Аднак ён здолеў стаць у строй, калі пачалося вялікае адступленне. Аслабелы, падобны на цень, ён, хістаючыся, цягнуўся за таварышамі, як уцякач з царства ценяў. Пляцак і зброя згорбілі яго, як Дзеда Мароза, боты да крыві разбівалі і цёрлі ногі. Напэўна, ён не слухаў і не разумеў, аб чым гамоняць салдаты. He разумеў ён і іхніх жартаў. «Хіба мы ўжо не стаім на Свіры? Ці паспелі нашы прыхапіць хаця б вядзерца з Анежскімі хвалямі, як раіў Цілт?» Салдаты з’едліва казалі, што ім так і не давялося выпрабаваць стратэгічную прыдатнасць тых рубяжоў, куды яны так азвярэла рваліся на пачатку вайны. Яны злосна цікавіліся, чаму гэта Фінляндыя, бедная і маленькая, вырашыла наведаць гэтыя месцы і нават набудаваць дарог і Божых храмаў...
Так яны размаўлялі на маршы, і гэты маленькі крытычны разбор стратэгічных дасягненняў крыху ажыўляў і суцяшаў салдат. Толькі салдат Яара ішоў моўчкі, як здань, і ўпарта, нібы цень.
Калі на світанку самалёты атакавалі калону і шмат у каго сціснулася сэрца — няўжо надышла тая хвіліна, калі вайна скончыцца навечна, — Карцёжнік Яара ўпарта сядзеў на купіне і сцягваў боты. А калі калона рушыла далей, то ўсе ўбачылі, што салдат Яара ідзе босы. Суседзі пыталіся, ці не прайграў прыдурак Яара свае боты ў карты, і Яара адказваў гэткім жа тонам, што боты ён пакінуў, бо яны даўно ўжо варагавалі з нагамі.
Боты засталіся на ўзбочыне — адзін дагары падэшвай, а другі стаяў стаўбуром. А салдат Яара працягваў свой шлях, месячы босымі нагамі Аланецкі бальшак, па якім у густых хмарах пылу вярталіся дадому калоны салдат.
Так і праляжалі боты на ўзбочыне дарогі цэлы дзень — адзін стаяў, а другі валяўся побач. Бязлітасна паліла сонца, і ад пылу яны сталі шэрымі.
А вечарам на дарозе зарыпелі колы. Праходзіў даўгі ваенны абоз. На адных калёсах сядзеў салдат Вяйнё Лехто, высокі чарнявы дзяцюк, які звычна акідваў вясёлым дапытлівым позіркам усё навокал, і было відаць, што жыццё абрыдла б салдату, калі б яму завязалі вочы. I хоць пачынала вечарэць, рухавы позірк салдата наткнуўся на бот, які стаяў каля дарогі. Ён скочыў з воза, схапіў пакінутыя Карцёжнікам Яара боты, зноў залез на калёсы і пачаў разглядаць знаходку. Гэтыя боты яшчэ можна панасіць, ды і памер падыходзіць. Лехто гукнуў суседу: «Вось што значыць быць саюзнікам у Госпада», бо толькі сёння ўранні ён абы-як прыладзіў падэшву свайго старога бота, і вось зараз можа абуць неблагія боты, а старыя запхнуць куды-небудзь паміж стосамі папер на возе. Салдат Вяйнё Лехто ніяк не мог зразумець, навошта цягаць гэткія кучы папер. Гармату ж паперамі не зарадзіш...
Абоз шчасліва поўз усю ноч і большую частку дня. Вяйнё Лехто акідваў наваколле хуткім учэпістым позіркам і думаў: «Бывай, Вялікая Фінляндыя. Занадта вялікую костку ты ўхапіла. He па зубах яна табе...»
Далёкі гул самалётаў насцярожваў. Ніколі не ведаеш, калі яны наляцяць з такім. грукатам і чыркатаннем, што, здаецца, неба развальваецца на кускі, а гэты ўвогуле прыемны шлях дамоў ператвораць у шлях на Галгофу... Аднак таго не адбылося. На дзень спыніліся ў лесе, а ў начным прыцемку абоз пагрузілі ў эшалон. Казалі, што полк кінулі затыкаць прарыў на галоўным напрамку фронту. Абоз кіраваўся туды ж.
Цягнік рушыў з месца і пайшоў. Толькі занадта ўжо шумна і адкрыта, бо летняя ноч была светлая, хмараў на небе амаль не было, і кожную хвіліну можна было трапіць пад налёт.
А на адной станцыі так яно і выйшла. Наляцелі самалёты, загрукаталі бомбы, затрашчалі кулямёты. А калі налёт скончыўся, то высветлілася, што страты невялікія, як сярод людзей, так і сярод коней. Вось вагонам дасталося болей. Паравоз, праўда, ацалеў, і пасля невялікай папраўкі цягнік зноў рушыў наперад.
Пад час гэтага падарожжа салдат Вяйнё Лехто ўпершыню пабачыў бежанцаў, пабачыў дарогі, забітыя вазамі, рыкаючымі каровамі і людзьмі. Жанчыны, дзяўчаты і малыя дзеці мясілі гразь на ваенных дарогах. Так яны днямі ішлі пад ветрам і дажджом. Гэтае відовішча моцна ўразіла салдата, але не атруціла ягонай душы, а зберагчы душу чыстай і жывой таксама нямала ў такія часы...
