Упартасць успамінаў аб ім узмацняла яе гнеў. Калі на наступны дзень пасля хаўтураў яна прачнулася, думаючы пра яго, яна здолела выгнаць яго з памяці простым рухам волі. Але ён нанава вяртаўся, і неўзабаве Фэрміна Даса ўсвядоміла, што жаданне забыць яго стала наймацнейшым стымулам да адваротнага — да згадак пра яго. Тады яна, адоленая настальгіяй, упершыню адважылася скарыцца ўспамінам пра далёкія часы яе ірэальнага кахання. Фэрміна Даса спрабавала прыгадаць дакладней, як тады выглядалі скверык, мігдалавыя дрэвы з паламанымі галінкамі, лава, дзе ён сядзеў, закаханы, бо там нічога не захавалася ў былым выглядзе. Усё змянілася: спілавалі і вывезлі дрэвы, так што не відаць ёй больш дывана з пажоўклай мігдалавай лістоты. Замест помніка абезгалоўленаму герою паставілі манумент іншаму чалавеку ў параднай форме без імя і жыццёвых дат, якія б апраўдвалі само існаванне помніка на вялізным і пышным пастаменце. Унутры пастамента змантавалі электрашчыт, які абслугоўваў квартал. Стары дом Фэрміны Дасы, прададзены шмат гадоў таму, ператвараўся ў руіны ў руках урада правінцыі. Ёй цяжка было ўявіць, якім быў тады Флярэнтына Арыса. Тым больш, яна не здолела зразумець, што сумны юнак, які выклікаў шкадобу тым, што дзеля адзінага погляду на яе гадзінамі мок пад дажджом, і спарахнелы стары, з’едзены моллю, які ўзнік перад ёю без усялякай павагі да яе стану, без пашаны і разумення яе болю, які абпаліў ёй душу пякельнай абразай, — што гэтыя двое былі адной і той жа асобай.
Неяк кузіна Ільдэбранда Санчас прыехала да яе пагасцяваць. Гэта было пасля вяртання Фэрміны Дасы з маёнтка Флёрэс-дэ-Марыя. Якраз перад прыездам Ільдэбранды Фэрміна Даса сустрэла Флярэнтына Арысу ў кіно з сеньярытай Касіяні. Кузіна стала мажнай, пастарэла, але была шчаслівая, яе суправаджаў старэйшы сын, вайсковы палкоўнік, як і ягоны бацька, але якога сын асуджаў за бессаромны ўдзел у расстрэле рабочых на бананавай плантацыі Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі. Стрыечныя сёстры сустракаліся не раз і заўсёды бавілі час ва ўспамінах эпохі іх першага знаёмства. Апошнім разам Ільдэбранда аддалася настальгіі, як ніколі, і ўсё ж адчувала цяжар уласнага ўзросту. Каб зведаць большую асалоду ад успамінаў, яна прывезла копію даўняга партрэта дзвюх старасвецкіх дам, якіх здымаў фатограф-бельгіец, калі малады Хувэналь Урбіна ўразіў вольналюбівую Фэрміну Дасу. У Фэрмінавым доме фота знікла, Ільдэбрандава копія была не з удалых, аднак яны здолелі разгледзець сябе: маладыя і гожыя, якімі яны ўжо ніколі не будуць.
Ільдэбранда не магла не гаманіць пра Флярэнтына Арысу, бо заўсёды атаясамлівала ягоны лёс з асабістым. Яна згадала дзень, калі Флярэнтына Арыса даў сваю першую тэлеграму следам за Фэрмінай Дасай, — такім ён застаўся ў сэрцы Ільдэбранды: нібыта сумная птушка, якую прысудзілі да забыцця. Фэрміна, са свайго боку, бачыла Флярэнтына час ад часу, але, зразумела, не загаворвала з ім і не магла ўявіць, што гэта той самы юнак першага кахання. Да яе даходзілі весткі пра яго, бо рана ці позна яна ведала ўсё, што тычылася хоць крыху значных людзей горада. Гаварылі, што ён не ажаніўся, быў іншай арыентацыі, але яна не ўважала на гэта, часткова таму, што не прыслухоўвалася да ўсялякіх чутак, а часткова праз тое, што падобнае гаварылі пра шмат якіх мужчын, якія былі па-за падазронасцю. Аднак ёй здалося дзіўным, што Флярэнтына Арыса ўпарта працягваў насіць старамодную містычную вопратку, карыстаўся дзіўнымі ласьёнамі, заставаўся таямнічым чалавекам і пасля таго, як праклаў сабе шлях у жыцці сенсацыйным, але сумленным чынам. Яна не магла паверыць, што гэта адзін і той жа чалавек, і заўсёды здзіўлялася, чуючы ўздыхі Ільдэбранды: «Бедны, бедны, як ён напакутаваўся!» Фэрміна Даса глядзела на яго, не адчуваючы болю ўжо здаўна: для яе гэта быў выкраслены з жыцця цень.
Аднак увечары, калі яна сутыкнулася з ім у кіно, а гэта было неўзабаве пасля вяртання з Флёрэс-дэ-Марыя, штосьці дзіўнае адбылося ў яе сэрцы. Яе не здзівіла, што ён быў з жанчынай, да таго ж, негрыцянкай. Здзівіла, што ён так добра захаваўся, што паводзіў сябе даволі натуральна. Ёй не прыйшло да галавы, што гэта, напэўна, не ён, а яна сама змянілася з разбуральным уваходжаннем у асабістае жыццё сеньярыты Лінч. З тае пары і на працягу дваццаці гадоў яна глядзела на яго больш міласэрнымі вачыма. Уначы напярэдадні хаўтураў мужа ёй не толькі была зразумелая ягоная прысутнасць, але яна нават успрыняла гэта як натуральную прапанову міру, як акт даравання, калі забываюцца абразы і крыўды. Таму здалося такім нечаканым меладраматычнае сцверджанне ягонага кахання, якога для яе ніколі не існавала, ды яшчэ ў такім узросце, калі ні Флярэнтына Арыса, ні яна сама ўжо нічога не маглі чакаць ад жыцця.
