— Вярнуцца дамоў будзе як памерці, — сказала яна.
Флярэнтына Арыса здзівіўся: яна нібыта прачытала думку, якая яму не давала спакою з таго моманту, як яны пусціліся ў адваротны шлях. Hi ён, ні яна не маглі ўявіць, як яны будуць спаць у іншым доме, акрамя каюты, есці інакш, чымся на караблі, жыць жыццём, якое заўсёды будзе чужым. Гэта і сапраўды было падобна на смерць. Ён ужо не заснуў, ляжаў са сплеценымі пад галавой рукамі. Раптам кінжальны ўспамін пра Амэрыку Вікунню вымусіў яго скурчыцца ад болю, ён ужо не мог адмахвацца ад праўды, зачыніўшыся ў ваннай, выплакаўся няспешліва, да апошняй слязінкі. Толькі пасля гэтага адважыўся прызнацца сабе самому, як яе кахаў.
Яны апрануліся, каб сысці на бераг. Між тым, карабель пакінуў за сабой апошні адрэзак рэчышча Магдалены — забалочаны старажытны іспанскі канал — і плыў сярод карабельных парэштак і мёртвых затокаў ужо ў бухце. Пачынаўся сонечны чацвер над залатымі купаламі горада віцэ-каралёў, але Фэрміна Даса стаяла на верандзе і кляла ў думках смурод старажытнай славы, ганарлівасць цвярдыняў, апаганеных ігуанамі, увесь жах рэальнага жыцця. Яны абое не хацелі і не маглі здацца проста так.
У ядальні сустрэлі капітана. Ён меў жахлівы выгляд, які ніяк не спалучаўся са звыклай акуратнасцю: няголены, з пачырванелымі ад бессані вачыма, у потнай вопратцы мінулай ночы. Гарэлкавая адрыжка часам перарывала ягоныя словы. Зэнайда спала. Яны моўчкі снедалі, калі катар санітарнай службы порта загадаў іх караблю спыніцца. Капітан узняўся на масток і сваім грымотным голасам адказаў на пытанні ўзброенага патруля. Яны захацелі ведаць, якім від халеры ў пасажыраў, колькі іх на караблі, колькі з іх хворыя, ці ёсць рызыка далейшага заражэння. Капітан адказаў, што ён вязе трох пасажыраў і ўсе трое інфікаваныя халерай, але знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі. Hi пасажыры, што ўзняліся на борт у порце Ля-Дарада, ні экіпаж кантактаў з імі не мелі. Але камендант патруля не задаволіўся гэтым і загадаў вывесці карабель з бухты і чакаць у забалочаным канале Ляс-Мэрсэдэс да другой папаўдні, пакуль будуць уладкаваныя фармальнасці для дэкларацыі каранціну на борце. Капітан выбухнуў лаянкай рамізніка, але ўзмахам рукі загадаў лоцману развярнуцца і выйсці зноў да канала.
Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса ўсё пачулі, седзячы за сталом, але капітан нібыта не надаў гэтаму значэння. Ён еў моўчкі, кепскі настрой праявіўся толькі ў парушэннях правілаў этыкету, на якіх трымалася легендарная рэпутацыя рачных капітанаў. Ён прабіў кончыкам нажа жаўткі чатырох смажаных яек, макаў у яечню кавалкі банана, браў жаўткі ў рот цалкам і жаваў з дзікунскай асалодай. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса глядзелі на яго моўчкі, нібыта вучні за партай, якія чакалі, калі будуць зачытаныя гадавыя адзнакі. Яны не абменьваліся ні словам, нават пакуль ішоў дыялог з санітарным патрулём, не мелі ні найменшага панятку пра тое, што ім наканавана, але паводле пульсацыі сасудаў капітанавых скроняў абое ведалі, што ён думае менавіта пра гэта.
Пакуль ён распраўляўся з яечняй, з цэлым падносам смажаных бананаў і вялізным кубкам кавы з малаком, карабель на малой хадзе выйшаў з бухты, праклаў сабе шлях цераз покрыва гнілой зеляніны і рачнога лотаса з ліловага колеру кветкамі і вялізнымі сэрцападобнымі лістамі, вяртаючыся да багнаў. Вада пералівалася мірыядамі рыбін, што плылі на баку, забітыя браканьерскім дынамітам, і птушкі, якія ляталі над вадой і над зямлёй, насіліся кругамі над імі з рэзкімі металічнымі крыкамі. Карыбскі вецер біў у акно шумам птушынага базару, і Фэрміна Даса адчула ў крыві хаатычны пульс сваёй свабоды. Справа ад іх каламутнае ды маруднае вусце вялікай ракі Магдалены цягнулася да другога канца свету.
