Флярэнтына Арыса прадбачыў, што ўначы ўсё складзецца менавіта так, як склалася, вырашыў пайсці да сябе. Ужо каля дзвярэй каюты ён вырашыў развітацца пацалункам, але яна сама падставіла левую шчаку з такой какетлівасцю, якой ён не ведаў за ёю, нават калі яна была школьніцай. Тады ён пайшоў далей, і яна, з хваляваннем да глыбіні душы, прыняла ягоныя вусны, а затым паспрабавала схаваць трымценне за смехам, забытым ёю з шлюбнае начы.
— Божа мой, — выгукнула яна, — я вар’яцею на караблях!
Флярэнтына Арыса здрыгануўся: насамрэч, як яна папярэдзіла, адчуваўся горкі пах старасці. Аднак пакуль ён прабіраўся да сваёй каюты па лабірынце сонных гамакоў, ён суцяшаў сябе думкай, што сам, напэўна, мае такі самы пах, ён жа старэйшы за яе на чатыры гады, і яна мусіла адчуць гэты ягоны пах з такім самым уражаннем. Гэта быў пах чалавечага старэння, які ён таксама адчуваў у сваіх старых палюбоўніц, і які яны адчувалі ад яго. Назарэцкая ўдава, якая нічога не замоўчвала ў жыцці, сказала пра гэта даволі жорстка: «Смярдзім ужо, як грыфы». Абое цярпелі, бо былі нароўні ў спаборніцтве дурных пахаў. Наадварот, ён засцерагаўся Амэрыкі Вікунні, яна пахла пялюшкамі, узбуджала ў ім бацькоўскія пачуцці, але яго непакоіла думка, што дзяўчыну калісьці адштурхне смурод старога распусніка. Але ўсё ў мінулым. Галоўнае, што ўпершыню з таго дня, як цётка Эскалястыка пакінула малітоўнік у тэлеграфнай канторы, Флярэнтына Арыса не адчуў такога шчасця, як гэтай ноччу на караблі, настолькі працінальнае было шчасце, што яно выклікала страх. Пад раніцу Флярэнтына Арыса ўжо засынаў, калі на рэйдзе каля порта Самбрана карабельны бухгалтар пагрукаў у дзверы і ўручыў тэрміновую тэлеграму. Яна была падпісаная Леонай Касіяні напярэдадні, і ўвесь яе жах месціўся ў адным радку: «Амэрыка Вікунне памерла ўчора. Матывы невядомыя». Аб адзінаццатай ён дазнаўся ад тае ж Леоны Касіяні падрабязнасці шляхам тэлеграфнага дыялога, падчас якога Флярэнтына Арыса асабіста сядзеў за перадатчыкам упершыню за шмат гадоў, якія аддалялі яго ад службы. Амэрыка Вікунне ўпала ў смяротную дэпрэсію з-за правалу на выпускных іспытах і выпіла цэлы флакон опіуму, скрадзены ёю ў школьным медпункце. Флярэнтына Арыса ў глыбіні душы адчуў, што сведчанні былі няпоўнымі. Але не, Амэрыка Вікунне не пакінула нават допісу, які б дазволіў вінаваціць кагосьці ў яе самагубстве. Да гэтага часу, атрымаўшы звестку ад Леоны Касіяні, яе блізкія ўжо выехалі з Пуэрта-Падрэ. Пахаванне адбудзецца сёння а пятай вечара. Флярэнтына Арыса ўздыхнуў. Адзінае, што ён мог зрабіць, каб не памерці ад пачуццяў, што нахлынулі на яго, гэта адрынуць пакуты ўспамінаў. Так ён і зрабіў. Сцёр яе вобраз назаўсёды, хоць да канца жыцця яна часам раптам ажывала без дай прычыны, нібыта імгненны кінжальны боль ад старой раны.
Потым надышлі бясконцыя спякотныя дні. Рака зрабілася вузкай і каламутнай, замест гушчароў і дрэў-волатаў, якія здзівілі Флярэнтына Арысу падчас першай вандроўкі, яны бачылі спаленыя долы, вартыя жалю рэшткі сельвы, зжэртай катламі караблёў, руіны забытых Богам сялібаў, чые вуліцы заставаліся пад вадой нават у сезоны самых жорсткіх засух. Уначы людзі прачыналіся не ад русалчыных спеваў ламанцінаў, якія колісь ляжалі на адхонах, а ад мярзотнага смуроду трупаў, якія праплывалі ў бок мора. Ужо не было войнаў і халеры, але надзьмутыя целы плылі па рацэ, як і раней. Капітан стрымана шапнуў Флярэнтына Арысу: «Нам загадана даводзіць пасажырам, што гэта выпадковыя тапельцы». І ўжо не было нястрымнага базару папугаяў і вісклівай свары нябачных з карабля малпаў, якія ў былыя часы памнажалі паўдзённую спякоту сваім балаганам, — толькі злоснае маўчанне ссохлай зямлі.
