Литмир - Электронная Библиотека

Ён падпільнаваў пару зайцоў і вяртаўся задаволены, але ўсё ж сумныя думкі гнялі яго: што ж гэта за істота такая чалавек, калі забівае ўсіх падрад.

Вечарам ён сядзеў, акружаны людзьмі, у прасторнай, нібы царква, хаце і апавядаў пра свае франтавыя прыгоды. Часам ён прымаўкаў, і тады раптам яму прыходзіла думка, што гэта стала яго характэрнай рысай... I дзе ён толькі прывык да такога? На вайне? На пастоях стала звычкай, што ён сядзіць, аточаны цэлым роем салдат, і штосьці ўспамінае... Ды яшчэ які-небудзь падліза-хітрун запытае, ці не памятае лейтэнант тое ці гэта... I хоць лейтэнант выдатна разумеў, што ў такіх пытаннях крыецца нямала ліслівасці, аднак такая ўвага кранала за душу...

Між тым ягоны мундзір, які напачатку ён сам старанна прапарыў, вычысцілі, памылі, зашылі і адпрасавалі. Лейтэнант з вялізнай асалодай зноў апрануў яго.

Боты, якія ён выменяў у фельдфебеля Сора, мякка сядзелі на нагах, і свежы глянец пакрываў драпіны, атрыманыя пад час прыгодаў фельдфебеля. Вось цяпер ён можа сядзець і вечарамі апавядаць і ўспамінаць у вялікай хаце. Ён ведаў, што ў цесным касцюме з кароткімі рукавамі выглядаў даволі няўклюдна. А хто ж паверыць чалавеку ў такой недарэчнай вопратцы?

Ён праводзіў шмат часу са сваёй бялявай родзічкай, хоць тая заўсёды некуды спяшалася і мела шмат клопатаў у гаспадарцы. Яна стала гаспадыняй у хаце пасля таго, як у час перамір’я памерла яе маці. Яна скончыла толькі нейкую гаспадарчую школу і народную вучэльню, але была добрай і вясёлай дзяўчынай. Трымалася яна проста і добразычліва, а таму вельмі падабалася лейтэнанту Йоперы.

Некалькі разоў ён заўважаў, што маці кідае на іх доўгія ўважлівыя позіркі і за халоднай усмешкай на твары хаваецца нямы дакор. Ёй, шляхцянцы, не хацелася бачыць разам свайго адзінага сына і просталюдзінку Ханну Сакеус.

Аднак пані Йоперы была жанчына разумная і выдатна разумела, што ўсё гэта нічым сур’ёзным не скончыцца. Гэта ўсяго толькі эпізод, выпадак, і не болей. Лейтэнант паедзе на вайну, а гэтая сялянская дзяўчына застанецца тут са сваімі каровамі, як і раней... Праўда, яе сын даўно ўжо не спраўдзіў тых надзей, якія маці ўскладала на яго, заўсёды быў занадта натурысты, а цяпер, за часы ваенных паходаў, сваёю моваю зусім прыпадобніўся да просталюдзінаў.

Цяпер прынята ўсхваляць працу чорнарабочых, бо іхняя праца такая неабходная грамадству. Можа, яно і праўда, але кожны павінен ведаць сваё месца.

Так праходзілі дні адпачынку лейтэнанта Йоперы. Дзён тых было няшмат, і вось неўпрыкмет пачаў набліжацца канец.

Лейтэнант патраціў дзянёк, каб наведаць сваю сястру Герту, якую любіў за шчырасць і вясёлую натуру. Яна ніколі не сумавала, што б там ні тварылася на свеце. I цяпер яна не заўважала ніякіх змен: зямля круціцца, жывыя жывуць, а нябожчыкі ў магілах...

У апошні дзень адпачынку даволі рана для тых мясцін нечакана пайшоў першы снег, аднак увечары неба пасвятлела, замігцелі яркія зоркі, у чорнай вышыні зіхцеў срэбны месяц.

Срэбны бляск новага, белага і мяккага покрыва зямлі, дзівосны звон бразготак глыбока ўразілі лейтэнанта. Коні ўжо стаялі каля ганка. Час развітання настаў.

— Шчаслівай дарогі! — празвінеў у марозным паветры голас Ханны, а яе светлыя вочы глядзелі на лейтэнанта запытальна і крыху здзіўлена.

— Шчаслівай дарогі! — пачуўся звонкі голас маці, а ў вачах яе блішчэлі слёзы. Сын адпраўляецца на вайну, і хто ведае, ці не апошні раз маці бачыць яго.

— Шчаслівай дарогі! — сказаў і сам гаспадар, стары Сакеус. Ён глядзеў на лейтэнанта сумна і спачувальна: маладыя адпраўляюцца ў апраметную, а яны, старыя, застаюцца жыць.

— Шчаслівай дарогі! Вяртайцеся жывы і здаровы! — чуліся высокія і нізкія галасы з прыступак ганка і з дзвярэй. Потым сяброўскія рукі захуталі Йоперы ў футру. Конь ірвануўся, звінелі званочкі, снег серабрыўся, а ў чорным небе свяціліся буйныя зоркі.

А на зямлі такімі ж зоркамі свяціліся вокны хацін. Лейтэнант Йоперы падумаў, што няма на роднай зямлі нічога болей прыгожага, чым агеньчыкі сялянскіх хат у восеньскай цемры.

