Для яе гэта быў канец. Яна ўпэўнілася, што яе годнасць безнадзейна растапталі яшчэ да таго, як муж завяршыў споведзь раскаяння, і пачуццё знявагі было невыносна большым за сорам, злосць і боль ад здрады мужа. І горш за ўсё, чорт бы яго пабраў, што ён зблытаўся з негрыцянкай. Доктар яе паправіў: «Яна мулатка». Але ўдакладненне было залішнім, Фэрміна Даса ўжо скончыла размову.
— Адна халера, — сказала яна, — цяпер я ўцяміла: гэта быў пах чарнамазай.
Гэта здарылася ў панядзелак. У пятніцу а сёмай вечара Фэрміна Даса ступіла на борт рэйсавага карабліка, які вёз яе ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу, з адным куфрам, у суправаджэнні падчаркі, хаваючы пад вэлюмам твар, каб пазбавіць сябе і мужа ад увагі цікаўных. Доктар Хувэналь Урбіна не з’явіўся ў порт праз іх дамову, якая была дасягнутая ў выніку стамляльнай гаворкі, што доўжылася тры дні. Падчас гаворкі яны вырашылі, што яна паедзе ў маёнтак стрыечнай сястры Ільдэбранды Санчас, у сялібу Флёрэс-дэ-Марыя, і пабудзе там, колькі трэба, каб падумаць, перад тым як прыняць канчатковае рашэнне. Не ведаючы аб чынніках, дзеці ўспрынялі расстанне як неаднойчы адкладаную вандроўку, да якой самі імкнуліся здаўна. Доктар Урбіна ўладкаваў усё так, каб ніхто з пляткарскага свету не здолеў скарыстаць іх няшчасце, і гэта яму ўдалося. Так што Флярэнтына Арыса не знайшоў і следу, які б падказаў, куды і як знікла Фэрміна Даса, і не праз адсутнасць сродкаў і спосабаў дакапацца да ісціны, а выключна ў сілу таго, што слядоў не засталося. Муж не сумняваўся: яна вернецца, як толькі пройдзе злосць. Аднак яна была пэўнаю ў тым, што злосць не пройдзе ніколі.
Тым не менш, вельмі хутка яна зразумела, што яе нястрымная рашучасць не столькі плён крыўды, як наступства застарэлае настальгіі. Пасля вясельнай вандроўкі Фэрміна Даса неаднойчы наведвала Еўропу, нягледзячы на тое, што трэба было плыць дзесяць дзён, і заўсёды знаходзіла час для шчасця. Яна бачыла свет, навучылася жыць і думаць інакш, але ніколі не вярталася ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу пасля няўдалага палёту на паветраным шары. Вандроўка ў правінцыю да стрыечнай сястры Ільдэбранды была няхай познім, але збавеннем. Яна падумала пра гэта не ў сувязі з сямейнай катастрофай: патрэба ў такой разрадцы жыла ў ёй здаўна. Так што адна думка пра адраджэнне юнацкіх пачуццяў суцяшала яе ад сямейнага няшчасця.
Фэрміна Даса з падчаркай выйшла на прычал Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі, прывяла ў дзеянне немалыя рэзервы свайго характару і пазнала сялібу насуперак найгоршым чаканням. Грамадзянскі і вайсковы каменданты гарнізона, да якіх яна мела рэкамендацыйныя лісты, запрасілі яе на шпацыр у афіцыйнай карэце да адыходу цягніка на Сан-Пэдра-Алехандрына, дзе ёй схацелася пабываць, каб праверыць чуткі, нібыта ложак, на якім памёр Вызваліцель, быў маленькі, амаль што дзіцячы[28]. Тады Фэрміна Даса нанава пабачыла сваю вялізную сялібу ў спякоце — было роўна дзве гадзіны папаўдні. Яна зноўку бачыла вуліцы, хутчэй, падобныя на долы з пазелянелымі лужынамі; заможныя дамы партугальцаў з разнымі родавымі гербамі на порціках і бронзавымі жалюзі на вокнах; дамы, у змрочных салонах якіх бязлітасна паўтараліся адны і тыя ж трапяткія і сумныя практыкаванні на піяніна, так яе маладая мама вучыла граць дзяўчатак з заможных дамоў. Яна глядзела на пустэльны пляц без адзінага дрэва ў патэльні каменнае глебы, шэраг хаўтурных экіпажаў і кабыл, якія спалі стоячы, жоўты цягнік на Сан-Пэдра-Алехандрына, а за рагом вялікага касцёла стаяў найлепшы, найпрыгажэйшы дом з арачным калідорам з пазелянелага камення, з кляштарнымі варотамі. Яна ўгледзела акно спальні, дзе шмат гадоў пазней народзіцца Альвара, калі ў яе не будзе ўжо і памяці, каб прыгадаць пра гэта. Фэрміна Даса падумала пра цётку Эскалястыку, якую безнадзейна працягвала шукаць на небе і на зямлі, і, думаючы пра яе, яна раптам згадала вобраз Флярэнтына з ягонай кніжкай вершаў пад мігдалавымі дрэвамі скверыка, як згадвала яго зрэдчас, калі на памяць прыходзілі ўспаміны пра цяжкія школьныя гады. Афіцыйная карэта зрабіла некалькі колаў, аднак Фэрміна Даса так і не здолела пазнаць стары фамільны дом, бо там, дзе, як ёй здавалася, ён стаяў, месцілася свінаферма, а за рагом пачыналася вуліца бардэляў, і путаны ўсяго свету спраўлялі сіесту ў порціках на выпадак, калі раптам пройдзе паштар ды прынясе ім ліст з дому. Гэта ўжо не было сялібай яе дзяцінства. Напачатку шпацыру Фэрміна Даса схавала паўтвару мантылляй, не таму што баялася быць пазнанай — не, тут ніхто не мог ведаць яе, — а каб не бачыць нябожчыкаў, якія пухлі на сонцы паўсюль ад чыгуначнай станцыі да могілак. Грамадзянскі і вайсковы каменданты гарнізона сказалі ёй: «Гэта халера». Яна здагадалася, што так і было, угледзеўшы белую пену каля рота абпаленых сонцам целаў, але таксама заўважыла, што ні ў кога не было следу ад кулі ў патыліцы, як падчас вандроўкі на паветраным шары.
