А сэрца Ялу Тайкінамаа перапаўнялі бяссільная журбота і горыч за сваю няшчасную долю. Усё прапала. Ён сцягнуў з шыі чырвоны шалік і заплакаў. Усё прапала. Няма на свеце справядлівасці, а здранцвелая праўда запаўзла ў нейкі цёмны кут, як сляпая мурашка... Зноў узбуяла крыўда, грошы аказаліся мацнейшыя, і паны перамаглі.
Хадзілі чуткі, што ўсім асабліва вінаватым прысуд будзе кароткі, але заставалася яшчэ шмат і іншых. Тады ж, ноччу, у бляклым свеце газніцы дапыталі і Ялу Тайкінамаа.
— Вы са зброяй у руках выступілі супраць законнага парадку. Да таго ж вы супраціўляліся, калі ўжо многія здаліся.
— Ніхто не ведае, на чыім баку закон, а на чыім толькі ягоны цень.
— Вы забілі шмат герояў, якія змагаліся за законны грамадскі парадак.
— Забіваў, забіваў колькі мог. А на вайне і трэба забіваць...
— Так-так! Трэба забіваць! Слушна кажаш, прыяцель: трэбы забіваць. Адвядзіце яго.
Тады ж, на досвітку, два дзесяткі палонных пачалі капаць доўгую яму на беразе ляснога возера. Яны капалі, калупаючыся ў прамерзлай ледзяной зямлі, адны маўчалі, другія лаяліся, а нехта нават спрабаваў і пажартаваць. I толькі адзін чалавек у чырвоным шаліку старанна дзёўб зямлю, і буйныя кроплі поту цяклі з-пад злямцаваных валасоў. На хвіліну ён выпрастаўся і абапёрся на рыдлёўку. Сярдзіты вецер варушыў хвалі на вадзе і гнаў на ўзбярэжныя камяні.
— Ну, жвавей варушыцеся! — закамандаваў нейкі камандзір з пераможцаў. — Пара і на спачын, чырвоныя, канчайце, a то яшчэ пільнуй вас тут. Весялей, чырвоная сволач!
Неўзабаве той самы чырвонагвардзеец зноў выпрастаўся і загаварыў:
— Паколькі развітальных прамоў не будзе і калі тыя, каго гэта тычыцца, не супраць, то я скажу некалькі адпаведных суцяшальных слоў. Таварышы! Мы не старыя дзяды і не малыя дзеці. Мы цярпліва пераносілі боль. Хутка ўсё скончыцца. Адны загінуць, і тыя, што прыйдуць за імі, яшчэ паспытаюць таго. I смерць здасца ім нават салодкай.
Прамова здалася даволі змрочнай, ніхто не засмяяўся, і толькі некаторыя, скрывіўшы вусны, працягвалі слухаць. А вартавы загадаў прамоўцу закрыць ляпу.
Нарэшце яма была гатова. Людзі з цяжкасцю вылезлі на край, і ў іх адразу адабралі рыдлёўкі.
— Ну вось, — сказаў камандзір. — А зараз адправім вас каго да д’ябала, каго да Бога. Зараз пачнём расстрэльваць. Вочы вам завязваць?
— He трэба, — прабурчаў высокі змрочны хлопец у чорным касцюме. — Нам і раней даводзілася нюхаць пораху...
Некаторыя чырвонагвардзейцы стаялі, счапіўшы рукі, варушылі вуснамі, некаторыя пападалі на калені, але большасць стаяла з цёмнымі тварамі. Змрочны хлопец у чорным касцюме сказаў:
— Айцец, даруй ім, яны не ведаюць, што робяць.
— Вы яшчэ і насміхаецеся? — прасіпеў начальнік канвоя. — Падрыхтаваліся! Агонь!
I ўзарвалася цішыня вясновага рання. Затрашчалі вінтоўкі, і магіла напоўнілася. У даўгой яме апынуўся і чырвонагвардзеец у аблавуху з чырвоным шалікам на шыі.
— Ну вось, — сказаў камандзір. — I зроблена справа. Прывядзіце сюды каго-небудзь з жывых чырвоных, няхай крыху прыкапаюць сваіх сяброў.
А хутар Тэрапя ўсё стаяў на схіле ўзгорка, звінеў у кузні молат, шумеў крыламі вятрак. I ў новым прасторным доме можна было яшчэ пачуць розныя гісторыі пра славуты род Тэрапя.
Парабкі штосьці робяць, свеціцца жоўтая лямпа, трашчыць мароз пад зімовым небам.
— Дык вось, гэты самы Вялікі Тэрапя... А ягонага сына пасадзілі. Кажуць, ён быў чырвоным. I знайшоў сваю смерць у той жорсткі час. Гаспадароў брат бачыў, як яго павялі і расстралялі.
— Вось і знайшоў сабе царства, якога хацеў: некалькі аршынаў пад зямлю.
— Такі вось лёс у апошняга са славутага роду Тэрапя.
XXI
Аднак Ялу Тайкінамаа ўсё ж не трапіў у царства вечнага спачынку, і ягоны апошні прытулак не зарос зялёным травяным убраннем.
