— Ты што, думаеш, я зусім глуздануўся, калі перастаў ліхвярыць і нажывацца? Hi ў якім разе! Вось што я табе скажу: калі я пачаў жыць, як пан, я ўзяў сабе жонку, і я ўзяў маладую, спрытную дзяўчыну, я, стары корч, які вось-вось аддасць канцы, а ёй дастануцца ўсе мае грошыкі! А я не збіраўся паміраць! Я толькі пачаў жыць з тае пары. Сам ведаеш, якое расчараванне гэта для маёй бабы. Тады і яна вырашыла схітраваць: пачала паціху красці ды збіраць мае грошыкі. Здаецца мне, што і ты, сябра мой душэўны, як мог, так і дапамагаў ёй. А цяпер яна думае, што я збяднеў, а ёй усё мала й мала, дык вось яна і вырашыла празнаць, ці не захаваў я яшчэ куды грошы, каб адправіць мяне да Абрама на піва, а ўсё астатняе са~ мой прыхапаць.
Законнік Матці, знямелы ад здзіўлення, глядзіць на яго.
— А калі ты так усё добра ведаеш, дык чаму ж ты не навядзеш парадак?
— А навошта мне веславаць і кіраваць, калі наверсе ёсць вясляр, лепшы за мяне? Ды і які я буду багацей, калі пачну ваяваць і судзіцца з усім светам і з усімі людзьмі?
— Хутка па старцах пойдзеш, вось тады і пасмяешся.
— Можа, і так, але ці варта турбавацца з-за таго, што будзе заўтра.
— Я сказаў табе ўсё, што павінен быў сказаць. Але табе ўсё адно. Ты думаеш толькі пра сябе. Ну што ж, дагэтуль ты трымаў лейцы лепей, чым хто іншы. Я пайшоў. Да пабачэння.
Ён падымаецца, бярэ капялюш, а Тэрапя працягвае гушкацца ў крэсле з цыгаркай у зубах.
Законнік Матці спускаецца па вітых усходах, а насустрач яму падымаецца мажная маладая жанчына з прыгожай паставай. Яна прыгожа апранута, і ўвесь яе выгляд, паводзіны і голас — усё выказвае холад і пыхлівасць. Гэта гаспадыня Рога Шчасця.
— Ну, — пытаецца яна, — нічога новага?
— Нічога. Здаецца, у яго няма прыпасаў, але гэта яго зусім не хвалюе. Ён усё яшчэ разумны і хітры мужык, хоць пару клёпак і вылецела...
— Хітрасць супраць хітрасці, — з нянавісцю прамаўляе жанчына. — Трэба знайсці грошы, хоць з-пад зямлі выкапаць.
— А можа, іх і ўвогуле няма.
— Павінны быць! Каб не было, дык гэты стары жмінда не сядзеў бы так спакойна.
— Мне здаецца, што не надта вялікая сума ў яго прыхаваная — я ўжо ўсё ведаю пра ягоныя справы.
— Маленькая ці вялікая, але яна мне патрэбная, і яе трэба знайсці, хоць лопні.
Стары законнік прысланяецца да парэнчаў і бездапаможна пакерхвае:
— Спадзяюся, што вы не зробіце нічога такога і не абчысціце яго дагала. Мне было б сорамна глядзець яму ў вочы.
— Ага! Вы спалохаліся!
Маладзіца глядзіць на законніка з асляпляльнай усмешкай, і вечаровае сонца залаціць яе кучаравыя валасы.
— He хвалюйцеся, вы атрымаеце сваю долю, дый старому што-небудзь дастанецца, каб не жабраваў.
— Так яно так. Але цяпер лепей пачакаць. He трэба спяшацца, a то ўсё сарвецца. Час — найлепшы саюзнік, ён усё падкажа, і спосабы, і магчымасці.
— О, гэта так сумна, чакаць і чакаць. Я і так дастаткова начакалася ў гэтай вязніцы. Вы разумны чалавек, вы зможаце і хутка і хораша...
Законнік Матці адмоўна хітае галавой.
— Лепей пачакаць.
Ён развітваецца і сыходзіць. Жанчына сочыць, як знікае гэты танканогі, нібыта жучок, маленькі чалавек.
— Вось яшчэ адзін дурань, — кажа сама сабе жанчына. У яе валасах залацяцца іскрынкі сонца.
XII
Зіма. Бясконцы снежны дыван укрывае ўсё навокал, і нават дрэвы ў лесе стаяць, нібыта пухлыя снежныя камякі. Мароз падціскае. Бляклы нябесны шацёр вісіць над стылай зямлёй. Толькі мільгаценне зорак і жоўтае кола месяца парушаюць ягоную аднастайнасць. Зімовае сонца, ледзь паказаўшыся над заснежаным лесам, тут жа знікае. Паветра марознае, шэрае, суровае і строгае.
Цяжкія часы насталі для старога шаўца Тэпо. Хацінка прамерзла наскрозь. Ён не можа пайсці ў лес па сумётах і сабраць там дроў у сваіх даўно пратаптаных чунях. Ён не адважваецца нават выскачыць на вуліцу, каб выламаць кол з плота ды пратапіць у хаце. Пойдзеш дый завязнеш у снезе, нібыта стары руды прусак. А вось гаспадарам хутара не даводзіцца цягаць дровы з лесу, яны не шыюць ботаў. Ім усё робяць загадзя.
