— Вось тады і звярніце ўвагу, — дадаў ён, — у іх зазвычай пясок у сэрцы.
Потым доктар Урбіна загаварыў з камісарам, нібыта з падначаленым. Ён загадаў абысці ўсялякія фармальнасці з тым, каб пахаванне адбылося сёння ж увечары і цалкам патаемна. І падкрэсліў: «Я пагутару з алькальдам[1] пазней». Доктар Урбіна ведаў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур жыў надзвычай аскетычна, у найвышэйшай ступені сціпла, але сваім мастацтвам зарабляў шмат болей, чымся трэба для пражыцця, таму ў якой-небудзь шуфлядзе мусяць быць грошы, на хаўтурныя выдаткі будзе досыць.
— А калі і не знойдзеце, не бяда, — удакладніў ён, — я бяру ўсё на сябе.
Ён загадаў сказаць журналістам, што фатограф памёр натуральнай смерцю, хоць і падумаў: навіна не зацікавіць іх ні з якога боку. І падкрэсліў: «Калі трэба, я пагутару з губернатарам». Камісар быў чыноўнікам сур’ёзным ды нешматслоўным, ён ведаў, што мэтр сваім грамадзянскім сумленнем раздражняў нават самых блізкіх і цярплівых сяброў, таму яго здзіўляла лёгкасць, з якой доктар, каб паскорыць пахаванне, абыходзіў законныя працэдуры. Камісар адно што не пагадзіўся на размову з арцыбіскупам, каб той дазволіў пахаваць Ерэмію дэ Сэнт-Амура ў святой зямлі гарадскіх могілак. Праўда, ён тут жа засмуціўся з-за сваёй дзёрзкасці і паспрабаваў неяк згладзіць няёмкую сітуацыю.
— Я так разумею, гэта быў святы чалавек, — сказаў ён.
— Не тое слова, — адказаў доктар Урбіна, — гэта быў святы атэіст. Але ў гэтых справах толькі Бог суддзя.
Здалёк, з іншага краю каланіяльнага горада, пачуліся званы кафедральнага сабора, якія склікалі да ўрачыстага набажэнства на Святую Сёмуху. Доктар Урбіна надзеў пенснэ са шкельцамі-палавінкамі ў залатой асадзе і зірнуў на гадзіннік, квадратны і тонкі, з вечкам на спружыне: яшчэ трошкі, і ён прапусціў бы святочную імшу.
У пакоі стаяла вялізная фотакамера на маленькіх колах, такая, як у парках; насупраць вісеў заднік з намаляваным самаробнымі фарбамі захадам сонца над морам. Сцены ж былі ўвешаныя дзіцячымі партрэтамі: першая камунія, першы карнавал, шчаслівы дзень нараджэння. Доктар Урбіна год за годам назіраў, як паступова пад фотапаперай знікалі сцены, меркаваў аб гэтым падчас засяроджаных вечаровых роздумаў і не раз думаў з адчаем прадчування, што ў гэтай галерэі выпадковых партрэтаў крыецца зародак будучага горада, якім будуць кіраваць, давядуць яго да распусты гэтыя незнаёмыя дзеці, і ў якім не застанецца і попелу ад ягонай, доктара Урбіна, славы.
На пісьмовым стале, каля шклянкі з курыльнымі люлькамі старога марскога ваўка, засталася шахматная дошка з незавершанай партыяй. Нягледзячы на спешку й змрочны настрой, доктар Урбіна не ўтрымаўся ад спакусы прааналізаваць партыю. Ён дакладна ведаў, што гэта была партыя мінулага вечара, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур гуляў штовечар і як мінімум з трыма рознымі партнёрамі, але заўжды, завяршаючы гульню, клаў фігуркі ў скрыню, а скрыню — у шуфлядку стала. Ведаў ён і тое, што нябожчык гуляў толькі белымі, і ў гэтай партыі, увачавідкі, яго чакала немінучая параза праз чатыры хады. «Калі б размова ішла пра забойства, вось дзе была б зачэпка, — сказаў ён сабе. — Толькі адзін чалавек у горадзе здолеў бы падвесці да такой геніяльнай пасткі». Для доктара Урбіна жыццё сталася б невыносным, калі б пазней ён не дазнаўся, чаму непакорлівы салдат, які звычайна змагаўся да апошняй кроплі крыві, пакінуў поле апошняй у жыцці бітвы дачасна.