Той цёмнай вясенняй ноччу, калі ён трапіў у палон, здарылася так: пераможцы выбралі сярод палонных чалавек дваццаць, якіх так альбо іначай палічылі найбольш вінаватымі. Яны стаялі асобнай групай недалёка ад астатніх палонных, акружаныя стомленымі ад ваеннай бязладзіцы і баёў канваірамі. З цёмнага начнога неба падалі рэдкія кроплі, хоць хмары парадзелі і рассеяліся. Сэрца Ялу Тайкінамаа тачыў жахлівы, слізкі і халодны чарвяк: страх смерці. Яму хацелася пажыць яшчэ на гэтым свеце, пад сінім небасхілам, дзе зямля мяняе свае формы, то буйна квітнее, то зноўку вяне, дзе ў нябёсах свеціць вялізнае цёплае сонца, лятуць хмары і капаюць цяжкія кроплі дажджу... Эх, цяжка паміраць, калі ты з’явіўся на свет дзеля жыцця. Лепш было б ніколі не бачыць гэтага свету, а яшчэ ў маленстве ператварыцца ў камень... У неразумнага немаўляці яшчэ няма душы...
— Ну вось, — ціхім голасам сказаў адзін палонны з другой групы, Чырвоны Сімі, з якім Ялу шмат пахадзіў па ваенных дарогах. — Табе прысуд будзе кароткі, хоць крышку табе пашчасціла...
— Пашчасціла... Раней хоць была нейкая надзея, — адрэзаў Ялу.
— Надзея? Уся справа безнадзейна загінула, далей можна і не жыць. I лепей цяпер, чым потым пакутаваць, — ціха адказаў Сімі. — Калі ты хочаш паспрабаваць яшчэ, то давай, хуценька... А я ўжо стаміўся.
Чырвоны Сімі падышоў, садраў з Ялу шапку і чырвоны шалік, а яму на галаву надзеў свой аблавух.
— Ну, давай бягом, пакуль не заўважылі.
Ялу стаяў бездапаможна.
— He, так я не магу. У цябе ж сям’я, дзеці.
— Якраз вось таму. Ды і не магу я болей жыць, калі справа загублена...
Чырвоны Сімі выпіхнуў Ялу і сам стаў на ягонае месца. Сонны канваір з вінтоўкай прачнуўся і вяла прамармытаў:
— Што там яшчэ? Вось зараз я штыком альбо прыкладам.
I якраз у гэты момант падышлі яшчэ канваіры, каб забраць палонных. Нейкі камандзір крыкнуў:
— Усе тут? Ніхто не ўцёк? Ніхто не памяняўся? Колькі ўсяго? Трынаццаць... Поўны склад! Ну, пайшлі! Наперад!
I яны зніклі ў чорнай ночы, акружаныя канваірамі. А Ялу Тайкінамаа застаўся стаяць у групе палонных на вясковым двары, спустошаны і бяссільны.
Павольна ішоў час. Допыты. Лета і лагер для палонных, шэрыя аднастайныя дні пад летнім небам, голад і глыбока прыхаваная злосць.
— Ну чаму, чаму мы не біліся як след? — пытаўся ў самога сябе Ялу, глыкаючы калатуху з карэннем нейкіх невядомых раслін. — Лепей было б памерці там, калі быў вынесены кароткі прысуд... А цяпер вось пакутуй. Сонца і садзіцца, каб потым зноў падняцца. Але ці падымецца яно для мяне, Ялу Тайкінамаа?
Кожны дзень з лагера вывозілі трупы памерлых ад голаду і хвароб. Жывыя ператвараліся ў цені, у шэрыя схуднелыя здані. Усё да апошняй травінкі павыдзіралі галодныя людзі ў лагеры, нават сосны стаялі з абгрызенай на вышыню чалавечага росту карой.
«Мораць голадам, — думаў Ялу, круцячы свае вялыя і грубыя, як нітка, думкі. — Ды і ў іх з ежай не надта. А хто ж дасць лішнюю крошку палоннаму, калі і самому не хапае. На зямлі няма ежы. Шмат забівалі, але трэба забіваць болей. Зашмат людзей».
Аднак і ў роспачы надзея не пакідала яго.
Ён застаўся жыць, ён жыў.
Прайшла восень у лагеры для палонных, потым гады ў турме, думкі ацяжэлі, нібыта закамянелі: так жыве чалавек з цяжкім лёсам, няшчасны чалавек.
I гэтая думка прынесла яму нейкае дзіўнае задавальненне.
Затым прыйшла воля. Зноў расчыніліся перад ім вароты турмы. Стаяла лета, зелянела трава, вісеў у паветры дурманлівы водар, і ад слабасці дрыжэлі ногі. Ялу Тайкінамаа было гадоў трыццаць пяць, аднак з выгляду яму можна было даць і пяцьдзесят. Ён схуднеў на трэску і выглядаў гэткай жа сухой жардзінай, як некалі ягоны дзед пад час хваробы, з шэрай завялай скурай.
Такім стаў Ялу Тайкінамаа, адзіны сын Вялікага Тэрапя. I куды цяпер ён падасца? Некалі ў турме ён пахваліўся аднаму прыяцелю, што калі выйдзе з турмы, то ніколі болей не будзе працаваць, ніколі болей не возьме ў рукі ніякай працоўнай прылады.
— А як ты будзеш жыць?
— Нічога, людзі пракормяць. Дурні шмат працуюць, нават залішне. Вось з-за таго, што адны працуюць зашмат, і пачынаюцца на свеце вялікія войны. Збіраецца на свеце шмат прадуктаў працы, якія немагчыма спажыць. Робяць зброю, снарады, страляюць адзін у аднаго, не памагае. Зашмат людзей, зашмат прадуктаў працы. Калі б людзі толькі елі, яны не нарабілі б гэтулькі прыладаў для вынішчэння чалавека.