Литмир - Электронная Библиотека

Вось гэта кніга якраз па Ялу! Хлопец чытаў і аж уздрыгваў, аплакваючы лёс Саатаснамы. Саатаснама загінуў. Ягоныя таварышы здрадзілі яму і прадалі, як нікчэмныя баязліўцы, і Саатаснаму забілі, спачатку паднялі на дзіды, а потым рассеклі на чатыры часткі. Полымя паўстання залівалася крывёю, але ідэя свабоды заставалася жыць, цеплілася і ўзрастала ў сэрцах зняволеных і прыгнечаных.

Гэтую кнігу Ялу Тайкінамаа чытаў і перачытваў некалькі разоў. Толькі калі даймаў голад, ён пакідаў кнігу, сек дровы або капаў канавы гаспадарам. Ён атрымліваў ад іх акраец хлеба і жменю солі, быў на выгляд хударлявы і слабы, але жылаваты і вынослівы, твар ягоны быў белы, а вочы гарэлі, нібы вуголле пад ілбом, які выступаў, як скала. Хлопец амаль ні з кім не размаўляў, ён хадзіў засяроджаны, паглыбіўшыся ў свае думкі. А людзі ўсё чакалі, калі ж у яго ад тых кніжак павылятаюць апошнія клёпкі з галавы.

Але здарылася так, што Ялу сталі апаноўваць зусім іншыя пачуцці. Яны хвалявалі кроў, і яму болей не хацелася чытаць чорныя адбіткі слоў на пажоўклай паперы і маляваць перад вачыма магутны вобраз Саатаснама. На хутары, дзе ён аднойчы працаваў сякерай і лапатай, каб зарабіць сабе на пражытак, ён убачыў дзяўчыну. Гэта была служанка з белай, гладкай скурай і бурлівай маладой крывёй. Маладая і прывабная. Маўклівы, змучаны працай, паглыблены ў кніжны свет Ялу адчуў, што ў ягонай крыві бурліць нешта гарачае і дурманнае. У галаву лезлі дзіўныя і спакуслівыя думкі. Яму мроілася маленькая чырвоная хаціна, чароўная жонка і дзіцятка ў яе на руках. Дарэмна ён стараўся заглушыць гэтыя блытаныя спакуслівыя думкі сілай розуму. Ён бачыў брудную хату, дзяцей, змучаную жанчыну, з якой давядзецца звязацца на ўсё жыццё, а значыць, усё жыццё не разгінаць спіны, каб здабываць ім кавалак хлеба. Вось такі лёс чакаў яго, яго, хто хацеў некалі перавярнуць жыццё, вырвацца з кола тупагаловых, такі лёс чалавека, у галаве ў якога спелі ўзвышаныя, хоць і бязладныя думкі, вялікія і дзівосныя памкненні. Аднак заўсёды бывае так, што нешта маленькае і нязначнае аказваецца мацнейшае, чым усё вялікае і прыгожае. Ён забыўся дарогу ў сваю хаціну, пакінуў старыя кніжкі пыліцца ў куце і цэлымі днямі круціўся каля вясёлай маладой дзяўчыны. Ён пераконваў сябе, што зусім неабавязкова думаць пра хаціну, дзяцей і законны шлюб. Можна і іначай: жыві, гуляй, цягні дзяўчыну да сябе ў ложак і весяліся.

Дзяўчына аказалася не вельмі пераборлівай. Ды і Ялу Тайкінамаа быў не такі ўжо паганы на выгляд: высокі, зграбны, з сумленнымі палкімі вачыма, да таго ж ён быў сынам Вялікага Тэрапя, некалі багатага і славутага чалавека. А магчыма, у схільнасці дзяўчыны да хлопца было простае жаданне жаночай паловы роду чалавечага вабіць і зачароўваць мужчын.

Такім чынам, Ялу Тайкінамаа апанавалі туманныя сардэчныя пачуцці, але адначасова з’явіліся і іншыя: раздражненне, зайздрасць і горыч.

Цяперашні гаспадар хутара, сын Тэпо, быў яшчэ нежанаты, паўсюль шукаў сабе жонку, і здарылася так, што палажыў вока на тую самую дзяўчыну, да якой заляцаўся Ялу. Па хуткім часе гаспадар хутара перамог: ён быў смялейшы, дужэйшы і, апрача таго, валодаў гэткім багатым хутарам. Дзяўчына, не доўга думаючы, выбрала багацея. Да таго ж болей прыветнага, чым небарака Ялу, ад якога можна было чакаць усяго, чаго хочаш. Праўда, яна не адразу паказала свой выбар. Яна вагалася, хісталася, нібы капялюш на пудзіле, але такое ўжо шчасце бедняка, сэрца якога працінаюць усе вятры, вось і дзяўчына ўсё вагалася і не ведала, у які бок зваліцца, ды і ці звальвацца ўвогуле. Яна зацікавіла абодвух мужчын, разбудзіла зайздрасць, варожасць і рэўнасць.

Нябожчык Законнік Матці жыў на зямлі Тэрапя, бо сваёй у яго не было, толькі гэты невялікі шматок, дзе стаяла хаціна. I вось малады гаспадар Тэрапя пачаў думаць, як дапячы свайму суперніку, і ўспамінаць, ці была закладная папера на гэты шматок зямлі. Ён пачаў шукаць закладную і знайшоў, а там было напісана, што арэнда хутка канчаецца, засталося некалькі месяцаў. Ён прыціх і стаў чакаць, а калі тэрмін сышоў, то сустрэў Ялу на хутары, дзе той ашываўся, каб пабачыць дзяўчыну, да якой яны абодва заляцаліся.

