яму б не давялося вось так пакутаваць без улюбёнага занятку. Ён мог бы сядзець і чакаць, пакуль пашанцуе, бо такі момант можа настаць калі хочаш. Тады ён абыграе ўсіх і кіне гульню... А магутная ваенная дзяржава будзе бацькам для ягоных дзяцей, і трэба сказаць шчыра, будзе багатым бацькам. Яара можа гуляць спакойна. Яго ж маглі тут і забіць.

Але ж Карцёжнік Яара нават лісты піша, а забітыя не пішуць. Ды аб чым ён будзе пісаць? У мяне ўсё добра, прывітанне, бывайце здаровы. Няма чаго тут распісваць! Хто-ніхто ўжо меў справу з ваеннай цэнзурай...

Потым ягоныя думкі неяк зачапіліся за каня, які там дома толькі дарма стаіць у канюшні і жарэ сена ў чаканні, пакуль вернецца гаспадар і падасца на заробкі. Жонка неяк скардзілася ў лісце, што цяжка з кормам, што цяжка трымаць каня. I раптам яго натхніла. Няхай жонка прадасць каня!

I тут ён пачаў страчыць бадзёра, складна і ўпэўнена.

Сусед, які часцяком браў каня на свае патрэбы, ужо не адзін раз прапаноўваў прадаць яго. Дык няхай. жонка прадае і не думае! На грошы можна купіць дроў, і гэта будзе лягчэй, чым самой жанчыне цягаць бярвенні. Ды няхай купляе што хоча, калі не хапае ваеннай даплаты. I не трэба траціць грошай на корм каню. А коні цяпер у цане. Нійло Яара растлумачыў усе выгады гэтай справы і дадаў, што гаспадару трэба выслаць пяць тысяч марак, бо ён, Нійло Яара, тут праверне маленькую гандлёвую аперацыю...

Калі ён скончыў пісаць, то падумаў, што гэта была выдатная прыдумка і што зноў можна будзе паспытаць шчасця ў гульні. Ён уявіў, як злосна засмяялася б жонка, калі б ведала, што гандлёвая аперацыя гаспадара — гэта гульня ў карты. Як злосна яна закрычала б: «Нійло, ты звар’яцеў!» Але надзея зноў пачаць гульню завалодала ім, і нічога не было на свеце больш важнага, чым вярнуцца ў карцёжны свет...

Вядома ж, гаспадыня прадасць каня, бо клопату стане меней, ды і грошы будуць. А хто ж не хоча мець грошай? I яна абавязкова вышле патрэбную суму. Паспрабавала б яна запярэчыць тады, калі Нійло Яара быў дома!

Нійло Яара быў амаль у добрым гуморы, калі заклейваў ліст. Абудзілася надзея, што ён зноў пачне жыць. Тады можна будзе гуляць па-панску, не баючыся, што сто марак ваеннага салдацкага жалавання сплывуць імгненна і давядзецца вымятацца з-за стала.

Некалькі тыдняў ён жыў гэтай светлай надзеяй. Нарэшце грашовы перавод прыйшоў, Карцёжнік Яара зноў спусціўся ў «Карцёжнае пекла», дзе няспынна ішла па кругу карта. Ён папрасіў, каб і яму далі карту, і сеў на сваё звычайнае месца.

I ўсё пачалося зноў. Карцёжнік Яара чэзнуў над картамі цэлымі тыднямі, плаціў за свае дзяжурствы і надзіва мала еў. Часам, калі азарт гульні крыху спадаў, ён, хістаючыся, выходзіў на волю, каб перадыхнуць, памыцца, пагаліцца і як след паесці. Ён выходзіў адпачыць ад гульні і зноў жа да яе вяртаўся. Шанцавала яму не заўсёды, але грошы пакуль што былі. Часам шырокія халявы ботаў ледзь змяшчалі пакамечаныя паперкі. Ягоныя ўчэпістыя, спрытныя, чорныя ад бруду пальцы пяшчотна мацалі след ад кулі на халяве старога бота.

Была зіма, і ўпершыню пачалі хадзіць чуткі аб канцы вайны, над гарадамі роднай Суомі з’явіліся варожыя самалёты, падалі бомбы, і счарнелыя руіны заставаліся там, дзе некалі было штосьці іншае...

Карцёжнікі часам пачыналі гаворку пра перамір’е. Але ўсе прыходзілі да высновы, што Фінляндыя таго не зробіць, бо «зяцёк» не дазволіць.

Карцёжнік Яара не цікавіўся тымі разважаннямі. Бліскучымі вачыма ён сачыў за картамі, і страшна было глядзець на яго: зарослы, брудны, худы, як здань, ён жыў у сваім сусвеце азартнай гульні і чакаў той шчаслівай хвіліны, калі абыграе ўсіх і не знойдзецца навокал нікога з грашыма, куды ні глянь.

Але такая вялікая хвіліна не настала ні ў гульні, ні ў сусветнай вайне.

Надышла вясна, снег растаў, вясенняя вада заліла акопы, і ў зямлянках стала мокра. У «Карцёжным пекле» лаяліся, калі на стол і на новыя карты траплялі вялікія кроплі.

Аднак зямля хутка высахла. Аднойчы карцёжнікі вылезлі са сваёй зямлянкі і працягвалі гульню на дне нейкай ямы. Дзівосна сінела неба, святло ашаламляла, свежая зеляніна лісця дражніла вочы, з зямлі высоўваліся зялёныя парасткі травы. Лёгкі ветрык даносіў чароўны водар вясны, часам чуліся птушыныя галасы.

Толькі наўрад ці карцёжнікі зважалі на тое. Яара ж пад адкрытым небам, на яркім святле выглядаў яшчэ страшней. Ён быў проста ўцякач з царства духаў. Для яго існавалі толькі гульня, толькі азартны карцёжны сусвет...

Потым надышоў час, калі карцёжнікі навастрылі вушы і адчулі, што пачаўся новы этап вайны. Праціўнік прарваў фронт і распачаў вялікае наступленне. Толькі Карцёжнік Яара, здаецца, не зважаў на тыя навіны. Ён слухаў іх так, нібыта гаворка ішла аб наступленні і контрнаступленні недзе далёка ў Кітаі. Ён гуляў, бо гульня працягвалася незалежна ад змен на фронце. А гульню Нійло Яара ведаў выдатна і гуляў з тонкім разлікам. Яму шанцавала. У халявах і патаемных кішэнях было поўна грошай.

Аднак вялікая мэта — усеагульная перамога, канчатковае знішчэнне супраціўлення, надзея на якую ўсё яшчэ жыла ў ягонай галаве, не была дасягнута. Партнёры пакуль што былі, хоць і не так шмат, як раней. Ды і думалі яны пра нешта іншае, а таму Яара, чые думкі засяродзіліся толькі на картах, лёгка абдзіраў сваіх праціўнікаў.

Аднак надышоў дзень, калі змены, якія даўно прадчуваліся — паражэнне на Карэльскім перашыйку, — пачалі ўплываць і на іх. Карцёжнікі вылезлі з ямы, і толькі тады канчаткова высветлілася, да чаго дагуляўся Нійло Яара. Ён выглядаў зусім бездапаможным, калі калоды картаў распіхалі па кішэнях. Ён стаяў, круціў галавой, жмурыў вочы, нешта мармытаў сабе пад нос, і адзінае, што мог зрабіць, — гэта выцягнуць грошы з кішэняў і халяў. Ён змясціў іх у болей надзейнае месца — у заплечны салдацкі мяшок. З тае пары яго ўжо ніхто не лічыў нармальным.

22
{"b":"832363","o":1}