Литмир - Электронная Библиотека

— Навошта мне тыя нашчадкі! Ці не хапае і тых, што жывуць на зямлі па адзіным запавеце? Я пабудую цагляную вежу, ды такую вялізную, каб людзі глядзелі на яе і казалі: вось той пабудаваў яе! А калі яе не стане, дык старыя ля вогнішча будуць расказваць паданні пра мяне, мужыка, які жыў даўным-даўно...

— Дзіўна! Ты ненавідзіш людзей і грэбуеш імі і ўсё ж хочаш, каб яны дзівіліся і захапляліся табой.

— Усё дзіўна на гэтым свеце.

— Але самае дзіўнае, што ты збочваеш з наезджанага шляху.

— Наадварот. Гэта і ёсць мая натура. Ці ж я раней не жыў, як усе?

— Праўда, ты заўсёды і ўсюды стараўся збочыць з дарогі.

— Трыццаць гадоў, а можа, і болей, усё сваё жыццё я збіраў багацце, збіраў і жыў, як жабрак, нават не еў як след. Але канец мой будзе іншы.

— А калі твае пагулянкі абыдуцца занадта дорага, то што? Па старцах пойдзеш?

— I пайду. Глядзі на мяне. Я і так нібыта бадзяга які. Так што мне не дзіва.

— Ёсць жа розніца, сам ты так робіш ці паняволі.

— Пабачым. Вось тут прыйшло мне ў галаву. Калі я хутка надзену багатае адзенне і зажыву, як багацей, то ты возьмеш усю гэту старызну ад чаравікаў да аблавухі. А я ад цябе атрымаю іх, калі прыйдзе патрэба.

— А якая мне з таго выгада?

— Будзе і табе. Ты вінаваты мне невялікую суму. Пішы распіску. Я падпішу яе, і калі прыйдзе патрэба, атрымаю ад цябе сваё адзенне, а калі такой патрэбы не будзе, то скасуем твой доўг. Згодзен?

— Чаму ж не. Калі з тваіх задумак нешта атрымаецца, дык няхай будзе і так.

— He бойся.

Вялікі Тэрапя ўзрушана ўскоквае, выходзіць праз сенцы ў задні пакой і шчыльна зачыняе дзверы. Праз нейкі час ён вяртаецца і грукае на стол куфэрачак з жалезнымі вугламі.

— Вось грошы і паперы, але што рабіць мне з усім астатнім? Што мне рабіць са старым дамашнім ламаччам, мне, які задумаў будаваць новую вежу! Глядзі, былое прайшло, і я зраблю ўсё нанава.

Вялікі Тэрапя качаргой раскідвае па хаце гарачае вуголле.

— Падкіньце дроў пад катлы, як казаў Сіекінен у апраметнай. — Ён раскідвае па хаце лучыны і галавешкі.

Законнік Матці стаіць спалатнелы і нерухомы, як статуй.

— Т-т-т-ы што? Зусім здурнеў? Усё ж вылезла бацькава вар’яцкая натура. — Ён хапае партфель і борздзенька вылятае з хаты, а гаспадар тым часам старанна падпальвае ўсё.

Калі ў хаціне ўсё палае, выходзіць і ён, трымаючы пад пахамі куфэрачак з грашыма і Біблію.

Чуюцца пранізлівыя крыкі парабчанак:

— Пажар!

У двары стаіць страшэнны гвалт. Парабкі спрабуюць патушыць агонь, аднак гаспадар рэзка спыняе іх: хай гарыць! Старое гняздо крумкача, так яму і трэба. Дамашнія глядзяць на свайго гаспадара здзіўлена і доўга, ці не звар’яцеў ён, а можа, яго апанавала нячыстая...

Старшы парабак, кашчавы прыземісты мужчына сярэдняга веку, папярэджвае, што агонь можа захапіць і іншыя пабудовы.

— А хай сабе! Далёка не пойдзе. У Тэрапя і застанецца.

