Увечары ён адвёз яе ў інтэрнат да званоў пад моцнай навальніцай. Да гэтага яны схадзілі на лялечнае прадстаўленне ў парку і паабедалі ля кіёскаў над хвалярэзамі, дзе пакаштавалі смажанай рыбы. Затым глядзелі на драпежнікаў у клетках цырку, які толькі-толькі з’явіўся ў горадзе. Каля брамы набылі ўсялякія прысмакі, каб яна ўзяла іх з сабой у інтэрнат. Праехалі некалькі разоў па горадзе ў аўто з апушчаным верхам, каб яна прызвычаілася да думкі, што ён яе апякун, а не каханак. У нядзелю ён накіраваў ёй аўто — раптам яна пажадае пакатацца з сяброўкамі, але сам не захацеў яе бачыць, бо з мінулага тыдня цалкам усвядоміў розніцу ва ўзросце. Уначы ён вырашыў напісаць Фэрміне Дасе ліст і прасіць прабачэння хоць бы дзеля таго, каб не капітуляваць, але, падумаўшы, пакінуў мерапрыемства на наступны дзень. У панядзелак, да зыходу трэцяга тыдня пакут, ён увайшоў у дом, мокры ад дажджу, і за парогам знайшоў ліст.
Гэта было а восьмай вечара. Служанкі ўжо адпачывалі, пакінуўшы ў калідоры, як заўсёды, лямпу, якая дазваляла Флярэнтына Арысу дайсці да спальні. Ён ведаў, што сціплая вячэра чакае яго на стале ў ядальні, што было вельмі дарэчы пасля выпадковай ежы апошніх дзён, але голад адступіў перад хваляваннем ад ліста. Флярэнтына Арыса ледзьве запаліў агульнае святло ў спальні, — так дрыжэлі ягоныя рукі. Ён паклаў мокры ліст на ложак, уключыў начнік на століку і, прыкідваючыся спакойным, што было яго асабістым спосабам не трывожыцца, зняў мокрую камізэльку і павесіў яе на спінку крэсла. Затым зняў пінжак і склаў яго акуратна паверх камізэлькі, зняў стужку з чорнага шоўку і цэлулоідны каўнерык, які здаўна выйшаў з моды ва ўсім свеце, расшпіліў кашулю да пояса, каб лягчэй дыхалася, і, нарэшце, павесіў сушыць капялюш ля акна. Раптам ён спужаўся, бо забыў, куды паклаў ліст, ён быў настолькі знерваваны, што вельмі здзівіўся, знайшоўшы яго на ложку, але пры гэтым не памятаў, як яго туды паклаў. Перад тым як распячатаць, ён абсушыў канверт сваёй насоўкай, імкнучыся не размазаць атрамант, якім яна напісала ягонае імя. Пакуль Флярэнтына Арыса рабіў гэта, ён здагадаўся, што ўжо не існуе таямніцы двух людзей. Прынамсі, цяпер гэта была таямніца траіх. Хто б ні прынёс ліст, ён абавязкова звярнуў увагу, што ўдава Урбіна напісала чалавеку яе свету, ледзьве мінулі тры тыдні пасля смерці мужа. Напісала ў такой спешцы, што не накіравала ліст поштай, а паслала з кімсьці. Прычым, відаць, загадала засцерагацца і не аддаваць ліст у рукі, лепш пакінуць пад дзвярыма, як ананімку. Яму не давялося распячатаць канверт — клейстар распусціўся дажджом, але ліст захаваўся сухі: тры шчыльна спісаныя старонкі, без загалоўка, падпісаныя шлюбным прозвішчам.
Флярэнтына Арыса прачытаў ліст шпарка, седзячы на ложку, заінтрыгаваны, хутчэй, тонам, чым зместам, і перад тым, як пачаць чытанне зноў, ён ужо ведаў, — гэта быў той абразлівы ліст, якога ён чакаў. Ён паклаў разгорнутыя старонкі на начным століку пад святлом начніка, сцягнуў мокрыя чаравікі і шкарпэткі, падышоў да выключальніка каля дзвярэй і патушыў агульнае святло, затым насунуў замшавыя тапачкі і прылёг у штанах і кашулі — дзве вялізныя падушкі дазвалялі чытаць у вельмі зручным становішчы. Ён перачытваў ліст слова за словам, разглядваючы кожную літару, каб пранікнуць у тое, што было за радкамі, потым прачытаў ад пачатку і да канца яшчэ чатыры разы, ды так пранікнёна, што словы паслання пачалі страчваць сэнс. Нарэшце паклаў ліст у скрыню начнога століка, лёг на спіну, сашчапіў рукі пад галавой, і на працягу чатырох гадзін безупынна глядзеў, стаіўшы дыханне, на прастору вялікага люстэрка, у якім калісьці пабывала яна. Роўна апоўначы схадзіў на кухню, згатаваў каву, густую, як сырая нафта, і пераліў яе ў тэрмас. Потым вярнуўся ў спальню і кінуў зубны пратэз у шклянку з растворам борнае кіслаты, якая заўсёды была напагатове ля ложка. Зноў прылёг і ляжаў у позе мармуровай скульптуры, час ад часу адпіваючы каву, пакуль служанка не ўвайшла да яго а шостай раніцы з другім, поўным тэрмасам.