I салдат Лехто стаяў каля дзвярэй вагона і спяваў: «Разбагацею, калі будзе багатая спадчына...»
Ён падумаў, што спявае старую, яшчэ даваенную песеньку. Нездарма старыя казалі, што людзі паміраюць і ў мірны час, а не толькі на вайне... А ўвесь народ ніколі не загіне... Ён пройдзе праз усе нягоды, але выжыве...
На адной станцыі Лехто пагутарыў са старым інгерманландцам[5], які вельмі не любіў калгасы. Ён казаў, што яму вельмі падабаецца Фінляндыя, краіна, дзе кожны жыве як захоча.
— Нічога, трапіш і ты ў зямлю запаветную, — сказаў яму Лехто. — I пажывеш там... Вось толькі мы яшчэ крыху паваюем...
Так салдат Вяйнё Лехто разам з абозам даехаў да Карэльскага перашыйка, пабачыў там спусцелыя вёскі і падумаў, што ніколі не забудзе такога відовішча. Аднойчы ён убачыў у глухім лесе прыгожага пеўня, які зваліўся ці сам зляцеў з воза, але і тут у адзіноце збярог ганарлівую афіцэрскую выпраўку. I гэты певень таксама, на думку Лехто, уяўляў нешта незабыўнае ў гэтым свеце вайны і бежанцаў.
З фронту амаль увесь час даносіліся далёкія цяжкія ўдары. Часам яны пераходзілі ў няспынны грукат. Гудзелі самалёты. А ваенная дарога жыла звычайным жыццём: на фронт везлі боепрыпасы, а з фронту — забітых і параненых, гэты жудасны ўраджай вайны.
На гэтым полі працаваў і Лехто са сваім канём: ён ездзіў туды, куды не маглі прайсці машыны. Конь яму трапіўся рахманы і разумны: варта было гаспадару кінуцца на зямлю, пачуўшы выбух, як конь таксама лажыўся. Ён шкадаваў гэтую разумную істоту. А калі гаварыў, што, мабыць, сумна яму было хадзіць у баразне, то лавіў сябе на тым, што чакае ад каня адказу.
Так праходзіла лета. Удзень цэлыя хмары мух гудзелі ў паветры, а ў светлым змроку белай начы стракаталі конікі.
Народ чакаў навін, і навіны пачалі прыходзіць. Змяніўся кіраўнік дзяржавы, заключылі перамір’е, выйшаў загад спыніць агонь. Салдаты нават неяк разгубіліся, калі зразумелі, што пасля перамір’я яны апынуліся на другім баку фронту. Болей ніхто не абяцаў «паказаць русам», пачалі ветліва гаварыць аб Савецкім Саюзе.
Адным днём салдат Вяйнё Лехто зноў апынуўся ў ваенным эшалоне, які павёз яго на поўнач. Там, здаецца, зноў збіраліся ваяваць, каб выгнаць «зяцька». Нядаўні брат па зброі не толькі не прызнаў перамір’я, а ўзяўся падрываць масты і паліць вёскі.
На адной станцыі цягнік спыніўся надоўга. Там Лехто, які ўвогуле быў хлопцам гаваркім, пазнаёміўся з салдатам Ахвенам. Гэты салдат шукаў сваю часць пасля адпачынку.
Гэты немалады мужчына са зморшчаным карычневым тварам расказаў пра сваё жыццё, у якім было шмат падзей, але ўсе яны былі вельмі падобныя. Пад час зімовай вайны фіны спалілі ягоную хаціну, каб яна не дасталася рускім. У гэтую вайну яму пабудавалі так званы дом братоў па зброі. Аднак нядоўга ён пажыў там. Мінулым летам давялося пакінуць і гэты дом, бо з’явіліся партызаны, каб нашкодзіць і рускім, і фінам, спалілі і гэты новы дом.
Чым яшчэ мог суцешыць яго другі салдат. Толькі абнадзеіць, што пажывём яшчэ, дай толькі адваявацца. Ды пачаставаць новага знаёмца вывезенымі з Карэліі дрэнна прасохлымі лісцямі тытуню, такімі зялёнымі, што іх называлі «царскай зелянінай».
— Дык жывуць жа іншыя, — сказаў Ахвен, нібыта вінавацячы некага, паглядзеў на заможную вёску. — Што яны ведаюць пра вайну?
— Ну, можа, што-небудзь яны і чулі, — сказаў Вяйнё Лехто, напіхаючы піпку «царскай зелянінай».
Салдат Ахвен памяняў гаворку. У яго было вострае вока, хоць, здавалася, ён і не глядзеў на гэта. Ахвен зацікавіўся ботамі салдата Лехто.
— Здаецца, я ўжо бачыў гэтую скуру, — сказаў ён. — Так і ёсць. Гэта ж мае старыя знаёмцы. Вось драпіна ад кулі, а вось той дзіркі тады яшчэ не было. He надта ўпрыгожыў іх час...
— Яны памякчэлі, — адказаў Лехто. — Хтосьці пакінуў іх каля Аланецкага бальшака.
— Я сцягнуў іх з ног аднаго небаракі, які аддаў богу душу, — растлумачыў Ахвен.
— Так, шмат хто аддаў яе і яшчэ не адзін аддасць. Такая ўжо на свеце завядзёнка...