Ён не адмаўляў перад сваім сумленнем, што ўчыніў бяздумна, што момант быў абраны не лепшым чынам, — загаварыў ад страху, што аказія ніколі не паўторыцца. Ён хацеў, і не раз да гэтага планаваў, каб размова адбылася не ў такіх жорсткіх абставінах, але лёс не даў яму іншай магчымасці.
Ён выйшаў з жалобнага дома з болем: яна засталася ўзрушаная ад пачутага, як і ён, аднак не ў ягоных сілах было змяніць хаду падзей, бо ён адчуваў, што жахлівая ноч запісаная назаўсёды на старонках іх лёсаў. На працягу двух апошніх тыдняў ён амаль не спаў. Ён пытаўся ў сябе ў адчаі, як там Фэрміна Даса без яго, пра што думае, што збіраецца рабіць у астатнія гады са страшным цяжарам свайго няшчасця. Нервовае напружанне справакавала невядомы раней запор, жывот надзьмуўся як бубен, і давялося звярнуцца да малапрыемных сродкаў. Старэчае недамаганне, з якім ён спраўляўся лягчэй за сваіх сучаснікаў, бо яно было вядомае яму з маладосці, падступала з усіх бакоў. Ён з’явіўся ў канторы ў сераду пасля тыднёвай адсутнасці, і Леона Касіяні спужалася, пабачыўшы яго бледным і млявым. Але ён яе супакоіў: маўляў, зноў, як заўсёды, давяла яго бессань. І змоўк, каб праўда не прасачылася праз шматлікія адтуліны яго знявечанага сэрца. Дождж даў сонцу перадых для роздуму. Яшчэ адзін тыдзень мінуў, нібы ў тумане, ён не мог засяродзіцца, еў дрэнна, спаў яшчэ горш, спрабуючы ўлавіць зашыфраваныя сігналы, якія б паказалі шлях да паратунку. Але ў пятніцу без вядомай прычыны на яго раптам напаў спакой, і ён тлумачыў яго як знак таго, што нічога новага не адбудзецца, усё, што ён зрабіў у жыцці, было бессэнсоўным і не мела працягу: усяму прыходзіць канец. У панядзелак, аднак, ён прыйшоў дамоў на вуліцу Вэнтанас, угледзеў ліст, які плаваў у лужыне, што ўзнікла ў вітальні, і на мокрым канверце адразу пазнаў ганарлівы почырк, які не змаглі змяніць павароты жыцця, яму нават прымроіўся начны водар завялых гардэній, сэрца ўжо ўсё падказала з першага погляду. Гэта быў ліст, якога ён чакаў, не ведаючы ні імгнення спакою, на працягу паўстагоддзя.
Фэрміна Даса і ўявіць не магла, што яе ліст, прадыктаваны сляпой злосцю, будзе ўспрыняты Флярэнтына Арысам як любоўнае пасланне. Яна ўклала ў яго ўсю жорсткасць, на якую была здольная, напісала самыя прыкрыя словы і пякельныя праклёны, няхай няслушныя, але мізэрныя ў параўнанні з перанесенай абразай. Гэта было на зыходзе двух тыдняў горкіх заклінанняў, сілаю якіх яна спрабавала замірыцца са сваім новым становішчам. Яна зноў хацела стаць сабой, жадала вярнуць тое, ад чаго была вымушаная адмовіцца за паўстагоддзя рабства, якое несумнеўна рабіла яе шчаслівай, але як толькі памёр муж, не пакінула ёй і следу ўласнай індывідуальнасці. Яна была прывідам у чужым доме, які раптоўна стаў аграмадным, поўным самоты, яна бадзялася па доме без мэты, у адчаі пыталася ў сябе, хто з іх сапраўды мёртвы: ён, насамрэч памерлы, альбо яна, што засталася без яго?
Яна не магла пазбавіцца ад падсвядомага пачуцця крыўды на мужа, што кінуў яе на прыхамаць лёсу ў акіяне жыцця. Усё, што належала яму, выклікала слёзы: піжама пад падушкай, хатнія тапачкі, якія чамусьці здаваліся ёй шпітальнымі, успамін пра тое, як ён распранаўся ў глыбіні люстэрка, пакуль яна расчэсвала валасы перад сном, пах ягонай скуры, які застанецца з ёй доўгі час пасля яго смерці. Часам яна перапыняла хатнія справы лёгкім плясканнем даланёй па ілбе, бо нечакана згадвала — штосьці забыла яму сказаць. На кожным кроку ўзнікалі пытанні, на якія мог адказаць толькі ён. Аднойчы ён распавёў ёй, што хворыя пасля ампутацыі адчуваюць боль, сутаргі, казытанні ў назе альбо руцэ, якой ужо не было. Так яна цяпер адчувала сябе і прысутнасць мужа там, дзе яго не было.