У тую гадзіну Флярэнтына Арыса ўжо ведаў, якія будуць яго наступныя крокі. Насамрэч яе абразы не прынеслі болю, ён і не думаў аспрэчваць незаслужаныя абвінавачанні, яны маглі быць больш жорсткімі, калі ўлічыць характар Фэрміны Дасы і істотнасць матыву. Ліст зацікавіў яго тым, што сам па сабе дапускаў мажлівасць, прызнаваў ягонае права на адказ. Больш за тое, ліст патрабаваў адказу. Так што жыццё ўваходзіла ў рэчышча, у якое ён і хацеў яго ўвесці. Астатняе залежала ад яго, і ён быў абсалютна ўпэўнены, што пекла на паўстагоддзя яшчэ рыхтуе яму шмат смяротных выпрабаванняў, і быў гатовы супрацьстаяць ім з большай жарсцю, болем і каханнем, чым папярэднім іспытам, бо гэтыя будуць апошнія.
Праз пяць дзён пасля атрымання ліста ад Фэрміны Дасы Флярэнтына Арыса прыйшоў у кантору і адчуў, нібыта лунае ў нязвыклай пустэчы друкарак, гук якіх, падобны да гуку дажджу, быў менш прыкметны за іхнае маўчанне. Адбылася кароткая паўза. Калі пошум усчаўся зноў, Флярэнтына Арыса зазірнуў у кабінет Леоны Касіяні, яна сядзела за персанальнай друкаркай, якая слухалася падушачак яе пальцаў, нібыта жывая. Яна адчула ягоны погляд, павярнулася да дзвярэй, усміхнулася яму гожай сонечнай усмешкай, але не дадрукавала абзац да канца.
— Скажы мне, ільвіца маёй душы, — пачаў Флярэнтына Арыса, — як бы ты паставілася да любоўнага ліста, надрукаванага на гэным ламаччы?
Яе нішто ўжо не магло здзівіць, і, тым не менш, жэст у адказ быў поўным шчырага здзіўлення.
— Карамба! — усклікнула яна. — Я б ні за што не дадумалася!
Яна не магла адказаць інакш. Флярэнтына Арыса таксама не думаў пра гэта дасюль, і вырашыў рызыкнуць да канца — павёз дамоў адну з канторскіх друкарак пад зычлівыя жарты падначаленых: «Стары папугай гаварыць не навучыцца». Леона Касіяні, энтузіяст у любой справе, прапанавала хатнія заняткі машынапісу. Аднак ён быў супраць метадычнага вучнёўства з тае пары, як Лятары Тугут імкнуўся навучыць яго граць на скрыпцы па нотах, пагрозліва сцвярджаючы, што трэба адзін год дзеля засваення асноў, пяць, каб граць у больш-менш прафесійным аркестры, і шэсць гадзін штодня цягам усяго жыцця, каб граць добра. Тым не менш, Флярэнтына Арыса ўгаварыў маці, каб набыла яму скрыпку з тых, якімі карысталіся сляпыя, і, засвоіўшы пяць асноўных правілаў, якія выдаў яму Лятары Тугут, менш чым за год набраўся смеласці граць у кафедральным хоры і пасылаць серэнады Фэрміне Дасе з могілак для бедных, карыстаючыся спадарожным ветрам. Калі гэта было магчыма ў дваццаць гадоў з такім складаным інструментам, як скрыпка, ён не бачыў прычын, якія маглі б перашкодзіць яму паўтарыць подзвіг у семдзесят шэсць, але з інструментам, на якім ён мог граць адным пальцам, — з друкаркай.
Так яно і атрымалася. За тры дні ён вывучыў расклад літар, за шэсць навучыўся думаць і друкаваць адначасова, а яшчэ тры дні спатрэбіліся, каб скончыць першы ліст без памылак, папярэдне звёўшы паўстоса паперы. Ліст пачынаўся ўрачыстым зваротам: «Сеньёра». Ён падпісаўся адным ініцыялам, літарай «Ф», як зазвычай падпісваў духмяныя допісы ў юнацтве. Ён накіраваў ліст поштай у канверце з жалобнымі віньеткамі, як трэба, калі ліст адрасаваўся нядаўна аўдавелай жанчыне, і без імя адпраўніка на адвароце.
Ліст быў на шасці старонках і не меў нічога агульнага з тым, што ён пісаў калісьці. Ён быў пазбаўлены тону, стылю і рытарычнага подыху першых гадоў кахання, яго аргументы былі такімі рацыянальнымі і памяркоўнымі, што водар гардэніі быў бы зусім недарэчы. Пэўным чынам ліст набліжаўся да камерцыйных пасланняў, якія ў яго раней ніколі не атрымліваліся. Некалькі гадоў пазней надрукаваны ліст успрыняўся б як абраза, але тады яшчэ друкарка лічылася выключна канторскай жывёлінай, пазбаўленай этыкі, утаймаванне якой для прыватнага ліставання не было прадугледжана, а значыць, не было асуджана ў падручніках добрага тону. Мабыць, больш за ўсё ліст быў падобны да твора смелага мадэрнізму. Відаць, менавіта так быў зразуметы ліст Фэрмінай Дасай, бо ў другім лісце да Флярэнтына Арысы пасля атрымання ста сарака з лішнім ягоных пасланняў яна пачала з прабачэнняў за заганы свайго почырку; яна, маўляў, не мае больш прасунутых прыладаў для пісьма, чым простае сталёвае пёрка.