Литмир - Электронная Библиотека

— Ты яшчэ нешта мармычаш, пень пустагаловы! Хоць раз паслухай праўду! He заўсёды ж гнуцца перад табой і кланяцца, як залатому цяляці, як архангелу з вогненным мячом. Хоць ты і багацей і грошай у цябе чэрці не злічаць, але ж ты не Гасподзь Бог, а вось для цябе бог гэта капейка.

Вялікі Тэрапя нарэшце асмялеў і пастараўся ўставіць слова:

— Закрый зяпу!

— Ха-ха! Во які ты скарбнік божы, манеты твае пазелянелі і вэксалі твае пакамечыліся! Вось ім і пакланяйся, ха-ха!

Старая злосна рагоча, і гэты смех выводзіць Вялікага Тэрапя з цярпення.

— Пайшла вон, старая, а то я табе пакажу, дзе ракі зімуюць!

— Я прыйшла без запрашэння і пайду, калі захачу, але ты ў мяне выслухаеш усё, што я скажу. Усё скажу, хоць ты і выганіш нас з хаты, хоць і давядзецца нам грызці верас да канца дзён сваіх...

Старая мітусіцца па хаце і раптам падае на спіну, праваліўшыся ў дзірку ад гнілой маснічыны. Яна крэхча і ледзь падымаецца, праклінаючы ўвесь белы свет.

— Мы з табою за ўсё разлічымся, пудзіла ты агароднае! А ў самога ў хаце ўсё прагніло, людзі аж ногі ламаюць, хутка столь на галаву абрынецца! Так табе і трэба, сам сабе пастку збудаваў. А куды ты дзенеш усё сваё багацце?! Здохнеш, як сабака, і адразу ў пекла, а там чэрці цябе на вілы і раз, і другі — за ўсё адкажаш! А багацце тваё застанецца другім. I раздадуць яго калекам і жабракам... Ха-ха-ха! He будзе ў цябе спадчыннікаў, і роду твайго не застанецца.

— Хура! — раз’юшана вішчыць гаспадар. — Вон адсюль!

Аднак баба ад таго толькі ўваходзіць у смак, зларадна рагоча і працягвае:

— Ды якой ты бабе патрэбен, душагуб ты, хоць і багацей, а жылі б тут у мярлогу, у гэтым спарахнелым палацы... He, не бачыць табе свайго семя, згіне яно ў гэтай кучы гною. Ха-ха!

Нарэшце Вялікі Тэрапя не вытрымлівае. Ён кідаецца да старой і штурхае яе за дзверы.

— Прэч адсюль, a то горш будзе! He злуй мяне, баба!

Хура спалохалася, але ўсё роўна шыпіць праз шчыліну ў дзвярах:

— I не думай! He будзе Тэпо задарма працаваць, хоць галаву сячы! Hi шэлега ад нас не атрымаеш! Знойдзецца і на цябе закон, не тут, дык у пекле! Пачакай, брыда, пачакай!

I яна бяжыць па цёмным полі да сваёй хаціны, лаючы гаспадара самымі чорнымі словамі.

IX

Вялікі Тэрапя зачыніў дзверы, выцягнуў аднекуль з кутка газніцу і паставіў яе на шырокі сасновы стол. Матці-Законнік выходзіць са свайго сховішча і пачынае спакойна абмяркоўваць справу, нібыта ён нічога не чуў і не бачыў раз’юшанай беднай жанчыны.

— Я прыйшоў, як ты і загадваў, каб паглядзець, якія паперы ў цябе тут сабраліся.

Гаспадар Тэрапя сядзіць за сталом, нібыта нічога не чуе, і задумліва пастуквае брудным, пачарнелым пальцам па стале.

— Што ты думаеш пра куплю Каўкокорпі? — суха пытаецца Матці-Законнік. — Ты думаеш, што многа страціў, таму што палоскі вузкія і дрэнна ўгноеныя. Затое лясы, багатыя лясы! А дрэва будзе ў вялікай цане праз нейкі час.

Вялікі Тэрапя не адказвае, ён усё стукае пальцамі па стале. Праз колькі хвілін ён падымае твар і гаворыць:

— Ты чуў, што сказала гэтая баба?

— Ну, дык гэта жонка шаўца, сапраўдная вар’ятка...

— Аднак гэтым разам яна выказалася, як мудрая арліца.

— Ну і што, яе словы нешта праяснілі ў тваім жыцці?

— Ты думаеш, гэтая баба сказала мне што-небудзь новае? He, браце мой. Я разумею і разбіраюся ў справах лепей, чым думаюць. Даўно разабраўся. Мне начхаць на кпіны і ўсмешкі, я ўжо шмат пражыў, і пляваць мне на цэлы свет і на гэтых людзей. Кожны мерае ўсё на свой капыл, аднак чыя мерка правільная? Я думаю, што правільная мерка ў таго, хто багацейшы. Вось ён і зможа даказаць сваё.

— Ну, ты петрыш лепей, чым тыя, хто хоча разбагацець.

— Можа, і так, і болей нічога. I ты мала ведаеш, хаця павінен мяне ведаць лепей, чым іншыя, ведаць, што мяне вядзе. Ты думаеш, што я збіраю багацце, як мурашка, каб памерці з зацёртай манетай у руках...

— Крыху падобна і на тое.