Хура бурчыць, лаецца і кляне свайго Тэпо, людзей, надвор’е, зямлю і неба разам з усімі жыхарамі. Тэпо сядзіць нерухома, моўчкі карпее над сваімі калодкамі. На душы ў яго вельмі сумна.
— Каб было якое-небудзь цяплейшае лайно з аўчыны, тады б, можа, і мароз не так дапякаў і можна было б наламаць крыху дроў.
У ягонай памяці ўсплывае нязменны стары кажух Тэрапя, які той цягаў і зімой і летам.
— I куды гэта падлюга дзеў свой кажух?
Нейкі час ён думае, а потым вырашае схадзіць да Законніка Матці і спытацца аб тым. Праз марозную цемень, падскокваючы, як заяц, у сваёй дзіравай світцы, ён імчыцца да хаты Законніка.
— А-а-а, — кажа Законнік Матці. — Старыя апранахі Ійсакі Тайкінамаа? Яны ў мяне. Ён аддаў іх мне ў заклад невядома навошта. Пэўна, нешта задумаў. Так, старое рыззё. Можна і выкінуць, але хутка яму самому спатрэбіцца, бо дагуляўся, хутка па старцах пойдзе...
Тэпо пахмурна пазірае і прытопвае нагамі.
— Дык аддай яго мне. Яму яно не спатрэбіцца, а можа, ён ужо і забыўся на яго.
— He, не забыўся. Але пагана тое, што ты мерзнеш, а гэтая рваніна дарэмна ляжыць у мяшку. Вялікай бяды не будзе — бяры і насі. Калі спатрэбіцца, дык такое знойдзе ўсюды. А калі запатрабуе менавіта гэту вопратку, тады забяру ў цябе назад.
Тэпо бяжыць дадому, размахваючы апранахамі Вялікага Тэрапя.
Дзіўная сцэна разыгралася ў той халодны вечар, калі на дварэ лютаваў мароз, а ў небе злосна мільгацелі зоркі. Тэпо круціць у руках зацухмолены стары кажух і брудную аблавушку, якія дасталіся яму ад багацея. Раптам ён спалохана вішчыць:
— Баба!
Хура падыходзіць, уздрыгвае і на нейкі час нямее ад здзіўлення: шво ў шапцы разышлося, і з-за падкладкі тырчыць пачак грошай. Старыя спалохана жагнаюцца, потым старанна абмацваюць усю вопратку і знаходзяць яшчэ некалькі тайнікоў, але пакуль што не разумеюць, што ў іх ёсць грошы, шмат грошай. Затым яны пералічваюць грошы і хаваюць пад камень за печкай. Усю ноч яны не могуць заснуць. Штохвіліны яны ўскокваюць, запальваюць лучыну, дастаюць грошы, пералічваюць і зноў хаваюць на старое месца. Яны спалохана выглядаюць у акно, баючыся, што хтосьці з вуліцы ўбачыць гэта. Аднак за акном мароз, ды халоднае неба глядзіць тысячамі зорак і нібыта паблажліва ўсміхаецца. Яны зноў кідаюцца ў ложак і зноў падымаюцца, усё гэта падаецца ім дзіўным сном, чароўнай казкай.
— Ясна адно: гэта грошы Вялікага Тэрапя. Можа, ён схаваў іх туды, а можа, проста забыўся.
Яны цвёрда ведаюць толькі адно: трэба маўчаць, як камень, а там будзе што будзе. Ну і што, калі яны пакінуць грошы сабе? У Вялікага Тэрапя і так грошай болын, чым трэба прыстойнаму чалавеку. А яны заўсёды былі бедныя і голыя, як лесавікі. Можа, той, хто сядзіць высока на марозным воблаку, вырашыў палегчыць ім жыццё на старасці гадоў...
Спачатку яны не трацяць гэтых грошай. Старыя баяцца, што хто-небудзь пацікавіцца, адкуль у іх гэткае багацце? Тэпо, накінуўшы стары кажух Вялікага Тэрапя, становіцца на лыжы і з саначкамі кіруецца ў лес, каб насекчы дроў, колькі ўлезе. Затым яны сядзяць каля цёплай печы, думаюць, што рабіць далей, і нарэшце прыходзіць добрая думка.
У Тэпо быў старэйшы брат, які даўно, можа, з дзесятак гадоў, а мо і болей, з’ехаў у Амерыку, некуды ў Сікако[7], адкуль прывозяць сала для сплаўшчыкаў. Трэба гаварыць, што гэты брат памёр, а спадчыну прыслалі Тэпо. Гэтую думку яны пракручвалі і так і гэтак, рабілі сур’ёзны выгляд, каб нарэшце і самім даць веры, што ўсё тое, што з імі адбылося, праўда.
XIII
Ізноў са свістам закружылі крылы ветру, пагналі хмары ў небе, накідалі снегу на лясныя вершаліны і тут жа здзімалі яго адтуль, і снег вялікімі шэрымі ахлопкамі падаў на зямлю. Хмарная нябесная заслона гусцее, хмурыцца і цямнее, і вось ужо пайшоў дождж, ды такі, што ажно застагнаў лес, а з галінак пацяклі ручайкі і апошні снег, які пакрываў іх, растаў. Сагнутыя і пачварныя, агаліліся дрэвы, нібыта вялізныя пальцы, і вось ужо ствалы выпростваюцца, бадзёра цягнуцца ўверх.