Калі талеркі былі спустошаныя, капітан выцер ражком абруса вусны і загаварыў груба, раз і назаўсёды ставячы крыж на ўсіх міфах пра культурную мову рачных капітанаў. Ён гаварыў не для іх, а проста спрабуючы суцішыць гнеў. Нарэшце ён рассеяна сцвердзіў, што не бачыць спосабу, як выйсці з дурнога становішча, у якое яны трапілі з гэтым халерным сцягам.
Флярэнтына Арыса выслухаў яго, не міргнуўшы. Затым агледзеў вокны, прабег вачыма поўны круг квадранта ружы вятроў, выразную лінію гарызонту, бясхмарнае снежаньскае неба, воды, якія нібыта абяцалі надзейную навігацыю да сканчэння вякоў, і сказаў:
— Пойдзем проста наперад, зноў да порта Ля-Дарада.
Фэрміна Даса здрыганулася, бо пазнала даўні голас, адзначаны знакам Святога Духу, і кінула ўчэпісты позірк на капітана. Але капітан не бачыў яе, ашаломлены моцнай сілай натхнення Флярэнтына Арысы.
— Вы кажаце гэта сур’ёзна?
— Ад самага свайго нараджэння, — адказаў Флярэнтына Арыса, — я не прамовіў нічога несур’ёзнага.
Капітан паглядзеў на Фэрміну Дасу і заўважыў першыя водбліскі зімовай шэрані на яе вейках. Потым ён перавёў позірк на Флярэнтына Арысу, адчуў яго непераможную ўладарнасць, непахіснасць ягонага кахання, і быў працяты запозненай здагадкай, што не смерць бязмежная, а жыццё.
— І да якое пары, вы думаеце, мы будзем матляцца туды і назад? — зноў спытаў капітан.
Адказ Флярэнтына Арысы быў гатовы ўжо пяцьдзясят тры гады, сем месяцаў і адзінаццаць дзён і начэй таму.
— Усё жыццё, — адказаў ён.
Пераклаў з іспанскай Карлас Шэрман
Зноскі
[1] Кіраўнік гарадской адміністрацыі (тут і далей — заўвагі перакладчыка).
[2] Адпачынак пасля абеду.
[3] Маецца на ўвазе Сімон Балівар (1783–1830), адзін з кіраўнікоў у вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Лацінскай Амерыцы.
[4] Грыфы-ўрубу, вядуцца ў Лацінскай Амерыцы.
[5] Вудра Уілсан (1856—1924) — прэзідэнт ЗША з 191З па 1921 гг.
[6] Дзікарослае дрэва трапічнай Амерыкі, вядомае надзвычайнай цвёрдасцю.
[7] Хасэ Рауль Капаблянка (1888–1942) — кубінскі шахматыст, чэмпіён свету ў 1921–1927 гг.
[8] Мера зямлі (64,5 га).
[9] Алексіс Карэль (1873—1944) — французскі хірург і патафізіёлаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1912); Аксэль Мунтэ (1857—1949) — шведскі лекар і пісьменнік.
[10] Прозвішчы іспанскіх арыстакратаў складаюцца з вялікай колькасці элементаў.
[11] Рэал — манета, роўная дзясятай долі песа.
[12] Від чырвонага дрэва.
[13] «Пакінь надзею ўсялякі, хто сюды ўвойдзе» («Боская камедыя» Дантэ Аліг’еры).
[14] 1 ліга — 5572 метры.
[15] Мампокс — сталіца правінцыі Балівара ў Калумбіі.
[16] «У гэтай цёмнай магіле» — італьянская жалобная песня.
[17] Энрыка Каруза (1873–1921) — італьянскі оперны спявак.
[18] «Калі прачнешся ў ззянні» (ангельск.).
[19] Рагу з мяса і гародніны.
[20] Попельная серада — у каталікоў першы дзень пасля карнавалу, пачатак Вялікага посту.
[21] Гульня слоў: Леона ў перакладзе з лацінскай — ільвіца.
[22] Карлас Гардэль (1887–1935) — слынны аргенцінскі спявак, найлепшы выканаўца танга.
[23] Альфрэд Дэні Карто (1877–1962) — вядомы піяніст і дырыжор; Жак Тыбо (1880–1953) — знакаміты французскі скрыпач; Пабла Касальс (1876–1973) — вялікі іспанскі віяланчэліст, дырыжор і кампазітар, склалі выдатнае трыа ў 1905 годзе.
[24] Сарсуэла — від іспанскае аперэты.