Литмир - Электронная Библиотека

Прыяцель глядзеў на Ялу круглымі вачыма. Ён глядзеў у налітыя крывёю вочы Ялу і думаў, што такія вочы могуць быць толькі ў вар’ята. Дый пляце ён абы-што.

I вось Ялу Тайкінамаа на свабодзе, ён крочыць па дарозе і заходзіць на хутар. Адразу відаць, што ён не звычайны прахожы. Ён садзіцца на лаву, схуднелы і даўгі, як жардзіна, налітыя крывёй вочы блішчаць на шэрым, нерухомым твары.

— Я змагаўся за свабоду, — загаварыў ён абыякавым, хрыпатым ад доўгага маўчання голасам. — Я ліў кроў за свабоду! Супроць чорта і д’ябла! Зямля свабодная! I я на ёй! Так заўсёды бывае са змагарамі за свабоду.

Ён паўтарае гэта доўга і аднастайна, а потым, нарэшце, просіць ежы і грошай.

— Ён, пэўна, не ў сабе, — думаюць гаспадары. — А чаму б і не, чалавек змагаўся за вольную зямлю, салдат-вызваліцель... Можа, і здурнеў.

Яму даюць есці, даюць крыху грошай, і Ялу Тайкінамаа ідзе далей.

Ён ідзе да наступнага хутара: зноў садзіцца на лаву і, нібыта бязглуздае птушынае пудзіла, паўтарае тыя ж словы:

— Я змагаўся за свабоду! За свабоду я аддаў усё! I маёмасць, і сілу! Усё пайшло! I вось я цяпер!

I ён не адыходзіць, пакуль не атрымлівае грошай альбо ежы, калі галодны.

Так ён пачаў валачыцца з хутара на хутар, з вёскі ў вёску. Спачатку ён крыху саромеўся прасіць ежы і грошай у людзей, якім некалі зайздросціў, якіх некалі ненавідзеў і якімі пагарджаў. Але нічога з імі не будзе з-за гэтых капейчын. He заб’юць жа яго за гэтыя грошы... Тым болей што ён не хлусіў, ён жа і сапраўды змагаўся за свабоду.

Часам ён успамінаў голад у лагеры, свае пакуты і катаў і ў глыбіні душы праклінаў усіх, зноў адчуваў злосць і прагу помсты. Ён успамінаў сваё першае зняволенне, свае вялікія планы і фантазіі, як ён хацеў стаць правадыром паўстанцаў са старой кнігі. Цяпер ён пра гэта ўжо і не думае. Які з яго правадыр, які Саатаснама, калі ён, трухлявы пень, не змог пайсці пад расстрэл, а памяняўся з таварышам. Ён думаў пра тое, што калі б зноў людзі ўзяліся за такую справу... Ці пайшоў бы ён з імі? Ці стаў бы ён зноў страляць па ворагах, сціскаючы ў руках карычневы прыклад? А можа б, падпаўзаў бліжэй, каб калоць штыком... Яму станавілася непамысна, калі ўспамінаў турэмныя гады і здзекі турэмшчыкаў.

Так думаў Ялу Тайкінамаа, але ўсё ж не высветліў: пайшоў бы ці не. Нарэшце ён падумаў, што не пайшоў бы, а глядзеў бы збоку і цешыўся, як яны грызуць адзін аднаго і б’юцца, нібы дурныя бараны, ды так, што ажно лбы трашчаць. А ён, мудры чалавек, стаяў бы ўбаку і толькі назіраў.

Так думаў бадзяга, ідучы па доўгіх дарогах і паўтараючы людзям сваё адвечнае выслоўе: я змагаўся за свабоду...

У кішэнях ягонай падранай вопраткі, за падкладкай і ў іншых патаемных месцах пачалі збірацца грошы, папяровыя грошы. Ён жабраваў даволі ўдала, ніхто яму не адмаўляў. З нажабраваных грошай ён не траціў ніводнага пені. Каб не памерці з голаду, ён прасіў есці. А часам і сам дзівіўся, як добра ён спраўляецца з роляй жабрака. Ён ведаў, што ёсць і іншыя жабракі, у якіх болей прычын на адпушчэнне грахоў, чым у яго, Ялу Тайкінамаа. Але ім даставаліся толькі лаянка і выспяткі. Затое ён, калі ўжо заводзіў сваю песню, то не змаўкаў, пакуль гаспадары не лезлі ў кашэль і не давалі хто пені, хто пятак, а хто і дзесятку. Здаралася, што які-небудзь багацей-патрыёт, спачуваючы герою-вызваліцелю, даваў і большыя купюры.

Аднойчы Ялу пералічыў свае грошы і са здзіўленнем выявіў, што іх шмат, тысячы.

Тады ён падумаў: «Нездарма я сын Вялікага Тэрапя: грошы набягаюць. У майго бацькі таксама была драная вопратка, і ён таксама хаваў туды грошы, але нейкі злодзей сцягнуў іх. Вось я і дайшоў да таго, што збіраю грошы... Напэўна, гэта ў нас у крыві, наша радавое...»

Часам у яго пыталіся:

— Дзе вы змагаліся? У якіх войсках?

Тады ён рабіў выгляд, што не чуе, і цягнуў сваю звычайную песню: я ўсё аддаў за свабоду! Усё пайшло дымам! Вось так я і жыву!

І ўсе лічылі яго прыдуркаватым.

Мінула колькі гадоў.

