Леон XII Ляайса быў супрацьлеглым свайму брату, пражыў шэсцьдзесят гадоў у стабільным шлюбе і вельмі ганарыўся тым, што ніколі не працаваў у нядзелю. Ён меў чацвёра сыноў і дачку. Усіх ён рыхтаваў да атрымання высокіх пасадаў ва ўласнай імперыі, але жыццё падкінула шэраг выпадковасцяў, звычайных для раманаў таго часу, хаця ніхто не верыў у мажлівасць падобнага ў сапраўдным жыцці. Сыны памерлі адзін за адным па меры таго, як прызначаліся на новыя ўладныя пасады, а дачка была цалкам пазбаўленая рачнога прызвання і адышла ў іншы свет, назіраючы за чужымі караблямі на Гудзоне праз акно на вышыні пяцідзесяці метраў. Гэта настолькі ўразіла людзей, што нават пайшлі чуткі, нібыта Флярэнтына Арыса, заўсёды змрочна апрануты, з чорным парасонам у руцэ — вампір дый годзе — штосьці такое нарабіў і справакаваў ланцуг выпадковасцяў.
Калі дзядзька насуперак уласнай волі адышоў ад спраў, скарыўшыся дактарам, Флярэнтына Арыса ахвотна ахвяраваў любоўю па нядзелях дзеля яго. Ездзіў у ягоны прытулак на адным з першых аўто, якія з’явіліся ў горадзе, чый стартэр меў такую аддачу, што адарваў руку першаму кіроўцу. Яны гаманілі гадзінамі, стары ляжаў у гамаку са сваімі ініцыяламі, вышытымі шоўкам, спінай да мора, далёкі ад сусветнай мітусні, у старажытным рабаўладальніцкім маёнтку, дзе з тэрасы, што патанала ў астрах, на заходзе сонца бачыліся заснежаныя горныя вяршыні. Флярэнтына Арыса і ягоны дзядзька ніколі не гаварылі пра штосьці іншае, акрамя рачнога параходства, і так было і ў тыя доўгія вечары, калі смерць прысутнічала ў доме нябачнай госцяй. Дзядзьку Леона XII хвалявала адно: каб рачная гаспадарка не апынулася ў руках прадпрымальнікаў з унутраных правінцый, звязаных з еўрапейскімі канцэрнамі. «Гэта заўсёды было нашай справай з часоў гандлю рабамі, — сказаў ён. — Калі гэтым завалодаюць франты са сталіцы, усё дастанецца задарам немцам». Такі быў ягоны заўсёдны клопат, які падтрымліваўся і палітычнымі перакананнямі, і ён любіў паўтараць гэта пры ўсякай нагодзе альбо без яе.
— Мне хутка будзе сто гадоў, я бачыў перамены ва ўсім, нават у зрухах нябесных целаў, але яшчэ нічога не змянілася ў нашай краіне. Мы тут маем новыя канстытуцыі, новыя законы, новыя войны кожныя тры месяцы, аднак мы па-ранейшаму жывём, як у каланіяльныя часы.
Братам, прыхільнікам масонаў, якія лічылі, што ўсе беды маюць месца з-за паразы федэралізму, ён заўсёды пярэчыў: «Тысячадзённая вайна прайграная за дваццаць тры гады да яе пачатку, у вайне семдзесят шостага года». Флярэнтына Арыса, бязмежна абыякавы да палітыкі, слухаў усё больш частыя тырады, нібыта пошум марскіх хваляў. Аднак ён жорстка аспрэчваў палітыку самога прадпрыемства. Насуперак крытэрыям дзядзькі, Флярэнтына Арыса думаў, што адсталасць рачнога параходства, якое заўсёды было на мяжы катастрофы, можна было пераадолець толькі добраахвотнай адмовай ад манаполіі на эксплуатацыю параходаў, дараванай Карыбскай параходнай кампаніі Нацыянальным кангрэсам на дзевяноста дзевяць гадоў і адзін дзень. Дзядзька пратэставаў: «Гэта мая цёзка Леона з яе анархісцкімі замашкамі ўнушае табе такія думкі». Але гэта было слушна толькі часткова. Флярэнтына Арыса абгрунтоўваў стратэгію адмоўным досведам нямецкага камандора Егана Б. Эльбэрса, які звёў высакародную справу на нішто празмернымі ўласнымі амбіцыямі. Дзядзька лічыў, са свайго боку, што параза Эльбэрса была звязаная не з ягонымі манапольнымі правамі, а з нерэальнымі абавязальніцтвамі, якія ён прыняў на сябе ўвадначас, нібыта цяжар поўнай адказнасці за ўсю нацыянальную геаграфію. Ён адказваў за ўтрыманне ракі ў прыдатным для навігацыі стане, за партовыя забудовы і абсталяванне, за транспартныя сродкі. Апрача таго, як сцвярджаў дзядзька, рашучы супраціў гэтаму прэзідэнта Сімона Балівара не належаў да шэрагу дробных перашкодаў.
Большасць партнёраў успрымалі гэтыя дэбаты як сямейныя спрэчкі, у якіх абодва бакі мелі рацыю. Упартасць старога здавалася цалкам натуральнай, і не таму, што старасць пазбавіла яго заўсёднай дальнабачнасці, як лічылі легкадумцы, — адмовіцца ад манаполіі азначала выкінуць на сметнік трафеі гістарычнае бітвы, выйгранай ім і ягонымі братамі ў магутных супраціўнікаў з усяго свету. Так што дзядзька аформіў свае правы такім чынам, што ніхто не мог аспрэчваць іх да законнага завяршэння тэрміну. Аднак раптам, калі Флярэнтына Арыса ўжо склаў зброю ў тыя вечары роздуму на тэрасе маёнтка, дзядзька Леон XII пагадзіўся на адмову ад стогадовых прывілеяў з адзінай умовай: каб яны захоўваліся да ягонай смерці.