Так і гарэў стары дом Тэрапя ў восеньскай цемры. Языкі полымя вырываліся праз вокны і страху. Ужо гарэлі сені, гарэла прыбудова, і доўга асвятляла гарачае полымя двор і палі. Непадалёку стаялі парабкі, Законнік Матці і сам гаспадар, і ўсе разам глядзелі на агонь. Зазвычай шэры твар гаспадара пачырванеў, разрумяніўся; ён стаяў, адкінуўшы галаву назад; куфэрачак з грашыма ён засунуў пад кажух, а каля ног валялася старая Біблія. Ён стаяў і час ад часу разважаў аб тым, што гарыць і як, зрэдку чулася і пахвальба: што нам усяго адзін дом! Пры нашым багацці! Гэта беднякам шкода, а не нам!

Полымя трашчыць і ўзвіваецца, нарэшце дах абвальваецца ўніз, а ў чорнае неба высока ўзлятае цэлы рой іскраў.

— Ці не субота сёння? — раптам пытаецца гаспадар. — Трэба вытапіць лазню, a то і яна загарыцца.

I вось яны мыюцца ў вялікай лазні, гаспадар, Законнік Матці і іншыя. Шыпіць каменне, клубы шэрай пары вырываюцца з лазні на асветлены пажарам двор. Крэкчуць ад задавальнення людзі, пляскаюць венікі, і чуецца задзірыстая пахвальба Вялікага Тэрапя:

— Чаго мне шкадаваць, старому селяніну. Вось гарыць мой стары дом, мой родны Тэрапя, а я мыюся ў лазні.

Усе глядзяць на яго з недаверам і здзіўленнем: усё ж, напэўна, з глузду з’ехаў чалавек, шмат шурупаў, напэўна, вылецела з галавы.

А Вялікаму Тэрапя, як звычайна, шанцуе. Пажар не разгуляўся. Згарэла толькі старая хата, а хлявы, свірны і ўсе астатнія пабудовы засталіся. Памалу пажар сціхаў, бярвёны ператварыліся ў галавешкі, маленькія сіняватыя язычкі агню шыпелі і скакалі па вуголлі, і дзівоснай незвычайнай кучай выглядала папялішча здалёк.

Ноч была цёплая і спакойная, бязветраная і цёмная. Неба праблісквала, нібыта весялілася, рэдкія зоркі мільгацелі ў цемры.

Дамашнія разышліся спаць — хто ў пуню, хто ў канюшню. А стары гаспадар застаўся ў лазні з адной маладой, вясёлай і распуснай парабчанкай. Раней ніхто не чуў і не бачыў, каб Вялікага Тэрапя цягнула да жанчын. Было зразумела толькі адно, што гаспадар канчаткова з’ехаў з рэек. I вось яны засталіся ў нагрэтай лазні, разамлелыя ад жары — Вялікі Тэрапя і маладая парабчанка. Стары зрабіў паварот у жыцці. Цяпер ягоны лёс вёў зусім у іншы бок. Куфэрачак з грашыма ён цішком схаваў пад маснічыну. Іншыя парабчанкі, сыходзячы, кпілі, смяяліся і зайздросцілі ягонай абранніцы. Яны казалі, што ў гэтай распусніцы няма ні сораму, ні сумлення і Бога яна не баіцца, раз пускае да сябе старога грахаводніка. Але ў глыбіні душы яны зайздросцілі: зусім неабавязкова кахаць чалавека, можна спакусіцца і на ягоныя грошы.

Законнік Матці запыніўся каля ачахлых галавешак, чырвоны і распараны пасля лазні. Ён прысеў каля вогнішча, задумаўся і глядзеў на вуголле, самотны стары бабыль. Ён не мог нават і спадзявацца, ды і не хацеў верыць, што некалі і ён зможа акунуцца ў такое бяздумнае заліхвацкае вар’яцтва, якое давялося ўбачыць сёння ў пракуранай лазні старога знаёмца. Ягонай адзінай радасцю і ўцехай былі думкі ў цішыні лясоў.

Нейкі час ён сядзеў, не зводзячы вачэй з чырвонага вуголля, а потым падаўся дадому адзін у начной цемры.

Абрысы ветрака паўсталі перад ім, і гэта было апошняе, што ён убачыў перад тым, як зайсці ў сваю хаціну, і яму здалося, што стары млын, нібыта манах, узносіць модлы і грозна ўказвае пальцам на неба.