Было так мала месцаў, дзе прадавалі дровы, і яны знаходзіліся так далёка адно ад аднаго, што «Новая Вернасць» засталася без паліва на чацвёрты дзень шляху. Карабель стаяў на якары амаль тыдзень, пакуль матросы паглыбляліся ў спапялелыя багны далей ад берага ў пошуках апошніх забытых ствалоў. Але іх не было: дрывасекі кінулі дзялянкі і ўцяклі ад драпежных уладальнікаў зямлі, ад нябачнай халеры, ад войнаў, якія ўтойваліся ўладамі за шырмай указаў, што толькі адцягвалі ўвагу. Тым часам пасажыры нудзіліся, ладзілі спаборніцтвы ў плаванні, арганізоўвалі паляўнічыя экспедыцыі і вярталіся з жывымі ігуанамі, а потым рэзалі іх, даставалі з іх гронкі празрыстых і мяккіх яек, і нанава зашывалі вялізнымі ігламі, а яйкі потым вялілі проста на борце. Вартыя жалю прастытуткі з блізкіх пасёлкаў ішлі за экспедыцыямі, ставілі імправізаваныя намёты на беразе ракі, прыводзілі музыкаў і гандляроў гарэлкай, ладзілі гулянкі каля карабля, які міжволі спыніў хаду.
Задоўга да таго, як Флярэнтына Арыса стаў прэзідэнтам параходнай кампаніі, ён атрымліваў трывожныя паведамленні пра стан ракі, але амаль не чытаў іх. Кампаньёнаў жа ён супакойваў: «Не хвалюйцеся, пакуль дровы скончацца, у нас будуць караблі на бензіне». Ён ніколі не пакутаваў ад гэтага, затуманены жарсным каханнем да Фэрміны Дасы, і калі ўцяміў усю глыбіню праўды, ужо нічога не заставалася рабіць, хіба што прывезці сюды новую раку. Уначы нават у лепшыя часы трэба было ставіць карабель на якар. І тады жыццё рабілася невыносным. Пасажыры, перадусім еўрапейцы, выходзілі з прапахлых гніллю каютаў і бавілі ноч на палубе, усімі сродкамі адганяючы заедзь ручнікамі, золак жа сустракалі знясіленымі, з апухлымі ад пакусаў тварамі. Англійскі вандроўнік пачатку XIX стагоддзя пісаў пра камбінаваны маршрут — на лодцы, а потым на муле, — які доўжыўся пяцьдзясят дзён, што гэта «найгоршая і самая нязручная пілігрымка па пакутах, якую чалавек здольны сабе ўявіць». Гэта перастала быць праўдай за восемдзесят гадоў рачной навігацыі, а потым зноў ёй сталася, і ўжо назаўсёды, калі кайманы з’елі апошняга матылька, былі выбітыя ламанціны, вымерлі альбо ўцяклі кудысьці папугаі, малпы, а сялібы апусцелі — калі прыйшоў канец усяму.
— Няма праблем, — смяяўся капітан, — пройдзе некалькі гадоў, і мы паедзем па сухім рэчышчы на шыкоўных аўто.
Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса ратаваліся ў пяшчотнай вясне закрытай веранды, але калі ўзнікла праблема з дровамі і веранда перастала абдуваць, прэзідэнцкая каюта ператварылася ў кававарку. Фэрміна Даса вытрымлівала начныя стаянкі дзякуючы ветру, які праходзіў праз адчыненыя вокны, і адганяла камароў ручніком, бо помпа для распылення інсектыцыду на нерухомым караблі не працавала. Вушы зноў балелі невыносна, але аднойчы раніцой яна прачнулася і заўважыла, што боль раптам знік, як спеў цыкады, якую раструшчылі ботам. Да самае ночы яна не здагадвалася, што левым вухам зусім не чуе, пакуль Флярэнтына Арыса не сеў побач і ёй не прыйшлося павярнуць галаву, каб пачуць, што ён кажа. Яна нікому не распавяла пра гэта і ўспрыняла глухату як адзін з непазбежных дэфектаў, выкліканых узростам.
Аднак затрымка карабля стала для іх ратавальнай. Флярэнтына Арыса аднойчы прачытаў: «Каханне робіцца больш велічным і высакародным у бядзе». Вільгаць прэзідэнцкай каюты пагрузіла іх у ірэальную летаргію, у якой лягчэй было кахаць без лішніх пытанняў і слоў. Яны перажылі неверагодна прыгожыя гадзіны ў мяккіх крэслах веранды, трымаючы адно аднаго за рукі, і цалаваліся яны няспешліва, адчувалі асалоду ад пяшчотаў напоўніцу. У трэцюю ноч задушлівай спякоты яна чакала яго з бутэлькай анісавай гарэлкі, якую папівала калісьці ўпотайкі з сяброўкамі стрыечнай сястры Ільдэбранды, а пазней, у шлюбе ужо, — з прыяцелькамі, якія незаўважна з’явіліся ў тым новым для яе свеце, што нібыта не належаў ёй, а быў проста часова пазычаны. Яна вырашыла крыху выпіць, заглушыць думкі, якія страшылі яе залішняй яснасцю, але Флярэнтына Арыса падумаў, што яна п’е дзеля храбрасці, каб наважыцца на апошні крок. Натхнёны ілюзіямі, ён адважыўся, намацаў пальцамі вялую шыю, грудзі ў панцыры з кітовага вуса ад гарсэта, кашчавыя клубы, сцёгны старой аленіхі. Яна прыняла яго пяшчоты спакойна, без здрыготы, толькі заплюшчыла вочы. Час ад часу яна марудна ўцягвала дым цыгарэты альбо адпівала анісаўку. Калі ўрэшце ягоная рука слізганула ніжэй, анісаўка перапоўніла яе сэрца.