— Калі ўжо дурэць, дык давай, — сказала яна, — але ўсё ж як дарослыя людзі.
Яна павяла яго ў спальню без фальшывага сораму, пры святле стала распранацца.
Флярэнтына Арыса лёг на ложак, разглядаючы столь, спрабуючы ўзяць сябе ў рукі, зноў не ведаючы, што рабіць са шкурай тыгрыцы, якую ён толькі што дабіў. Яна сказала: «Не падглядай». Ён спытаў: «Чаму?» — не адрываючы вачэй ад столі.
— Таму што табе не спадабаецца ўбачанае, — адказала яна.
Потым усё ж павярнуў галаву, убачыў яе, аголеную да таліі, і ўпэўніўся: яна была менавіта такой, якой ён яе ўяўляў. Плечы ў зморшчынках, грудзі — вялыя, бледная скура аддавала жабіным холадам. Яна прыхавала грудзі блузкай і патушыла святло. Тады і ён устаў і распрануўся ў цемры, шпурляючы ў яе адзеннем, што здымаў з сябе, і яна ўсё яму вяртала, ціхенька смеючыся.
Яны ляжалі доўга: ён адчуваў сябе аглушаным па меры таго, як да яго вярталася цвярозасць, яна была спакойна разняволеная, але малілася Богу, каб не засмяяцца нават у думках, што здаралася з ёю часта пад уздзеяннем анісаўкі. Яны цягнулі час. Пагаманілі пра сябе, пра тое, наколькі па-рознаму склалася іхнае жыццё. Пра неверагодную выпадковасць таго, што яны ляжалі, у чым маці іх нарадзіла, у цемры каюты карабля, што стаяў на якары, і думалі бог ведае пра што, калі час быў падумаць пра смерць. Раней яна ніколі не чула, каб у яго была жанчына, хоць адна, і гэта ў горадзе, дзе ўсё было вядома нават раней, чым адбывалася ў сапраўднасці. Яна сказала пра гэта знянацку, і тут жа ён адказаў, не міргнуўшы вокам:
— Я захоўваў цнатлівасць для цябе.
Яна б яму не паверыла, нават калі б гэта было чыстай праўдай: ягоныя любоўныя лісты цаніліся ёй не за сэнс, не за спрытнасць спляцення выразаў, а за моц асляпляльнай шчырасці. Аднак ёй падабалася смеласць, з якой ён гэта сцвердзіў. Са свайго боку, Флярэнтына Арыса раптам злавіў сябе на тым, што ніколі б не адважыўся спытаць, ці была ў яе патаемная сувязь па-за шлюбам. Здзівіць яго было немажліва, ён ведаў, што жанчыны і мужчыны аднолькавыя ў сваіх патаемных прыгодах: тыя ж хітрыкі, тое ж нечаканае натхненне, тая ж здрада без згрызотаў сумлення. Але ён зрабіў слушна, не задаўшы пытання. У даўнія часы, калі яе адносіны з касцёлам былі ўжо даволі сапсаваныя, святара на споведзі раптоўна спытаў яе, ці здраджвала яна калі-небудзь мужу, і яна ўстала моўчкі, пайшла, нават не развіталася, і больш ніколі не спавядалася перад тым духоўнікам. Стрыманасць Флярэнтына Арысы нечакана была ўшанаваная: яна працягнула ў цемры руку, ласкава прайшлася па ягоным жываце, амаль безвалосым лабку і шапнула: «У цябе скура, як у немаўляці». Потым яна зрабіла апошні крок: пацягнулася ніжэй, пашаравала там і, развітваючыся з ілюзіямі, знайшла тое, што шукала, без прыкметаў жыцця.
— Ён мёртвы, — ціха сказаў Флярэнтына Арыса.
Гэта здаралася ў яго на самым пачатку з усімі і заўсёды, так што ён навучыўся суіснаваць з гэтай заганай: штораз праходзіў вучобу нанава, нібыта ўпершыню. Ён узяў руку Фэрміны Дасы і паклаў яе сабе на грудзі, яна адчула старое нястомнае сэрца, яго моц, паспешлівасць і хаатычны юнацкі пульс. Ён сказаў: «Зашмат любові таксама шкодна, як і адсутнасць любові». Але вымавіў гэта не вельмі ўпэўнена: насамрэч ён перажываў сорам, злосць на сябе самога і жадаў знайсці прычыну, каб абвінаваціць яе ва ўласнай паразе. Яна гэта ведала, пачала ўзбуджаць безабароннае цела жартаўлівымі ласкамі — так пяшчотная котка атрымлівае асалоду ад уласнай жорсткасці. Скончылася тым, што ён не здолеў вытрываць пакутаў і сышоў у сваю каюту. Яна думала пра яго да золку, упэўненая, нарэшце, у сваім каханні, па меры таго, як анісаўка вытыхалася лянотнымі хвалямі, яна з усё большай трывогай думала, што ён пакрыўджаны і больш не вернецца ніколі.