— Здаецца, гэта хата ўжо не твая. Тэрмін арэнды скончыўся, дык забірай свае кніжкі, іншае майно і матай адсюль.

Ялу спалатнеў, душу ахапіла сумота, а ўсярэдзіне ўсё кіпела ад злосці. He, яму было ўсё роўна, што яго выганяюць з хаты, не шкадаваў ён і сваіх кніжак. Злавала тое, што супернік гэтак паказаў перад дзяўчынай сваю ўладу, гэтак бесцырымонна загадаў збіраць манаткі. А гаспадар Тэрапя адчуў сябе яшчэ болей упэўненым, вырашыў паддаць жару і прыпомніў колішняе:

— Вось бачыш, Ялу, і ты страціў свой дом, як і твой бацька.

Ялу нічога не змог адказаць на тое, ён нават не падумаў, ці мае права гаспадар гэтак адразу высяляць яго. Ён адчуў пустэчу і знясіленасць.

— Плакаць не збіраюся, — нарэшце вымавіў ён. — Жыві сам тут, калі хочаш. Усё ж дармавы прытулак...

— I ў мяне дармавы, але я занепакоіўся б, калі б мне загадалі выбірацца адсюль.

Праз некалькі дзён Ялу прыйшоў паглядзець сваёй хаціны. Рамы павыдзіралі, у пустой будыніне стаяла халадэча, праз вокны намяло снегу. Непатрэбная мэбля была выкінута на двор, вецер замятаў зваленыя ў кучу кнігі, матляў раскрытыя старонкі. У той жа момант ён пачуў віскат палазоў і залівістыя званочкі: паўз яго праляцеў конь, запрэжаны ў сані, дзе сядзелі двое. I ён, і яна засмяяліся, убачыўшы чалавека, які стаяў у пустым двары і нечага шукаў у гурбах. Гэта былі гаспадар Тэрапя і маладзіца, якія, напэўна, ехалі да свяшчэнніка.

Хлопцу, які стаяў перад хатай у двары, стала вельмі цяжка. Яго нібыта наскрозь прахапіў халодны, злы і жорсткі зімовы вецер. Дарэмна ён стараўся супакоіць сябе тым, што не варта плакаць з-за гэтай жанчыны, ці мала такіх на свеце. Проста гэтая самка дорага прадаецца. Аднак ён усё ж адчуваў, што з рук у яго выслізнула нешта такое, чым ён імкнуўся авалодаць. I ён падумаў, што і хаціна, і кнігі ўсё ж нечага варты. Сядзеў бы ён цяпер каля грубкі, чытаў бы і раздумваў бы, а гэтая дурная гісторыя проста забылася б. А цяпер усё ляснула.

Ён цяжка пайшоў па глыбокім снезе, пакінуўшы свае кнігі і пажыткі пад гурбамі ў двары. Хай бяруць усе, хто хоча, ці людзі, ці чэрці.

XVIII

I вось Ялу Тайкінамаа туляецца ў змрочнай шэрай вёсцы, і ў душы яго таксама халодны змрок і пустэча, як самай халоднай зімой, безнадзейна і сумна, нібыта ў самыя вялікія маразы. Час ад часу ўздымаўся шалёны вецер, вар’яцела завіруха, бязладна кідаючыся туды-сюды. I тады душа Ялу перапаўнялася злоснай атрутай і горыччу. У шэрай пустэчы ягонай душы вырастала бязмежная злосць і прага помсты.

Яму хацелася неяк адплаціць гаспадару Тэрапя. Той адабраў у яго дзяўчыну і прытулак, дзе ён мог сядзець каля грубкі, слухаць, як за вуглом свішча вецер, дзе ён мог чытаць і мроіць пра сваё далёкае шчасце. Ялу думаў, што не так ужо і важна, не так патрэбна яму дзяўчына і прытулак, якія адабралі ў яго, а галоўнае цяпер неяк прыпомніць гаспадару Тэрапя ўсё былое, давесці яму, памучыць і ўтаймаваць, даказаць, што ён нікчэмны, гнюсны, мярзотны чалавек...

Ялу раздумваў і гаварыў сабе, што трэба быць цярплівым і дальнабачным. Калі ён стане дужым, тады ён зможа адпомсціць за крыўду... Аднак такія думкі не супакойвалі душу. Хто ведае, калі ён стане дужым, ды і ці стане ўвогуле? Адкуль яму ўзяць грошай, каб набраць сілы? З ветру і сонца?

Ялу распальваў сваю злосць, нянавісць працінала ўсю ягоную душу, нібыта цяперашні гаспадар Тэрапя быў вінаваты ва ўсіх тых няшчасцях, якія напаткалі яго ў жыцці. Аднойчы, калі хлопец сек дровы непадалёк ад лясной дарогі, гаспадар Тэрапя праязджаў міма на кані. Ён спыніўся, перадаў парабку лейцы і загадаў:

— Гэй, Ялу, завязі дроў і на Тэрапя! Можаш нават правесці ноч каля гаспадыні, успомніць старое каханне.

Ялу толькі заскрыгатаў зубамі і пачырванеў ад злосці. Ад крыўды ў яго адняло мову, і ён змог выдавіць толькі лаянку:

— А каб цябе тысяча чарцей даілі! Можа, мне яшчэ і папрацаваць на тваю пошасць з тваёю бабай?

38
{"b":"832363","o":1}