Вялікі Тэрапя сядзіць нейкі час моўчкі, а потым пляскае сябе па лбе:

— А вось усё ж такі накапіў і зварыў мой кацялок! Я ўпэўнены, што любую цемень можна рассеяць, калі ты багаты... Я думаю, што багацце і ўласнасць і ёсць той самы молат, той магутны рычаг, з якім на свеце можна рабіць вялікія справы.

Па бледным твары Матці-Законніка слізгае цень іранічнай усмешкі.

— Нацягнуў ты багацця! Я думаю, што адусюль цягнуў старанна, як мураш, адбіраў бязлітасна і бессаромна...

— Бессаромна! Усе вы мяне вінаваціце, што я бессаромны, несумленны. Нібыта ўсе людзі на свеце такія ўжо сумленныя і жаласлівыя. Проста адзін слабейшы, а другі мацнейшы і разумнейшы. Ці ж не так?

— Можа, і так увогуле, можа, і так.

Вялікі Тэрапя падымае шэры твар, на якім адбіваецца нешта падобнае на натхненне. Ён нават уздымае рукі.

— Няўжо ты не бачыш, што гэта ўсё чалавечая прырода такая, што ўсе ваююць, губяць адзін аднаго, каб самому разбагацець і патаўсцець.

— Але ж чалавек тым і адрозніваецца ад астатніх жывёлін, што ён чалавек, у яго ёсць сумленне, а гэта — ягоная мера і ягоныя вагі. Толькі адважваюць па-рознаму. Аднаму дастаткова ста грамаў, а другому і кілаграма, і нават дзесяці кілаграмаў мала... Ты ж у сваіх справах стараўся напаўсілы, а ўсё астатняе пакрываў густым ценем праўды і справядлівасці. Ты ніколі не хапаў так, каб патрывожыць свае вагі, сваё сумленне. Вось таму ты цяпер і сядзіш такі спакойны і шчаслівы. А калі б раптам вагі паказалі табе, што ты рабіў няправільна, ты захваляваўся б ці падумаў бы, што там, наверсе, сядзіць нехта, каму трэба служыць і пакланяцца, перад кім ты вінаваты, таму што ён не пакараў цябе, не раздушыў, як казюльку. Вось гэты страх і дае пачатак нашай веры...

— Ну, ты зайшоў у нетры, адхіліўся ад сутнасці.

— Можа, й так. Ты, значыць, вырашыў параўнаць усё з прыродай і застацца перакананым, што галоўнае ў тваім жыцці — гэта сабраць як мага большае багацце.

— He, гэта толькі часовы сродак, прамежкавы стан, дзеля таго, каб жыць яшчэ багацей, бо менавіта ў гэтыя дні я збіраюся зрабіць рашучы паварот у сваім жыцці.

— Цікава паслухаць!

— Ну, нічога новага я не выдумаў, я не буду болей нічога браць, а буду толькі спажываць набытае. Я пабудую сабе шыкоўны дом, вежу, вазьму бабу, шмат баб, шлюх, куплю прыгожыя касцюмы і кожны дзень буду жыць у радасці і раскошы.

— Ну і ну. Ці ж гэта разумнаму чалавеку? Ці не лепей было б скарыстаць грошы з большай выгадай? Вядома, з пункту гледжання рэлігіі багацце псуе чалавечую душу.

— Рэлігія! Я яе ўсю наскрозь правучыў і вывучыў. Вунь там на паліцы ў куце ляжыць Біблія, яшчэ прадзед мой яе купіў. За яе можна было б атрымаць вялікія грошы.

Законнік Матці злёгку пасміхаецца, і гаспадар Тэрапя адчувае, як усе старыя звычкі ажываюць у ім, а таму з прыкрасцю працягвае:

Ды прачытаў я гэтую кніжачку. Там у адным апавяданні пішацца пра нейкага багацея, які кожны дзень жыў у радасці і раскошы, а другі ўвесь час назапашваў грошы, пакуль яму не сказалі: «Дурань ты, а можа, заўтра ты аддасі Богу душу!» Але ніхто так не скажа мне, Ійсакі Тайкінамаа, гаспадару Тэрапя.

— Ты так думаеш?

— Пачынаю думаць.

Нейкі час ён барабаніць пальцамі па стале і нечакана пытаецца:

— Як па-твойму, ці надоўга мне хопіць майго багацця?

— Ага. Адразу і сумняваешся. Гэта залежыць ад таго, як хутка траціць. У цябе шмат усяго: наяўныя грошы, урадлівыя землі, выгадныя вэксалі, такія, як гэтага Каўкокорпі. Ад іх і нарастаюць грошы, як грыбы.

— Ну і няхай сабе нарастаюць. Цяпер іх будзе меней.

— Але май на ўвазе, што за які-небудзь дзесятак гадоў ты мог бы падвоіць сваё багацце.

Багацей уважліва глядзіць на яго спадылба і затым гукае:

— He дражні мяне! He выйдзе! Часу няма! Ты дурань, да заўтра, можа, Богу душу аддадзім, а я хачу жыць!

— Ну і жыві сабе, як чалавек, як заўсёды жылі багатыя людзі на хутарах: зладкуй добрую сялібу, вазьмі жонку, завядзі дзяцей і апрацоўвай зямлю. Гэта будзе куды разумней, чым усе твае дурасці. Ды і для нашчадкаў гэта будзе куды лепей.

30
{"b":"832363","o":1}