— Дык чаму ўсё гэтак з ім зрабілася. Дарэмна пытацца. Там, наверсе, ці Бог, ці нячысты, хто-небудзь з іх добра ведае, але маўчыць... Вось так, куча гною!
З самага дзяцінства Ялу атрымліваў ад лёсу толькі моцныя кухталі. На імгненне ён адчуў нейкае дзіўнае, крыху сумнае пачуццё, калі падумаў аб тым, што ўсе ягоныя няшчасці ад таго, што ён дзіця жорсткага лёсу...
Нібыта цяжкі шэры сон прайшлі месяцы, і стала вядома, што гаспадар Тэрапя паправіўся. Надышоў суд. Пад час двух судовых паседжанняў Ялу стаяў і адчуваў у сабе нейкую трывогу і злосць, калі вяскоўцы, выцягваючы шыі, глядзелі на яго: вось ён стаіць, сын Вялікага Тэрапя, у паласатым убранні, закуты ў жалезныя кайданы...
I вось Ялу Тайкінамаа пачуў свой прысуд: два гады на казённым хлебе ў губернскай турме з чырвонай цэглы.
Стаіць спякотны летні дзень, ярка і горача свеціць сонца. Падзёншчыкі Тэрапя робяць плот каля высахлага і пыльнага папару. Адзін з іх, шырока расставіўшы ногі, забівае кол, злосна плюе і кажа:
— Што сын, што бацька Тэрапя — адно і тое: і таму і другому патрэбны вежы, ды ўсё цагляныя, цагляныя.
А сын Вялікага Тэрапя сядзеў у цагляным доме. Ён сядзеў на хлебе і вадзе, з кайданамі на нагах, а наручнікі былі закляпаныя так шчыльна, што часам аж курчыліся пальцы. Калі з яго знялі аковы, дык ён не змог стрымацца і пачаў крычаць і лаяцца так, што настроіў супраць сябе ўсіх ахоўнікаў. Асабліва змрочным жыццё здавалася яму ад немагчымасці змяніць сваё становішча, і недзе глыбока ў душы вырастала неспатоленая злосць і горыч. Ён успамінаў пра тое, што некалі ў дзяцінстве вычытаў у кніжках, імкнуўся звязаць гэта са сваім становішчам і думаў, як адпомсціць. Цяпер ён не будзе такі дурны і бяздумны. Цяпер ён будзе асцярожны, вельмі асцярожны, бо адзін раз ужо трапіў у няшчасце... Якое права маюць адны жыць лепей, чым другія? Няхай ва ўсіх будзе адно шчасце і адна бяда...
Так ён змрочна сядзеў у цёмным куце і абдумваў свае планы, бледны твар яго палаў, звінелі ланцугі на нагах.
— Хай яно гарам гарыць усё сучаснае грамадства. Няхай абрынецца ўсё старое і дурное, каб можна было пабудаваць нешта новае, хоць і не ведаю якое. Няхай узнясецца новы Рог Шчасця, як некалі ў майго старога бацькі... Хаця і яго некалі спаліць агнём. — Ах, ён быў цяпер як Саатаснама, вялікі і змрочны паўстанец! Ён успомніў пра старую цікавую кнігу, якую так некалі любіў, і сэрца ягонае задрыжала ад злосці і гонару. Ну хоць бы раз нанесці ўдар, паказаць зубы, выпрастаць магутныя крылы і ўзляцець вольным арлом...
Такія былі думкі Ялу Тайкінамаа, маладога зняволенага, думкі змрочныя, поўныя нянавісці і жадання абрынуць усё старое грамадства. Няўклюдныя і бясформенныя, нібыта вялізная пачвара, думкі цяклі павольна, быццам ступалі на драўляных нагах. Аднак гэтыя думкі надавалі сэнс ягонаму жыццю, будзілі прагу да жыцця і надзею на лепшыя часы. Ён ужо не глядзеў на сябе, як на высахлую сасну, шэрую і бясплодную, на якой ніколі не вырастуць зялёныя галіны. Ён адчуваў, як у ім забурлілі жыццёвыя сокі і абудзіліся магутныя сілы зла і пераўтварэння.
XX
Воля! Дзверы цаглянай вязніцы расчыніліся.
Была зіма, светлая і празрыстая. Праз галіны нямых дрэў прасвечвала глыбокая сінеча, і шэры, з чырвонымі адлівамі дым уздымаўся высока ў неба. Але для Ялу Тайкінамаа гэта была вясна, і непаўторны вясенні водар моцна хваляваў ягоную душу. Вераб’і, жывыя шэрыя камячкі, кружыліся каля гною на дарогах і нешта вяшчалі сваім чырыканнем.
Ялу Тайкінамаа паўсюль бачыў і глыбока ўдыхаў вясну барацьбы і волі.
Гэта была вясна паўстання. Частка фінскага народу паўстала і пайшла вайной супраць другой часткі. Яны стралялі адзін у аднаго бліскучымі нікелевымі кулямі, калолі штыкамі, тоўстыя гарматныя ствалы цяжка керхалі і шпурлялі ў людзей метал, які ператвараў іхнія целы ў кавалкі мяса, запальваў дамы, нібы свечкі.