А шостай ранку, падчас канчатковага абходу, вулічны вартаўнік заўважыў паперу, прыколатую да ўваходных дзвярэй: «Зайдзіце без стуку ды выклічце паліцыю». Неўзабаве з’явіўся камісар з практыкантам, і яны разам абыходзілі дом у пошуках абвяржэння недвухсэнсоўнага паху горкіх мігдалаў, але дарэмна. Аднак цяпер, за лічаныя хвіліны, што спатрэбіліся доктару для разбору незавершанай партыі, камісар знайшоў сярод папер на пісьмовым стале канверт, адрасаваны доктару Хувэналю Урбіна ды так запячатаны плямінамі сургуча, што давялося літаральна раздзерці яго, каб дастаць ліст. Доктар адвёў чорную фіранку з акна майстэрні, — інакш было цёмна, — потым шпарка прагледзеў усе адзінаццаць старонак, якія ўцякач напісаў з двух бакоў разборлівым почыркам, і як толькі прачытаў першы абзац, зразумеў, што давядзецца забыць пра прычасце на стольным свяце Сёмухі. Ён чытаў у вялікім хваляванні, вяртаючыся на некалькі старонак, каб знайсці страчаную нітку сэнсу, і калі завершыў чытанне, яму здавалася, што ён толькі што вярнуўся здалёк, праз перашкоды часу і прасторы. Прыгнечанасць была відавочнай, хоць ён старанна яе хаваў: на ягоныя вусны легла смяротная сінеча, ён не здолеў суняць дрыготку ў пальцах, калі складваў ліст і засоўваў яго ў кішэню камізэлькі. Тут ён узгадаў пра камісара з практыкантам і ўсміхнуўся ім праз туман смутку.
— Нічога асаблівага, — уздыхнуў ён, — тут апошнія даручэнні.
Гэта было праўдай толькі напалову, але яны паверылі яму, бо ён загадаў узняць адну з плітак падлогі, пад якой яны знайшлі старадаўні блакнот з запісамі прыбыткаў-выдаткаў і кодам сейфа. Там было менш грошай, чым яны чакалі, але цалкам хапала на хаўтурныя і іншыя выдаткі. Доктар Урбіна нарэшце ўцяміў, што не паспее ў кафедральны сабор нават да канца заключнага псалма.
— У трэці раз я прапускаю нядзельную імшу з тае пары, як помню сябе, — уздыхнуў ён. — Даруй мне Божа.
Ён затрымаўся яшчэ на колькі хвілін, распарадзіўся пра ўсё да драбязы, хоць ледзь стрымліваў жаданне як мага хутчэй падзяліцца з жонкай адкрыццямі ашаламляльнага ліста. Ён узяўся перадаць вестку пра смерць Ерэміі дэ Сэнт-Амура шматлікім карыбскім уцекачам, што жылі ў горадзе, бо яны, верагодна, захочуць развітацца з найбольш шаноўным, актыўным і непакорлівым з іх, хоць было відавочна, што з гадамі яго апанавала расчараванне. Акрамя таго, доктар Урбіна паведаміць сумную навіну прыяцелям па гульні ў шахматы, сярод якіх былі і вядомыя гораду людзі, і невядомыя рамеснікі; ён распавядзе пра сумнае здарэнне нават тым, хто зрэдчас заходзіў на партыю-другую, яны, магчыма, захочуць прыйсці на пахаванне. Яшчэ не прачытаўшы ліст, ён думаў, што быў самым лепшым сябрам нябожчыка, але пасля чытання страціў усялякую ўпэўненасць. Так ці іначай, ён прышле найлепшы вянок з гардэній, — хто ведае, а мо Ерэмія дэ Сэнт-Амур адчуў перад смерцю хоць хвіліннае каянне. Пахаванне прызначылі на пятую ўвечары — найлепшы час у спякотны сезон года. Калі будзе патрэба, доктара можна будзе знайсці апоўдні або пазней у загараднай сядзібе доктара Лясыдэса Алівэллі, яго ўлюбёнага вучня, які ў той жа дзень адзначаў срэбнае вяселле з медыцынскай прафесіяй урачыстым абедам.