Яна прачнулася ў сваю першую ўдовіну раніцу, круцілася ў ложку яшчэ з заплюшчанымі вачыма ў пошуках больш зручнай позы, каб нанава аддацца сну, і менавіта тады ён для яе памёр. Яна зразумела, што ўпершыню ён начаваў па-за домам. Другое падобнае ўражанне ўзнікла за сталом, і не ад болю, што выклікала самота, а ад дзіўнай упэўненасці, што яна снедае з чалавекам, якога ўжо няма. Яна дачакалася прыезду дачкі Афэліі з мужам і трыма дочкамі з Нью-Арлеана і зноў села за стол, але не за звычайны, — яна загадала паставіць другі, меншы, у калідоры. Да тае пары, дарэчы, яна ніколі не ела своечасова. Зазірала на кухню ў любую хвілю, як толькі адчувала, што хацела есці, лезла відэльцам у кожную каструлю і перакусвала пакрысе без талеркі, стоячы перад плітою, размаўляючы з жанчынамі, якія служылі ў доме, адзінымі людзьмі, з якімі яна пачувалася добра. Аднак, як Фэрміна Даса ні імкнулася, яна не магла пазбавіцца ад пераследу нябожчыка мужа: куды б ні ішла, у кожным кутку дома сутыкалася з рэчамі, якія нагадвалі пра яго. На яе погляд, боль быў натуральны і слушны, але страшыла пагроза замкнуцца ў жалобных пачуццях. Так што яна прыняла жорсткае рашэнне выдаліць з дома ўсё, што нагадвала пра нябожчыка, угледзеўшы ў гэтым адзіны спосаб працягу жыцця без яго.
Яна пачала цырымонію знішчэння. Сын пагадзіўся ўзяць бібліятэку, каб маці магла ўладкаваць у кабінеце мужа пакой для шытва, якога ніколі не мела пры ягоным жыцці. Дачка, у сваю чаргу, звезла якуюсьці мэблю і шматлікія рэчы, якія ёй здаліся прыдатнымі для аўкцыёнаў антыкварыяту ў Нью-Арлеане. Гэта прынесла палёгку Фэрміне Дасе, хоць было не вельмі прыемна даведацца, што рэчы, набытыя ёю падчас вясельнай вандроўкі, ужо ўяўлялі цікавасць для антыквараў. Насуперак маўкліваму здзіўленню служанак, суседзяў і блізкіх сябровак, якія бывалі з ёю, яна загадала раскласці вогнішча на заднімі двары за домам і там спаліла тое, што нагадвала пра мужа. Яна спаліла самую каштоўную і элегантную вопратку, якую бачылі ў горадзе з мінулага стагоддзя, самы зграбны абутак, капелюшы, больш здольныя прэтэндаваць на падабенства з ім, чым яго маляваныя партрэты, гамак для сіесты, з якога ён падняўся ў апошні раз насустрач смерці, — словам, шматлікія рэчы, настолькі звязаныя з ім, што ўжо складалі частку яго асобы. Яна зрабіла гэта без ценю сумневу, у поўнай упэўненасці, што муж ухваліў бы ўчынак, ды не толькі з гігіенічных прычын. Неаднойчы ён выказаў жаданне быць крэміраваным, а не закратаваным у цемры кедравай труны без адзінай шчыліны. Рэлігія не дазваляла, зразумела. Ён адважыўся выведаць погляды арцыбіскупа на гэты конт, але той запратэставаў катэгарычна. Дый не магло быць інакш: касцёл не дазваляў будаваць крэматорыі на могілках нават для людзей іншых канфесій, не кажучы ўжо пра каталікоў. І трэба ж было здарыцца, каб самому Хувэналю Урбіна прыйшла думка пра мэтазгоднасць іх будоўлі. Фэрміна Даса не забылася на страхі мужа і нават у мітусні першых гадзін загадала сталяру пакінуць яму суцяшэнне — шчыліну, якая б прапускала святло да яго ў труну.
Так ці інакш, ахвярапрынашэнне выявілася дарэмным. Памяць пра мужа-нябожчыка была трывала гарачай, не гарэла ў полымі вогнішча, не пераўтвалася ў попел з хадой дзён. Горш за тое, пасля спалення вопраткі Фэрміна Даса не толькі працягвала сумаваць па ўсім, што любіла ў ім, але таксама па тым, што больш за ўсё раздражняла: па шуме, які ён заўсёды рабіў, калі ўставаў раніцой. Гэтыя ўспаміны дапамаглі ёй выйсці з мангавага кустоўя яе жалобы. Перадусім яна прыняла цвёрдае рашэнне працягваць жыць, прыгадваючы мужа, нібыта ён быў жывы. Фэрміна Даса ведала, што ёй будзе цяжка прачынацца штораніцы без яго, але з кожным днём яна адчувала гэта менш і менш.
Напрыканцы трэцяга тыдня яна пачала бачыць першыя праменьчыкі святла. Але паступова, як нарастала яснасць, яна ўсвядоміла, што шлях яе жыцця перайшоў прывід, які не пакідаў ёй ні хвіліны спакою. Гэта быў не той прывід, варты жалю, які сачыў за ёю ў Евангельскім скверыку, якога яна, бывала, згадвала нават з пяшчотай на схіле гадоў, — гэта быў мярзотны прывід у сурдуце ката, які прыціскаў капялюш да грудзей, чыё нягеглае нахабства так яе раз’юшыла, што ўжо немажліва было не думаць пра яго. Здаўна, з моманту адмовы яму ў васямнаццаць гадоў, яна была ўпэўненая, што пасеяла ў ім зярняткі нянавісці, якія з часам прараслі і разрасталіся. Яна адчувала ягоную нянавісць у паветры, калі прывід узнікаў паблізу, адзін ягоны выгляд прыгнятаў яе, страшыў да такой ступені, што яна страчвала натуральнасць паводзінаў, калі ён прысутнічаў. Той ноччу, калі ён зноўку пакляўся ў каханні амаль каля ложка нябожчыка мужа пры яе завялых кветках, якія напаўнялі дом сваім водарам, яна не здолела ўцяміць, што гэтая дзёрзкі выбрык наагул не быў першым крокам д’ябальскага намеру, звязанага з жахлівай помстай.