Пачалася адліга, і хворая зіма цяжка застагнала, закашляла. Пад нагамі чвякае снег, зверху на ягоную шурпатую паверхню ляніва падаюць самотныя празрыстыя сняжынкі.
Вось i шавец Тэпо вылез са сваёй цёмнай хаціны, і дзіўная думка невядома як трапіла яму ў голаў. Ён ідзе па заснежанай доўгай дарозе, абапал якой стаіць шэры штакетнік. Ён ідзе да Вялікага Тэрапя, у Рог Шчасця, у славутую Званіцу.
Высокае чырвонае пудзіла з цэглы ўзвышаецца сярод зімовай бялечы, гэтая недарэчная будыніна, і Тэпо апаноўвае страх і пачцівасць, калі ён падыходзіць да вежы і падымаецца па вітых усходах.
Ён уваходзіць у прасторны круглы пакой. Законнік Матці сядзіць там адзін. Ягоная доўгая пастава выдзяляецца ў крэсле, а партфель вісіць на поручні.
— Добры дзень, — вітаецца Тэпо.
— Добры, добры.
— Штосьці гаспадара не відаць.
— Ды тут недзе непадалёку. Сядзь і пачакай. Пагрэйся крыху. I кажух, бачу, табе згадзіўся.
Тэпо сядае і недаверліва глядзіць на даўгалыгага Законніка з-пад брывоў.
— Як бачыш, згадзіўся.
— Напэўна, дрэнна табе было, Тэпо, у такія маразы, а ў хаце ні палена дроў. Нездарма табе давялося пайсці і папрасіць гэту аўчыну, каб сагрэцца.
— Давялося пайсці.
Тэпо моўчкі глядзіць на суразмоўцу і раптам адчайна прамаўляе:
— Цяпер мне ўжо няма чаго выпрошваць усялякія аўчыны! Толькі што атрымаў такую-сякую спадчыну.
— Спадчыну? Адкуль?
— Ды брата майго старэйшага там, у Амерыцы задушыла каменнем, — спакойна тлумачыць Тэпо. — Вось мне і прыслалі грошы.
— Во як. Ён памёр, а Тэпо цяпер багацей... Нездарма прымаўка гаворыць: хто памірае, а хто хлеб нажывае.
— Дык вось якая справа, — няпэўна прамаўляе Тэпо, а потым адважваецца і працягвае: — Я прыйшоў як пакупнік. Я вось падумаў, ці не прадасць мне гаспадар хутар Тэрапя, а ён пражыве без бяды ў сваёй Званіцы.
— Ого! Відаць, шмат грошай табе прываліла, калі хочаш стаць землеўладальнікам. А чаму б і не прадаць, калі старгуемся? Прадаў жа ён амаль усе свае землі.
Уваходзіць Вялікі Тэрапя з цыгаркай у зубах.
— О, Тэпо, даўно цябе не было чуваць. Ну, што за справы?
— Нічога асаблівага. Я вось хацеў папытацца, ці не прадасць мне гаспадар апошні кавалак зямлі Тэрапя?
Вялікі Тэрапя здзіўлена глядзіць на яго і ніяк не можа ўцяміць, жартуе той ці ўсур’ёз, а потым расцягвае рот у з’едлівай усмешцы:
— Чаму б і не. Значыць, у цябе, Тэпо, у скрынцы столькі ўсяго, што ты і зямлю купіць можаш...
— Тое-сёе знойдзецца, — сур’ёзна і цвёрда гаворыць Тэпо. — Можам грошы хоць зараз выкласці.
Вялікі Тэрапя ледзь стрымаў сваё здзіўленне, і нават злосць пачынае варушыцца ў ім, ён усё не можа дапяць, здзекуецца з яго шавец ці сапраўды збіраецца выкласці грошы. Ён моўчкі сядзіць і думае. Рыпіць крэсла ў цішыні, і нарэшце Законнік Матці кажа:
— Ён, здаецца, атрымаў спадчыну.
— Во, нячыстая сіла! — гукае Вялікі Тэрапя. Да яго дайшло, у чым справа. — Разбагацеў. Ну, тады купляй Тэрапя. А мне можаш не даваць ніводнага пені. У мяне тут сабралася даўгоў гэтаму Коўпаіеху. Заплаці яму і забірай зямлю. А мне пакінь метраў дваццаць вакол дома.
— I ці многа ты яму вінаваты?
— He ведаю дакладна, але, пэўна, не надта. Якраз такая цана і будзе за Тэрапя.
— He ведаю, ці варта нам вось так, спехам, дамаўляцца, але калі тваіх даўгоў не надта многа, дык напішам купчую і я заплачу. А пакуль што збегаю да Коўпаіеху.
Тэпо нацягвае шапку і выходзіць.
— Пачакай, куды ты прэшся? — гукае яму ўслед гаспадар. — Ну добра, ідзі, падпіхні човен удачы. Шчасліва.
Вялікі Тэрапя падыходзіць да акна, глядзіць і кажа:
— Глянь ты на гэтага Тэпо! Адкуль яму гэтая спадчына падваліла? Вось зараз ён і палезе са сваёй мышынай нары, адхопіць сабе хлебнай зямелькі Тэрапя і ўсе мае радавыя пабудовы. Вось табе і галадранец шавец Тэпо! Чым вышэйшая куча гною, тым болей дзівосаў з яе пабачыш.
