Литмир - Электронная Библиотека

— Жыццё трэба пражыць! А ў магіле яшчэ наляжымся...

I ён зноў з цяжкасцю прабіраўся ў пакой, дзе ішло вяселле, рагатаў і весяліўся, ды раптам азвярэў немаведама з-за чаго, стаў хапаць мужчын за грудзі, яго адкінулі ў кут? і тады ён зусім развар’яваўся:

— Што?! Хто вам дазволіў прыйсці сюды на хаўтуры скакаць і весяліцца? Гэта ж зусім не па-людску, хоць я і не надта здаровы мужык, але ў мяне яшчэ хопіць розуму, каб спыніць гэтыя паганыя скокі ў доме, адкуль толькі што вынеслі майго небараку бацьку і пахавалі з мірам.

Ён схапіў качаргу, брыдка вылаяўся і пачаў выганяць усіх на двор. I вось ён стаіць сярод двара без шапкі, ускалмачаныя валасы стаяць дыбам, у руцэ закапцелая качарга, і раптам ён дастае з кішэні бутэльку і кажа:

— Вып’ем з гора глыток за бацькаву смерць, а другі за маё вяселле. — У бяздоннай нябеснай глыбіні цьмяна мільгалі зоркі, яны нібыта падміргвалі камусьці, заледзянелая дарога зіхцела, як алавяная стужка, і памалу шум гасцей з вяселля і хаўтураў стаў аддаляцца. Дамашнія і маладая стаялі на ганку і ля варот і на чым свет лаялі новага гаспадара, а нейкая жанчына нават заплакала:

— Хто ж думаў, што так выйдзе.

Пакрысе ўсе пачалі разыходзіцца. Маладога гаспадара, п’янага, як цэп, так і пакінулі сярод двара. Ён ледзь дацягнуўся да лазні, дзе яшчэ заставалася ўчарашняе цяпло, грымнуўся на падлогу і заснуў, як бервяно.

Яго знайшлі толькі пад ранне, здубянелага, з прымёрзлымі да падлогі валасамі, яго біла ліхаманка.

Хвароба была цяжкой. Шмат разоў бабулі думалі, што ён вось-вось аддасць канцы. Аднак праз колькі тыдняў ён ачуняў, падняўся і стаў даглядаць сялібу і гаспадарку з такім стараннем, нібыта гэта быў іншы чалавек.

IV

Хвароба высмактала з новага гаспадара Тэрапя ўсе сілы, ад яго засталіся скура ды косці. Валасы пасівелі, і гэта быў ужо не той бадзёры і зухаваты хлопец, а нейкі цень былога чалавека. Аднак ягоная кроў зноў забурліла, і здавалася, што цяжкая хвароба нават прыбавіла яму запалу, ён стаў часцей успыхваць і злавацца. Аднак гэта стаў зусім іншы чалавек. Ён болей не браў ні кроплі, кінуў усе свае дурасці, а ўвесь свой запал скіраваў на тое, каб лепей весці гаспадарку, сабраць як мага болей грошай і павялічыць сваю маёмасць. У хуткім часе вясёлы некалі гаспадар Тэрапя праславіўся сваёй сквапнасцю і хцівасцю. Набытак, вялікі набытак, хлеб, каровы і грошы — вось чым была напоўнена ягоная душа. У той жа час ён удала прыкідваўся вельмі набожным чалавекам, чытаў Біблію, вёў бясконцыя размовы пра закон і справядлівасць, стараўся неяк суняць сваю бурлівую кроў, жыць ціха і спакойна, каб вымаліць сабе блаславенне боскае і пад аховай нябёсаў павялічваць свае набыткі...

Тады ж, на першым годзе, нарадзіўся Ійсакі. Болей дзяцей у сям’і не было. Маці, добразычлівая і слабая жанчына, якая ў тыя гады пачынала таўсцець, вельмі старанна даглядала хлопчыка. Бацька шчыраваў на гаспадарцы, працаваў сам і не даваў лайдачыць іншым. Ён радаваўся, калі хутар багацеў, але адразу кідаўся ў роспач ад самых маленькіх няўдач.

Час ішоў, і ў памяці Ійсакі адкладваліся першыя карціны жыцця. Лета, хата на схіле пагорка, шэрыя будынкі, зялёная трава, сіні купал неба, чорныя крылы ластавак, выган, дзе пасвіліся каровы, вятрак за зялёным полем на вяршыні пагорка, вялізныя крылы шумяць і свішчуць ад ветру... Або зіма, калі ён залазіў каленькамі на лаўку і глядзеў праз заінелае акно на вялізныя сумёты, адшліфаваныя да бляску вострымі нябачнымі ножыкамі ветру, на дзівосныя снегавыя ўзоры... Снежны пыл белым воблакам ляцеў да лесу, і там, на чорным фоне заснежаных дрэў, бачыліся дзіўныя лялечныя галовы, пачварныя тулавы, вялізныя пагрозлівыя пальцы...

Хутка Ійсакі давялося пакінуць свае назіранні. Бацька пачаў прымушаць хлопчыка працаваць у гаспадарцы. Як толькі маленькія рукі памацнелі, каб можна было трымаць лейцы, бацька, выцершы хлопчыку нос, ставіў яго на калёсы і вучыў кіраваць коньмі. Ён даваў яму ў рукі нож і загадваў выразаць розныя рэчы для гаспадаркі, прымушаў хлопчыка раздзімаць мяхі ў кузні, словам, рабіць усё, што было яму па сілах, a часам нават і болей. Вечарамі, пры лучыне, ён вучыўся чытаць, ды так старанна, што пот выступаў на лбе.