Мяцежнікам быў і Ялу Тайкінамаа, адзіны сын Вялікага Тэрапя, самы чырвоны з усіх чырвоных. Нарэшце спраўдзіліся ягоныя даўнія сны! Цяпер ён быў як Саатаснама, адважны герой з дзіцячай кнігі, вастравокі і змрочны Саатаснама, мяцежнік, чый голас грымеў сярод стрэлаў, праносіўся праз дым, праз густы бліскучы лес дзідаў, з якіх капалі чырвоныя важкія кроплі... Так, настаў час разбурэння, крыві, крыві і агню! Трэба пранесціся па зямлі, як знішчальны агонь! Праглынуць і знішчыць усё старое, зношанае і спарахнелае. Няхай уздымаецца агонь, як пякельнае полымя, якое спаліць, пакарае і ачысціць усё... Няма нічога вечнага на зямлі, дык няхай знікне ўсё дрэннае, каб на тым месцы вырас новы свет, новыя светлыя будынкі. Няхай цяпер пануе злосць і помста, каб потым, калі ўсё аціхне, на свеце насталі новыя шчаслівыя дні, а пакуль няхай гараць і дымяцца спарахнелыя будынкі, няхай плыве над зямлёю чырвоная крывавая пара.
Ялу ішоў па бясконцых вясенніх дарогах, і адважныя паўстанцкія песні прымушалі віраваць ягоную кроў. Цяпер паўстанцы змагаюцца за святую справу, а заўтра надыдуць шчаслівыя часы, яны будуць шчаслівыя і для яго, каму выпала нялёгкая доля. Ды толькі ці надыдуць яны. А можа, ён, як і правадыр мяцежнікаў Саатаснама, яшчэ пабачыць, як усё загіне, і яму таксама давядзецца загінуць? He, настане перамога, справядлівасць і праўда прывядуць да перамогі, сталёвыя мячы яшчэ не ступіліся...
Перамога! I невялікая бяда, калі закарчанелае цела Ялу Тайкінамаа будзе ляжаць у расталым, чырвоным ад крыві снезе і тэлеграфныя драціны будуць спяваць над ім сваю журботную песню. Шмат людзей ужо загінула за святую справу, шмат яшчэ загіне.
Ялу Тайкінамаа крочыць у атрадзе чырвонагвардзейцаў, схуднелы, у аблавухай шапцы на галаве, у чырвоным шаліку, даўгія канцы якога матляюцца пад ветрам. Стомлены, ён ляжыць на сумёце, прыціснуўшы стрэльбу да шчакі карычневым прыкладам, і злосна выплёўвае нікелевыя кулі ў ворагаў. Вораг быў недзе там, крывасмок, буржуй, які ўяўляўся Ялу вялізным, пузатым, тупым і надзьмутым. Ён не хоча, каб насталі новыя часы, раўнапраўе, калі шчасце і гора будуць падзелены пароўну і кожны атрымае сваю долю... Ён па-ранейшаму хоча трымаць верх, ён хоча як мага далей трымаць у сваіх руках нітку шчасця, а іншым кідаць толькі аб’едкі; ён хоча, каб для Ялу Тайкінамаа ніколі не насталі шчаслівыя і спакойныя часы... Ялу люта ненавідзеў свайго ворага і праклінаў яго за тое, што ён не быў такім, як здавалася: адкормленым буржуем; яго нялёгка было пракалоць штыком альбо збіць прыкладам у рукапашнай бойцы.
Аднак атрад не кінуўся наперад і не рынуўся ў бой. Недзе ў канцы калоны ўпаў баец, і вясновы снег афарбаваўся чырванню, і тады ўсе пацягнуліся назад па той самай даўгой дарозе, пакрытай вясновым снегам, галінкамі і саломай. Неба было светлае, свяціла сонца, але Ялу паглыбіўся ў змрочны роздум, і чырвоны шалік па-ранейшаму матляўся ў яго на шыі. Ён усё не даваў веры, што адбылося нешта нядобрае: гэта толькі часовая няўдача, яшчэ крыху — і яны кінуцца наперад і перамогуць. Ну і што, што некага забілі? Шмат людзей гіне і тут і там. Затое тым, хто застаўся жывы, будзе болей прасторы, болей шчасця і долі...
Але атрад усё ішоў па бясконцай вясновай дарозе, прыпякала сонца, цурчэла вада ад расталага снегу. Усё часцей і часцей каго-небудзь ззаду даганяў бязлітасны свінец, нібыта жалезная дзюбка нейкага прывіднага ястраба, чалавек падаў на сумёт, і снег навокал чырванеў пралітай крывёю. Усё часцей стрэльба з карычневым прыкладам апускалася і замаўкала. Атрад паўстанцаў цяжка цягнуўся па дарозе, настрой падаў, няпэўнасць і страх, што канец ужо недалёка, апаноўвалі яго. Тыя ж, хто ўступіў у бой, ішлі, выпнуўшы грудзі, хоць і ведалі, што справа загінула, але яны спадзяваліся, што памруць у яркіх патоках крыві, у віхуры снегу і попелу... Потым, адной вясенняю ноччу, калі аголеныя лясныя паляны ў месячным святле здаваліся пустэчай, Ялу Тайкінамаа раптам убачыў сябе палонным. Ворагі хітра атачылі іх і загналі, як рыбу ў нерат. Ялу змарнеў ад шматтыднёвай абароны, ад роспачных думак, што ўсё загінула. Закасцянелымі бяссільнымі рукамі ён ледзьве мог загнаць патроны ў магазін вінтоўкі, потым і патроны скончыліся, і ў той жа момант нехта вырваў з рук яшчэ гарачую зброю. Яны трапілі ў палон. Забітых было шмат, вельмі шмат, нават там, дзе адбіваўся з кулямёта Чырвоны Сімі. Параненых было безліч. А Ялу стаў палонным. У начной цемры чуліся крыкі і лаянка, стогны параненых, недзе яшчэ грукалі стрэлы, разрываючы паветра, як удары вялізнай пугі.