XIV
Яны елі ў сталоўцы на першым паверсе, седзячы за багата накрытым сталом. Вялікі Тэрапя, які раней, калі быў халасцяком, у бацькоўскім доме грыз сухія скарынкі, хоць і быў багатым, жаваў салёную рыбу і запіваў малаком, ды і то не кожны дзень, цяпер есць толькі багатую і смачную ежу і частуе гасцей. Яны сядзелі за абедам, Вялікі Тэрапя, Законнік Матці і маладая прыгожая гаспадыня, сядзела таксама яшчэ адна жанчына з маленькім сынам. Яе Вялікі Тэрапя запрасіў у Рог Шчасця, як толькі пасяліўся там з маладой жонкай, і гэта тая маладая парабчанка, з якой ён застаўся ў лазні ў той дзень, калі згарэў стары хутар Тэрапя. Маладзіца не адмовілася ад запрашэння і прыйшла жыць разам з яснавокім гарэзлівым хлопчыкам трох-чатырох гадоў, які быў вельмі падобны на Вялікага Тэрапя. Ды і сам гаспадар ніколькі не сумняваўся ў тым, што гэта ягоны сын.
Гэта вельмі не падабалася маладой законнай жонцы, і яна глядзела на непажаданых прыхадняў злымі вачыма і ўсяляк імкнулася дапячы сваёй незаконнай суперніцы. З гэтага амаль нічога не выходзіла, бо гаспадар, хоць і не ўмешваўся ў жаночыя сваркі, аднойчы цвёрда і назаўсёды забараніў жонцы цкаваць былую парабчанку.
У Дзевы, як называў яе гаспадар, і ў яе сына былі свае пакоі на апошнім паверсе, і заходзіць туды ў законнай гаспадыні не было ніякіх падстаў.
Застольная бяседа цякла, як звычайна, нічога асаблівага. Маладая гаспадыня кінула некалькі з’едлівых слоў пра былое жыццё Вялікага Тэрапя, імкнучыся зачапіць і цяперашняе жыццё, а мімаходзь падкусіць і другую гаспадыню, Дзеву. Але, як толькі яна прамовіла ўсё, што хацела сказаць, размова заглухла. Дзева з сынам, наеўшыся, падняліся з-за стала, а сам гаспадар патупаў наверх у вялікую залу, каб сесці ў сваё любімае крэсла-гушкалку і выкурыць цыгарку.
Законнік Матці і маладая гаспадыня засталіся ўдваіх. Жанчына нейкі час глядзела на старога адваката, потым ускінула галаву і злосна сказала:
— Нічога не зразумела, што думае гэты стары скнара. Ён шыкуе, і грошай яшчэ, відаць, у яго поўна.
— Ну, з грашыма яшчэ не ўсё ясна. У яго столькі даўгоў, што давялося прадаць усю зямлю Тэрапя, сваю апошнюю зямлю. Вось цяпер і будзе відаць, адкуль ягоныя даходы, ці мае ён якое патаемнае сховішча.
Маладая пышная жанчына сярдзіта тузае свой веер і кусае вусны.
— Няма чаго сумнявацца, грошы ў яго ёсць. A то чаму б ён сядзеў цэлымі днямі ў крэсле ды смаліў цыгаркі...
— Можа, ён чакае свайго часу, пакуль што-небудзь высветліцца, ці здарыцца якая бяда, ці яшчэ што... Калі нават у яго і няма нічога, дык усё роўна да яго ставяцца вельмі добра за ягоны характар. Яму яшчэ доўга будуць пазычаць. Шмат людзей яшчэ вераць Вялікаму Тэрапя. Нікому і ў галаву не прыйдзе, што ў яго можа не быць грошай. Усе думаюць, што ён проста так забаўляецца.
— Так, так, трэба нешта прыдумаць. Я не збіраюся вечна жыць у гэтым дурацкім кляштары, які ён называе Рогам Шчасця.
— А наўрад ці ён будзе пярэчыць, калі вы захочаце сысці адсюль, дый што з таго, калі б вы задумалі пайсці.
Жанчына ўсміхаецца і кажа звонкім строгім голасам:
— He, проста так я не пайду! Калі ўжо я вянчалася прылюдна з гэтым старым заімшэлым скнарам, дык павінна ж я мець нейкую выгаду, і хацелася б найбольшую.
— Ну , — лісліва кажа Законнік Матці. — Здаецца, большай выгады вам ужо не дабіцца.
— Вы так думаеце? Я што-небудзь яшчэ прыдумаю.
Яна пасміхаецца, гуляе з веерам і раптам рэзка пытаецца:
— А як па-вашаму, гэтая пацягуха Дзева не можа хаваць ягоныя грошы?
— Штосьці не верыцца. He думаю, каб ён даверыў каму-небудзь іншаму, асабліва жанчыне, такую важную справу.
— Але ж у яго няма ні сяброў, ні прыяцеляў, ён жа нават вам не давярае! А можа, ён зрабіў дзе-небудзь паблізу тайнік?
— Вам лепей ведаць.
— Гэты стары жмінда не можа жыць, калі ў яго пад рукой няма грошай. Ён іх прыхаваў недзе тут, у сваёй Званіцы...
— Можа быць, так, а можа, й гэтак.
— Ну-ну, добра, ёсць у мяне адна задумка, — разважліва кажа маладая жанчына, круцячы ў руках веер.
Законнік Матці пакідае яе, падымаецца па лесвіцы і бачыць у крэсле Вялікага Тэрапя. Яны размаўляюць пра тое-сёе, пра Тэпо, пра ягоныя спадкі, пра тое, што шавец удала купіў зямлю... Потым яны прымаўкаюць і сядзяць моўчкі, думаючы кожны сваю думу.