Аднойчы летнім днём Ялу Тайкінамаа пералічыў свае грошы на ўскрайку лесу. Потым ён зноў схаваў іх і рашуча пайшоў па дарозе. Ён спяшаўся да роднай вёскі Тэрапя. Па дарозе яму вельмі карцела зайсці ў які-небудзь дом і завесці сваю адвечную песню:

— Я змагаўся за свабоду!

XXII

Стаялі начныя замаразкі, іней пакрыў наваколле. Мароз прыхапіў жыта і на хутары Тэрапя. Сівыя каласы ціха шапацелі пад золкім ветрам. Гаспадар змрочна глядзеў у акно і думаў: гіне збожжа. Ці варта старацца, калі за адну ноч можа загінуць уся твая праца. Ніякія дужыя рукі не дапамогуць...

У хату ўвайшоў схуднелы, як палка, дзіўны валацуга з пажоўклым тварам. Ён сеў на лаву і закудахтаў:

— Я змагаўся за свабоду!

— Кожны тут змагаўся за свабоду! Толькі хлеб ад таго не пабялеў, не пасмачнеў... Выдаткі і падаткі ўзраслі, а тут яшчэ і мароз, — злосна сказаў гаспадар і, павярнуўшыся спіною да акна, паглядзеў на дзіўнага госця.

А той, не зважаючы ні на што, прыдуркавата цягнуў:

— Я ўсё аддаў за свабоду! I вось я тут!

— Мы хутка ўсе пойдзем па старцах, калі не хопіць розуму. Прадаць бы каму гэтую старую парахню ды з’ехаць туды, дзе можна спакойна расціць хлеб, у Амерыку ці Аўстралію. Пішуць, што там жывецца няблага.

Пачуўшы гэта, валацуга перастаў буркатаць і прамовіў:

— Дык прадай!

— А які чорт гэта купіць! Я б прадаў, каб хоць крыху далі.

— Прадайце мне. Я дам.

Гаспадар уважліва разглядае яго. Што яшчэ ўзбрыло ў голаў гэтаму прыдурку.

— Значыць, дом захацеў набыць. А толькі што казаў, нібыта задаволены і меншым.

Бадзяга суне руку ў кішэню і выцягвае пачак грошай.

— Думаеш, я не змагу? Хоць цяпер выкладу грошыкі на стол, калі сыдземся ў цане.

Гаспадар вырачыў вочы. Бываюць жа такія багатыя вар’яты. Знайшоўся пакупнік. Ён глядзіць на прымарожанае жыта, паварочваецца, крыху вагаецца, а потым называе суму.

— Вось выкладай і будзеш гаспадаром.

Бадзяга сядзіць, ківае нагамі і нарэшце кажа:

— Ну давай, пісака, учынім дамову. Я не таргуюся.

Так і выйшла, купля адбылася. Бадзяга выцягнуў яшчэ пачак грошай з патаемнай кішэні, пералічыў і падаў гаспадару. Потым ён павесіў паліто на цвік і сказаў:

— Ну, вось я і зноў у родным доме майго нябожчыка бацькі...

Усе здрыгануліся. Толькі цяпер, уважна прыгледзеўшыся да валацугі з шэрым, пажоўклым тварам, яны пазналі Ялу Тайкінамаа, нашчадка былога ўласніка хутара. I гаспадар, які аднойчы зведаў нажа Ялу, глядзеў на яго спалохана і падазрона: што яшчэ ўзбрыдзе яму ў голаў... Аднак Ялу толькі і сказаў пісарчуку:

— Ну вось, трэба паставіць подпіс.

I ён працягваў:

— Няхай людзі не спяшаюцца сыходзіць. Калі зможаце, тады і паедзеце. Месца ўсім хопіць. А я чалавек адзінокі.

Аднак былыя гаспадары з’ехалі наступным днём. Хадзілі чуткі, што яны падаліся за мяжу. Перад ад’ездам былы гаспадар запытаўся ў Ялу:

— Як жа ты ацалеў у гэтай крывавай віхуры? Цябе ж, кажуць, расстралялі...

Аднак Ялу нічога не растлумачыў. Ён толькі і сказаў:

— He кожная куля забівае! Ды і зямля не такая ўжо цяжкая коўдра, каб з-пад ‘яе не выбрацца!

Неўзабаве па вёсцы пайшлі пагалоскі, што Ялу Тайкінамаа, адзіны сын Вялікага Тэрапя, купіў хутар Тэрапя і жыве там, як жыў некалі ягоны бацька. Казалі, што яго ўжо аднойчы расстрэльвалі. А ён жыве сабе і гэтак жа вар’яцее, як і ўсе ягоныя продкі. Вядома ж, Тэрапя. Казалі, нібыта ён хоча ажаніцца і завесці дзяцей. Нібыта ён сам казаў, што ягоны род не павінен вымерці. Калі ж да яго прыходзілі госці, то ніхто не мог зразумець ягонай гаворкі:

— Я быў чырвоным, — упэўнена тлумачыў гаспадар гасцям. — Я змагаўся за свабоду, а цяпер я буржуй. У мяне ёсць грошы і сіла. Голымі рукамі, поўзаючы па гразі, жыццё не палепшыш. Кожны сам за сябе. Калі не шанцуе, то дрэнна. А калі пашанцуе, дык станеш буржуем і будзеш буржуем, пакуль змогі хопіць...

Ён знайшоў сабе і жонку, маладую ўдаву. Час мінаў, але дзяцей не было. Ялу Тайкінамаа прагнаў жонку, сказаўшы ўслед:

42
{"b":"832363","o":1}