Распарадак дня доктара Хувэналя Урбіна, які ён вызначыў раз і назаўсёды з тае пары, як засталіся ззаду гады першых баявых хрышчэнняў, і ён дасягнуў найвышэйшай пашаны ў правінцыі, быў надзвычай простым. Уздымаўся ён з першымі пеўнямі і адразу прымаў свае патаемныя лекі: бромісты калій для падняцця гумору, саліцылавы натар ад ламаты перад дажджом, колькі кропель выціску прарослага жыта ад кружэння галавы, беладонну для спакойнага сну. Лекі ён прымаў штогадзіны, заўжды ўпотайкі, бо цягам усёй сваёй лекарскай ды выкладчыцкай практыкі і ўслых выказваўся супроць прызначэння паліятыўных сродкаў ад старасці: чужы боль ён перажываў лягчэй, чым свой. У кішэні ў яго заўсёды была падушачка з камфарай, і, калі ніхто не бачыў, ён глыбока ўдыхаў яе пары, — гэта нібыта здымала страх, які ўнушала блытаніна з лекамі, што ён прымаў.
Гадзіну доктар бавіў у сваім кабінеце, рыхтуючы лекцыю па агульнай клініцы: ён выкладаў у Школе медыцыны ад восьмай ранку кожны дзень ад панядзелка да суботы да самага пярэдадня сваёй смерці. Ён таксама з ахвотай знаёміўся з новымі літаратурнымі творамі, якія дасылаў яму па пошце парыжскі бібліятэкар або замаўляў для яго ў Барселоне гаспадар мясцовай кнігарні, хоць за іспанамоўнай літаратурай не сачыў гэтак, як за французскай. Аднак ён ніколі не чытаў уранні — толькі гадзінку пасля сіесты[2], і ўначы, перад сном. Падрыхтаваўшыся да заняткаў, ён рабіў у ванным пакоі пятнаццаціхвілінную дыхальную зарадку перад адчыненым акном, — ён дыхаў толькі ў той бок, адкуль чуваць было спеў пеўняў; з таго боку ішло свежае паветра. Потым ён прымаў ванну, падпраўляў бародку, напамаджваў вусы, ахутаны сапраўдным адэкалонам ад Фарыны Гегенюбэр, надзяваў белую ільняную тройку, мяккі капялюш і саф’янавыя чаравікі. Ён размяняў восемдзесят другі год, захаваўшы зграбныя манеры і вясёлы нораў, з якімі колісь вярнуўся з Парыжа пасля страшэннай эпідэміі халеры, і валасы, якія ён старанна зачэсваў на просты прабор, заставаліся дакладна такімі, як у маладосці, хіба што набылі лёгкае металёвае адценне. Снедаў ён у сямейным атачэнні, але прытрымліваўся адметнай дыеты: адвар з кветак палыну, карысны для страўніка, і галоўка часныку, каб не было спазмаў сэрца, — ён чысціў кожны зубчык і жаваў яго старанна з лустаю хлеба. Пасля лекцыі доктар рэдка не быў заняты ажыццяўленнем якой-небудзь ініцыятывы агульнагарадскога маштабу, касцельным мерапрыемствам або якой іншай мастацкай ці сацыяльнай прыдумкай.