Цімо Тайкінамаа выхоўваў свайго сына. Яго ўвесь час мучылі згрызоты сумлення за маладыя гады свайго жыцця. Ён быў упэўнены, што стаў некалі распуснікам і п’янюгай толькі таму, што яго гадавалі занадта вольна, што да яго зазелянелых парасткаў жыцця ў свой час не паставілі ніякіх падпорак. Ён рос і поўзаў па свеце, пакуль ягонае амаль загубленае жыццё не паставіла апору само сабе, і па гэтай апоры яно пачало ўздымацца ў вышыню і ў той жа час пусціла магутныя карані, здабываючы сокі зямлі.

З ягоным сынам такое не павінна было здарыцца. Галінкі трэба прыгінаць маладыя. Ён узяўся надаваць свежай гліне патрэбную форму, пакуль сын быў малады і хуткі, бацька пачаў забіваць для яго ў зямлю падпоркі, угнойваць глебу і паказваць сыну правільны шлях у жыцці, якое ён сам сабе намеціў, пасля таго як рассеяўся туман маладосці...

Ён увесь час вучыў Ійсакі, што ў жыцці трэба заўсёды працаваць,.быць ашчадным і багацець любым чынам. Ніякіх адхіленняў ад бацькавага следу не магло быць. Цімо Тайкінамаа быў ад прыроды запальчывы і нецярплівы, але ў прысутнасці сына трымаўся надзіва ціха і прыстойна. Ён заўсёды стрымліваўся, амаль ніколі не лаяўся, хоць заўсёды сварыўся з усімі сваімі парабкамі і суседзямі. Хлопчык памятаў толькі два ці тры выпадкі, калі бацька дарэмна крычаў на яго.

Яны працавалі ў кузні. Стаяў асенні вечар. Хлопчык раздзімаў мяхі, палаў вугаль, і чырванела жалеза ў горне, вычварна скакалі сіняватыя языкі полымя. Бацька старанна махаў молатам, ён каваў жалеза на кавадле, праз комін у начную цемру выляталі іскры. Бацька загаварыў, як прапаведнік, бо заўсёды размаўляў з сынам павучальным тонам. Ён казаў, што чалавек павінен старанна працаваць, старанна ўрабляць зямлю і ніколі не пакідаць свайго дома. Толькі прыдуркі цягаюцца па свеце ды туляюцца па розных закавулках... Аднак як толькі хлопец спытаўся, чаму ж бацька некалі пайшоў па свеце...

— Што?! — аж скамянеў ён, а потым усунуў жалеза ў агонь, хоць яно і так чырванела, ажно іскры паляцелі. — Ты што пытаешся, смаркач? Што табе нагаварылі людзі? Можа, і ты хочаш пайсці? Дык ідзі, ідзі на Паўночнае мора, на рыбацкі карабель! Ідзі! Пакупайся ў ледзяной вадзе, пажары гнілых селядцоў ды цюленевага тлушчу... Я ведаю, што гэта такое...

Пакрысе ён супакоіўся. Нетаропка, спакойна ён растлумачыў сыну, што некалі сышоў праз дурасць, проста маладая прыдуркаватасць заела. Вось таму ён усё і ведае, ведае цвёрда. Чалавек павінен жыць на адным месцы. Перакаці-поле нічога не набудзе.

Аднойчы яны былі ў млыне. Дзьмуў суровы, пранізлівы асенні вецер. Шумелі крылы, высокі млын дрыжаў, з грукатам круціліся цяжкія жорны, і ручаёк мукі плаўна сцякаў у мяшкі на падлозе. Маленькі Ійсакі прыслухоўваўся і думаў. Ён успомніў, як Хура, сварлівая старая з маленькай хаціны, папрасіла крыху мукі, а бацька толькі пакрактаў: «Няма чаго даць».

«Шмат каму патрэбна мука», — сказаў сабе Ійсакі, успамінаючы бацькава «няма чаго даць».

— Што?! — загарлаў бацька. — Што ты слухаеш усялякіх лайдакоў? Ты думаеш, у нас шмат мукі? Ты што думаеш, яе трэба раздаваць усім гультаям, якія валяюцца на лаўках і не хочуць жыць сумленна? Дык што, усё, набытае цяжкаю працай, раздаць гэтым п’янюгам? Пайшоў прэч!

Хлопец, не спыняючыся, бег дамоў праз цёмнае поле з такім адчуваннем, што бацька яго бывае часам надзіва жорсткім і незразумелым. Калі спусціцца з пагорка Тэрапя ў вялікую вёску каля рэчкі, то там, каля ручая, стаіць чырвоная хацінка з белымі аканіцамі. Там жыў Матці-Законнік, дзіўны чалавек, які пісаў вяскоўцам справавыя паперы, адпраўляў іх у кантору, хадзіў па судах. У ягоным жытле было безліч кніг, кучы паперы, бутэлек з чарнілам і алоўкаў. I вось аднойчы Цімо Тайкінамаа ўбачыў там свайго сына. Матці-Законнік сустрэў яго на дарозе, завёў да сябе ў хаціну, пачаў паказваць яму кніжкі і малюнкі, тлумачыў, што да чаго, а хлопчык слухаў, разявіўшы рот і гледзячы на ўсё вялізнымі вачыма. У Матці-Законніка была свая запаветная мара: людзей трэба вучыць і развіваць...

26
{"b":"832363","o":1}