Прагучаў апошні сігнал. Доктар Урбіна Даса з жонкай развіталіся з Фэрмінай Дасай без драматызму, і Флярэнтына Арыса праводзіў іх да сходаў. Доктар Урбіна Даса хацеў прапусціць яго следам за жонкай і толькі тут здагадаўся, што Флярэнтына Арыса таксама ўдзельнічае ў вандроўцы. Доктар не здолеў схаваць занепакоенасці.
— Але ж мы так не дамаўляліся, — сказаў ён збянтэжана.
Флярэнтына Арыса шматзначна паказаў яму ключ ад сваёй шараговай каюты, якая месцілася на палубе агульнага класа. Але гэта не падалося доктару Урбіна Дасу дастатковым доказам цнатлівасці ягоных намераў. Ён паглядзеў на жонку поглядам чалавека, які перажывае крушэнне карабля ў адкрытым моры, ён шукаў хоць якісьці пункт апоры, але сутыкнуўся з яе ледзянымі вачыма. Жонка сказала яму ціха-ціха, суворым голасам: «Ты таксама?» Так, ён таксама, як і ягоная сястра Афэлія, думаў, што ў вельмі сталым узросце каханне мяжуе з непрыстойнасцю. Аднак доктар праявіў своечасовую рэакцыю і на развітанне паціснуў руку Флярэнтына Арысу, хутчэй, з замірэннем, чым з удзячнасцю.
Флярэнтына Арыса бачыў, што яны ўжо на беразе, з веранды салона. Як ён чакаў і жадаў, доктар Урбіна Даса з жонкай павярнуліся для развітальнага пагляду, адчыняючы дзверцы аўто, і ён махнуў ім рукой на развітанне. Яны адказалі яму тым самым. Ён заставаўся на верандзе, пакуль аўто не знікла ў пыле грузавога двара, і затым накіраваўся ў каюту, каб пераапрануцца ў больш адпаведную вопратку для першай вячэры на борце ў прыватнай гасцёўні капітана.
Капітан Дыега Самарытана прыправіў знамянальную ноч цікавымі аповедамі пра ягоныя сорак гадоў на рацэ, але Фэрміне Дасе давялося прыкласці немалыя намаганні, каб выглядаць вясёлай. Нягледзячы на тое, што апошні сігнал да адплыцця быў дадзены а восьмай вечара, калі тыя, хто суправаджаў пасажыраў, сышлі на бераг і трап быў падняты, карабель не зрушыўся з месца, пакуль капітан не павячэраў і не ўзняўся на мосцік, адкуль кіраваў манеўрам. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса засталіся на верандзе агульнага салона сярод шумных пасажыраў, якія спрабавалі пазнаць месцы горада паводле агнёў, што паступова аддаляліся. Потым карабель пакінуў бухту, увайшоў у нябачнае рэчышча ракі, мінаючы мелі і агні рыбацкіх лодак, што гойдаліся на хвалях, і задыхаў на поўныя грудзі на вольным паветры вялізнай ракі Магдалены. Тады духавы аркестр грымнуў моднай народнай песняй, і пасля выбуху радасці пасажыраў пачаліся скокі.
Фэрміна Даса сказала, што хацела б застацца адна. За вечар яна не вымавіла ні слова. Флярэнтына Арыса дазволіў ёй заглыбіцца ў роздум і перарваў яго толькі дзеля таго, каб развітацца каля ўвахода ў яе каюту. Але яна не жадала спаць, ёй проста было холадна, і яна прапанавала пасядзець крыху на адкрытай верандзе каюты і палюбавацца ракой. Флярэнтына Арыса выкаціў на веранду два лазовыя крэслы, патушыў святло, накінуў ёй на плечы плед з воўны і прысеў побач. Яна скруціла цыгарку з тытуню, які ён ёй падараваў, прычым зрабіла гэта дужа спрытна, запаліла з расцяжкай і моўчкі, нібыта дым быў надта гарачы, затым скруціла яшчэ дзве і паліла іх без перапынку. Флярэнтына Арыса паступова выпіў два тэрмасы горкай кавы.