Чалавек, які цяпер насіў боты Сора, у параўнанні з самаробным прапаршчыкам быў сапраўдны салдат і ведаў, што такое вайна. У хуткім часе ён ужо таптаў дно акопа і слухаў глыбакадумныя развагі свайго сябра-капітана. Капітан выконваў абавязкі камандзіра батальёна і вельмі зайздросціў лейтэнанту, які толькі што прыехаў з Фінляндыі, пабачыў жыццё і жаночыя ножкі, пасядзеў у рэстаранах, паслухаў музыку, шум галасоў і панюхаў як след водар рому.

Яны стаялі, апёршыся на край акопа.

— Вось топчамся на адным месцы, — казаў капітан. — Я, напэўна, ніколі не спасцігну таямніцы вядзення вайны.

Вось, да прыкладу, той пагорак, дзіўнае месца... Напачатку ён быў нам патрэбен дазарэзу, і мы чатыры разы забіралі яго ў рускіх. I роўна гэтулькі разоў аддавалі назад. А потым рускія нам яго і зусім не аддалі, хоць разы са тры мы ўсур’ёз спрабавалі зноў забраць у іх гэты пагорак. А цяпер вось ужо колькі тыдняў выдатна жывём і без той горкі, і я пачынаю думаць, што яна ўвогуле нікому не трэба, хоць тут і быў з-за яе такі вэрхал...

— Дык вось як вы цяпер ваюеце! Здаецца, што мне трэба неяк выбірацца адсюль. Такога я не вытрымаю...

— Вядома, што тут добрага... Гэтае корпанне на месцы толькі пацвярджае, што наш запал скончыўся. Але мне ўжо абрыдлі бясконцыя тактычныя перасоўкі. У маім узросце лепей ляжаць, чым бегаць. Каб толькі мы зноў не пачалі браць гэты пагорак.

— Мы яго ўжо страцілі, — сказаў лейтэнант Йоперы.

— Тады я цябе віншую... Хаця ты можаш перайсці ў часць дальняй разведкі...

«Ціў-ціў», — рэзка, як удар, прасвісталі кулі, і лейтэнант міжволі ўцягнуў галаву ў плечы.

— Ды ты зусім абцывіліўся, — сказаў капітан. — Тут не так ужо і спакойна, як здаецца на першы погляд. Рускі салдат — цямкі хлопец. Проста гэтым разам паміж смерцю і жыццём была патрэбная адлегласць.

Яны вярнуліся ў бліндаж і пачалі круціць ручку тэлефона. А потым выйшла так, што лейтэнанта перавялі ў новую часць.

Падраздзяленне лыжнікаў стаяла ў прыфрантавой вёсцы і размяшчалася ў сапраўдных драўляных дамах, а не ў зямлянках. Там былі нават сапраўдныя ложкі, двухпавярховыя, як у казарме, і з чыстымі прасцінамі. Там лыжнікі адпачывалі, там жа ў двары яны станавіліся на лыжы, ішлі на заданне, а потым зноў вярталіся на адпачынак. А часам хто-небудзь і не вяртаўся...

Лейтэнант Йоперы закінуў свае боты пад ложак, а замест іх узяў лямцавыя лыжныя чаравікі. Такім чынам, боты не змаглі пахадзіць у лыжныя рэйды і зведаць, што такое ваенныя прыгоды. Забытыя, яны ляжалі ў кутку пад ложкам і ўкрываліся тоўстым слоем шэрага пылу.

Затое яны маглі назіраць за тым, як жыве гаспадар, вярнуўшыся дамоў. Звычайна лейтэнант вяртаўся з рэйду стомлены і маўклівы. Аднак пад’еўшы, памыўшыся ў лазні і як след адаспаўшыся, ён падымаўся ў добрым гуморы і браўся за газеты і лісты. Часам ён атрымліваў пасылкі ад маці, ад сясцёр і ад іншых родзічаў. Прыйшла аднойчы пасылка і ад Ханны Сакеус. Тым днём у лейтэнанта быў асабліва добры настрой. Дзе цяпер ягоны гаваркі спадарожнік? Няхай паглядзеў бы на чалавека, у якога ёсць масла ў загашніку.

Йоперы пайшоў у хату, яго тут жа атачылі цікаўныя, і лейтэнант пачаў свае аповяды і ўспаміны...

У такія моманты ён ажываў. Падначаленыя любілі яго, бо хоць ён і паходзіў з паноў, але з салдатамі трымаўся проста і быў адным з іх.

Але жыў ён у асобным пакоі, ці, дакладней, у пакоі з трыма афіцэрамі, таксама камандзірамі рэйдавых груп. Вельмі рэдка здаралася так, каб яны збіраліся ўсе разам. Ды калі збіраліся нават двое, то і тады адразу пачыналіся шумныя бяседы, спевы і іншае, пры дапамозе чаго салдат паказвае шырыню душы і запаўняе пустату існавання. Яны сціхалі толькі тады, калі садзіліся пісаць лісты, і пісалі іх доўга і старанна на стале з грубых дошак. А потым з-пад падушкі даставаліся карты, і ў пакоі зноў пачыналася шумная бяседа.

Апрача таго, лейтэнант Йоперы рэгулярна кожны дзень рабіў зарадку, каб размяцца як след і падтрымаць форму, бо добры фізічны стан, вучыў ён пад час сваіх аповядаў і ўспамінаў, гэта і ёсць тое шчасце, якое дапамагае салдату пазбегнуць гераічнай смерці ў доўгіх і небяспечных рэйдах.

8
{"b":"832363","o":1}