— Гэта ўсё, што застаецца ад нашай ракі, — пацвердзіў капітан.
I Флярэнтына Арыса быў здзіўлены пераменамі, і яшчэ больш здзівіўся на наступны дзень, калі плыць стала цяжэй. Ён зразумеў: рака Магдалена, адна з самых вялікіх рэк у свеце, засталася ўсяго толькі ілюзіяй, часткай ягонай памяці. Як тлумачыў ім капітан Самарытана, гэта варварскае знішчэнне лясоў пакончыла з ракой за пяцьдзясят гадоў. Карабельныя катлы зжэрлі непралазныя сельвы і каласальныя дрэвы па берагах, якія прыгняталі Флярэнтына Арысу памерамі падчас першай вандроўкі. Фэрміна Даса не пабачыць звяроў, пра якіх марыла: паляўнічыя, якія прадавалі шкуры ў Нью-Арлеан, перабілі кайманаў, якія некалі заміралі на доўгія гадзіны з разяўленымі пашчамі ля берагавых адхонаў, каб злавіць якога матыля; шумныя папугаі і шалёна крыклівыя малпы гінулі па меры таго, як высякаліся спрадвечныя гушчары; ламанціны з вялікімі жаночымі грудзямі, якія кармілі малых і плакалі голасам самотнай жанчыны на водмелях, сталіся ахвярамі аматараў палявання.
Капітан Самарытана любіў ламанцінаў амаль па-мацярынску, ён лічыў іх жанчынамі, якія пакутуюць праз нераздзеленае каханне. І верыў у легенду, паводле якой ламанціны былі адзінымі самкамі без самцоў у жывёльным свеце. Ён ніколі не дазваляў страляць з борта карабля, што звычайна рабілі паляўнічыя насуперак закону. Аднойчы паляўнічы з Паўночнай Караліны, які меў сапраўдную ліцэнзію, не паслухаўся яго і разнёс галаву самцы ламанціна, што ляжала на беразе з дзіцем, адным трапным стрэлам з свайго «Спрынгфілда». Малая, ашалелая ад болю, лямантавала каля цела забітай маці. Капітан загадаў падняць сірату на борт, стаў яе апекуном, а паляўнічага кінуў на пустэльным беразе каля рэштак ламанціна. Шэсць месяцаў правёў капітан за кратамі ў выніку дыпламатычнай ноты пратэсту і ледзь не пазбавіўся правоў навігацыі і звання, але выйшаў з турмы з рашучасцю рабіць надалей гэтак сама, як толькі гэта спатрэбіцца. Аднак эпізод увайшоў у гісторыю: малеча вырасла і жыла шмат гадоў у заапарку для рэдкіх жывёлаў у Сан-Нікаляс-дэ-ляс-Баранкас і стала апошнім ламанцінам, якога бачылі на рацэ.
— Штораз, калі мой карабель праплывае ўздоўж гэтага адхону, — сказаў ён, — я малю Бога, каб той грынга[33] зноў захацеў павандраваць з намі. Навошта? Каб з задавальненнем яшчэ раз пакінуць яго на беразе.
Нельга сказаць, каб Фэрміна Даса так ужо сімпатызавала капітану, але ўсхваляваны волат так узрушыў яе сваім аповедам, што з тае раніцы заняў прывілеяванае месца ў яе сэрцы. Вандроўка толькі пачыналася, і было колькі заўгодна часу, каб сцвердзіцца ў думцы: яна не памылілася ў ім.
Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса заставаліся на капітанскім мастку да абеду, незадоўга да якога яны мінулі сялібу Калямар, дзе да нядаўняй пары жыццё было спрадвечным святам, а цяпер там засталіся толькі порт у руінах ды пустэльныя вуліцы. Адзінай жывой істотай, якую яны заўважылі з карабля, была жанчына ў белым, якая махала хусткай. Фэрміна Даса не зразумела, чаму яе не хочуць падабраць, але капітан патлумачыў, што гэта прывід тапеліцы, уяўная дзяўчына падавала зманлівыя сігналы, каб караблі збіваліся з курсу і траплялі ў небяспечныя віры ля супрацьлеглага берага. Карабель праходзіў так блізка, што Фэрміна Даса добра разгледзела яе пад промнямі сонца, але ні на хвілю не засумнявалася, што перад ёю сапраўды прывід, хоць твар здаўся ёй знаёмым.
Дзень быў доўгім, спякота знясільвала. Пасля абеду Фэрміна Даса вярнулася ў каюту, каб там правесці абавязковую сіесту, але не магла спаць ад болю ў вушах, які ўзмацняўся, калі «Новая Вернасць» абменьвалася вітальнымі гудкамі з іншым караблём кампаніі, з якім сустрэлася за некалькі лігаў вышэй ад паселішча Баранка-Віеха. Флярэнтына Арыса заснуў імгненна, седзячы ў галоўным салоне, дзе бальшыня пасажыраў, якія не мелі месца ў каютах, спала, нібыта апоўначы. Яму снілася Расальба, а дзея адбывалася якраз непадалёк ад таго месца, дзе яна колісь узнялася на борт. У сне Расальба вандравала адна ў старамоднай вопратцы мінулага стагоддзя, і менавіта яна, а не немаўля, спала падчас сіесты ў лазовай клетцы, што вісела пад столлю. Сон Флярэнтына Арысы, таямнічы і цікавы, пакінуў у ім асаблівы прысмак на цэлы дзень, пакуль ён гуляў у даміно з капітанам і двума знаёмымі пасажырамі.