Агні горада зніклі за гарызонтам. З цёмнай веранды пяшчотная ды ціхая рака, а таксама пашы ўздоўж берагоў пад поўняй ператварыліся ў даліну, якая свяцілася сама па сабе. Час ад часу паказваўся саламяны будан каля вогнішча, там прадавалі дровы для параходных катлоў. Флярэнтына Арыса захоўваў цьмяныя ўспаміны пра вандроўку ў маладыя гады, і вобразы ракі ажывалі ў ім асляпляльнымі парывамі памяці, нібыта гэта было толькі ўчора. Ён сёе-тое прыгадваў услых, спрабуючы ўплываць на настрой Фэрміны Дасы. Яна адстаронена паліла з такім выглядам, нібыта жыла ў іншым вымярэнні. Флярэнтына Арыса спыніў успаміны і пакінуў Фэрміну Дасу сам-насам з сабой. Яна запальвала цыгарэты адну ад адной, пакуль тыя не скончыліся. Музыка спынілася апоўначы, шум на танцавальнай пляцоўцы сціх, распаўся, перайшоў у паўсонны шэпт, і два сэрцы засталіся ў цемры веранды, адлічваючы ўдары ў такт уздыхам карабельнай машыны.
Праз пэўны час Флярэнтына Арыса зірнуў на Фэрміну Дасу і праз ззянне ракі ўбачыў яе прывіднай, профілем падобнай да статуі, якая сама выпраменьвала ледзь заўважнае блакітнае святло. Ён здагадаўся, што яна бязгучна плача. Але замест таго, каб вымавіць суцяшальныя словы альбо чакаць, пакуль яна выплача ўсе слёзы, паддаўся паніцы.
— Хочаш, каб я пайшоў? — спытаў ён.
— Калі б я гэтага хацела, то не запрасіла б цябе, — ціха адказала Фэрміна Даса.
Тады ён працягнуў у цемры сцюдзёныя пальцы, пачаў шукаць навобмацак яе руку, знайшоў і знерухомеў у чаканні. Абое былі досыць цвярозыя і зразумелі імгненна, што рукі, на жаль, не тыя, якія жылі ў іхным уяўленні, а рукі старыя і кашчавыя. Аднак тут жа абое абудзіліся. Яна загаманіла пра нябожчыка мужа не ў мінулым, а ў цяперашнім часе, нібыта ён яшчэ жыў, і Флярэнтына Арыса тут жа ўсвядоміў: для яе таксама настаў час спытаць сябе годна, велічна і з нястрымнаю прагай жыцця, што рабіць з каханнем, якое засталося без гаспадара.
Фэрміна Даса кінула пагаслую самакрутку, каб не адпускаць ягонай рукі. Яна разгубілася, не ў змозе нешта разумець. Нельга было ўявіць лепшага мужа, чым нябожчык, але яна знаходзіла больш цяжкога, чым светлага ва ўспамінах аб пражытым: занадта было ўзаеманепаразуменняў, бессэнсоўных сварак, незабытых крыўдаў. Раптам яна ўздыхнула: «Неверагодна, адкуль такое шчасце цягам столькіх гадоў сярод незлічоных сварак і калатнечы, халера на яго. І я не ведаю, ці было гэта сапраўдным каханнем, ці не». Ледзь яна аблегчыла сваю душу, як хтосьці патушыў поўню. Карабель ішоў, нібыта робячы крок за крокам, ставячы спярша адну нагу, і толькі потым другую, як драпежнік, які высочвае ахвяру. Фэрміна Даса нібыта вярнулася з краіны жаданняў.
— А зараз ідзі, — сказала яна.
Флярэнтына Арыса сціснуў яе руку, нахіліўся, спрабуючы пацалаваць яе ў шчаку. Аднак яна адвяла яго пяшчотным хрыплаватым голасам:
— Ужо не трэба — ад мяне патыхае старасцю.