— Гэта так — сказаў афіцэр, — Бог таксама ўдасканальвае свае метады.
Адлегласць ад Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі да старажытнай сялібы цукровага завода Сан-Пэдра-Алехандрына складала ўсяго дзевяць ліг. Жоўтаму цягніку, каб пераадолець іх, патрабаваўся ажно цэлы дзень, бо машыніст сябраваў з заўсёднымі пасажырамі, і яны часам прасілі яго спыніцца, каб размяць ногі, шпацыруючы па палях для гольфа, якія належалі бананавай кампаніі. Мужчыны купаліся аголеныя ў празрыстых і сцюдзёных рэках, што сцякалі з гор; праехаўшы яшчэ адну ці дзве лігі і адчуўшы голад, некаторыя выходзілі з вагонаў і даілі кароў, што пасвіліся побач. Фэрміна Даса даехала ў жаху, і ў яе ледзь хапіла часу, каб палюбавацца велічнымі тамарындамі, на галінках якіх Вызваліцель вешаў гамак ужо на мяжы смерці, і пабачыла ложак, на якім ён памёр, і, як ёй і казалі, ён быў малы не толькі для такога слыннага чалавека, але і для неданошанага дзіцяці. Аднак другі наведнік, які нібыта ўсё добра ведаў, патлумачыў, што ложак — толькі падробка, бо, на самай справе, паплечнікі Айца Радзімы кінулі яго аднаго паміраць на падлозе. Фэрміна Даса была прыгнечаная тым, што пабачыла і пачула з моманту адплыцця з дому. На зваротным шляху, які яна праехала ў экіпажы, ужо не адчувалася асалода ўспамінаў аб той даўняй вандроўцы, як да гэтага марылася. Наадварот, яна старалася абмінаць сялібы, з якімі была звязаная яе настальгія, ратуючы сябе ад расчаравання. Яна чула акардэоны са сцежак, па якіх уцякала ад нудоты, чула спевы байцовых пеўняў у загонах, вінтовачныя і рэвальвэрныя стрэлы, якія маглі аднолькава сведчыць пра бойку і пра свята, і калі мусіла перасекчы сялібу, хавала твар за мантылляй і заплюшчвала вочы, каб прыгадаць усё такім, якім яно было раней.
Аднойчы ўвечары Фэрміна Даса, якая пазбягала сустрэч з мінулым, усё ж прыбыла ў маёнтак стрыечнай сястры Ільдэбранды. Яна пабачыла яе і ледзь не страціла прытомнасць: гэта было як глядзець на сябе ў люстэрка праўды. Кузіна стала мажнай і пастарэла. Нарадзіла некалькі неўтаймаваных дзяцей, прычым не ад чалавека, якога па-ранейшаму кахала безнадзейна, а ад вайсковага адстаўніка, з якім пайшла пад вянец з прычыны расчаравання і крыўды, хоць вайсковец кахаў яе да шаленства. Але ў душы, у глыбінях старога цела кузіна заставалася такой жа, як у юнацтве. За некалькі дзён на шпацырах з Ільдэбрандай Фэрміна Даса прыйшла ў сябе ад уражанняў, якія яе прыгняталі. Яна патанала ў прыемных успамінах, але імкнулася не выходзіць далей за паркан маёнтка, калі не лічыць традыцыйных паходаў у касцёл на нядзельную імшу. Туды Фэрміна накіроўвалася з унукамі незацугляных сябровак юнацтва, з увішнымі хлапцамі на выдатных конях, з гожымі і добра апранутымі, як колісь іхныя маці, дзяўчатамі. Яны ехалі стоячы на пралётках, запрэжаных валамі, і спявалі хорам ажно да місіянерскага касцёла ў глыбіні даліны. Фэрміна Даса прайшлася толькі па сялібе Флёрэс-дэ-Марыя, дзе не была з часоў папярэдняй вандроўкі, бо і не падумала, што сяліба можа ёй спадабацца, але там адчула захапланне. Яе бяда альбо бяда сялібы была ў тым, што раней ёй ніяк не ўдавалася прыгадаць, якой была сяліба сапраўды, а ўяўленне прадстаўляла яе ў скажоным выглядзе.
Доктар Хувэналь Урбіна вырашыў ехаць за жонкай пасля паведамлення біскупа Рыёачы. Выснова была такой: жонка затрымлівалася наагул не таму, што не хацела вярнуцца, а таму што не ведала, як адолець перашкоды ўласнае ганарлівасці. Так што доктар Урбіна пусціўся ў шлях без папярэджання, абмяняўшыся з Ільдэбрандай лістамі, з якіх высветліў, што жончына настальгія нібыта вывернулася, цяпер яна думала толькі пра дом. Аб адзінаццатай раніцы Фэрміна Даса была на кухні, гатавала фаршаваныя баклажаны, калі пачула радасныя выкрыкі сялян, іржанне коней, стрэлы ў паветра, а затым — рашучыя крокі ў вітальні і голас мужа: