Вечар выдаўся цёмны, віхурысты. Калючы, цвёрды снег раставаў на твары, як соль, і скура смылела. Аднак Ялу не змог уседзець і праз цемру і завіруху пабрыў да Тэрапя. Там ён спыніўся, прысеў за вуглом дома і злымі халоднымі вачыма стаў сачыць за хутарам. Вось і гаспадар Тэрапя з ліхтаром у руцэ падаўся да канюшні. Ялу выбраў пад павеццю сухое бярозавае палена і незаўважна пракраўся ўздоўж сценкі да варот. Агеньчык у акне насмешліва падміргваў яму праз чорную цемру, вецер выў у падстрэшшы, шорсткія сняжынкі калолі твар.
Высока падняўшы ліхтар, гаспадар выйшаў з канюшні. Удар паленам прыйшоўся яму па руцэ, ліхтар выпаў і разбіўся. У той жа момант чорны цень кінуўся да гаспадара, нож прабіў суконную світку, упіўся ў грудзі, пырснула кроў, і чалавек з кароткім ускрыкам паваліўся на разбіты ліхтар. А Ялу кінуўся бегчы, шпурнуўшы акрываўлены нож у снег. Па спалатнелым твары хвастала завіруха, і вецер вішчэў у полі, як недарэзаная свіння.
— Ну вось, атрымаў, нячысцік, жалязяку пад рэбры, — прахрыпеў забойца, сцішваючы крокі. На другі дзень Ялу даведаўся ад вяскоўцаў, што нехта ўдарыў нажом гаспадара Тэрапя і той пры смерці, можа, хутка і памрэ. Ён слухаў людзей, слухаў, як яны дзівіліся, хто б мог такое зрабіць, і маўчаў. Ён радаваўся, што раней ніколі не лез у чужыя размовы, а таму ніхто і не здзіўляецца, што ён маўчыць і цяпер. Але ўдзень, калі ён зноў пачаў секчы дровы, у душы нарадзілася трывога. «А што, калі ўсё раскрыецца? А што, калі яго закуюць у кайданы і пасадзяць у турму?» Раптам ён адчуў, што любіць жыццё і волю, нягледзячы на тое, што жыць даводзіцца вельмі цяжка. У душы пачаліся згрызоты, яго даймаў слізкі, халодны страх, аж ногі халаднелі. Ён пачаў маліцца Госпаду, нягледзячы на тое, што да гэтага часу нават не ўспамінаў пра валадара нябеснага, не верыў у яго існаванне, а часам і праклінаў творцу, кажучы, што калі недзе і ёсць, то ён проста дурань... Цяпер жа ён маліўся, нават укленчыў проста ў снезе, прасіў Усявышняга дапамагчы і абяцаў, што будзе добрапрыстойным вернікам і праведным. Ён горка каяўся ў тым, што зрабіў учора, праклінаў свой грэх і свой неабдуманы ўчынак. Ён абяцаў, што калі Бог даруе яму, то стакроць будзе ўхваляць Госпада. Потым яму стала сорамна і прыкра: ці час яму, небараку, прасіць у Бога паратунку?.. Ці сумленна гэтак абяцаць, што гэта твой апошні грэх толькі таму, што не хочаш адказваць за яго... Занепакоены і прыціхлы, з затуманенай галавой ён вырашыў паехаць на лыжах да хутара. Там ён пачуў, што злачынцу ўжо знайшлі. Гэта быў торпар, які і раней заўсёды сварыўся з гаспадаром, былым суседам Тэпо. Але той кляўся і бажыўся, што ні ў чым не вінаваты і ў той дзень нікуды не выходзіў са свайго дому. Ён быў моцна ўсхваляваны, мітусіўся, бесперапынна хрысціўся і бажыўся, што ні ў чым не вінаваты. Гаспадар жа трызніў у непрытомнасці і наўрад ці змог бы пазнаць таго, хто напаў на яго цёмнай ноччу. Торпара арыштавалі. Кажуць, што паліцэйскія дубінкамі хацелі выбіць прызнанне. Тады арыштаваны раззлаваўся, сціснуў зубы, а потым закрычаў, што гэта не ён ударыў гаспадара, але добра, што нехта гэта зрабіў... Правільна зрабіў! Можа, гэта сам сатана разануў свайго...
Ялу пачуў усё гэта і адчуў, як страх пакідае яго, нават узрадаваўся: Гасподзь пачуў ягоныя малітвы і дапамог яму... У той жа час мільганула думка, што не зусім праведная гэта дапамога: невінаваты чалавек будзе пакараны з-за яго! Вось так заўсёды на свеце. Пакутуй, нічога, што ты вінаваты альбо невінаваты... Але ён заглушыў такія думкі, сцішыўся і нават засаромеўся: што яму ведаць пра нябесныя справы? Справы Усявышняга няведамыя простаму чалавеку. А можа, гэты арыштаваны меў які-небудзь грэх перад Госпадам і не замаліў яго... Вось за гэта яго і абвінавацілі. А яго, Ялу Тайкінамаа, Гасподзь памілаваў. I ён сапраўды адчуў, што ноша ягоных грахоў не такая ўжо і вялікая, каб несці за гэта яшчэ і кару зямную. Ён выправіцца і будзе весці прыстойнае жыццё. Напэўна, Гасподзь пачуў яго і паказаў правільны шлях.
I Ялу, то згараючы ад трывогі, то зноў супакойваючы сваю душу, шчыра ўзяўся за працу. Ён прыходзіў дадому позна вечарам, еў, выпростваў стомленыя суставы, засынаў, а зранку зноў прачынаўся з пачуццём трывогі. Яго непакоіла, што будзе з тым торпарам? Як той лаяўся, калі лажыўся спаць на падлогу ў турме? А ў яго ж гаспадарка, жонка і куча дзяцей. I жылі яны не надта багата, а болей у нястачы... А ты, малады хлопец, у якога ні радні, ні сяброў, азінокі чалавек, будзеш гуляць на волі. А за тваё злачынства будзе расплачвацца нехта іншы. I зноў у галаве ў Ялу мільганула думка: што ж ён там думае, гэты ўсемагутны стары на небе... Ён толькі напужаў яго і даў яму добры ўрок. Аднак настане час, і яму давядзецца адказваць за свае грахі. Дык ці варта хадзіць пад вечным страхам, што некалі карная сякера апусціцца і на цябе? Ці не спакайней хадзіць па свеце, пакорліва працаваць, каяцца і тым расплочвацца за свае грахі. Але няўжо заўсёды хадзіць у страху перад расплатай, баючыся прызнаць свой грэх? I любая твая радасць, любая думка і шчасце будуць атручаны страхам перад Богам, які можа раззлавацца і ў любую хвіліну пакараць цябе за патаемны грэх. Лепей ужо, каб гэтыя ўдары ўпалі на цябе адразу! I не будзе табе чаго таіць, і душа твая будзе спакойная... Ялу апантана сек дровы, і душа яго калацілася, як у ліхаманцы. Міналі дні. Аднойчы ранкам ён адчуў у душы дзіўную палёгку і халодны спакой. Ён пайшоў у вёску і прызнаўся ленсману, што гэта ён ударыў нажом гаспадара Тэрапя. Торпар не вінаваты. Яго трэба неадкладна вызваліць.
Ялу Тойкінамаа арыштавалі.
Стаяў спакойны, цёплы і светлы зімовы дзень. Над ляснымі вершалінамі радаснай усмешкай свяцілася сонца.
Ялу закавалі ў кайданы. Наглядчык кляпаў кайданы, грукаючы малатком. Ялу сядзеў, утаропіўшыся нерухомым позіркам у падлогу.
— Навошта ты ўдарыў яго нажом? — запытаўся нарэшце наглядчык.
— Ён біў мяне малога. Біў па спіне.
— Кажуць, гэта так, — сказаў другі. — Ды яшчэ кажуць, і дзяўчыну ў цябе адабраў...
— Якая там дзяўчына...
— А навошта ты прызнаўся, каб цябе пасадзілі?
— Дык жа невінаватага абвінавацілі.
— А чаго ты так доўга чакаў? Таго ж адразу пасадзілі.
— Трэба было падумаць, спачатку ўсё ўзважыць, а потым ужо ісці пад гэты вянец.
— Мог бы крыху падумаць і раней, перш чым адважыцца на такую паганую справу. Вось і будзеш цяпер сядзець на казённым хлебе за гэты ўдар, хлопец.
Так і павезлі сына Вялікага Тэрапя ясным зімнім днём з роднай вёскі, закутага ў кайданы.
Двое падзёншчыкаў разграбалі гной у двары хутара Тэрапя. Яны паглядзелі ўслед саням.
— Здаецца, гэты хлопец навечна сядзе на турэмны хлеб, — сказаў адзін.
— Наўрад ці за адзін удар дадуць гэтулькі многа.
— Занадта ж яшчэ малады. Яму ж і дваццаці няма...
Конь бег трушком, рыпеў снег пад палазамі, і неўзабаве сані зніклі за даляглядам.
XIX
Ялу Тайкінамаа снаваў па камеры з голымі сценамі з кута ў кут, нібыта чаўнок. I зноў недзе ў самых цёмных закавулках душы з’явіліся чэрві страху і сумлення і пачалі бязлітасна грызці яго. Ён пачуваў сябе мярзотна, прыгнечана, жахліва. Чорт ведае навошта запіхваць чалавека ў каменны мяшок, дзе парахнее душа, а галава запаляецца, дзе самота цісне і душыць грудзі... Далі б хоць якую-небудзь працу, далі б крыху пабыць на дварэ, пад вольным небам, дзе шуміць вецер і плывуць хмары, каб хоць крыху неяк сталілі чалавечае цела...
— А што ж там з гаспадаром Тэрапя? Ці паправіўся ён? За што будуць судзіць — за цялесныя пашкоджанні альбо за забойства?
Так ён хадзіў, лаяўся і шкадаваў.
— Хаця б вынеслі прысуд, хай будзе любы, але каб спакайней адсядзець, скарыцца перад лёсам, калі ўжо так наканавана. Бо самае страшнае — гэта чаканне... I навошта мне спатрэбілася гэтак здурнеўшы кідацца на яго з нажом? Навошта было гэтак упадаць у шаленства? I чаму гэты торпар так папаўся, чаму ўсё так атрымалася?
Ялу хадзіў, начамі ён не мог спаць, думкі ягоныя бязладна кружыліся вакол гэтай справы. Яму здавалася, што з яго цела вырастае нейкі куст. Ён глыбока пусціў свае карані, і кожны дотык выклікае нясцерпны боль, але трэба яго выдраць, чаго б гэта ні каштавала.