X

А назаўтра пайшла па вёсках пагалоска, што Вялікі Тэрапя здурнеў, спаліў сваю хату, а пакуль будынак гарэў, ён забаўляўся з дзеўкамі ў лазні. У хуткім часе пачалі расказваць і новыя дзівосы: ён збудаваў сабе цагляны дом — высачэзную, на тры паверхі круглую вежу на стромкім схіле каля возера. Сам жа ён хадзіў разубраны, як баба, абвешаны ўсялякімі аздобамі. Ён задумаў узяць сабе маладую гаспадыню, самую што ні ёсць прыгажуню з дзесяці паветаў. Ён зусім не клапаціўся аб сваіх вялізных уладаннях, яму было ўсё роўна, працуюць парабкі на палях альбо б’юць лынды. Ён вельмі змяніўся і стаў спакойны, добразычлівы мужчына.

У вёсцы меркавалі і так і гэтак, хітра пасміхаліся і казалі, што таго і трэба было чакаць, хоць чакаць давялося вельмі доўга: ніхто і ніколі з сямейства Тайкінамаа не жыў як людзі.

Стаяла купальская ноч — светлая, цёплая і кароткая. Зямлю ўкрываў раскошны зялёны дыван, яркія кветкі струменілі п’янючы водар, а вялізнае нябеснае вока, светлае і абыякавае, глядзела на зямлю. Начную цішыню зрэдку праразаюць спевы начной птушкі. Песня нясецца з густога лесу, радасная і гарэзлівая. Цагляная вежа Вялікага Тэрапя прывідам уздымаецца ў белай начы, магутная і раскошная. У вокнах свецяцца жоўтыя лямпы, кідаючы цьмяныя водбліскі ў казачнае сутонне белай начы. Вялікі Тэрапя назваў свой дом Рогам Шчасця, аднак людзі часцей завуць яго Званіцай.

Радасна гараць у прасторнай круглай зале Званіцы жоўтыя лямпы. На сценах і на столі, ледзь бачныя праз густыя воблакі тытунёвага дыму, блякла свецяцца нацюрморты з дзівоснымі пладамі. За круглым сталом сядзяць знакамітыя госці, там жа сядзіць і сам гаспадар, які зусім нядаўна хадзіў, як пудзіла, у рызманах, нібыта гэта і не ён быў гаспадаром абшараў Тэрапя, нібыта зусім не ён множыў свае багацці. Але як жа памяняўся гэты чалавек! Дзіўныя і незвычайныя яго выгляд, ягонае ўбранне: шыкоўныя чаравікі раскінулі завязаныя адмысловым вузлом шнуркі, як мятліковыя крылы, ядвабныя шкарпэткі, кароткія, старанна адпрасаваныя штаны, белая камізэлька, тоўсты залаты ланцуг гадзінніка, прасторны блакітны сурдут, размаляваны рамонкамі. Цень добразычлівасці і высакароднага спакою пакрывае ягоны шызаваты твар. Вочы ільсняцца ад віна, на шчоках прабіваецца хмельны румянец. I гэта той самы чалавек, які раней не браў ні кроплі, а ўсю гарэлку раздаваў парабкам. Затое цяпер ён не цураецца пякучых напіткаў і часцяком весяліць сваю душу такім чынам. У шкляных графінах блішчыць празрыстая гарэлка і жаўтаваты пунш. У зале шумна, смех то весела звініць, то гудзіць, як дабрадушны чмель. Хто гэтыя людзі, гэтыя мужчыны і жанчыны, адкуль у Вялікага Тэрапя гэтулькі сяброў? Але як раней, так і цяпер у Вялікага Тэрапя няма ні сяброў, ні прыяцеляў. Ён размаўляе з людзьмі, аднак увесь час застаецца нібыта ўбаку, быццам самотны драпежны сокал, які лятае высока ў небе і проста не жадае кідацца на гэткую птушыную дробязь. Усе, хто прыходзіць у Званіцу, у гэты Рог Шчасця, могуць есці і піць колькі ўлезе, бо ў Вялікага Тэрапя шмат ежы і пітва, а таму шмат сабутэльнікаў і гасцей. Вялікі Тэрапя шчодра частуе ўсіх, не шкадуючы нічога.

31
{"b":"832363","o":1}