Яна чула, як ён выйшаў у цемры, як крокі аддаляліся па лесвіцы — да наступнага дня. Запаліла яшчэ адну самакрутку, і пакуль яе паліла, ёй бачыўся доктар Хувэналь Урбіна ў бездакорным лёгкім строі, прафесійна суворы, вельмі сімпатычны, закаханы, — ён махнуў ёй на развітанне белым капелюшом з іншага карабля мінулага. «Мужчыны — гэта вартыя жалю рабы прымхаў, — колісь сказаў ён. — Але калі жанчына вырашыла пераспаць з мужчынам, няма перашкодаў, якія яна не можа пераадолець. Няма крэпасці, якую яна не возьме. Няма маральных установак, якія не зруйнуе дашчэнту. Адным словам, няма для яе Бога». Фэрміна Даса праседзела нерухома да золку, думаючы пра Флярэнтына Арысу не як пра нязменнага вартаўніка Евангельскага скверыка, бо ў памяці ён не запальваў ужо ні найменшага промня настальгіі, а як пра старога і кульгавага, але рэальнага чалавека, які заўсёды быў побач і якога яна здолела распазнаць. Пакуль карабель вёз яе, задыхаючыся, да ружовага золку, яна маліла Бога толькі пра адно: няхай бы Флярэнтына Арыса здолеў пачаць наступны дзень як трэба.
Ён здолеў. Фэрміна Даса загадала прыслузе не турбаваць яе, пакуль яна не выспіцца як след, і калі прачнулася, на начным століку ўгледзела вазу са свежай белай ружай, яшчэ з кроплямі расы, а побач — ліст Флярэнтына Арысы, які меў столькі старонак, колькі ён паспеў напісаць з моманту іх расстання. Гэта быў спакойны ліст — ён толькі спрабаваў выказаць настрой, які ахапіў яго ўначы, — і лірычны, як папярэднія, і рытарычны, як усе ягоныя пасланні, але ён грунтаваўся на рэчаіснасці. Фэрміна Даса прачытала тэкст, саромеючыся за неўтаймоўны галоп свайго сэрца. Ліст завяршаўся просьбай перадаць праз слугу, калі яна будзе гатовая, бо капітан чакае іх на мастку, каб паказаць, як функцыянуе карабель.
Фэрміна Даса была гатовая аб адзінаццатай. Выходзячы з ваннага пакоя, яна пахла кветкавым мылам і апранула вельмі просты ўдовін строй з шэрай бавоўны. Адчуваючы, што цалкам узнавілася пасля начных пакут, яна папрасіла слугу ў бездакорнай белай уніформе, які абслугоўваў асабіста капітана, прынесці лёгкі сняданак, і ні слова пра тое, каб па яе прыйшлі. Яна паднялася сама пад асляпляльна чыстым небам і знайшла Флярэнтына Арысу, які гаманіў з капітанам на мастку. Ён выглядаў інакш, чым зазвычай, не толькі таму, што яна пазірала на яго іншымі вачыма, — ён і насамрэч перамяніўся. Замест заўсёднай хаўтурнай вопраткі ён надзеў вельмі зручныя белыя чаравікі, лёгкія штаны і кашулю з чыстай бавоўны з расшпіленым каўняром, кароткімі рукавамі і манаграмай на нагруднай кішэні. Апрача таго, ён насіў берэт белага колеру і мудрагелістую прыладу з цёмнымі шкельцамі ад сонца паўзверх спрадвечных акуляраў блізарукага чалавека. Вопратка была новая, напэўна, набытая спецыяльна для вандроўкі, за выключэннем старога бурага рэменя: Фэрміна Даса прыкмеціла яго з першага погляду, нібыта муху ў талерцы поліўкі. Пабачыўшы Флярэнтына Арысу такім прыбраным, прычым, зразумела, апранутым дзеля яе, яна не здолела стрымаць чырвань. Яна павітала яго сарамліва, і ён засаромеўся яшчэ больш, адчуўшы яе стан. Яны ўсведамлялі, што паводзяць сябе, як жаніх з нявестай, і гэта давяло іх да такога стану, што капітан Самарытана глядзеў на іх са шкадобай. Выйсце са становішча ён знайшоў у тым, што на працягу дзвюх гадзін тлумачыў, як кіраваць і карыстаццамеханізмамі карабля. Яны марудна плылі па бязмежнай рацэ, якая залівала пустэльныя долы да гарызонту. Вада каля бухтаў была каламутнай, а на адкрытай рацэ плынь была маруднай і празрыстай, з металічным бляскам пад неміласэрным сонцам. У Фэрміны Дасы склалася ўражанне, што яны праплываюць па дэльце з пясчанымі астравамі.