Раптам знізу даносіцца шум, грукат і нехта пранізліва лямантуе:
— Пажар! Гарым!
Законнік Матці спалохана ўскоквае. Вялікі Тэрапя замірае і ўважліва прыслухоўваецца.
— Гарыць першы паверх, — узрушана і спалохана крычыць Законнік Матці.
— Ага, ёсць такая прымаўка, што агонь добры парабак, але дрэнны гаспадар, — спакойна адказвае Вялікі Тэрапя.
— Што ты балбочаш! Бяжым тушыць!
Кідаецца да дзвярэй стары пісарчук. Вялікі Тэрапя рашуча спыняе яго, спакойна гушкаецца ў крэсле і кажа:
— Чаго ты галосіш! Я ж вось не плачу, хоць гарыць мая хаціна. У мяне такая звычка, калі што гарыць, то няхай гарыць! Ты ж памятаеш, як гарэў мой стары хутар Тэрапя... Праўда, відаць, што ўсё ў маім жыцці звязана з агнём?
— Глуздануўся, дурань стары! Бегчы трэба! Згарыць лесвіца, і капцы нам.
Законнік Матці хапае гаспадара за шкірку і цягне да лесвіцы, як наравістага быка.
— Усё гэта штукарствы тваёй бабы.
I ў гэты момант яны сутыкаюцца з маладой гаспадыняй, якая бяжыць ім насустрач.
— Усё знізу гарыць! — пранізліва вішчыць яна. — I сцены, i столь. Стары, у цябе ёсць што-небудзь каштоўнае, грошы ці яшчэ што, каб уратаваць!
Вялікі Тэрапя спакойна прыхіляецца да парэнчаў, расцягвае вусны ў з’едлівай усмешцы і акідвае жонку д’ябальскім здзеклівым позіркам.
— Нічога ў мяне няма, зямныя справы мяне мала цікавяць...
Раптам ён трывожна азіраецца.
— А дзе хлопчык і Дзева?
— Вось гэта і ёсць ягонае багацце, — насмешліва кідае гаспадыня. — Ды там яны, цэлыя, выцягваюць на ганак свой скарб.
Вялікі Тэрапя зноў прыхіляецца да парэнчаў і задумліва сочыць, як полымя рвецца з акон першага паверха. У нос патыхае дымам і гарам.
— О, чалавеча! — крэкча Матці і трасе яго за плечы. — Няўжо табе няма чаго ратаваць? Ну хоць бы маю распіску.
— Кожны клапоціцца пра сваё, — спакойна адказвае Вялікі Тэрапя. — Цэлая твая распіска. Спадзяюся, і мая старая вопратка таксама цэлая? Калі агонь жарэ ўсё маё дабро, прыйшоў час апрануцца і мне ў сваё жабрацкае адзенне.
— У завэдзганы кажух і шапку? — дзівіцца Законнік Матці. — Ды я іх аддаў яшчэ ў маразы шаўцу Тэпо.
Вялікі Тэрапя няўцямна глядзіць на яго круглымі вачыма, нарэшце да яго даходзіць, і ён болей не стрымліваецца:
— Аддаў Тэпо! Ты аддаў маё адзенне Тэпо! Святы Божа! Дык вось якая амерыканская спадчына ў Тэпо! У тым адзенні я схаваў свае грошы, мае запасы на чорны дзень, маю падтрымку на старасць... I ўсё пайшло на вецер. Ты, г... сабачае, ты пусціў мяне па старцах.
— Адкуль жа я ведаў, — устрывожана адказвае Законнік Матці.
— Дык вось дзе быў ягоны банк! — злосна і расчаравана крычыць маладая гаспадыня. — Грошы прапалі, дамы згарэлі, а ён усё прыдурваецца.
Вялікі Тэрапя раз’юшана тупае нагамі.
— Згарэлі, раз іх падпалілі! А ты, чортава баба, расцягнула мой набытак дый дом мой падпаліла! Пачакай, будзе табе і не такая бяда.
Але маладая жанчына здзекліва пасміхаецца і адказвае ласкава, амаль пяшчотна:
— А як ты гэта дакажаш? Хто ты цяпер? Бывай, любы, бывай навек.
Нахабніца нават падае яму руку, але Вялікі Тэрапя і вокам не міргнуў. Тады яна паспешліва бяжыць уніз па лесвіцы.
— Каб і духу яе тут не было.
— Ну, што будзем рабіць? — бездапаможна пытаецца паніклы Законнік Матці. — Можа, як-небудзь прыціснем шаўца ды забяром грошы назад?
— Нічога не выйдзе. He такі ўжо ён дурны.
Унізе са звонам трэскаецца шкло, языкі полымя ўрываюцца на вузкую лесвіцу, прагна ліжуць драўляныя парэнчы. Старыя збягаюць уніз, выбягаюць на двор і стаяць воддаль, назіраючы, як полымя раздольна гуляе ў вялізнай вежы, нават і не збіраюцца тушыць пажар.
— Гэтыя таўстыя цагляныя сцены будуць стаяць вечна, — гаворыць нарэшце Законнік Матці, — і гэта ўсё, што табе застаецца. Што ты будзеш рабіць?
Вялікі Тэрапя стаіць, шырока расставіўшы ногі, і спрабуе вярнуць сабе ранейшую ўпэўненасць і спакой. У душы ў яго раптам вырастае дзіўнае, магутнае пачуццё: вось стаіць ён, Вялікі Тэрапя, і спакойна глядзіць, як згарае ягоны дом.