Гэта было яго апошняе рашэнне. Ён больш не гаварыў пра справы, не раздаваў парадаў, не страціў ніводнага воласа з сваёй густой шавялюры, ні кроплі яснасці розуму, але зрабіў усё мажлівае, каб пазбегнуць сустрэчы з тымі, хто мог глядзець на яго са шкадаваннем. Ён праводзіў дні ў назіранні спрадвечных снягоў з тэрасы, марудна гойдаўся ў венскім гамаку каля століка, на якім служанкі заўсёды трымалі гарачай каву і шклянку содавага раствору з двума зубнымі пратэзамі, якімі ён карыстаўся толькі для прыёму наведнікаў. Ён зрэдчас бачыўся з сябрамі і гаварыў адно што пра далёкае мінулае, задоўга да пачатку рачной навігацыі. Аднак у яго ўзнікла новая тэма: ён пажадаў, каб Флярэнтына Арыса ажаніўся. Стары выказваў гэтую думку заўсёды ў аднолькавай форме.
— Мне б скінуць з сябе пяцьдзясят гадоў, — паўтараў ён, — я б пайшоў пад вянец са сваёй цёзкай Леонай. Уявіць сабе не магу лепшай жонкі.
Флярэнтына Арыса дрыжаў ад аднае думкі, што намаганні ўсяго жыцця могуць быць змарнаваныя ў апошнюю хвілю праз нечаканую ўмову старога. Ён, хутчэй, адмовіўся б ад спадчыны, выкінуў бы ўсё за борт, памёр бы, чым здрадзіў Фэрміне Дасе. На шчасце, дзядзька Леон XII так і не настаяў на сваім. Калі яму стукнула дзевяноста два гады, ён прызнаў пляменніка адзіным нашчадкам і здаў свае паўнамоцтвы.
Праз шэсць месяцаў партнёры аднадушна прызначылі Флярэнтына Арысу прэзідэнтам рады прадпрыемства і генеральным дырэктарам. У дзень уступлення пляменніка на пасаду стары адстаўны леў узняў кубак шампанскага, перапрасіў за тое, што выступае, седзячы ў гамаку, і зымправізаваў кароткую прамову, блізкую да элегіі. Ён сказаў, што ягонае жыццё пачалося і завяршаецца поўнымі сэнсу падзеямі. Напачатку Вызваліцель узяў яго на рукі ў сялібе Турбака, калі завяршаў нешчаслівую вандроўку, якая прывяла яго да смерці. Другая падзея адзначалася тым, што, нягледзячы на ўсе супярэчлівасці лёсу, ён знайшоў годнага паслядоўніка і нашчадка. Напрыканцы прамовы, спрабуючы адвесці напругу ад ягонай асабістай драмы, ён дадаў:
— Адзінай няўдачай у маім жыцці я лічу тое, што, праспяваўшы за сваё доўгае жыццё на шмат чыіх пахаваннях, я, пэўна, не здолею праспяваць на ўласным.
На фінал цырымоніі ён заспяваў арыю Тоскі «Бывай, жыццё». Спяваў а капэла, як яму больш падабалася, і ягоны голас быў яшчэ моцны. Флярэнтына Арыса ўсхваляваўся, але наўрад ці хто заўважыў дрыжыкі ў ягоным голасе, калі ён дзякаваў дзядзьку. У адпаведнасці з ягонымі намаганнямі і задумаю жыцця, Флярэнтына Арыса дасягнуў вяршыні ў жорсткай барацьбе з адзінай мэтай — дажыць здаровым да моманту, калі Фэрміна Даса раздзеліць з ім лёс.
Аднак успаміны не толькі пра яе суправаджалі яго ўначы на свята, якое зладзіла Леона Касіяні. Ён прыгадаў усіх: і тых, хто знайшоў спачын на могілках пад кустоўем пасаджаных ім ружаў, і тых, хто яшчэ дзяліў падушку са сваімі мужамі, чые рогі прыгожа залаціліся пры святле поўні. У адсутнасць адной-адзінай ён хацеў быць з усімі адначасна, як бывала ў моманты перапуду і хвалявання. Нават у найцяжэйшыя часы, у горшыя хвіліны ён падтрымліваў хоць слабую сувязь са шматлікімі палюбоўніцамі на працягу многіх гадоў: заўсёды сачыў за ніткаю іх жыцця.
Так што той ноччу ён згадаў Расальбу, самую першую, якая знесла ў якасці трафея ягоную нявіннасць, і памяць выклікала боль, як у першы дзень расстання. Досыць было заплюшчыць вочы, і ён бачыў яе ў муслінавым строі і капелюшы з доўгімі шаўковымі стужкамі, яна пакалыхвала клетку-зыбку з малым на борце карабля. Некалькі разоў за доўгія гады жыцця ён гатовы быў пусціцца ў пошукі, не ведаючы, дзе яе шукаць, не ведаючы яе прозвішча, не будучы ўпэўненым, што знойдзе яе хоць недзе ў зарасцях архідэй. Штораз праз рэальную перашкоду ў апошнюю хвілю альбо праз нечаканую асечку волі ён адкладваў вандроўку, калі вось-вось мусілі прыбраць сходні карабля, і заўсёды прычыны былі так ці інакш звязаныя з Фэрмінай Дасай.