Але ён вярнуўся на наступную раніцу нечакана, аб адзінаццатай, свежы і бадзёры, і тут жа распрануўся перад ёю, праявіўшы штосьці накшталт самахвальства. Яна, задаволеная, разглядала яго пры натуральным святле дня і пабачыла менавіта тое, што ўяўляла ў цемры: пасярод пакоя стаяў мужчына няпэўнага ўзросту, чыя смуглявая скура гладка паблісквала, як раскрыты парасон, пазбаўленая валасоў, за выключэннем рэдкага пушку пад пахамі і на лабку. Ён быў напагатове, і яна здагадалася, што ён агаліў зброю зусім не выпадкова, а наадварот, выставіў яе на паказ, нібыта вайсковы трафей, дзеля смеласці. Ён нават не даў ёй часу зняць начную кашулю, якую яна апранула, калі падзьмуў золкавы брыз, і ягоная таропкасць навічка змусіла яе дрыжэць ад шкадобы. Але яна не перашкодзіла яму, у такім стане ёй цяжка было адрозніць шкадобу ад кахання. Зрэшты, аднак, яна пачувалася пустою.
Упершыню за дваццаць з лішнім гадоў Фэрміна Даса кахалася, і яна гадала, ахопленая цікаўнасцю: як гэта будзе пасля такога доўгага перапынку? Але ён не даў ёй часу вызначыць, ці сапраўды хацела гэтага яе цела. Ён быў хуткім і сумным, і яна падумала: «Мы ўсё спляжылі». Аднак гэта была памылка: нягледзячы на расчараванне, на ягонае раскаянне за тое, што быў такі няспрытны, і на яе шкадаванне, выкліканае анісавым шаленствам, яны больш не расставаліся ні на імгненне. Яны пакідалі каюту, толькі каб схадзіць на абед. Капітан Самарытана, які інстынктыўна пранікаў у любую таямніцу з тых, што завяліся на караблі, штораніцы пасылаў ім белую ружу, ладзіў серэнады з вальсамі іх маладосці, загадаў гатаваць ім жартаўлівыя стравы з прыправамі, якія б падбадзёрвалі. Яны больш не спрабавалі кахацца, да таго моманту, пакуль натхненне не прыйшло да іх знянацку, а ўвогуле ім хапала простага шчасця быць разам.
I той дзень яны б правялі ў каюце, калі б не капітан, які абвясціў у дасланым допісе, што яны прыбываюць у Ля-Дараду, то бок у канцавы порт, пасля адзінаццаці дзён вандроўкі. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса бачылі з каюты вялізны прыгорак і дамы пад цьмяным сонцам, і ім падалося зразумелым, чаму паселішча назвалі менавіта так, але назва падалася менш трапнай, калі яны адчулі спякоту, якая нібыта сапла ў паветры, як пара ў катлах, і ўбачылі расплаўлены асфальт вуліц. Апрача таго, карабель кінуў якар не каля схілу прыгорка, а на супрацьлеглым беразе, дзе знаходзілася апошняя чыгуначная станцыя ў кірунку на Санта-Фэ.
Як толькі пасажыры сышлі на бераг, яны пакінулі свой прытулак. Фэрміна Даса падыхала вольным паветрам беспакаранасці ў пустым салоне, і потым абое назіралі з борта, як шумны натоўп разбіраў валізкі, пакі і баулы проста каля вагонаў цягніка, які з борта выглядаў лялечным. Здавалася, што пасажыры прыбылі з Еўропы, асабліва жанчыны, чые цёплыя футры і капелюшы мінулага стагоддзя выглядалі бязглузда ў пыле і спякоце. У некаторых валасы былі ўпрыгожаны кветкамі батату, якія тут жа вялі ад спякоты. Яны толькі што прыехалі з прыандыйскай раўніны пасля доўгай язды цераз саванну, поўную трызненняў, і яшчэ не паспелі пераапрануцца з улікам клімату Карыбскага басейна.
Сярод базарнага шуму надта стары чалавек з несуцешным выглядам даставаў куранят з кішэняў жабрацкага паліто. Ён з’явіўся нечакана, прабіўшы сабе шлях у натоўпе, і было відаць, што ягонае паліто колісь належала камусьці іншаму, больш высокаму і мажнаму. Ён зняў капялюш, паставіў перад сабой на прычале на выпадак, калі хтосьці пажадае кінуць яму манету, і працягваў даставаць з кішэняў пяшчотных і яшчэ шэрых куранят жменькамі — яны нібыта памнажаліся проста ў яго на руках. Неўзабаве прычал апынуўся пад дываном з мітуслівых куранят — яны пішчэлі, бегалі пад нагамі таропкіх пасажыраў, якія трушчылі іх, не заўважаючы. Зачараваная выключным відовішчам, нібыта яго давалі ў яе гонар, бо яна адна глядзела, Фэрміна Даса прапусціла момант, калі пачалася пасадка на карабель для адваротнага рэйса. Свята для яе скончылася: сярод новых пасажыраў яна пазнала ў твар знаёмых і нават сяброў, якія да нядаўняй пары спачувалі ёй і наведвалі яе ў жалобе. Яна паспяшалася ў каюту — адзінае ціхае месца на караблі. Флярэнтына Арыса знайшоў яе ў прыгнечаным стане, яна была гатовая памерці, толькі б не трапляць на вочы знаёмым, якія, канечне ж, асудзяць яе за забаўляльныя вандроўкі ўсяго толькі праз год пасля смерці мужа. Флярэнтына Арыса так блізка прыняў да сэрца яе занепакоенасць, што паабяцаў прыдумаць спосаб укрыцця ад любых вачэй і ад незаслужанага зняволення ў каюце.