Спякота спала з захадам сонца, і карабель ажыў. Пасажыры з’яўляліся, нібыта пасля летаргічнага сну, умытыя, пераапранутыя, і займалі салонныя крэслы, чакаючы на вячэру: кухар абвесціў яе а пятай, пад воплескі і жарты ён абыходзіў палубу з капеланскім званочкам. Падчас ежы духавы аркестр граў народныя мелодыі, і вячэра ператварылася ў прэлюдыю да скокаў, якія завяршаліся апоўначы. Фэрміна Даса не захацела вячэраць праз боль у вушах і прысутнічала пры першай загрузцы дроў для карабельных катлоў каля голае стромы, дзе не было нічога, акрамя нагрувашчання ствалоў ды старога, які кіраваў пагрузкай. Здавалася, нікога няма ў акрузе на адлегласці безлічы лігаў. Для Фэрміны Дасы пагрузка зацягнулася і выклікала нуду: на еўрапейскіх трансатлантычных волатах падобнае немагчыма было б і ўявіць; спякота рабілася невыноснай і адчувалася нават на закрытай верандзе. Але карабель паплыў, зноў падзьмуў свежы вецер сельвы, і музыка ўжо здавалася весялейшай. У сялібе Сытыё-Нуэва гарэла святло толькі ў адным акне, з партовай канторы не падалі ўмоўнага сігналу пра наяўнасць грузаў альбо пасажыраў, так што карабель праплыў без гудкоў. Увесь дзень Фэрміна Даса спрабавала здагадацца, да якіх сродкаў звернецца Флярэнтына Арыса, каб сустрэцца з ёю, не грукаючы ў дзверы яе каюты, і дзесьці а восьмай вечара ўжо не магла стрымаць жаданне быць з ім. Яна выйшла ў калідор са спадзевам сустрэць яго быццам бы выпадкова, і яе разлік тут жа апраўдаўся: Флярэнтына Арыса сядзеў на лаве ў калідоры, маўклівы і сумны, як калісьці ў Евангельскім скверыку, пытаючы ў сябе другую гадзіну запар, што рабіць, каб яе пабачыць. Яны выказалі здзіўленне аднолькавымі жэстамі, абое разумеючы іх няшчырасць. Яны прайшліся разам па палубе першага класа, перапоўненай маладзёнамі, у асноўным студэнтамі, якія балявалі, каб як след адзначыць апошнія дні вакацый.
У бары Флярэнтына Арыса і Фэрміна Даса выпілі па бутэлечцы прахаладжальнага напою, седзячы за стойкай, як студэнты, і раптам яна ўбачыла сябе ў страшнай сітуацыі. Яна ўсклікнула: «Які жах!» Флярэнтына Арыса спытаў, чым выклікана падобнае ўзрушэнне.
— Я прыгадала тых бедных старых, — шапнула яна, — забітых ударамі вясла.
Абое пайшлі спаць, ледзь скончылася музыка, пасля доўгай гутаркі, якая вялася без перашкодаў у цемры веранды. Уначы не выйшла поўня, неба схавалася за густымі аблокамі, недзе каля гарызонту выбухалі бліскавіцы без грому, яны асвятлялі карабель на кароткія імгненні. Флярэнтына Арыса скручваў ёй цыгаркі, але яна не выпаліла і чатырох, пакутуючы ад болю, які часам знікаў, каб узмацніцца, калі карабель рыкаў пры сустрэчах з іншым караблём альбо плыў уздоўж соннай сялібы ці сцішаў хаду, зандуючы рачное дно. Флярэнтына Арыса распавёў Фэрміне Дасе, з якою любоўю глядзеў на яе падчас Паэтычных гульняў, перад палётам на паветраным шары, калі яна каталася на ровары для акрабатаў, і як палка чакаў вялікіх святаў, толькі б пабачыць яе. Яна таксама бачыла яго часцяком, але ні разу ёй і да галавы не прыйшло, што ён з’яўляўся на людзях толькі дзеля яе. Аднак год назад, чытаючы ягоныя лісты, яна раптам спытала сябе, як здарылася, што ён ніколі не ўдзельнічаў у Паэтычных гульнях: безумоўна, ён бы перамог. Флярэнтына Арыса схітрыў: ён, маўляў, пісаў толькі для яе і ні для каго іншага. Тады яна пашукала ў цемры ягоную руку, якая не чакала сустрэчы, як мінулай ноччу не чакала яе, — цяпер яго заспелі знянацку.
— Якімі дзіўнымі бываюць жанчыны, — ціха сказаў ён.
Яна засмяялася грудным пяшчотным смехам і зноў падумала пра старых у лодцы. Так ёй было наканавана ад нараджэння: той вобраз будзе пераследаваць яе заўсёды. Фэрміна Даса, мабыць, збляднела, але схавала гэта ў цемры веранды, бо адчувала сябе добра і спакойна, як зрэдчас здаралася ў жыцці, — яна была чыстая ад усялякай вінаватасці. Так бы і прасядзела да золку моўчкі, трымаючы ягоную руку, што звільгатнела ад сцюдзёнага поту, калі б не боль у вушах. Скончылася музыка, і сціхлі пасажыры агульнага класа, якія нацягвалі гамакі ў салоне. Фэрміна Даса ўцяміла, што боль мацнейшы за жаданне быць з ім. І ведала: варта сказаць яму пра боль, і боль адступіць, але не сказала нічога, каб не трывожыць яго. Яна ўжо ведала яго, нібыта пражыла з ім усё жыццё, і верыла, што ён здольны загадаць вярнуцца ў порт адплыцця, калі б гэта магло суцішыць боль.