Литмир - Электронная Библиотека

Аднак Цімо Тайкінамаа вельмі раззлаваўся, вылаяў Матці-Законніка, а сыну заляпіў моцнага ляшча.

— Ты што?! Можа, збіраешся забіць сваю галаву гэтай дрэнню — кніжкамі, збіраешся вучыцца ў кніжнікаў, дурань ты гэткі?.. Ежа, добры дрын і праца — вось і ўся твая навука.

He, Цімо Тайкінамаа не дазволіў сыну збочыць з правільнага шляху. Чытаць яму дазвалялася толькі ў нядзелю і толькі Біблію, тую самую Біблію ў драўляных вокладках, якую набыў яшчэ дзед. I не болей. Яму ніколі не дазвалялі хадзіць у госці.

Так рос і разумнеў Ійсакі. З маладых гадоў ён быў сур’ёзным чалавекам. Ён ніколі не смяяўся, не гаварыў шмат, і толькі зрэдку на ягоным невыразным твары з’яўлялася нешта падобнае на ўсмешку. З маленства ён прывык да працы і ні хвіліны не мог пасядзець без справы. Уначы ён моцна спаў, у нядзелю чытаў Біблію, спачатку без асаблівай ахвоты, а потым, паступова, гэты занятак прыйшоўся яму даспадобы. I вось тады ўсякія сумненні пакінулі яго, хлопец зразумеў усе перавагі заможнай гаспадаркі, урадлівых палёў, дагледжанай жывёлы, хлеба і грошай. Ніколі ён не растраціў дарэмна ніводнага пені, не паспытаў, як пахне люлька з тытунём, не пакаштаваў гарэлкі і віна, не купіў сабе ніякіх убораў, нічога.

З цягам часу Цімо Тайкінамаа стаў паглядаць на сына са здзіўленнем і нават пачаў пабойвацца яго. Бацька нават не паверыў, што яму ўдалося выгадаваць такога бездакорнага і дасканалага чалавека, ці гэта толькі яму здаецца... Аднак усё было на праўдзе.

I Цімо Тайкінамаа нават пачаў асцерагацца сына, паважаць яго. Стары паверыў сыну і з цвёрдай надзеяй сказаў яму, стоячы на парозе смерці:

— Ты зможаш...

Такі быў гэты хлопец, Ійсакі Тайкінамаа, новы гаспадар Тэрапя, які стаяў, прыхіліўшыся да вушака, і апошні раз глядзеў на бацьку, што ляжаў на лаўцы памыты, паголены і ў белай кашулі.

Жаўрук, першы вясновы жаўрук, узляцеў у бясконцую сінечу веснавога неба і радасна заспяваў сваю песню. Дождж скончыўся. Толькі кроплі вады зіхцяць на галінках і напамінаюць аб тым, што нядаўна быў дождж.

V

Ійсакі Тайкінамаа стаў гаспадаром Тэрапя, калі яму не было яшчэ і дваццаці гадоў. Вяскоўцы і хутарскія прыслухоўваліся, прыглядваліся, ажно шыі выцягвалі ад цікаўнасці: як жа ён будзе жыць? Бацькі ж, які прыглядаў за ім, кіраваў і паказваў, ужо не было... Ці прачнецца ў ім бурлівая кроў сям’і Тэрапя. Аднак не відаць было, каб яна прачнулася і завіравала. Малады Ійсакі жыў, як і бацька, ён быў сур’ёзны, негаваркі і пахмурны. Ён працаваў ад цямна да цямна, і гэтак жа працавалі ягоныя парабкі. Непрыкметна і спакойна праходзілі тыдні. Кожную нядзелю зрання ўсе парабкі хутара Тэрапя праходзілі адзін за адным у прысценак, дзе выпівалі па чарцы гарэлкі. Такая завядзёнка існавала на хутары ўжо не адзін дзесятак гадоў, і малады гаспадар не адмяніў яе, хоць сам не браў у рот ні кроплі. Потым ён завальваўся спаць на ложак або чытаў Біблію, адкуль яшчэ стары гаспадар-нябожчык узяў гэтую завядзёнку, бо там гаварылася: няма такой зямлі, дзе не было б віна.

Праз пару гадоў хлеў на хутары зноў запоўніўся скацінай, як і тады, калі Цімо Тайкінамаа ў апошні дзень свайго жыцця ўзяўся забіваць яе. Свіран быў поўны збожжа, а металёвы куфэрачак поўніўся грашыма, там ляжалі яшчэ бацькавы грошы, а на самым дне, напэўна, былі яшчэ і дзедавы.

Вяскоўцы з цікавасцю паглядвалі на яго: ці не здарылася чаго на хутары, ці не завёў ён сабе гаспадыню, жанчыну з якога-небудзь багатага дому, ці не заляцаецца ён да сваіх румяных парабчанак. Аднак Ійсакі хадзіў па-ранейшаму замкнёны і негаваркі. Адразу відаць, што ў яго жылах цячэ бляклая вада, а не чырвоная бурлівая кроў, бо не было ў ім ні страсці, ні пажадлівасці.

Але ўсе памыляліся, жаданне ў яго было, адно, ды такое моцнае, што другому месца ў душы ўжо не заставалася: любым чынам павялічыць набытак, сабраць як найболей грошай.

Неяк узімку ён адшукаў куфэрак бацькі-нябожчыка, поўны грошай.

— А ці варта збіраць грошы, каб яны ляжалі вось так дарэмна? Ці не лепей пусціць іх у свет, паліхвярыць? Няхай яны памножацца ў два, у дзесяць разоў...