Лютая злосць не прайшла пасля сімвалічнай крэмацыі мужа, яна тым больш расла і разгаліноўвалася, чым менш Фэрміна Даса была здольная авалодаць сабою. Горш за тое, прастора памяці, якая вызвалілася ёю ад мужа, паступова і неадольна займалася макавым долам, дзе калісьці яна пахавала ўспаміны пра Флярэнтына Арысу. Яна думала пра яго міжволі, і чым больш думала, тым мацней злавалася, і ўжо сама злосць змушала абярнуць думкі на яго. Гэта стала настолькі невыносным, што яна ледзь не страціла розуму. Тады яна і села за пісьмовы стол нябожчыка-мужа і напісала Флярэнтына Арысу ліст на трох шалёных старонках, дзе абсыпала яго лаянкай і подлымі інсінуацыямі, якімі аблегчыла душу, хоць і ўсведамляла, што пайшла на самы нягодны ўчынак у сваім доўгім жыцці.
Флярэнтына Арыса таксама пражыў тры тыдні ў пакутах, нібыта ў агоніі. Пацвердзіўшы сваё каханне да Фэрміны Дасы, ён выйшаў з яе дома і бадзяўся ўначы без мэты па вуліцах, якія патаналі ў вечаровай навальніцы, і пытаў сябе ў жаху, што рабіць са шкураю тыгра, забітага ім пасля паўстагоддзя аблогі. Горад, які згвалціла навальніца, жыў у стане трывогі. У некаторых дамах напаўаголеныя мужчыны і жанчыны спрабавалі ўратаваць ад патопу хоць бы тое, на што будзе Божая воля, і ў Флярэнтына Арысы ўзнікла такое ўражанне, што ўсеагульная бяда нейкім чынам звязана з ягонай бядою. Але паветра стала ціхім, і карыбскія зоркі ззялі спакойна. Нечакана ў поўнай цішы Флярэнтына пазнаў голас чалавека, які ён і Леона Касіяні чулі шмат гадоў таму, ён спяваў на тым жа перакрыжаванні вуліц: «Ад моста я вярнуўся, абліты слязьмі». Песня нейкім дзіўным чынам — уначы і толькі для яго — мела адносіны да смерці.
Як ніколі, яму была патрэбная Трансыта Арыса, ён жадаў яе мудрых слоў, хацеў бачыць яе галаву, заўсёды поўную каралеўскіх досціпаў, якую ўпрыгожвалі папяровыя кветкі. З гэтым нічога нельга было зрабіць: кожны раз, калі ён знаходзіўся на мяжы катаклізму, яму трэба было знайсці прытулак у жанчыны. Так што ён дайшоў да педагагічнай школы ў пошуках даступнай сустрэчы і ўгледзеў святло ў доўгай чарадзе вокнаў, а менавіта — у спальні Амэрыкі Вікунне. Яму прыйшлося сабраць усю сілу волі, каб не ўпасці ў шаленства і не забраць яе а другой ночы, цёплую ад сну, у начной кашулі ды яшчэ з пахам дзіцячага ложка.
У супрацьлеглым баку горада жыла Леона Касіяні, самотная і свабодная, гатовая, зразумела, прытуліць яго і а другой ночы, і а трэцяй — у любы час і пры любых абставінах. Гэта быў не першы раз, калі ён званіў у яе дзверы, пакутуючы ў пустэльні бессані, аднак ён уцяміў, што яна надта разумная, і што яны надта любілі адно аднаго, каб плакацца ёй у камізэльку, не адкрываючы прычын свайго стану. Ён доўга раздумваў, бадзяўся, як самнамбул, па пустэльным горадзе, пакуль не прыйшоў да думкі, што ні з кім не адчуе сябе лепш, чымся з Прудэнсіяй Пітрэ, Удавою Двух. Яна была на дзесяць гадоў маладзейшая за яго. Пазнаёміліся яны ў мінулым стагоддзі і перасталі сустракацца толькі таму, што яна ўпарцілася, не дазваляла бачыць сябе, якой яна стала, напаўсляпой і напаўразбуранай старасцю. Як толькі Флярэнтына Арыса згадаў Прудэнсію Пітрэ, ён вярнуўся дамоў на вуліцу Вэнтанас, кінуў у торбу дзве бутэлькі партвейна і слоік марынаванай гародніны і пайшоў да яе, нават не ведаючы, ці знойдзе яе ў яе старым доме, ці адна яна, ці наагул жывая.
Прудэнсія Пітрэ не забылася на ўмоўны сігнал — два разы драпнуць пазногцем па дзвярах, — якім ён абвяшчаў пра свой прыход, калі яны лічылі сябе маладымі, хоць такімі ўжо не былі, і адчыніла без слоў. Вуліца была ў цемры, яго цяжка было заўважыць у чорнай вопратцы, цыліндры і з парасонам-кажаном у руцэ. Яна магла бачыць яго толькі пры поўным асвятленні, але пазнала па водбліску металічнай асады акуляраў. Ён быў падобны да забойцы з яшчэ крывавымі рукамі.