— Што рабіць? — пытаецца ён, махае рукой і працягвае, як прапаведнік: — Шмат чаго можна рабіць! Але на ўсё свой час, як сказаў баран, калі яму секлі галаву! На гэтым свеце заўсёды так. Сёння ты аж трашчыш ад багацця, а заўтра ўвесь твой набытак ідзе дымам. Дзіўна жыццё паварочваецца, і невядома, дзе ты знойдзеш свой прытулак. Ды што там казаць пра зямныя справы. Адзін Госпад усемагутны і літасцівы, і ўсе лейцы ў ягоных руках...
Славуты Рог Шчасця Вялікага Тэрапя згарэў ушчэнт. Засталіся толькі задымленыя, шчарбатыя сцены, і халодны вясновы вецер тужліва скавытаў у руінах.
XV
Нябесны купал свяціўся сінечай, сонечнае вока глядзела цёпла і добразычліва, цёмная лінія небакраю выразна акаляла далягляд. Размаляваныя белымі пэндзлямі ветру і сонца шматлікія сумёты зіхцелі і іскрыліся ў яркім святле. Лес чырванеў ад вясенняга хмелю, і легкадумныя цецерукі куляліся сярод зіхатлівых сумётаў. Моцны водар смалы плыў у паветры, па дварах і дарогах разліваўся здаровы пах гною, і вясковы певень гарлаў свае прызыўныя спевы.
Там, сярод сакавіцкай сінечы, святла і белі, на ўскрайку поля тулілася шэрая хаціна шаўца Тэпо. Як асвяжыў яе сакавік? Ніяк. Першы месяц вясны агаліў яе сцены і дах, навешаў у падстрэшшы ледзяшоў, якія блішчэлі ў сонечным святле, час ад часу капаючы слязьмі са сваіх вострых стрэл. Паветра ля хлява насычана выпарэннямі і пахамі, карова рыкае ляніва і сумна.
А за цьмянымі шыбамі хаціны болей не сядзіць згорблены, варты жалю шавец Тэпо. Там сядзіць былы Вялікі Тэрапя з круглымі акулярамі на носе, у скураным фартуху, рукавы закасаныя па локаць; ён бадзёра пастуквае малатком, забіваючы цвікі ў абцасы.
Вось такім цяпер стаў багацей Вялікі Тэрапя, якога ўсе цяпер клічуць Памежнік Тэрапя. Усё ён прагуляў, а тое, што прыхаваў за падкладкай аблавухі, пайшло на карысць былога небаракі Тэпо. Рэшткі цэглы ад згарэлага Рога Шчасця, пярсцёнкі і якія-ніякія каштоўныя рэчы забяспечылі яму сродкі для існавання, і ён выкупіў у Тэпо гэтую хаціну, а сам Тэпо пасяліўся ў новым вялізным доме, купленым за кроўныя грошыкі Вялікага Тэрапя. Тут ён і жыве, як прывязаны, шые, правіць абутак, зарабляе сабе на харчы, бо некалі з-за сваёй скнарлівасці, калі яшчэ быў гаспадаром вялікага хутара, навучыўся шавецкаму рамяству. Ёсць у яго і жонка, праўда, невянчаная — гэта былая парабчанка, якая жыла ў Званіцы і якую ён заўсёды называў Дзевай, а законная жонка знікла невядома куды.
На багатым і вялікім хутары Тэрапя цяпер гаспадарыць некалі забіты Тэпо, а з ягонай старой жонкі пачынае выходзіць увішная і ганарыстая гаспадыня. Іхнія дзеці адзін за адным павярталіся дадому, каб дапамагаць працаваць на хутары.
Тым сакавіцкім днём былы Вялікі Тэрапя забіваў цвікі ў падэшвы ботаў, ягоная жонка ўвіхалася ля печы, гатуючы каву, а Законнік Матці сядзеў ля дзвярэй са сваёй нязменнай сумкай каля ног, глядзеў, як стары працуе, і казаў:
— Во як, вялікія дзівосы дзеюцца на гэтым свеце. Вось і былы багацей, Вялікі Тэрапя забівае цвікі ў чаравікі парабчанак і цялятніц, каб не выцягнуць ногі з голаду...
— Ну і што з таго? — спакойна адказвае былы багацей. — Шмат хто займаецца гэтым з дня нараджэння і гарбее за капыламі да магілы, але ім ніколі не даводзілася пабыць на месцы Вялікага Тэрапя, пажыць у радасці, у шчасці раскошы, ніколі не даводзілася адчуць усе выверты лёсу і шчасця... Даволі сумны лёс!
— Ты можаш супакойваць сябе, колькі хочаш, такімі думкамі, але болей за ўсё табе падыходзіць прымаўка: за дурной галавой і нагам неспакой. Вось ты на старасці гадоў з-за сваёй дурноты і дакаціўся да такога.
— А ці лепей мне было тады, калі я пералічваў кожную манету і дрыжэў, каб багацце маё павялічвалася, а не памяншалася... Ад смерці ж ніхто не адкруціцца, ні багацей, ні бядняк.
— Зусім іншая справа чакаць магілы, калі ў доме поўна хлеба і да хлеба. Ты рабіў бы ўсё, што захочаш, ёў бы ўдосталь, гаспадарыў бы на многіх землях, цябе шанавалі б і баяліся. Дык не, сядзіш вось, скаліш зубы ды толькі людзей дарэмна лаеш.