Ійсакі пачаў даваць грошы сялянам і торпарам пад вялікія працэнты. Памалу ён стаў нібыта банкірам, гэткім вялікім тузам, якога ненавідзелі і баяліся, паважалі і схіляліся перад ім. Ён праславіўся сваімі дзіўнымі звычкамі, але болей за ўсё скнарлівасцю і сквапнасцю. Апранаўся ён не так, як усе людзі, і нават калі еў, здавалася, шкадаваў ежы. Узімку і ўлетку ён насіў адзін і той жа запэцканы гноем брудны кажушок, аўчынную шапку і старыя збітыя боты.

Калі хто-небудзь не мог заплаціць яму працэнтаў або станавіўся банкрутам, то ўсё ішло з малатка і, вядома ж, трапляла да Ійсакі Тайкінамаа. Ішлі гады, і ён стаў уладальнікам шматлікіх дамоў, палёў, вялікіх лясоў, тоўстых пачак грошай, вэксаляў, якія цягнулі грошы з няшчасных людзей, ды так, што многія былі вымушаны пакідаць бацькоўскія дамы таму, у каго і так было безліч усялякага дабра.

Гаспадара Тэрапя болей ужо не звалі Ійсакі. Цяпер яго клікалі Вялікі Тэрапя. Ён, як і раней, жыў у сваёй шэрай хаціне на схіле пагорка, на вяршыні якога шумеў вятрак. Стары дом гніў, развальваўся, страха замшэла і цякла. Аднак нічога не рамантавалася. Калі разбівалася акно, то яго затыкалі жмуткам саломы або зацягвалі старым мяшком. Завесы ў дзвярах заржавелі і жудасна рыпелі, маснічыны прагнілі і патрэскаліся, вялікая печ аблупілася, і з яе абвальваліся кавалкі цэглы, паўсюль ляжаў пыл, па кутках вісела павуцінне. У вялікай, ростам з чалавека, шафе не ішоў, a кульгаў стары гадзіннік, па закураных сценах бегалі рудыя прусакі. Увесь дом і ўсё навокал яго здавалася змрочным і закінутым. Аднак Вялікі Тэрапя пачуваў сябе выдатна, ён хадзіў па хутары, нешта задумваў, кіраваў працай у сваім вялізным уладанні, размаўляў з даўжнікамі, учыняў дамовы. Часцяком ён хадзіў паглядзець свае неабсяжныя землі, дзе жылі яго арандатары і наглядчыкі. Ён ішоў па пясчаных дарогах у брудным кажушку, у зімовай аўчыннай шапцы, у старых ботах, нягледзячы на летнюю спёку. Убачыўшы ля дарогі свой дом, ён уважліва аглядаў усе закуткі, даваў парады парабкам і рабочым, вячэраў, лажыўся спаць, а ўранні падаваўся да другога дома. Такім чынам ён кружляў па сваіх уладаннях, пакуль зноў не вяртаўся ў стары хутар на схіле гары. Адтуль віднелася балота Суўрысуо[6], вялізнае і гладкае, як возера. Ён асушыў яго, выкапаў канавы і апрацаваў зямлю. Дзесяткі шэрых і белых адрын паўсталі на зазелянелым тарфяніку.

Вялікі Тэрапя быў магутным і незвычайным чалавекам. Трыццаць гадоў ён гаспадарыў на хутары, і нічога там не здарылася, а ён толькі разбагацеў. У яго не было ні жонкі, ні дзяцей. Вяскоўцы дзіву даваліся:навошта ён толькі гаміць такое багацце? Куды яно пойдзе, калі ён памрэ? Ды і ці памрэ ён? Нельга ўявіць, што Вялікі Тэрапя памрэ, альбо ажэніцца, ці ўвогуле што-небудзь зменіцца ў ягоным жыцці.

Ён здаваўся непахіснай каменнай скалой, вечнай і непарушнай.

VI

Непадалёку ад Вялікага балота, на пагорку, зарослым верасам, стаіць абшарпаная хаціна, сцены яе аблупіліся, тарфяныя глыжы адваліліся ад старых дошак, а побач стаіць, нібыта ўтапіўшыся ў бульбяную яму, стары хлеў, за якім пачынаецца невялікі камяністы надзел. На ім пракапана вялікая канава і ляжаць сабраныя груды камянёў. У хаціне жыве шавец Тэпо, торпар, які арандуе зямлю Тэрапя. Чалавек ён ужо не малады, высахлы і згорблены ад вечнага сядзення над ботамі і калодкамі, з ім жыве і старая Хура, ягоная жонка, балбатлівая, языкатая жанчына. Яе язык меле няспынна, як тыя жорны, і спыняе сваю працу толькі тады, калі старая засынае. У хляве стаіць карова з крывымі рагамі і вялізным раздутым жыватом. Дзеці даўно пакінулі бацькаў дом і падаліся ў свет, хто сплаўшчыкам, хто парабкам. Часам хто-небудзь з іх у нядзелю наведвае бацькоў, прыносіць кулёк з. кавай, цукрам, гасцюе дзень-другі, а потым зноў сыходзіць.

Стаіць цёплы жнівеньскі дзень. Пад пякучым сонцам на палях Тэрапя збіраюць ураджай. Адна за адной падымаюцца ў шэраг жаўтаватыя сцірты, з дзвярэй асеці вылятае мякіна. Там жа стаяць і першыя мяшкі з зернем, зрання адтуль даносіцца стукат цапоў. Восень ужо не далёка, і ў халаднаватым вячэрнім сутонні далёка чуваць шматгалосыя пастуховыя дудкі.

27
{"b":"832363","o":1}